Тэма сачынення — вольная
Зборнік тэматычных блокаў для старшакласнікаў і абітурыентаў
Выдавец: Юніпрэс
Памер: 272с.
Мінск 2002
го душа пажадае, няхай будзе слава і пашана за добра зробленую справу, няхай будзе здароўе і раскоша, а не будзе толькі аднаго — павагі і паслушэнства ўласных дзяцей, і рай чалавеку стане пеклам. Прахам пойдуць багацце і раскоша. Пашана свету нішто перад непашанай і знявагай ад уласнага дзіцяці.
Вечнасць жыцця забяспечваецца трывалай сувяззю паміж пакаленнямі. А сувязь гэтая мацуецца найперш прыкладам бацькоў і дзядоў. Пакуль бацькі для дзяцей з’яўляюцца прыкладам і аўтарытэтам, а дзеці бацькам — «у слуху», — сувязь трывалая і надзейная.
За ўсю гісторыю свайго існавання чалавецтва не прыдумала іншай супольнасці людзей, дзе ўмовы выхавання дзяцей былі б больш спрыяльныя, чым у добрай сям’і.
Многія раздзелы паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» прысвячаюцца дзецям і ўслаўляюць яшчэ адну нацыянальную якасць беларуса. Спрадвечную якасць, дзякуючы якой «жыў беларус — і будзе жыць!», — клопат пра будучыню сваю, бо дзеці і ёсць будучыня нацыі і кожнага асобнага чалавека. Такая пільная і кранальная пісьменніцкая ўвага да дзяцей у паэме тлумачыцца муд-
расцю песняра, які нагадвае, што вытокі ўсяго — у сям’і. Свой ідэал сямейных адносін паэт выявіў на прыкладзе сям’і Міхала і Ганны, у якой панавалі любоў, згода, узаемапавага і шчыры клопат кожнага пра кожнага. У паэме выдатна паказаны не толькі прынцыпы векавой народнай маралі, але і прынцыпы народнай педагогікі. Прыклад і сумленнасць бацькоў, іх чалавечныя ўзаемаадносіны, любоў да дзяцей, працавітасць і строгасць — вось асноўныя прынцыпы гэтай педагогікі.
Любоў да дзяцей не выключае, а, наадварот, уключае і строгасць. Добрых дзяцей вучыць граза, а не лаза, сцвярджае народная мудрасць. Пра папружку Міхал больш нагадвае дзецям, чым пускае яе ў ход (толькі аднойчы, ды і то, калі Алесь не ацаніў тактоўнасці і далікатнасці бацькоў і не скарыстаў шанс самому выправіць сваю памылку): «Калі пайдзе навука туга— паходзіць бацькава папруга!», «Цыц, не смець казаць мянушку, a то здыму на вас папружку!»
«Пачуццё справядлівасці, годнасці ўласнай, мабыць, разам з жыццём нам прырода дае», — разважае лірычны герой верша А. Вярцінскага «Гавары са мной ласкава». Даецца з жыццём, але выхоўваецца, фарміруецца зноў жа толькі ў сям’і. «Сын Буры таксама будзе Бурай», — пераканальна даводзіцца гэтая ісціна ў апавяданні Яна Баршчэўскага «Сын Буры». Рабская псіхалогія бацькоў, на жаль, робіцца здабыткам іх дзяцей. «Мой бацька не разарваў жалезных кайданаў, якія колькі год упіваліся ў яго рукі і ногі. Несканчоныя слёзы і нараканні маці маёй, калі быў яшчэ ў яе ўлонні, паўплывалі на ўсю маю натуру. Я нарадзіўся з адзнакай няшчасця на чале», — так
гаворыць пра вытокі сваёй трагедыі герой кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня...».
Зусім іншы ўплыў аказалі на сваіх дзяцей коласаўскія Міхал і Ганна. Яны былі для дзяцей прыкладам, узорам таго, як трэба клапаціцца пра свой гонар і годнасць, каб быць свабоднымі. Свабодны толькі той чалавек, ва ўяўленні Коласа, хто не абмяжоўвае свабоды бліжняга свайго, не замахваецца на яе. Доказ таму — братэрскія адносіны Міхала да Антося і павага да жонкі, маці сваіх дзяцей. Мы захапляемся мудрасцю, годнасцю і свабодай Ганны, а каму яна абавязана сваёй свабодай? Нічога ідэальнага на свеце не бывае, але сям’я Міхала і Ганны, узаемаадносіны паміж імі — выключэнне з гэтага правіла. Павага, з якой ставіцца Міхал да людзей, а найперш да жонкі, не могуць не захапляць. I самы галоўны бацькоўскі клопат Міхала — каб дзеці ніколі не былі рабамі, таму і да яго строгасці, а часам і суровасці ў адносінах да сыноў мы ставімся з разуменнем і павагай. Уражваюць сямейныя сцэны, калі Міхал па-дзіцячы адчайваецца з-за някемлівасці і хітрасці аднаго, няздатнасці да вучобы другога сына. Затое якой радасцю поўніцца яго бацькоўскае сэрца, калі бачыць у сваіх дзецях тое добрае, што якраз і дае надзею на іх вольнае і людскае жыццё ў будучым, калі ён ужо не зможа пра іх паклапаціцца. «Дык трэба грунт мець пад нагамі, каб не бадзяцца батракамі», — гэтую жыццёвую выснову Міхал імкнецца перадаць сваім дзецям.
Маёмасцю, якую бацькі, паводле мудрасці апостала Паўла, павінны збіраць для сваіх дзяцей, з’яўляюцца не толькі і не столькі цукроўні, Ka-
пальні, плантацыі, маёнткі, а найперш — скарбы душы. Скарбы вечныя, якія «ніколі і ніхто ад нас адняць не зможа», як слушна сцвярджае сваёй публіцыстычнай творчасцю Цётка. Без скарбаў духоўных матэрыяльныя «пры першым жа няшчасці счэзнуць дазвання».
Нічога выпадковага на свеце не бывае, усё мае свае вытокі, моцная незвычайная асоба можа з’явіцца толькі ў выключных па сіле ўздзеяння на яе абставінах. Вось чаму ў рамане У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» мноства старонак прысвячаецца «выйсцю крыніц» — мастацкаму даследаванню не толькі вытокаў самога паўстання К. Каліноўскага, але і вытокаў фарміравання моцнай, выключнай Асобы.
У. Караткевіч падрабязна апісвае сям’ю Алеся Загорскага, сапраўдную школу выхавання яго патрыятызму ў час дзядзькавання, уводзіць песню-баладу пра Міколу і Касьяна, песню, пачутую Алесем ад старога Кагута ў дзяцінстве. Белы жарэбчык з балады стаў для хлопчыка сімвалам волі народа, і вобраз гэты быў яму напамінам на ўсё жыццё, што дзеля волі і Бацькаўшчыны можна і трэба паахвяраваць усім. Вялікае месца ў рамане займае апісанне абраду пастрыжэння ў падлеткі, прысягі на вернасць Айчыне і народу. Урокі дабра, справядлівасці, годнасці і гонару атрымаў Алесь найперш у сям’і Кагутоў, замацаваў жа гэтыя ўрокі — ва ўласнай сям’і.
Сям’я, даводзіць У. Караткевіч сюжэтам рамана, — выток людскасці ў чалавеку, першакрыніца ўсяго. Урокі ўдзячнасці народу атрымаў Алесь ад свайго бацькі Юрыя Загорскага і ў час пастрыжэння ў падлеткі, калі той шчодра аддзя-
чыў усёй сям’і Кагутоў за выхаванне ў яго сыне дастойных чалавека пачуццяў. Урокі трывогі за свой народ, за яго выміранне («выміраем, Алеська, выміраем!») атрымаў падлетак ад дзеда — старога Вежы. I не толькі ўрокі спагады, але і канкрэтных спраў для разняволення народа (Вежа быў за адмену прыгону, але большасць шляхты на дваранскай зборні прагаласавала супраць, на што дзед з горыччу і нянавісцю сказаў: «Ваські Вашчылы на іх няма!»). Вялікае ўздзеянне на падлетка аказала і наведанне з бацькам радавога склепа. Быццам сіла продкаў улілася ў яго з бацькавым наказам берагчы гэтую зямлю і магілы продкаў як святыні і з пажаданнем, каб ніякая сіла не здолела гэтыя святыні парушыць і адабраць.
Лепшыя творы нашай нацыянальнай літаратуры пераканальна даводзяць, што добрае вырастае толькі на добрай глебе, калі жывіцца гаючай вадой. Такой глебай для чалавека з’яўляецца сям’я, а жывой вадой — «навука й прыклад» бацькоў.
«Дзяды — вытокі кожнага народа» (А. Лойка)
Жыў беларус — і будзе жыць!
ЯнкаКупала
Бо як ёсць у народа такія — He загіне давеку народ.
У. Караткевіч
Дрэва моцнае сваімі каранямі, рака — вытокам, а чалавек сваімі продкамі, сваімі дзядамі і створанай імі маёмасцю. На змену дубам-дзядулям уздымаюцца «ценькія дубочкі», магутныя кроны якіх праз некаторы час зашумяць у дуброве жыцця, — такі галоўны закон вечнасці і неўміручасці кожнага народа.
Першая ўмова закону вечнасці — каб унукі ведалі, «хто такія іх дзяды», каб помнілі і бераглі як зрэнку вока створаную імі і пакінутую ў спадчыну маёмасць.
Дзед Яхім, герой апавядання М. Гарэцкага «Роднае карэнне», перадае Архіпу (а праз яго і нам) сакрэты вечнасці і неўміручасці, сакрэты памнажэння скарбу, пакінутага нам дзядамі, і таленту, дадзенаму строгім гаспадаром кожнаму з нас.
Першы, самы галоўны і вызначальны сакрэт, без якога «і навука ніякая не дапаможа, а зможа», калі «карэння нашага роднага» не мець у сабе. Каб «карэнне роднае» не страціць і «ведаць, што рабіць трэба», даводзіць захавальнік вечнасці дзед Яхім, трэба «ў кніжках і ў разумных людзей» пытацца, «як жылі даўней нашы тутэйшыя
людзі». Мудрасць тоесная мудрасці шляхціца Завальні: «Мінулае вучыць нас, як жыць сёння».
Запаветы дзеда Яхіма не дэкларатыўныя. На яркіх, запамінальных і ўражальных прыкладах ён даводзіць неабвержнасць вечных ісцін, так трапна, мудра і хораша ім сфармуляваных: «Мінуўшчына, як у люстры, праходзіла прад вачамі студэнта ў час Яхімавых апавяданняў аб старыне».
3 люстра мінуўшчыны глянуць на нас вочы святой нябеснай заступніцы нашай Еўфрасінні Полацкай.
Шасцёра сыноў знакамітага князя-вешчуна Усяслава Чарадзея ўзбагацілі радаводнае дрэва полацкай дынастыі Рагвалодавічаў шматлікімі атожылкамі. Сам Усяслаў Чарадзей княжыў 57 гадоў, і за гэты час Полацкае княства дасягнула найвялікшага росквіту. Нямала Чарадзеевых нашчадкаў увайшло ў гісторыю. Але найбольшую славу прынясуць Полацку пасля Усяслава не ваяры. Зрабіць гэта наканавана было яго ўнучцы — Еўфрасінні Полацкай. Яе жыццё, «як промень сонечны», прасвятліла «зямлю Полацкую». «Была яна дапамогай пакрыўджаным, суцяшэннем засмучаным, распранутым — адзеннем, хворым — наведаннем ці, проста кажучы, — для ўсіх была ўсім».
Заслуга яе перад нашай нацыяй не толькі ў мецэнацтве і перапісванні кніг, не толькі ў садзеянні будаўніцтву Спасаўскага сабора, распісанага унікальнымі фрэскамі. 3 яе імем звязана і стварэнне ў 1161 г. полацкім майстрам Лазарам Богшам паводле яе заказу нацыянальнай рэліквіі — крыжа. Гэта сімвал палітычнай самастойнасці і культурнага росквіту Полацкага княства — старажытнага правобраза Беларусі.
«Свет нас прымаў за народ па адной палачанцы...» I не толькі. У галерэі партрэтаў нашых слынных дзядоў, па якіх нас прымае свет, — Францыск Скарына. «I Скарына наш друк распачаў за паўвека да Фёдарава», — з гордасцю пісаў П. Панчанка ў вершы «Мы з тых беларусаў...».
У тым, што мы ёсць сёння як нацыя і грамадзяне, найпершая заслуга Францыска Скарыны. Без яго ўсведамленне нас як нацыі і народа ў свеце было б праблематычным.
Тытан эпохі Адраджэння, асветнік-гуманіст, вучоны, пісьменнік і перакладчык, заснавальнік кнігадрукарства ва Усходняй Еўропе, мастак... Ён не толькі наш першы доктар навук — ён першы беларускі універсітэт. У яго творчай спадчыне — пачаткі ўсіх нашых пачаткаў, бо ён і філосаф, і філолаг, і гісторык, і эстэтык, і педагог, і батанік, і медык.
Слаўны «сын з Полацка» атрымаў выдатную