Тэма сачынення — вольная Зборнік тэматычных блокаў для старшакласнікаў і абітурыентаў

Тэма сачынення — вольная

Зборнік тэматычных блокаў для старшакласнікаў і абітурыентаў
Выдавец: Юніпрэс
Памер: 272с.
Мінск 2002
82.97 МБ
омнага. Такія — шчасныя, бо сіла іх чалавечнасці настолькі вялікая, што яны здольны нават уратаваць «зачараваных смерцю», падняць з зямлі апантаных страхам і павесці іх за сабой. Адзін з такіх праведнікаў «лёг на змяіныя скруткі дроту. I дзвесце салдацкіх запыленых ботаў прайшлі па яго спіне». Дзякуючы такім, як герой аднайменнага верша П. Панчанкі, «другія ішлі ў атаку... і сцяг перамогі ўздымалі ранкам на заваёваным рубяжы». Другі праведнік з рызыкай для ўласнага жыцця падтрымлівае таго, каго раз’ятраны, азвярэлы натоўп патрабуе раскрыжаваць. Трэці, як быкаўская Сцепаніда, не ведае спакою, начэй не спіць, апошняе гатоў аддаць, калі над некім занесены меч несправядлівасці і вынішчэння: хутчэй, можа яшчэ не позна запабегнуць непапраўнае.
Чалавечныя — гэта заўсёды багатыя духоўна. «I ведай тады, што адным енкам ды стагнаннямі людской бядзе не дапаможаш. Помні, што, каб другога вызваляць, трэба самаму крэпкім быць», — мудры настаўляе студэнта Архіпа дзед Яхім з апавядання М. Гарэцкага «Роднае карэнне».
Такой сілай і гатоўнасцю «другога вызваляць» валодае лірычны герой верша А. Вярцінскага «Бачу я: нехта некага любіць...»:
Бачу я: нехта некага любіць — Гэта іх справа, гэта іх права; Бачу я: нехта некага губіць — Тут і мая ўжо справа.
I сапраўды, чалавек не павінен умешвацца ў асабістыя справы іншых, але ён не павінен быць абыякавым да людской бяды. Чалавечныя заўсёды гатовы падтрымаць, дапамагчы няшчаснаму і здоль-
ны нават трымаць на сваёй далоні сэрца бліжняга. П. Панчанка настойлівы ў сваім перакананні, што «без чалавечнасці не будзе вечнасці», што «перш за ўсё і вышэй за ўсё — чалавечнасць».
Чалавечнасць — гэта дарога, якая вядзе да Храма. Чалавечнасць — гэта і Храм, збудаваны ў кожнай спагадлівай і чулай душы.
Доўгі і пакутніцкі шлях да Храма прайшоў герой У. Сыракомлі Хадыка і памёр не на асіне, да якой не раз клікаў яго нячысцік, а на кляштары. Як святы. I не людзі яго судзілі, не князь слуцкі, а сам Усявышні назначыў «дзень той судны». Аўтарскае захапленне сілай чалавечага духу, якой і забяспечваецца будаўніцтва Храма ў душы чалавека, выяўлена ў апошняй страфе гутаркі-балады «Хадыка»:
..А між бароў, сярод імшары дзікай, Дасюль вядзецца пасека лясная, Багата дзіў аб ёй апавядаюць I называюць гэтак жа — Хадыка.
У Евангеллі сказана: «I збяруцца перад Ім усе народы; і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. I паставіць авечак праваруч, а казлоў— леваруч». Праваруч будуць усе тыя, хто накарміў Яго — галоднага, напаіў Яго — сасмяглага, апрануў Яго — раздзетага, наведаў Яго — хворага, даў прытулак Яму — вандроўнаму. Леваруч — будуць усе тыя, хто не зрабіў для Яго ўсяго гэтага. I здзівяцца праведнікі: «Госпадзі! гэта мы бачылі Цябе галодным і не накармілі, сасмяглым — і не напаілі, вандроўным — і не прынялі, хворым — і не наведалі?» I Цар адкажа ім: «Так, як вы зрабілі гэта аднаму з братоў Маіх меншых. тое зрабілі Мне».
«Што такое чалавек перад знішчальнай сілай бесчалавечных абставін» (В. Быкаў)
Гэта няпраўда, што ад нас нічога не залежыць...
В. Быкаў
Дачуўся нейкі зайздроснік пра вялікую славу аднаго мудраца і вырашыў перахітрыць, зняславіць яго. Выбраўшы зручны момант, калі той прамаўляў перад сціжмай людзей, зайздроснік выйшаў з натоўпу і запытаўся ў мудраца:
— Скажы, матылёк у маёй руцэ жывы ці мёртвы?
Сам жа намерыўся сціснуць далонь, калі мудрэц скажа, што матылёк жывы, і разняць, калі скажа, што мёртвы.
— Усё ў тваіх руках, — адказаў мудрэц.
Абставіны — гэта заўсёды вузел, вязьмо, якое, калі чалавек не здольны яго развязаць, зацісне, задушыць. Такія абставіны называюць «памежнымі», экстрэмальнымі. Усведамляючы ўсю небяспеку вязьма, што вось-вось заціснецца і развязаць якое будзе ўжо немагчыма, народны мудрагель Галілей з рамана М. Зарэцкага «Вязьмо» час ад часу выпраўляецца «ў цудоўную сваю экспедыцыю». Галілей «хоча пачуць нейкае мудронае, усеабдымнае слова, якое б маланкай асвяціла яму затуманены краявід». Адзін толькі Галілей адчувае вялікі неспакой перад тым, што набліжаецца. «Па разгайданым бурлівым моры ішоў горды ў смелым поступе сваім карабель, трымаючы курс на далё-
кае сонца. ...Гэта ішла сваім трыумфальным паходам непераможная рэвалюцыя».
Краявід Галілея затуманены страхам перад невядомым: што праводзіцца? У імя чаго? Што будзе з чалавекам, калі «горды ў смелым поступе сваім карабель» зойдзе так далёка, што ні вярнуцца назад, ні ўратавацца на ім ужо ніхто не зможа? 3 гэтымі пытаннямі, толькі завуаліравана, іншасказальна, народны мудрагель звяртаецца да ўсіх, на чый одум яшчэ спадзяецца. Усім вядомы сюжэт пра гордзіеў вузел Галілей у кантэксце сучасных яму абставін прачытаў так: «Гардзей той завязаў быў дужа мудроны вузел і ў наругу цару Ляксандру — на, кажа, развяжы, калі ты разумней за мяне... Дык цар, не патрапіўшы, ага... выняў меч і— раз... перасек той вузел... ага перасек...» На пытанне Якуба Лакоты, хто ж з тых дваіх быў разумнейшы, Галілей затрос барадзёнкай: «Дурны быў цар... Дурны Ляксандр... Сячы кожны патрапіць... А хай развяжа, ага... хай развяжа!»
Таталітарная сістэма з яе ідэалогіяй і пастулатам, што няма абставін, якія былі б за яе мацнейшыя, прапанавала ўсяму свету свой варыянт перамогі абставін — секчы, толькі секчы. I сячэнне тое прымеркавала якраз на самае жывое, вечнае — на духоўнае. Цынічна заявіўшы, што няма абставін, якія былі б мацнейшымі за чалавека, па чалавеку і чалавечым у ім якраз і секла.
Выпрабоўваючы сваіх герояў менавіта бесчалавечнымі абставінамі, таленавітыя пісьменнікіфілосафы сучаснасці не адмаўляюць, што ёсць абставіны, якія мацнейшыя за самага моцнага. Выпрабаваўшы імі герояў, пісьменнікі адначасо-
ва даводзяць, што нават у такіх абставінах ёсць тое, што залежыць і ад чалавека.
Творы В. Быкава, У. Караткевіча, Я. Брыля, А. Адамовіча і іншых пісьменнікаў нагадваюць усім нам, што «дзень той судны» будзе не толькі там і не толькі тады, калі будуць аддзелены адны ад другіх і адны сядуць праваруч ад Яго, а другія — леваруч. Час экстрэмальных абставін — «дзень той судны» тут і цяпер, і кожны чалавек сам вызначае, дзе яму сядзець — праваруч ці леваруч. Кожны чалавек у экстрэмальнай сітуацыі сам выбірае, у якую браму — цесную ці шырокую — яму ісці, ісці да жыцця ці пагібелі.
Навела Я. Брыля «Memento тогі» — псіхалагічнае і філасофскае даследаванне духоўных магчымасцей чалавека ў бесчалавечных абставінах. Рота аўтаматчыкаў акружыла і «спраўна накрыла» вёску, а бяззбройных людзей, жанчын, дзяцей і старых, сагналі ў адрыну, якую вось-вось падпаляць. 3 натоўпу няшчасных ахвяр поглядам зондэрфюрэра пісьменнік «выхоплівае» толькі аднаго — старога са «скамянелымі вачыма». I толькі адной гэтай дэталлю адказвае на пытанне, што ў такой сітуацыі залежыць ад чалавека. Змірыцца, скамянець і годна прыняць наканаванае лёсам. Сартраўскі герой Іблетта з апавядання «Сцяна» сваю волю і права ў аналагічнай сітуацыі вызначыў так: «Хачу памерці дастойна».
Але менавіта такая скамянеласць, што ў падобнай сітуацыі азначае годнасць, не задавальняе зондэрфюрэра, і ён, як д’ябал, спакушае чалавека магчымасцю выжыць, калі ўсе астатнія загінуць пакутніцкай смерцю. Раструшчыць чалавека духоўна і адначасова павялічыць пакуты
ўсіх тых, хто ўжо падрыхтаваў сябе да смерці, справакаваць людзей на выяўленне горшага — Ta­xi намер фашыста. Бо сказана: «не бойцеся забойцаў цела, душы не здольных забіць». Зондэрфюрэр не задаволіўся перспектывай знішчэння плоці — ён памысліў пра вынішчэнне душы і духу. Некалькімі дэталямі пісьменнік здолеў паказаць поўнае паражэнне зла і ўславіць перамогу духу: «момант разгубленасці, а потым зондэрфюрэр сарваў левай рукой... скураную пальчатку, адшпіліў кабуру, выхапіў пісталет і прыцэліўся...» Злосць, адчай апанавалі зондэрфюрэра. Чалавек, загнаны ў адрыну, стары, нямоглы, перамог яго, маладога, дужага, са зброяй у руках. Выбар, зроблены печніком, пераконвае нас, што сіла плоці — нішто ў параўнанні з сілай духу. Аўтарскае захапленне чалавекам, што выбраў цесную браму, якой ходзяць не многія і якая вядзе да жыцця вечнага, выяўлена ў словах: «I ён згарэў — адзін, хто мог бы ў той дзень не згарэць. I ён жыве».
В. Быкаў таксама выпрабоўвае ўсіх сваіх герояў бесчалавечнымі абставінамі, якія вызначаюць іх сутнасць, тут і цяпер аддзяляюць адных ад другіх. I такая прорва пакладзена паміж імі, што пасля зробленага выбару ім ужо не дадзена яе пераадолець, каб быць, як да выбару, зноў разам. Адны ўзнімаюцца да жыцця вечнага, другія звергнуты ў нябыт.
Перад вынішчальнай сілай бесчалавечных абставін Сотнікаў з аднайменнай аповесці пакінуў за сабой апошняе права свабоднага чалавека — права застацца чалавекам. Галгофа Сотнікава, як і многіх іншых быкаўскіх герояў, — гэта подзвіг духу, смерць у імя жыцця, выратаванне найперш
сваёй уласнай душы. «Узыходжанне» — так назвала свой фільм Л. Шапіцька па аповесці «Сотнікаў», выявіўшы тым самым і сваё ўсведамленне і асэнсаванне духоўнага вопыту, засведчанага ў творы В. Быкава.
Ёсць вялікае жаданне застацца чалавекам і пры гэтым захаваць сабе жыццё ў таварыша Сотнікава — Рыбака. Ён не можа змірыцца з тым, што ў бесчалавечных абставінах спалучыць гэтыя два жаданні немагчыма, а трэцяга не дадзена. Пакутліва шукае ён выйсця, спрачаецца з Сотнікавым, змагаецца сам з сабой, але марна. Спачатку Рыбак прапануе Сотнікаву паспрабаваць перахітрыць фашыстаў, пачаць гульню, «каб выйграць сабе жыццё — хіба гэтага мала? А там відаць будзе, толькі б не забілі. Толькі б вырвацца з гэтай клеткі». Дарэмна Сотнікаў даводзіць Рыбаку, што «гэта— машына», якой або будзеш служыць, або яна сатрэ ў парашок. I варта толькі пачаць з ёй хітрыкі — падзенне непазбежна.
Шэраг малых і вялікіх здрадаў-хітрасцей Рыбака заганяе яго ў такую пастку, у якой ён нават пазбаўлены права і магчымасці распарадзіцца ўласным жыццём. Усвядоміўшы ўвесь жах спрычыненага і тое, што ён перахітрыў толькі самога сябе, Рыбак у адчаі вырашае здзейсніць «свой адзіна магчымы цяпер намер»: «Столь была невысокай, але, мабыць, для яго справы вышыні дастаткова. Са злой рашучасцю ён рашпіліў паўшубак і раптам аслупянеў — папругі на штанах не было. I як ён забыўся на тое, што яе адабралі перад тым, як пасадзіць у падвал...»
У аповесці «Сотнікаў» В. Быкаў вырашае я