Тэма сачынення — вольная
Зборнік тэматычных блокаў для старшакласнікаў і абітурыентаў
Выдавец: Юніпрэс
Памер: 272с.
Мінск 2002
героя», меркай якога стала не справа, як раней, a гатоўнасць дзеля ідэі і партыі пераступіць цераз каго заўгодна. I. Мележам у рамане «Завеі, снежань» пераканальна паказаны «пераварот» спрадвечных каштоўнасных арыенціраў, які адбыўся з прыходам новай улады. Башлыкоў вострыць меч над галавою інтэлігентнага, чалавечнага і працавітага Апейкі, ужо рыхтуе яму замену. Грубы, нахабны, вечна п’яны, неадукаваны і пагарджаны ў народзе Дубадзел-Крывароты хутчэй за ўсё і прыйдзе на змену Апейку, бо «гэты — цвёрды, гэты— крэмень. Барацьбіт. Гэта— галоўнае. ...Неабходны цвёрдыя, жалезныя! Здольныя крышыць ворага, рушыць усё, што на шляху замінае. ...А галоўнае— адданасць якая і рашучасць. Гэты цацкацца з кулаччом не будзе».
Вар’яцкая сіла і небяспечнасць ахамелай таталітарнай сістэмы ў тым, што яна надзяліла ўладай зло. Такой уладай, што, як заявіў Сырадоеў, герой трагікамедыі А. Макаёнка «Трыбунал», «нікому і не снілася: цару такой улады не
давалі!» А Гуж з аповесці В. Быкава «Знак бяды» цынічна прызнаецца Сцепанідзе, што дадзеная фашыстамі ўлада патрэбна яму не дзеля таго, каб зямлёй завалодаць (ён зямлю, паводле яго прызнання, «з дзецкіх лет узненавідзеў»), а каб мець уладу над людзьмі і «ў парашок сцерці» тых, каго ненавідзіць. Крываротыя, сырадоевы, цыпруковы, каландзёнкі ненавідзяць і вынішчаюць найперш тых, хто зямлю любіць і на ёй шчыруе, тых, на чыёй спіне яны і едуць.
Толькі праца і справа ставяць жыццё на трывалы маральны падмурак. Лепшыя творы нашай нацыянальнай літаратуры сцвярджаюць закон вечнасці: жыццё без працы не можа быць сумленным і рана ці позна стане злачынным. I тады праблематычным стане жыццё наогул. Добрыя кнігі пра справу, працу — гэта кнігі пра галоўнае ў нашым жыцці.
«Настаўнік — соль зямлі» (Сымон Будны)
У тым, што мы ёсць цяпер як нацыя і грамадзяне, найпершая заслуга сельскіх настаўнікаў.
В. Быкаў
Нішто так не палоніць людзей, як прыгажосць; нішто так не пераконвае, як праўда; і нішто так не ўздзейнічае, як прыклад.
Сцвярджаць, што «калі хто не хоча працаваць, той і не еш», можна толькі працуючы і падаючы прыклад іншым. Апостал Павел у Пасланні да Фесалонікійцаў патлумачыў, чаму ён (будучы чалавекам багатым, які зведаў нават раскошу) і іншыя апосталы, усюды, дзе звеставалі і прапаведавалі, «ні ў кога не елі хлеба дарам, але шчыравалі і працавалі ноч і дзень» і не хацелі абцяжарваць сабой іншых. Ён пісаў: «Не таму, што не мелі ўлады, але каб сябе саміх даць вам у прыклад для пераймання». Толькі пры такой умове, даводзіў апостал Павел, можна перадаць людзям не толькі звеставанне Божае, але і душы.
Настаўнік — той, хто, настаўляючы людзей на дабро, перадае ім сваю душу, узбагачае сваім духоўным вопытам і адначасова валадарыць іх душамі. Можна бясконца пералічваць усе добрыя якасці, якімі павінен валодаць сапраўдны Настаўнік, а можна ўсё пералічанае вызначыць толькі адным — прыкладам, якім ён павінен быць для тых, каго настаўляе.
Коласаўскі настаўнік, які і па сённяшні дзень з’яўляецца ўзорам для сваіх калег, быў ва ўсім
прыкладам і для сваіх вучняў, і для людзей, сярод якіх жыў. Ён не заклікаў вучняў любіць прыроду — сам саджаў з імі дрэўцы. Ён не гаварыў людзям быць міласэрнымі і літасцівымі да бліжніх — сам не раз здзіўляў людзей сваёй міласэрнасцю. Ён не абураўся непарадкам, а наводзіў парадак, не шукаючы, як іншыя, апраўдання бязладдзю. Ён шчыраваў так, як нямногія шчыравалі на духоўнай ніве.
Гімнам Настаўніку з’яўляецца і аповесць В. Быкава «Абеліск». Больш эстэтычных, больш прывабных вобразаў настаўнікаў, чым коласаўскі Лабановіч і быкаўскі Мароз, бадай, у нашай літаратуры, няма. Сіла ўздзеяння гэтых вобразаў на чытача тлумачыцца менавіта пісьменніцкім усведамленнем вызначальнай для асобы Настаўніка ролі прыкладу. I Мароз не скардзіўся, як іншыя, на абставіны, а ўплываў на іх. Разам з вучнямі пілаваў дровы — і ў школе зімой заўсёды было цёпла. Даваў прытулак скалечаным жывёлам, якіх падбіралі дзеці, — так у школе з’явіўся жывы куток. He хапала кніг — у вадзе па пояс перанёс закінутую ў панскім маёнтку бібліятэку і па ўласнай праграме далучаў дзяцей да сусветных скарбаў. 3 прыходам немцаў працягваў вучыць дзяцей, добра ўсведамляючы, што калі не ён, то іншыя завалодаюць іх душамі і скарыстаюць так, як ім будзе патрэбна. Мароз застаўся да канца верным свайму галоўнаму настаўніцкаму прынцыпу — быць прыкладам для людзей. Апошнім сваім учынкам, які аднымі ўсведамляецца як подзвіг, а другімі як бессэнсоўная недарэчнасць, Мароз здолеў умацаваць веру ў душах людзей, бо душа без веры мёртвая.
Галгофа быкаўскага героя сцвярджае сілу духоўнага, якое нельга ні пералічыць, ні ўзважыць, ні вымераць, але якое вызначае і забяспечвае вечнасць і неўміручасць.
Міжволі прыгадваецца гісторыя жыцця і трагічнай гібелі выдатнага польскага педагога і пісьменніка Януша Корчака, аўтара кніг «Кароль Мацюсь Першы» і «Як любіць дзяцей». У 1911 г. Януш Корчак стварыў у Варшаве «Дом сірот» новага тыпу на сродкі багатых філантропаў, арганізаваў таксама інтэрнат «Наш дом». У гады акупацыі Польшчы фашысцкай Германіяй гэтаксама, як і быкаўскі герой, працягваў вучыць і выхоўваць дзяцей. Януш Корчак гераічна змагаўся за жыццё дзяцей у варшаўскім гета. За антыфашысцкую дзейнасць быў кінуты ў канцлагер Трэблінка, дзе і загінуў з двумастамі сваімі выхаванцамі. Польскі гуманіст зрабіў апошні ў сваім жыцці выбар. Адзін з гестапаўцаў пазнаў у вязню свайго любімага пісьменніка і вырашыў выратаваць яго, рызыкуючы пры гэтым, безумоўна, уласным жыццём. «А яны?» — спытаўся Януш Корчак, паказваючы на сваіх выхаванцаў. «Яны павінны будуць ісці ў камеру». — «Тады я пайду разам з імі». I дзверы газавай камеры зачыніліся за імі...
Пісьменніцкае ўсведамленне ролі духоўнага і ролі настаўніка ў грамадстве выяўляецца і праз вобраз Мароза, і праз маналогі Ткачука. У адным з іх гучыць афарыстычнае вызначэнне ролі настаўніка: «У тым, што мы ёсць цяпер як нацыя і грамадзяне, найпершая заслуга сельскіх настаўнікаў».
Рупарам пісьменніцкай трывогі за становішча настаўніка і яго статус у сучасным грамадстве
з’яўляецца вобраз Ткачука. Нельга не пагадзіцца з Ткачуком, што прафесія настаўніка страціла сваю былую прывабнасць для тых, хто вырашае, кім яму быць: «Калі рос бывала харошы хлопчык, добра вучыўся — што пра яго казалі дарослыя? Вырасце — настаўнікам будзе! I гэта была найлепшая пахвала. He ўсім вартым, вядома, удавалася дабіцца настаўніцкага лёсу, але да гэтага імкнуліся. Гэта была мяжа жыццёвае мары...»
Прывабнасць настаўніцкай прафесіі, ці, як сёння кажуць, прэстыжнасць, не заўсёды была барометрам матэрыяльнага дабрабыту грамадства, але духоўнага яго стану— абавязкова. «I... не было нічога больш важнага і карыснага, як тая штодзённая, ціхая, непрыкметная праца тысяч бязвесных сейбітаў на гэтай духоўнай ніве», — пісаў В. Быкаў у аповесці «Абеліск».
Праца сейбітаў разумнага, добрага, вечнага самая важная і неабходная і сёння, бо чалавеку, «каб выбраць лепшую з дарог, патрэбна мудрасць працы, нашых сэрцаў; патрэбны маці, бацька, педагог...». 3 такой высновай лірычнага героя верша П. Панчанкі «Ратуйце нашы душы!» нельга не пагадзіцца.
Шчаслівы чалавек, на шляху якога сустрэўся сапраўдны Настаўнік. Такі, да прыкладу, як дзядзька Антось. У нашай літаратуры няшмат вобразаў, у якіх бы з такой пераканальнасцю і мастацкай сілай быў увасоблены дар педагога, як гэта ўвасоблена ў вобразе дзядзькі Антося. Лёс яго склаўся так, што ён, адналюб па сваёй прыродзе (каханая Наста, не дачакаўшыся Антося са сплаву, «яго змяніла на другога»), бескарысліва аддаў свае сілы сям’і брата, яго дзецям, іх выхаванню і
клопатам аб дабрабыце. За яго дабрыню і любоў усе ў сям’і плацілі яму таксама любоўю:
Дык і не дзіва, што любілі, Што на руках яго насілі.
Любоў да ўсяго, што яму дорага і міла, вызначае і стан душы гэтага чалавека, і сутнасць яго таленту.
Услаўленню педагагічнага таленту дзядзькі Антося («ён быў настаўнікам, суддзёю...») прысвячаецца многа старонак у паэме. Мы бачым дзядзьку Антося «як жывога» ў час яго «ўрокаў» і нават у самыя крытычныя для кожнага настаўніка моманты, калі ніякія, здавалася б, сродкі ўздзеяння не спрацоўваюць: «О, дзядзька спосабаў меў многа даняць праціўніка малога!»
Гэтым вобразам пераканальна даводзіцца ісціна, што, каб даць некаму, трэба мець самому, што толькі духоўна багатая асоба здольна ўзбагаціць іншых.
Уздзеянне гэтага вобраза на чытача дасягаецца такім мастацкім сродкам, як гумар. Гумар узвышае героя і адначасова робіць яго даступным, прывабным і блізкім кожнаму чытачу. Антось зачароўвае непасрэднасцю сваёй натуры і рэдкай для людзей здольнасцю пасмяяцца з самога сябе, што сведчыць пра яго дабрыню, розум і аптымізм: «Які ж ты, хлопча, нецярпячка, няхай цябе затопча качка!»; «Забілі зайца, не забілі, але ж, брат, гуку нарабілі». Сваё кухарскае «вынаходніцтва» самакрытычна ацэньвае так: «Паскудства, брат, і не пытайся!»
Шчаслівы народ, які ўсведамляе важнасць і карысць працы сейбітаў на духоўнай ніве і адпавед-
на да яе ставіцца. Праблематычнай ўяўляецца будучыня таго народа, які гэтага не ўсведамляе.
Настаўнік — соль зямлі. Сымон Будны толькі нагадаў нам пра тое, што сказана было амаль за два тысячагоддзі да яго. Ісус Хрыстос, выпраўляючы сваіх вучняў ісці і звеставаць людзям, добраслаўляў Настаўнікаў і лаўцоў душ людскіх: «Вы — соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, то чым зробіш яе салёнаю? ...Вы — свет свету. He можа схавацца горад, што стаіць на вяршыні гары. I запаліўшы свечку, не ставяць яе пад сасудам, але на падсвечніку, і свеціць усім у доме. Няхай жа свеціць свет ваш людзям, каб яны бачылі вашы добрыя справы і праслаўлялі Айца вашага Нябеснага».
Знакава, сімвалічна, што Ісус Хрыстос у сваім зямным жыцці быў менавіта Настаўнікам і Лекарам — быў Збавіцелем. Адвеку ва ўсіх народаў да гэтых дзвюх прафесій было святое стаўленне, пашана і павага. Лепшыя з лепшых, надзеленыя дарам «лаўцоў душ людскіх», імкнуліся і марылі пра долю настаўніка, хоць ва ўсе часы доля гэтая была самай нялёгкай. Але «гэта была мяжа жыццёвае мары», па словах В. Быкава.
«Самы светлы талент — дабрата» (С. Грахоўскі)
Ва ўсім, як хочаце, каб вам рабілі людзі,