У сэрцы слова адзавіся
зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2
12+
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 407с.
Мінск 2018
— На, сусед, трымай, і няхай табе лёгка сячэцца. Толькі сёння не працуй — няхай смала засохне.
Пакуль дарослыя былі занятыя сякераю, сын Вароны, яшчэ падлетак, забаўляўся побач. Ен падымаў з зямлі непатрэбныя майстрам адшчэпы, стукаў адзін аб другі, высякаючы іскры, або для цікаўнасці, наследуючы дарослым, браўся рэтушаваць які крамянёвы асколак. Пазабаўляецца так і кіне крэмень у пясок.
А праз нейкіх сем тысячагоддзяў археолагі знойдуць на беразе Сожа гэтыя крамянёвыя недаробкі і будуць ламаць галаву, думаючы: «I што б гэта маглі быць за такія дзіўныя вырабы, для чаго яны служылі нашым продкам?» А гэта ўсяго толькі дзіцячыя забаўкі.
Крэмень апрацоўвалі на кожным паселішчы каменнага веку, але непадалёку ад багатых крэменем радовішчаў існавалі і спецыяльныя майстэрні па вырабе каменных прылад працы. Некаторыя ж раёны Беларусі бедныя крамянёвай сыравінай, таму мясцовыя жыхары замянялі яе іншымі матэрыяламі. Так, на старажытных паселішчах Падзвіння мы сустракаем касцяныя і рагавыя наканечнікі стрэлаў і дзідаў, кінжалы і гарпуны. Нават некаторыя сякеры там былі касцяныя. Праўда, такою сякерай дрэва не ссячэш, але ёю
можна было адсекчы, напрыклад, кавалак мяса ад упаляванай жывёліны.
У самым канцы новага каменнага веку сякеры з крэменю і іншых камянёў пачалі зашліфоўваць з дапамогай каменных пліт і мокрага пяску.
НОВЫ КАМЕННЫ ВЕК
ПЕРШЫЯ ГАРШКІ
Каля шасці з паловай тысячагоддзяў назад.
Недзе на Прыпяці
Хаціна з жэрдак і галля загарэлася глыбокай ноччу, калі ўсе моцна спалі, натомленыя клопатамі мінулага дня. Успыхнула раптоўна, і свежы вецер з ракі хутка раздзьмухаў агонь — людзі ледзь паспелі выскачыць на дварышча, прыхапіўшы толькі вопратку. Усё згарэла дашчэнту, і на раніцу толькі дыміўся шэры прамакутнік папялішча — усё, што засталося ад хаціны.
Прапалі запасы сушанай рыбы, крамянёвыя і касцяныя прылады, і, чаго найбольш было шкада, згарэлі рыбацкія сеткі, сплесці якія з лубяных валокнаў было не так проста.
Гаспадару ўжо не было чаго рабіць на пажарышчы, і ён, узяўшы сякеру, разам з суседзямі пайшоў у лес рыхтаваць жэрдкі на новую хаціну. Гаспадыня ж корпалася ў вугалях, выграбаючы кійком то перапалены наканечнік дзіды, то каменныя грузілы ад сетак. Знойдзенае складвала побач у кучку.
Пад абвугленымі рэшткамі сцяны жанчына дакапалася да начыння — абгарэлых кошыкаў і лубянак, якія рассыпаліся ад першага дотыку, пакручаных і счарнелых берасцяных вырабаў.
Гаспадыня падняла яшчэ цёплую ад агню невялікую пасудзіну, па форме як лейка, сплеценую з тонкіх хваёвых каранёў. Найбольш шкадавала гэту рэч, бо яе рабіў яшчэ бацька. Таму берагла як памятку. Пасудзіна была старая, даводзілася замазваць на ёй дзіркі і шчыліны глінаю. I гліны той месцамі
так набралася, што самога пляцення не было бачна. Зараз карані згарэлі, але гліна трымалася, захаваўшы былую форму вырабу.
Жанчына пакруціла начынне ў руках, пастукала па брыжы — гліна ажно звінела, затым уздыхнула і кінула яе на зямлю. Пасудзіна чмякнула на вугалі, узняўшы воблачка попелу, але не разбілася. Гліна абпалілася ў агні і стала, як камень. Гэта ўсцешыла гаспадыню — пасудзіну, аказваецца, можна будзе ўжываць і надалей...
ГІэўна, гэта адзін з многіх магчымых выпадкаў, калі старажытныя людзі заўважылі, што гліна, трапіўшы ў агонь, абпальваецца і робіцца надзвычай моцнай. Зразумеўшы гэта, а таксама здаўна ведаючы пластычнасць сырой гліны, нашы продкі ў самым пачатку новага каменнага веку пачалі вырабляць гліняны посуд.
На кожнай неалітычнай стаянцы пры раскопках сустракаецца мноства гліняных чарапкоў — абломкаў посуду. Ганчарнае кола тады яшчэ не было вынайдзена, таму гаршкі ляпіліся ўручную. Выкапаную з зямлі гліну добра вымешвалі. Затым, каб будучы выраб не трэскаўся пры абпале, дабаўлялі ў яе траву, пясок, тоўчаныя ракавіны або кару дрэў. 3 такога падрыхтаванага глінянага цеста ляпілі стужкі, якія змацоўваліся краямі паміж сабой. Так фармавалася пасудзіна.
Бугаркі і ўпадзінкі, якія на сценках заставаліся ад пальцаў, загладжваліся касцяной або каменнай пласцінкай. Затым паверхні посуду аздабляліся штампамі — арнаменцірамі. Узоры атрымоўваліся розныя — пасачкі адбіткаў грэбня або насечак, ялінкі, лукаткі, ромбы. I амаль заўсёды пад самым брыжам наносіўся шэраг глыбокіх круглых ямачак. Некаторыя гаршкі арнаментаваліся так багата, што нагадваюць адмысловую вышыўку. Кожнае племя мела на гліняным посудзе свае характэрныя арнаменты, як, напрыклад, сучасныя народы на вопратцы або ручніках.
Пасля арнаментавання гаршкі абпальваліся на вогнішчы. Калі ж яны трэскаліся, то шнуркамі, прасунутымі праз свідраваныя адтуліны, звязваліся, браліся «на шво».
Пасудзіны ў неаліце ляпіліся разнастайныя — вялізныя, як цэбры, у іх захоўвалі прадукты, і меншыя — для гатавання
стравы. Рабілі міскі для яды і кубкі для пітва. Былі пасудзіны і з пукатымі бакамі, і з вузкімі шыйкамі, і як разрэзаны гарбуз. Але ўсе яны без выключэння мелі вострыя дны, зрэдку — закругленыя. Чаму? А таму, каб не куляліся на агнішчы, калі падгаралі дровы, каб лепш трымаліся ў зямлі, устаўленыя ў якое паглыбленне. Печак жа і дашчатых сталоў, для якіх патрэбен пласкадонны посуд, тады яшчэ не было.
I ПАПЛЫВЕ ЁН ПА ХВАЛЯХ
Шэсць тысяч гадоў назад.
На возеры Мястра, што на Мядзельшчыне
Познім ранкам, калі сонца ўжо паднялося даволі высока і добра прыгравала, берагам возера ішлі дзед і яго ўнук. Загарэлы амаль да чарнаты малы то кідаўся бегчы, то прыпыняўся, прыглядаючыся між каранёў дрэў, то спускаўся з невысокага абрыву да вады, каб падабраць там прыгожы каменьчык.
Дзед сунуўся ззаду, перастаўляючы босыя ступні па зляжалай ігліцы. Ен меў доўгія паношаныя штаны, белую сарочку, паверх якой была камізэлька з ласінай скуры — цёплая і новая, пашытая старэйшай унучкай, бо старому часам было халаднавата і летам.
За спінаю ў старога вісела скураная торба. У левай руцэ ён нёс падвязаны на лубяной вяровачцы шчарбаты гліняны гаршчок з тлеючымі вугалямі, у правай — кароткую дзіду.
Глядзеў дзед, як перад ім, нібыта спелы дзьмухавец, мільгае белая галава ўнука і час ад часу бурчэў:
— He адбягай, кажу, далёка, бо на мядзведзя ці рысь напорашся.
Напамінак пра небяспеку суцішаў хлопчыка, і ён тады ціснуўся бліжэй да дзеда. Але ненадоўга. Маладая кроў бурліла і неадольна клікала да руху, да дзеяння.
Бераг паніжэў, сцежка збягала ў лагчыну. Векавечныя гіганты хвоі пачалі расступацца, даючы мясціну то ліпе, то таполі. А ў самай лагчыне засерабрыліся таўшчэзнымі камлямі асіны, дружна зацямнелі вольхі.
— Ну, унучак, выбірай асіну.
Малы пачаў кружыць паміж дрэвамі, задзіраючы галаву, каб ацаніць іх гонкасць, ахапляў рукамі ствалы, мераючы таўшчыню.
— Вось гэту, дзядуля,— нарэшце стукнуў ён кулачком па самым тоўстым дрэве.
— Охо-хо,— пачухаў патыліцу стары.— 3 гэтай асінай мы ці ўправімся? Ды і човен з яе выйдзе вялізны. На ім толькі па Нары плаваць, а на нашым возеры човен трэба лягчэйшы.
— Тады, можа, гэту?..— менш упэўнена паказаў малы на суседняе дрэва.
— Ну што ж,— акінуў позіркам дзед асіну.— Гэта, пэўна, падыдзе — роўная і ў меру таўшчынёй.
Унук пачаў збіраць навокал сухое ламачча і сцягваць да дрэва. Дзед жа высыпаў пад камель з гаршка гарачыя вугалі, падкінуў сухой травы, галінак і пачаў раздзьмухваць агонь. Хутка ўжо гарэла вогнішча. Зараз дровы збіралі і падкладвалі на агонь абодва: унук — тонкія, а дзед — таўсцейшыя. Абкладалі камель навокал: трэба было, каб падгарэў з усіх бакоў. Кара на асіне пацямнела, пачала апальвацца, задымела. A праз нейкі час падсохла і загарэлася сама драўніна.
Дзед скруціў з кавалка бяросты лейкаваты кубак, змацаваўшы яго клінкамі з галінак, і ўнук час ад часу бегаў з ім да возера, прыносіў вады. Дзед браў кубак і, прымерваючыся праз дым, паціху ліў ваду на камель вышэй агню, не даючы, каб дрэва падгарэла ўверх.
Сонца прыгрэла мацней. У смузе парнасці, што пачала ўздымацца ад вады, затанцаваў далягляд за возерам. У асляпляльнай нябеснай сіні нараджаліся ледзь улоўныя кволыя воблачкі і тут жа распускаліся, раставалі пад сонечнымі прамянямі.
— Можна мне пакупацца? — папрасіўся малы.
— Ідзі, ідзі, купайся. Дроў мы нанасілі столькі, што я пакуль і адзін упраўлюся...
Сцішана сядзеў дзед перад вогнішчам, падкідаючы дровы. Ветру не адчувалася. He піумелі верхавіны дрэў, але цішыні не было. Лес гуў ад птушынай рознагалосіцы.
Стары сядзеў і думаў, што гэты вось човен будзе ў яго жыцці пяты. I, мабыць, апошні. Бо ўжо гады... Найлепш
памятаўся першы, яшчэ ў маладосці. Як абчэсваў яго, выдзёўбваў. Як выразаў на носе адмысловы ўзор. I які імпэтны атрымаўся човен! Ляцеў па хвалях, як чайка. А як добра тады веславалася. Якое лёгкае было вясло і моцныя рукі! На тым чоўне ён прывёз сабе з далёкага паселішча маладую жонку... Човен той разбіла аб камяні, калі ён неасцярожна выплыў пратокай на Нару. Такі быў тады шалёны вецер!
Другі човен сагналі з сабой загорцы, калі напалі на іхняе племя. Трэці служыць яшчэ і зараз, хоць пачарнеў, патрэскаўся і з кармы працякае. Чацвёрты рабіў свайму сябру — рыбаку. А вось гэты, пяты, ён будзе рабіць для мужа старэйшай унучкі. Той, што пашыла такую цёплую камізэльку...
Паабедалі дзед з унукам праснакамі і сушанай рыбай са скураной торбы. Запілі вадой з бліжэйшай крынічкі. Калі ж сонца схілілася да самага лесу і возера, высвечанае косымі прамянямі, засерабрылася, нашы працаўнікі той жа сцежкай падаліся назад у сваё паселішча.
I так прыходзілі дзед з унукам у гэту прыбярэжную лагчыну шэсць дзён. Старанна абпальвалі камель асіны, пакуль дрэва не стала, як падгрызенае бабрамі. I нарэшце настаў дзень, калі застаўся толькі стрыжань дрэва. Дзьмуў даволі моцны ўсходні вецер, кожнае імгненне асіна магла абваліцца на зямлю.
Дзед загадаў унуку трымацца зводдаль і не падыходзіць да небяспечнай мясціны. Сам жа варажыў каля вогнішча, падкладаў, дзе трэба, дровы, падгортваў вугалі.
I нарэшце, перад поўднем, дзед гукнуў:
— Сцеражыся!
Малы бачыў з суседняга ўзгорка, як верхавіна асіны спачатку хіснулася, затым стала паволі хіліцца. Набіраючы разгон і ламаючы галлё суседніх дрэў, асіна грымнула на азёрны бераг, ажно ўздрыгнула пад нагамі зямля і пасыпалася ігліца. На хвіліну ў лесе заціх птушыны спеў, толькі недзе далёка адгукалася зязюля.