У сэрцы слова адзавіся
зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2
12+
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 407с.
Мінск 2018
Старажытны каменны век
ПРЫРУЧЭННЕ АГНЮ
Каля трох мільёнаў гадоў назад.
Усходняя Афрыка
Пасля ціхай задушлівай спякоты накацілася цёмная хмара і пачалася навальніца — з ветрам, дажджом, маланкай. Калі ж хмару праганяла і дождж капаў рэдка, з аглушальным грукатам, быццам расшчапілася зямля і неба, ляснуў пярун.
3 пячоры выглянулі напалоханыя малпалюдзі і ўбачылі, як насупраць гарыць старое дрэва, ахопленае полымем ад сухой верхавіны ажно да таўшчэзнага камля.
Малпалюдзі ўжо былі знаёмыя з агнём у час лясных пажараў або калі вывяргаліся вулканы. I баяліся яго, бо не раз бачылі, як вогненная навала з ровам імчала па зямлі, знішчаючы ўсё на сваім шляху.
Дрэва гарэла моцна і роўна. Малпалюдзі асцярожна наблізіліся да палаючага дрэва і абкружылі яго. На валасатых тварах яны адчувалі гарачае дыханне агню. Ён іх сляпіў, заварожваў.
Юнак, які колісь зблізку бачыў лясны пажар, падняў галіну і кінуў пад дрэва. Яна задымела і ўспыхнула. Нехта кінуў яшчэ галіну. I тая загарэлася. Тады пачаў збіраць голле і кідаць у агонь увесь гурт. Агню пабольшала. Малпалюдзі ўзбуджана ўскрыквалі, прытанцоўвалі — агонь «еў» голле, яго можна было «карміць» дрэвам, ад гэтага ён рос.
I так, падкладаючы дровы, падтрымлівалі агонь шмат дзён. А затым зноў прайшоў дождж, і вогнішча патухла.
Каля трыййаці тысяч гадоу назад.
Непадалёку ад сучаснага Гомеля
У будане, накрытым мамантавымі шкурамі, гарыць вогнішча. Сіняватае полымя танцуе на расшчэпленых костках. Косткі гараць добра. А сапраўдных «драўляных» дроў няма, бо навокал тундра.
Зараз зіма. Лютуе завіруха, ажно ўздрыгваюць падпоры ў будане. Але ў ім цёпла. А дым? Што ж, яго можна перацярпець. Каля вогнішча заўсёды сядзяць старыя жанчыны — адна або дзве. Іх абавязак — шчапаць і падкідаць у агонь косткі. Нельга, каб агонь пагас. Зімою — гэта смерць для ўсяго гурта першабытных людзей.
Вогнішча гарыць ужо шмат дзесяцігоддзяў. He згасаючы. Пад ім набраўся таўшчэзны пласт шэра-сіняватага касцянога вугалю. Калі агонь пагасне, яго трэба пазычаць або здабываць сілай у суседзяў, якія далёка-далёка адсюль. Агнём у той час людзі карысталіся пастаянна, хоць самі здабываць яго яшчэ не ўмелі. Але гэты агонь у будане не пагасне. Бо старыя даглядчыцы адказваюць за яго ўласным жыццём...
Каля трынаццаці тысяч гадоў назад.
На Прыпяці
Гарпун, выразаны з лапаткі паўночнага аленя, амаль гатовы. Бакі яго гладка абструганы, а зубцы завостраны. Засталося толькі зрабіць у насадзе дзірку, з дапамогай якой прылада прымацоўваецца да дрэўка.
Стары паляўнічы прыціснуў каленам гарпун да плашчака, прыставіў да насады палачку з крамянёвым свердлам і пачаў раскручваць яе далонямі то ў адзін, то ў другі бок. Пасыпалася касцяное шэрае пілавінне.
Але сёння нешта не працавалася старому. Хутка стамляліся рукі. Саслізгваў свердзел.
— Сынку! — гукнуў стары шыракаплечаму юнаку, які каля хаціны выстругаў для гарпуна дрэўка,— Дасвідруй, а я крыху адпачну.
Юнак, як і толькі што яго бацька, сагнуўся над гарпуном. Ён быў дужы і раскручваў свердзел так хутка, што толькі мільгацелі рукі. Захапіўшыся, ён нават перастараўся, і свердзел урэзаўся ў драўляны плашчак. Сутыкненне хуткарухомага крэменю з дрэвам выклікала моцнае награванне, і з плашчака пайшоў дым.
— Стой, што ты робіш? — спалохана закрычаў стары.
Але сын і сам ужо спыніў працу і здзіўлена аглядаў абвугленую ямку ў дрэве. Потым памацаў яе пальцам і ўскрыкнуў — пячэ.
Што пры трэнні рэчы награваюцца, чалавек ведаў даўно. Напрыклад, награваўся скрабок, якім здзіралі мяздру, каб зрабіць шкуру забітай жывёлы мяккай. Але калі вельмі моцна пацерці крэменем аб дрэва, то пойдзе дым — з такім яшчэ не сустракаліся.
Юнак не раз потым паказваў сваім аднагодкам гэты цуд са свердлам і сухім драўляным плашчаком. I кожны раз ішоў дым.
Можа, аднойчы гэты юнак ці яго таварыш паспрабаваў так крутануць адной палачкай без крэменю. Дыму адразу пабольшала, і дрэва загарэлася!
Каля дванаццаці тысяч гадоу назад.
Можа, дзесьці пад Пінскам
На ўскрайку паселішча на валуне сядзіць чалавек і аббівае кавалак крэменю — робіць нуклеус (археалагічны тэрмін для абазначэння крамянёвага абабітага жаўлака). 3 яго потым можна будзе сколваць розныя адшчэпы і пласцінкі для таго, каб майстраваць наканечнікі стрэлаў, праколкі, разцы, скрабкі, нажы і шмат чаго іншага.
Удар, яшчэ ўдар. Адскокваюць ад крэменю розныя непатрэбныя выступы. Прыжмурваецца майстар, каб востры асколак не трапіў у вока. Ды, ай, якая няўдача! — такі зручны, як буслінае яйка, адбойнік з пясчанікавай галькі трэснуў і разваліўся.
Мужчына пачаў шукаць, што б прыстасаваць пад новы адбойнік. I тут успомніў, што яшчэ ўчора, збіраючы крэмень у рачной даліне, знайшоў камень, буры і цяжкі. Хацеў спачатку шпурнуць знаходку ў ваду, але ж вельмі камень быў нязвыклы. Падумаў і пакінуў сабе.
Чалавек пайшоў у хаціну і вярнуўся з учарашняй знаходкай. Зноў прысеў на валун, прымеркаваўся, стукнуў новым адбойнікам па крэмені... і анямеў, уражаны. Нярэдка бывала пры апрацоўцы камянёў, што з-пад адбойніка выляталі іскры. Але зараз пры ўдары бурым каменем аб крэмень вылецеў цэлы сноп іскраў. Доўгіх, сляпучых. Мужчына ўжо не думаў пра свой асноўны занятак, а раз-пораз біў адбойнікам па крэмені. I тут заўважыў, што сухая трава каля валуна, куды якраз траплялі іскры, задымілася, а потым успыхнуў і агеньчык. Чалавек зачаравана глядзеў на гэту незвычайную з’яву.
Вось агеньчык ператварыўся ў сапраўднае полымя, якое пачало падбірацца да хаціны. Як быццам прачнуўшыся, мужчына ўсхапіўся і затаптаў агонь. Затым чалавек адышоў далей ад паселішча, наскуб сухой травы і ўдарамі таго ж бурага каменю аб крэмень зноў запаліў агонь.
Што гэта быў за камень — метэарыт, жалезны калчадан або кавалак якога іншага жалезістага рэчыва? Увогуле гэта і не так важна. Галоўнае тое, што чалавек адкрыў яшчэ адзін спосаб здабывання агню.
ПЕРШЫ ЧАЛАВЕЧЫ СЛЕД
Сто тысяч гадоў назад. Ці, можа, дзевяноста? Недзе прыблізна ў гэты час...
Там, дзе зараз Сож, таксама цячэ нейкая рака, але шырэйшая. Шматлікія астравы. Поплаў з лазовымі кустамі. А дзе бераг вышэйшы — пачынаецца вялізны, дзікі, непраходны лес. Але гэта толькі так здаецца на першы погляд. Калі прыгледзецца лепш, то можна заўважыць там-сям шырокія і зусім вузенькія сцежкі і сцяжынкі. Па вузкіх сцяжынках палахліва прабіраюцца дробныя звяры, па сцежках ходзяць звяры большыя і зусім вялікія. Там, дзе быццам віхура праламала прагаліну, сцяжына мамантаў. Гэта ўжо нават не сцяжына, a сапраўдная дарога!
А дзе ж тая сцежка, па якой ходзіць чалавек? Яна яшчэ не пракладзена. Таму што чалавека ў наваколлі няма. I не было тут ніколі! Праўда, чалавек на зямлі ўжо ёсць. На поўдзень, там, дзе зараз Украіна, па берагах рэк можна сустрэць нешматлікія гурты першабытных людзей.
Паміж высокім берагам і вадой шырокая стужка белага пяску. Толькі спала навальнічная паводка, і пясок ляжыць роўна, як прыгладжаны. Але, хоць яшчэ раніца, тут ужо наслядзілі. Ланцужкамі звіваюцца сляды птушак, накапычана каля мелкаводдзя аленямі, а воддаль пралягла глыбокая разора ад вялізных капытоў — прыходзіў напіцца шарсцісты насарог. Якіх тут толькі слядоў няма! Калі прайсці крокаў дзвесце паўз бераг, можна было б знайсці такія «аўтографы» ўсяго ляснога жыхарства.
Нядаўняя навальніца вывернула каля берага старую хвою. Але дрэвы навокал раслі так густа, што хвоя не ўпала на зямлю, а павісла, нахіленая, зачапіўшыся голлем за суседак. I стала, як брама, над звярынай сцежкай да вадапою.
Маладая рысь, паляўнічы ўчастак якой быў якраз тут, нагледзела гэты выварацень — цудоўная мясціна для засады! Спачатку проста прайшлася да ракі пахлябтаць халоднай з ночы вады і, вяртаючыся, хутчэй па звычцы, узбегла на выварацень. Затаілася, сочачы за сцежкай і рачным берагам: можа, і трапіцца які ласунак.
Але на вадапой ужо ніхто не ішоў. Сонца прыўзнялося з-за лесу і свяціла якраз на выварацень. Прыгравала, і рысь расслабілася ад задавальнення, зажмурылася.
Ды вось у лесе пачаўся нейкі рух — драпежніца насцеражылася.
Па сцежцы ішло некалькі звяроў. Дзіўных. Рысь такіх бачыла ўпершыню і захвалявалася. Ішлі на задніх лапах. Так часам могуць мядзведзі. Але гэта былі не мядзведзі. I ростам меншыя. Хто б гэта мог быць?
...Група людзей — пяць мужчын, столькі ж жанчын і некалькі дзяцей выйшлі на бераг ракі. Скінулі з плячэй скураныя клункі і пачалі прагна піць ваду, набіраючы прыгаршчамі. Затым паселі на пясок. Былі відавочна стомленыя. Маўчалі нават дзеці. Дабіраліся сюды шмат дзён. Праз лес, якому, здавалася, не будзе канца. Прыйшлі з мясцін, дзе нарадзіліся, дзе застаўся іх гурт.
Пайсці трэба было, бо ў гурце стала зашмат народу, a дзічыны ў наваколлі паменшала. Тады старэйшыя сказалі: «Няхай частка маладых ідзе на поўнач. Там, дзе сонца хаваецца за край зямлі, дзе яно нараджаецца на раніцу зноў, і там, дзе яно на небе падымаецца найвышэй,— у тых кірунках жывуць другія гурты, там іх паляўнічыя ўладанні, і туды закрыты шлях. Толькі на поўнач, як бы далёка ні заходзілі паляўнічыя, не траплялася людзей. Там нічыйная зямля, a дзічыны шмат! Хай туды ідуць маладыя і засяляюць паўночную зямлю».
I маладыя пайшлі. Пяць сем’яў. I недзе ў пушчы ўпершыню перасеклі будучую праз шмат-шмат тысячагоддзяў мяжу Беларусі.
Першыя людзі. Каржакаватыя, моцныя постаці. Яшчэ даволі валасатыя. Загрубелая скура. Пальцы, як карані дуба, з пазногцямі-шкіпцюрамі. Шырокі твар. Нізкі, пакаты лоб. Магутныя, скошаныя назад сківіцы з моцнымі зубамі, якімі можна зжаваць корань, раструшчыць костку, перагрызці праціўніку або зверу горла. А самі гэтыя істоты хіба не падобныя да звяроў? Вельмі! Але пад выступаючымі цяжкімі надброўямі вочы ўжо не звярыныя — у іх свеціцца думка. Вочы маркотныя, калі ўспамінаецца родны гурт; вясёлыя,
калі глядзяць на дураслівых малых; прыязныя пры сустрэчы з родзічамі; цікаўныя, калі сочаць за палётам птушкі над рачной плынню; цёмныя ад гневу, калі бачаць драпежніка або ворага.
У чалавека на плячах накінуты шкуры — тагачаснае адзенне; у руках цяжкія палкі — дубіны, крамянёвыя вострыя секачы, якімі можна забіць жывёліну, адсячы кавалак мяса, выкапаць ядомы корань. Чалавек ужо валодае агнём — з дупла калоды, якую па чарзе неслі мужчыны, ідзе дымок, там тлеюць вугалі, узятыя з агнішча ў родным гурце. I акрамя ўсяго, чалавек можа членападзельна размаўляць. He, далёка ўжо зверу да чалавека!