У сэрцы слова адзавіся
зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2
12+
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 407с.
Мінск 2018
У сэрцы слова адзавіся
Зборнік для 7 класа Кніга 2
Школьная бібліятэка
У сэрцы слова адзавіся
Зборнік для 7 класа
Удзвюхкнігах
Кніга 2
Мінск «Мастацкая літаратура» 2018
УДК 821.161.3-93
ББК 84(4Бен)-44
У11
Серыя заснавана ў 1965 годзе
Укладанне Аксаны Спрынчан
Выпуск выдання ажыццёўлены па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь
ISBN 978-985-02-1819-3
© Спрынчан A. В, укладанне, 2018
© Афармленне. УП «Мастацкая літаратура», 2018
Анатоль Вярцінскі
Рэквіем па кожным чацвёртым
У часе мінулай вайны загінуў кожны чацвёрты беларус.
3 дакумента
Ой, хацела мяне маці за чацвёртага аддаці...
3 народнай песні
Ус ту п
Вы бачылі лес, дзе прагал скразны?
Скажыце, вы бачылі бор той, дзе кожнай другой няма сасны ці сама меней — чацвёртай? Тое ж было з народам маім. Сякера ваеннай навалы прайшлася бязлітасна па ім, і — прагалы, прагалы.
Яны і сёння не зараслі, свіцяцца прасторай мёртвай... Вы бачылі лес, дзе прагал скразны?
Скажыце, вы бачылі бор той?
Частка першая
Зямля мая бой прымала ад стара і да мала, ад стагадовага Талаша да Казея — малыша.
I падаў распасцёрты, кожны чацвёрты.
Часта згаралі знічкі тады.
Быў небасхіл чорны.
А на зямлі стылі сляды — кожны чацвёрты.
Мір асвятліў нас сваім святлом. Грымелі ўрачыста акорды.
Толькі не быў за святочным сталом кожны чацвёрты.
Доўга не трацілі ўдовы надзей, доўга чакалі маці дзяцей.
He верылі ўсё, што мёртвы кожны чацвёрты.
Помнім болі і страты свае.
Памяць шуміць, як чароты. О, як нам вас не стае — кожны чацвёрты!
Частка другая
Кожны чацвёрты быў мёртвы — мір і спакой ім вечны!
Кожны трэці быў змораны, скалечаны і знявечаны.
Кожны другі на целе меў раны, апёкі ці шрамы.
I yce мы, yce мы мелі на душы сваёй раны.
Зеўрылі ямы, траншэі, зеўрылі печы ў друзе — ранай адной страшэннай на целе маёй Беларусі.
Частка трэцяя
Лічым: чацвёрты кожны.
А можа, кожны трэці? Голадам падкошаныя, паміралі дзеці.
Яшчэ мы не ўлічылі тых, што лячылі раны, раны не залячылі, рана паміралі.
Колькі прапала без вестак, без пахаванняў, памінак!
А колькі потым дзетак ўзарвалася на мінах!
Лічым: кожны чацвёрты, А той рахунак прыблізны, а той рахунак няцвёрды, а ўрон яшчэ больш вялізны.
Э п і л о г
Урок спражэння
He забываецца той урон, не зарастаюць прагалы... «Дзеці, вы вывучылі урок? Дзеці, вы праспрагалі?
Я іду, ты ідзеш, а ён не ідзе, ён мёртвы. Я пяю, ты пяеш, маўчыць кожны чацвёрты. Мы ідзём, ідзеце вы.
Грунт пад нагамі цвёрды. Яны не ходзяць — не жывы кожны чацвёрты.
Любім мы, любіце вы. Колькі травы, ліствы, сінявы! —
Хоць сэрца насцеж разгортвай. А каб яшчэ ды быў жывы кожны чацвёрты!
Уладзімір Мазго
Адвечныя скарбы Радзімы
Падарожжа па айчыннай гісторыі
Паясы беларускай красы
ТАЯМНІЦЫ БЯРЭСЦЯ
Аднойчы мне незвычайна пашанцавала: я наведаў раскопкі старажытнага Бярэсця, сустрэўся з гісторыкам і археолагам Пятром Лысенкам, які стаў маім гідам па мінулых стагоддзях. Убачанае і пачутае — уражвала. Мяркуйце самі...
Бярэсце — адзін з найбольш цікавых археалагічных помнікаў на тэрыторыі Беларусі. Упершыню горад упамінаецца ў летапісах у 1019 годзе. Тут, ля сутокаў Заходняга Буга і Мухаўца, у XIV стагоддзі быў пабудаваны Берасцейскі замак. Чатыры драўляныя і адна мураваная вежы баранілі яго ад нападу ворагаў. Колішні замак не захаваўся. А ў XIX стагоддзі на гэтай зямлі ўзведзена Брэсцкая крэпасць.
Беларускія археолагі адкрылі Бярэсце ў 1964 годзе. Праз пяць гадоў тут, на тэрыторыі Валынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці, пачаліся пастаянныя раскопкі. Знойдзены рэшткі розных пабудоў, маставых, вастраколаў, якія добра захаваліся.
Мы ішлі па старажытным Бярэсці, па трох яго раскапаных вуліцах, што паралельна пралеглі з усходу на захад. Паабапал іх — жылыя і гаспадарчыя пабудовы. Пераважна з
сасновага бярвення, маюць прамавугольную форму. У многіх з іх — гліняныя печы, якія, здаецца, захавалі цеплыню рук нашых далёкіх продкаў.
У час раскопак у Бярэсці знойдзена шмат старых рэчаў. Прылады працы: сякеры, косы, сярпы, наканечнікі сох, лапаты. Прадметы бытавога прызначэння: замкі, ключы, крэсівы, прабоі. Прадметы ўзбраення і вайсковай амуніцыі: наканечнікі коп’яў, стрэл, шпоры, кальчугі... А жаночыя ўпрыгожанні — бранзалеты, падвескі, пацеркі — спадабаюцца нават сучасным модніцам.
Гэтыя знаходкі сведчаць пра заняткі мясцовага насельніцтва рамёствамі: ювелірным, касцярэзным, ганчарным, гарбарным, шавецкім... Па ўсім бачна, што жыхары паселішча займаліся сельскай гаспадаркай, падтрымлівалі гандлёвыя і культурныя сувязі са шматлікімі суседзямі.
Шахматныя фігуркі, спражкі для кніг, так званыя пісалы — тагачасныя прылады для пісьма, дошчачкі, пакрытыя воскам, на якіх пісалі, а таксама старажытны алфавіт на грабеньчыку сведчаць пра высокі культурны ўзровень нашых продкаў.
Усе прадметы, знойдзеныя ў час раскопак, выстаўлены цяпер у археалагічным музеі «Бярэсце». I госці зблізку і здалёку маюць цудоўную магчымасць пазнаёміцца са старажытным горадам.
СЫНКАВІЦКАЯ ЦАРКВА-КРЭПАСЦЬ
Што такое царква-крэпасць? Многія з вас, напэўна, задумаюцца. Царква — гэта пабудова, дзе людзі моляцца Богу. A крэпасць — дзе бароняцца ад ворагаў. Ці магчыма іх паяднаць у адно цэлае? Аказваецца, можна.
У вёсцы Сынкавічы Зэльвенскага раёна, недалёка ад піашы Зэльва — Слонім. узвышаецца царква Святога Арханёла Міхаіла. Яна ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах шэсцьсот гадоў таму. Некаторыя даследчыкі старажытнасці мяркуюць, што пабудавалі яе ў пачатку XV стагоддзя. Больш за тое, адно з паданняў называе заснавальнікам сынкавіцкага храма вялікага князя Вітаўта.
Паланёнага Вітаўта прывезлі ў Крэўскі замак і пасадзілі пад моцнай вартай. А крыху раней тут быў забіты ягоны бацька — вялікі князь Кейстут. Вітаўт разумеў: яго чакае такая ж доля, бо хітры і жорсткі Ягайла, наступнік вялікага князя Альгерда, хацеў знішчыць свайго роднага дзядзьку і брата, каб завалодаць іх землямі. Князь Вітаўт пераапрануўся ў жаночае ўбранне і незаўважна пакінуў замак.
Уцякаючы з палону, Вітаўт знайшоў сабе надзейны прытулак пад сялянскай страхой у ціхай лясной вёсцы на Гродзеншчыне. Перачакаўшы тут варожую пагоню, ён сабраў сваё войска і стаў з дапамогай яго адзіным уладаром Вялікага Княства Літоўскага — тагачаснай нашай дзяржавы.
А праз дваццаць пяць гадоў пасля свайго выратавання ад непазбежнай пагібелі — у знак удзячнасці Богу і мясцовым людзям — вялікі князь загадаў пабудаваць у той вёсцы храм. Невядомыя дойліды ўзнялі да нябёс волю Вітаўта — Сынкавіцкую царкву-крэпасць.
Так усё было ці інакш — ведае толькі Бог. Але, калі вы будзеце ў гэтых мясцінах, абавязкова наведайце крэпасць-храм. Я ўпэўнены: не пашкадуеце!..
I сягоння Сынкавіцкая царква — сведка грозных падзей мінуўшчыны — зачароўвае сваёй магутнасцю і прыгажосцю. Яна ўяўляе сабой выцягнуты прамавугольнік з памерамі 17,5 на 13 метраў. Сваімі паўтараметровымі цаглянымі сценамі і высокімі вежамі з байніцамі нагадвае старажытны замак. Заходнія вежы храма гранёныя, а ўсходнія — круглыя. Усярэдзіне іх знаходзяцца вінтавыя цагляныя лесвіцы, што вядуць да абарончых паясоў байніц, размешчаных у франтоне і дзвюх сценах пад дахам. Байніцы служылі не толькі для абароны, але і з’яўляліся своеасаблівай аздобай вонкавых сцен крэпасці.
У архітэктуры храма вылучаюцца элементы розных стыляў таго часу: нішы на франтонах, круглыя вежы, высокі двухсхільны дах з вострым франтонам, стральчатыя аркі аконных праёмаў, зорчатае скляпенне... Усё гэта надае царкве яркасць і самабытнасць як аднаму з помнікаў сусветнага значэння. Калі я гляджу на шэдэўр дойлідства, адразу прыгадваю паэтычныя радкі:
He!..
Ворагі напіцца He здолеюць крыві.
Пакуль глядзяць байніцы, Душою — не крыві.
Глуміліся падковы Над намі
I мячы.
На вуснах з родным словам
Каналі крывічы...
Дзе жыта каласіцца
Вякамі —
Праз імжу
Маўклівыя байніцы Ўглядаюцца ў шашу.
У кнізе наведвальнікаў храма нямала водгукаў ад турыстаў з Італіі і Францыі, Швецыі і Японіі, Галандыі і Сінгапура і іншых краін свету. У царкву прыязджае шмат праваслаўных вернікаў з розных куткоў Беларусі, каб памаліцца Богу, душой дакрануцца да жывой гісторыі роднага краю.
Чырвоныя цагляныя сцены Сынкавіцкай царквы-крэпасці. здаецца, абпалены полымем мінулых войнаў і паліты крывёю нашых продкаў. А расплюшчаныя вочы байніц — з надзеяй глядзяць на нас, каб мы заўсёды памяталі сваю мінуўшчыну і бераглі мір на зямлі.
БЫЎ ТУТ СТАТУТ
Калісьці Беларусь уваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта так называлася тагачасная наша дзяржава. Асновай яе з’яўлялася Беларускае Панямонне з цэнтрам у горадзе Новагародку (Навагрудку), які стаў першай сталіцай ВКЛ. Усе дзяржаўныя дакументы, летапісы, мастацкія творы пісаліся тут на старабеларускай мове.
Як сведчыць гісторыя Беларусі, у перыяд свайго росквіту Вялікае Княства Літоўскае распасціралася ад Балтыкі да Чорнага мора і ад межаў Польшчы і Венгрыі да Падмаскоўя.
Галоўнай крыніцай права ў Беларусі з 1589 па 1840 год быў трэці Статут Вялікага Княства Літоўскага. Дагэтуль жа існавалі Статуты 1529 і 1566 гадоў.
Вялікі ўнёсак у распрацоўку і выданне Статута 1588 года зрабіў наш суайчыннік князь Леў Сапега. А надрукаваны быў гэты збор законаў на старабеларускай мове, у друкарні братоў Мамонічаў у Вільні.
Складаецца Статут Вялікага Княства Літоўскага з 14 раздзелаў і 487 артыкулаў. Тут вызначаюцца правы і абавязкі ўсіх тагачасных жыхароў краіны, якімі з’яўляліся і нашы продкі. Дакумент забараняў іншаземцам набываць у дзяржаве землі і маёнткі, а таксама займаць важныя пасады. Ён абвяшчаў самастойнасць Вялікага Княства і недатыкальнасць яго межаў. Належная ўвага ў ім надавалася ахове лясоў і лугоў, абавязковаму ўжыванню ў пісьмовых крыніцах беларускай, а не іншай мовы.
Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года аказаў значны ўплыў на гістарычныя, культурныя і юрыдычныя традыцыі многіх краін Еўропы.
Нядаўна ў Беларусь вярнуўся адзін з асобнікаў арыгінальнага выдання Статута, які з’яўляецца нашай нацыянальнай спадчынай.
ПАЯСЫ БЕЛАРУСКАЙ КРАСЫ
Памятаеце хрэстаматыйны верш класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча «Слуцкія ткачыхі»?