• Часопісы
  • У сэрцы слова адзавіся зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2

    У сэрцы слова адзавіся

    зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2

    12+
    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 407с.
    Мінск 2018
    101.71 МБ
    На балоце ржавая вада сям-там зацягвалася вясёлкавымі кругамі. Аднекуль сюды прасочвалася нафта. Родная зямля таіла ў сваіх нетрах безліч скарбаў...
    Але тым памятным летам нас найбольш узрушылі птушкі. Знаёмы даўганогі бусел, сіваграк, ластаўка былі не толькі нашымі, але і афрыканскімі. Баючыся холаду, яны на зіму ляцелі да берагоў Ніла.
    Рэй выказаў здагадку, што ўсе гэтыя птушкі нашы. Бо калі б было інакш, то навошта б яны прыляталі вясной? У Афрыцы ж цэлы год лета, і птушкам няма ніякай разумнай патрэбы марна траціць сілы на пералёт. Проста іх вабіць родная зямля, дзе некалі таксама круглы год было горача, як у Афрыцы.
    Думку, якую выказаў чатырнаццацігадовы Рэй, я ні разу не сустрэў пасля ў кнігах. А яна і сёння здаецца мне справядлівай...
    Незабыўны ўспамін тых далёкіх дзён — начлег у лесе. Па грыбы ў чужы незнаёмы бор мы адважыліся ісці ўтрох: Рэй, я і Кірыла. Дзень быў пахмурны, дажджлівы, сонца з самай раніцы схавалася за важкімі шэрымі воблакамі. Мы, вядома, маглі вярнуцца. Але заблудзіцца нам з Рэем, мабыць, проста хацелася. Бо навошта ж тады мы ўзялі з сабой запалкі, хлеба і сала на добрыя два дні? Мы прамоклі да ніткі і, вядома,
    заблудзіліся. I вось ноч у лесе, вялікі касцёр з яловых лапак і голля, завостраныя пшотыкі, на якіх мы пражым сала... Над намі кашлатая яловая навісь, а ў прагалах між вяршалін — знаёмыя зоркі — чарпак Вялікай Мядзведзіцы, Палярная, сузор’е Арыёна, бясконцы Млечны Шлях...
    Ноччу распагодзілася. Арыентуючыся па зорках, мы маглі б знайсці патрэбны кірунак на поўнач і поўдзень, каб выйсці на шлях. Але не хацелася. Мабыць, упершыню ў жыцці мы ў збытку пілі перамешаную са страхам слодыч вялікага пачуцця самастойнасці. Вакол шумеў чужы, таямнічы лес, кігікала нейкая птушка, нешта ў кустах трашчала, а мы сядзелі вакол кастра і смажылі сала...
    У поўнач Кірыла не вытрымаў і заплакаў. Ён быў удвая дужэйшы за кожнага з нас, але румзаў, не саромячыся сваіх слёз. Мы з Рэем яго суцяшалі...
    Той год нашага сумеснага навучання ў сёмым класе быў апошні. Дзесяцігодкі ў мястэчку яшчэ не было, і наступным летам усе разляцеліся, хто куды...
    VIII
    Расказанае — кавалачак дзяцінства далёкіх трыццатых гадоў.
    Сёння мне столькі, колькі было майму бацьку, калі я захапляўся Жулем Вернам. I ў мяне ёсць дзеці. Старэйшаму сыну дванаццаць, малодшаму — сем. Старэйшы ўступіў у тую паласу жыцця, калі патрэбны незвычайныя прыгоды-вандроўкі і, вядома, Жуль Верн. Малодшы глытае казкі. I яны, наіўныя, думаюць, што ім першым адкрываецца вялікая неразгаданасць свету.
    Я закончыў той самы геаграфічны факультэт, на якім гадоў на дванаццаць раней вучыўся Антон Антонавіч. Ведаю цяпер дасканала, што занадта вандраваць яму не прыйшлося. Як і ўсе студэнты, з’ездзіў ён на Урал, Каўказ, і ўсё. Але Жуль Верн таксама многа не ездзіў. I быў вялікім падарожнікам...
    Кірыла, дужы мой сусед, працуе настаўнікам, як і я. Шляхі нашы разышліся даўно, і, зрэшты, я мала аб ім ведаю.
    У нашым мястэчку цяпер дзесяцігодка. Паблізу здабываюць вапну, і ёсць меркаванне, што ў хуткім часе ля серавадароднай крыніцы пабудуюць лячэбніцу. Але не вапнай і не лячэбніцай славута сёння мястэчка. Славу яму зарабляе Андрэй Камінскі. Ен адзін з тых, хто будаваў і запускаў спадарожнікі Зямлі. Пра гэта ўжо напісана ў газетах...
    I нешта новае адбываецца ў нас, чаго, мабыць, не было за ўсю гісторыю. Саўгас, торфазавод і мястэчка спрачаюцца за Андрэя. Прадстаўнікі кожнага з паселішчаў даказваюць адзін аднаму, што Андрэй Камінскі нарадзіўся іменна ў іх. Спрэчкі часта ўзнікаюць і ў школе, куды ходзяць дзеці з усіх гэтых месц. Калі дзеці звяртаюцца да мяне, як да суддзі, я заўсёды кажу, што Андрэй — местачковец. У саўгасе і на торфазаводзе ён жыў часова. У вачах местачкоўцаў ззяе радасць, саўгасаўцы і торфазаводцы маркоцяцца. I ўсім ім разам хочацца сказаць:
    — Ідзі, чалавек!
    Янка Сіпакоў
    Зялёны лісток на планеце Зямля
    Эсэ
    ДЗЕ МЫ ЗНАХОДЗІМСЯ Ў СВЕЦЕ
    Любая Радзіма! Вельмі шаноўная мая Беларусь! Маці наша родная — усіх нас разам і кожнага паасобку! Нізка схіляюся перад табою ў пашане ўжо толькі за тое, што ты заўсёды была, заўсёды ёсць і заўсёды будзеш. I калі думаеш пра цябе, і калі часам забываешся — ты спрадвеку з намі!
    Твае палі — самыя хлебадайныя, твае лугі — самыя духмяныя, твае аблокі — самыя высокія, твае вятры — самыя ласкавыя, твае крыніцы — самыя чыстыя, твае лясы — самыя прыгожыя, твае людзі — самыя добрыя, а твая зямелька — як лекі нам: прыкладзі да раны — адразу ўсё зажывае...
    Вельмі прыгожая наша зямля. У нас шмат лясоў, рэк і рэчак, вялікіх і малых азёраў. 3 космасу, як сцвярджаюць нашы землякі-касманаўты Пятро Клімук і Уладзімір Кавалёнак, Беларусь выглядае зялёнаю-зялёнаю. 3 блакітнымі ўкрапінамі азёраў — нездарма нашу краіну называюць у свеце сінявокаю.
    У нас вельмі цудоўныя людзі — добрыя, ласкавыя, спагадлівыя, працалюбівыя, сціплыя, вясёлыя, але не бесклапотныя. Мы крыху задумлівыя — час і войны, якія, з рэдкім пастаянствам, праязджаліся па нашай зямлі, навучылі нас думаць пра многае.
    У нас не горача і не холадна. У нас не сыра і не суха. Праўда, часам бывае і холадна, і горача, і сыра, і суха. Але ў асноўным — памяркоўна. Бо клімат у нас такі — памяркоўна-кантынентал ьны!
    Твой народ, з якім ты заўсёды і які заўсёды з табою, нязводны. Цябе немагчыма разлучыць з ім, як і яго з табою. Як кару з дрэвам, як птушку з крыламі, як раку з рэчышчам, як траву з зямлёю... Так і кожнага з нас нельга разлучыць з Радзімаю, з роднай зямліцаю. Яе нельга адабраць у нас і прысвоіць нейкаму чужынцу — яна заўсёды адрыне таго, хто не палюбіць яе так, як любім яе мы самі.
    I не вер, дружа, калі нехта пачне ганіць і ганьбаваць твой народ. Нашы людзі, як і твае бацька і маці, як твае дзяды, прадзеды і прапрадзеды — шчырыя, сумленныя і мудрыя. I ніякія мы не зломкі, не затурканыя, як часам нас хочуць зняважыць незычліўцы. Мы — вялікі і старажытны народ — мудры і светлы, чысты і даверлівы, узычлівы і дабрадушны, памяркоўны і разважлівы. Падобны на іншыя народы свету. Сцвярджаюць, што мы блізкія старажытным арыям. Мы быццам бы памятаем Памір, і ён чамусьці таксама помніць пра нас. Мова наша індаеўрапейская — шмат сваіх слоў мы знаходзім у санскрыце. А старажытнаіндыйскае слова «веды» — адсюль і Рыгведа, Самаведа, Атхарваведа — азначае тое ж самае, што і наша беларускае слова «веды».
    Кажуць, што мы падобныя на грэкаў, фінаў, знаходзяць, што у нас шмат агульнага з балгарамі.
    Мы — як блізкія сваякі, родзічы з сербамі. Успамінаем часта пра Дунай — як пра сваю родную раку: «Пры Дунаёчку, пры беражочку, ды там дзяўчына кубачкі мыла...»
    Кожны з нас мае радасць ганарыцца, што належыць менавіта да такога народа і да такой зямлі.
    Наш славуты старажытны род і наша зычлівая зямля вечныя!
    Мы мяркуем напісаць партрэт Беларусі. Найперш — для саміх сябе. А таксама для тых, хто мала ведае пра нашу краіну і, магчыма, нават не ўяўляе, у якім месцы планеты мы знаходзімся, жывем, працуем.
    Мы хочам, каб кожны, хто пазнаёміцца з «Партрэтам Беларусі», нават не пабываўшы ў нас, мог усклікнуць: «Якая ж
    гэта прыгожая і жыццядайная зямля і якія цудоўныя людзі жывуць на ёй!»
    Дык дзе ж мы жывём, дзе знаходзімся ў свеце, на дарагой нашай планеце, якая мае такое прыгожае імя — Зямля і маленечкім касмічным караблём блукае ў неабсяжных прасторах космасу?
    Дзе шукаць цябе, Беларусь?
    Калі глобус у вас пад рукою, паволі пакруціце яго па гадзіннікавай стрэлцы, знайдзіце нулявы мерыдыян. Зусім побач, крыху лявей ад яго, паміж 22 і 34 градусамі ўсходняй даўгаты, паміж 50 і 60 градусамі паўночнай шыраты (гэта вышэй экватара) вы лёгка заўважыце зялёную, нават смарагдавую выяву, якая сваімі абрысамі-межамі нагадвае вытанчаны кляновы лісток...
    Гэта і ёсць Беларусь, наша старажытная зямля.
    Бачыце, вось там, зверху, навісае над намі падобны на мядзведзя Скандынаўскі паўвостраў, а ўнізе, пад намі, ніжэй Балгарыі і Турцыі, ніжэй Чорнага мора, праліва Дарданелы і Міжземнага мора — Афрыка.
    У дзіцячых кніжках пішуць, што калі ўсе мы, жыхары Беларусі,— а нас каля дзесяці мільёнаў — станем побач адзін да аднаго і возьмемся за рукі, то апошні ў гэтым жывым ланцужку ўжо будзе стаяць на афрыканскім кантыненце: ён зможа ўбачыць баабаб і нават сказаць «дзень добры» кракадзілу.
    А сама наша Беларусь знаходзіцца ў Еўропе, у самым цэнтры яе. I амаль кожны наш раён прэтэндуе на гэты цэнтр. Вядомы беларускі вучоны ў галіне геатэктонікі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук, доктар геолага-мінералагічных навук Радзім Гарэцкі сцвярджае, што калі ўзяць кантынентальную сухапутную Еўропу без уліку астравоў, то цэнтр яе будзе каля вёскі Чыжаха — непадалёк ад ракі Бярэзіна.
    А вучоныя з «Белаэракосмасгеадэзіі», якія водныя прасторы Балтыйскага і Белага мораў палічылі ўнутранымі вадаёмамі Еўропы, вызначылі, што гэты цэнтр Еўрапейскага кантынента знаходзіцца зноў жа на тэрыторыі Беларусі — на Віцебшчыне, у 50 кіламетрах ад Полацка, непадалёку ад возера Шо.
    Цэнтрам самой Беларусі, зноў жа па сцверджаннях навукоўцаў, з’яўляецца вёска Антонава ў Пухавіцкім раёне.
    Тэрыторыя нашай краіны невялікая, але і не малая. 3 ўсіх краін Еўропы дзве трэці дзяржаў мае тэрыторыю, меншую за Беларусь — Албанія, Венгрыя,Чэхія, Аўстрыя, Бельгія, Грэцыя, Данія, Ісландыя. Швейцарыя, Партугалія, Нідэрланды і інш.
    Калі ісці пехатою, скажам, з-за Оршы, з-пад Краснага да Брэста, то ўсю Беларусь чалавек зможа прайсці за два тыдні. Калі ехаць на машыне, на гэта хопіць і сямі гадзін. Самалёт жа пералятае ўсю Беларусь ад паўднёвай да паўночнай мяжы усяго за адну гадзіну.
    Пятро Клімук, які бачыў усю нашу планету з космасу, пісаў:
    «Як мы памыляемся, калі гаворым: «Каб абысці зямлю, жыцця не хопіць». Няпраўда! Яна зусім невялікая — з усімі акіянамі і морамі, стэпамі і балотамі, з пушчамі і гаямі,— наша прыгожая планета Зямля. Касманаўты штодзень «абыходзяць» яе па шаснаццаць разоў».
    Значыць, каб абысці нашу планету адзін раз, ім трэба дзевяноста хвілін.
    Беларусь жа — усяго толькі зялёны лісток на планеце Зямля, і таму, каб «прайсці» яе, касманаўтам спатрэбяцца лічаныя хвіліны.
    У нас можна двойчы сустрэць вясну — на поўдні Беларусі яна пачынаецца на два тыдні раней, чым на поўначы. Так што палюбаваўшыся квітненнем садоў, да прыкладу, пад Брэстам, можна прыехаць на Віцебшчыну і там другі раз убачыць гэты цуд.