• Газеты, часопісы і т.д.
  • У сэрцы слова адзавіся зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2

    У сэрцы слова адзавіся

    зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2

    12+
    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 407с.
    Мінск 2018
    101.71 МБ
    Плённа працавалі на славу нашай бацькаўшчыны П. Броўка і Я. Скрыган, П. Трус і А. Пысін, П. Пястрак і А. Карпюк, А. Вялюгін і С. Дзяргай, С. Гаўрусёў і Е. Лось, Я. Янішчыц і М. Стральцоў.
    Нашу родную літаратуру нельга ўявіць без I. Пташнікава, Н. Гілевіча, А. Вярцінскага, А. Лойкі, Р. Барадуліна, Г. Бураўкіна, В. Зуёнка, А. Кудраўца, Р. Баравіковай, Г. Далідовіча, А. Разанава, М. Мятліцкага, У. Арлова, А. Федарэнкі, Л. Дранько-Майсюка і іншых майстроў з розных пакаленняў.
    А які россып талентаў, якое багацце імёнаў і твораў у зусім маладой нашай літаратуры!
    Свае літаратурна-мемарыяльныя музеі маюць класікі — Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч.
    Апрача гэтага Купалу прысвечаны запаведнікі «Вязынка» на Міншчыне і «Ляўкі» на Аршаншчыне — мясціны, дзе нарадзіўся паэт і дзе ён у свой час летаваў.
    Працяг Коласаўскага музея ў Мінску — яго філіял на Стаўбцоўшчыне, у які ўваходзяць Мікалаеўшчына, Смольня, сядзібы Акінчыцы ды Альбуць, а таксама літаратурна-этнаграфічныя музеі ў Люсіне на Ганцаўшчыне і ў Пінкавічах на Піншчыне, дзе пісьменнік у маладыя гады настаўнічаў.
    Працяг музея М. Багдановіча сягае ў Расію, у Ніжні Ноўгарад, дзе працуе музей паэта і пастаўлены яму помнік.
    Помнік Я. Купалу ёсць і ў Амерыцы — у Нью-Ёрку, у Араў-Парку. У Мінску адчынены музей Петруся Броўкі, у Оршы — Уладзіміра Караткевіча, у Малой Багацькаўцы на Магілёўшчыне — Максіма Гарэцкага, у Жупранах Ашмянскага раёна — Францішка Багушэвіча, у Лапаціне на Піншчыне — Аляксандра Блока, у Дастоеве Іванаўскага раёна — Фёдара Дастаеўскага, у Наваградку — Адама Міцкевіча, у Гародні — Алаізы Ажэшка. Шмат літаратурных музеяў зноў жа прытулілі нашы вёскі і мястэчкі: музей Міхася Лынькова — у Крынках, Кузьмы Чорнага — у Цімкавічах, Івана Мележа — у Глінішчах, Цёткі — у Астрыно, Андрэя Макаёнка — у Журавічах.
    Так было, ёсць і будзе. Народ павінен паважаць свой дух і сваю душу. Свае скарбы і свае каштоўнасці... Павінен любіць іх і ганарыцца імі. Бо толькі з імі, са сваёй культурай, ён і будзе цікавы ўсяму дасведчанаму свету.
    Гэтую кнігу я знарок заканчваю эсэ пра беларускую культуру і літаратуру. А менавіта з іх, нашых культуры і літаратуры, можна пачынаць усе кнігі, у якіх мы хочам расказаць іншым краінам і народам, як мы жывём, чым займаемся і пра што марым на сваім зялёным лістку, які сціпла і годна, ласкава і з надзеяй прытуліўся да нашай роднай і любай планеты Зямля.
    Міхась Чарняўскі
    Страла Расамахі
    АД АЎТАРА
    У дзяцінстве хадзіць у школу мне трэба было кіламетры два — з нашага хутара ў суседнюю вёску. Абсаджаны старасвецкімі бярозамі гасцінец спачатку вёў з узгорка на ўзгорак, а затым спускаўся ў балоцістую лагчыну.
    3 правага боку адкрываўся далягляд з дубамі ля балот, з ельнікамі і хутарамі ў ліпавых прысадах. Злева ад гасцінца слаўся шырачэзны разлог бура-зялёнага тарфяніку, на якім святлела шкельца невялікага возера.
    У лагчыне вілася, пабліскваючы на сонцы, рачулка. Праз яе быў пакладзены драўляны мост з дзіўнай назвай — Курыны. Можна было бясконца, абапёршыся на парэнчы, любавацца гульнёю святла ў струменях, заслухоўвацца пералівістым булькатаннем вады, узірацца ў разнаколернасць каменьчыкаў на дне. На Курыным мосце я не затрымоўваўся толькі раніцою, баючыся спазніцца ў школу. Ідучы ж дахаты, прыпыняўся заўсёды.
    Затрымаўся і ў той далёкі вераснёўскі дзень... Пачаў кідаць у ваду каменьчыкі, але хутка заўважыў, што з узгорка з’язджае нейкая фурманка. Стала няёмка, што мяне ўбачаць за такім пустым заняткам: маўляў, замест таго каб вучыць урокі, забаўляецца. Я закінуў на плячо торбачку з кніжкамі і пайшоў
    краем гасцінца, узбіваючы босымі нагамі пыл. Фурманка хутка мяне дагнала. Яна аказалася брычкай, запрэжанай каштанавым жарэбчыкам. На брычцы сядзелі мужчына і жанчына. Яны былі маладыя, прыгожыя і апранутыя не як усе мы — пасялянску, а па-гарадскому. Пэўна, былі настаўнікамі.
    — Тпр-ру! — затрымаў жарэбчыка мужчына.— Сядай, хлопчык, падвязём.
    Мяне лішні раз упрошваць не трэба было. Хуценька ўзабраўся на брычку і ўмасціўся ў перадку. Ногі ж свае, запыленыя і даўнавата мытыя, падкурчыў пад сябе, бо было няёмка перад гэтымі ахайнымі і чыстымі людзьмі.
    — Куды далёка ідзеш? — пачалі распытваць незнаёмыя.
    — У Гінеўку.
    — У якім класе вучышся?
    — У чацвёртым.
    — А поспехі якія?
    — Ды як калі,— ухіліўся я ад канкрэтнага адказу.
    — Мусіць, з арыфметыкай цяжкавата,— засмяялася жанчына.
    — Угу,— апусціў я галаву.
    — А які ўрок табе найбольш падабаецца?
    — Гісторыя! — пажвавеў я — Слухаў бы настаўніцу цэлы дзень — так цікава!
    Мужчына паклаў мне на плячо руку і сур’ёзна сказаў:
    — Вырасцеш — станеш гісторыкам.
    Я і не заўважыў, як пад’ехалі да хутара. Падзякаваў добрым людзям, саскочыў з брычкі і пабег сцяжынкаю ў бок бярэзніку, каля якога стаяла наша хата.
    3 таго часу прайшло шмат гадоў. Скончыў я школу. Затым — інстытут. I тое прароцтва на гасцінцы спраўдзілася: я стаў гісторыкам. I не проста гісторыкам, а археолагам, гэта значыць тым, хто вывучае дапісьмовае мінулае нашага народа шляхам раскопак.
    Я быў шмат у якіх археалагічных экспедыцыях. Раскопваў пад Бранскам жыллё першабытнага чалавека, збудаванае з вялізных мамантавых костак, расчышчаў старажытныя шахты каля Ваўкавыска, вывучаў тарфянікавыя стаянкі ў Падзвінні і рэшткі паселішчаў каменнага веку на Нёмане і Віліі.
    Часта хацелася ўявіць жывымі нашых даўно зніклых з зямлі далёкіх продкаў: каля агнішчаў, на паляванні, на рыбнай лоўлі, у шахце па здабычы крэменю, за вырабам каменных прылад. Якія песні яны спявалі, аб чым марылі?..
    Так з’явілася гэта кніжка, у якой прыдуманы розныя падзеі і здарэнні з жыцця людзей каменнага веку. Але прыдумаў я не з галавы, а на падставе вывучэння адкапаных рэшткаў паселішчаў, прылад працы, рэчаў побыту, знойдзеных на іх, жылля і пахаванняў; на падставе ўяўленняў першабытнага чалавека, сляды якіх захаваліся ў некаторых нашых песнях і казках.
    Рашыў напісаць кніжку для вас, юныя чытачы. Напісаць, памятаючы і пра таго хлопчыка, што ў далёкія пасляваенныя гады так любіў спыняцца і марыць на Курыным мосце...
    Што такое каменны век
    Каменны век — самы старажытны перыяд у гісторыі чалавецтва. Да таго ж ён і самы працяглы, бо пачаўся больш як мільён гадоў таму назад, а скончыўся толькі ў канцы трэцяга тысячагоддзя да нашай эры.
    Чаму век — «каменны»? А таму, што тагачасны чалавек ні медзі, ні жалеза яшчэ не ўмеў выплаўляць і амаль усе прылады працы вырабляў з крэменю або іншых парод каменю, з якіх пры разбіванні можна было атрымаць вострыя рэжучыя краі. Крамянёвымі былі ручныя секачы, нажы, скрабкі, скоблі, разцы, шылы, наканечнікі дзідаў і стрэлаў, сякеры, цяслы. У канцы каменнага веку паявіліся крамянёвыя сярпы. Некаторыя рэчы вырабляліся з косці, рогу і дрэва.
    Вучоныя, якія даследуюць каменны век, падзяляюць яго на старажытны каменны век — палеаліт, сярэдні — мезаліт і новы — неаліт.
    Выдзеліўшыся з жывёльнага свету як істоты, што жылі і працавалі калектыўна, размаўлялі і абстрактна мыслілі, людзі ў палеаліце авалодалі агнём, пачалі будаваць жыллё, апранацца ў звярыныя шкуры, вырабляць каменныя прылады працы.
    Асноўным заняткам тады было паляванне на маманта, шарсцістага насарога, паўночнага аленя, дзікага каня і іншых жывёлін, а таксама збіральніцтва ядомых раслін, птушыных яек, малюскаў. У канцы палеаліту распаўсюджваецца і рыбалоўства.
    Першыя людзі на зямлі жылі гуртамі. Так было лягчэй здабываць сабе ежу і абараняцца ад драпежнікаў. Пазней людзі пачалі аб’ядноўвацца ў радавыя абшчыны, якія складаліся з родзічаў. Жанчыны адыгрывалі вялікую ролю ў першабытным грамадстве, і вучоныя называюць такія калектывы мацярынскімі радавымі абшчынамі.
    Члены родаў супольна палявалі і працавалі, а ўсё здабытае дзялілі пароўну. У каменным веку не было падзелу на бедных і багатых, не было прыгнёту аднаго чалавека другім.
    У познім палеаліце зарадзілася і пачало развівацца першабытнае мастацтва, узнікла вера ў надпрыродныя сілы. Людзі не маглі правільна растлумачыць прыродныя з’явы; яны лічылі, што змены пораў года, рухі нябесных свяціл, існаванне жывой і нежывой прыроды залежаць ад волі розных духаў і багоў. Гэтыя духі і багі ва ўяўленні першабытнага чалавека былі добрыя і благія, маглі шкодзіць або дапамагаць. Іх трэба было залагоджваць падарункамі, малітвамі. Свяшчэннымі лічыліся і розныя жывёлы, дрэвы, камяні, горы, нябесныя свяцілы. Магічная сіла прыпісвалася некаторым прадметам — зубам звяроў, бурштынавым вырабам, скульптурам людзей і жывёл. Існавала вера ў замагільнае жыццё.
    Палеаліт прыпаў на суровы для старажытнага чалавека час — ледавіковую эпоху, калі значную частку паўночнага паўшар'я, у тым ліку і Беларусі, неаднаразова пакрывалі вялізныя ледавікі. У такіх цяжкіх умовах, змагаючыся з холадам і голадам, першабытныя людзі не толькі выжылі, але і развівалі сваю культуру.
    Каля дзесяці тысяч гадоў назад з канцом ледавіковай эпохі пачаўся мезаліт. Паступова цяплеў клімат. Раслінны і жывёльны свет станавіўся падобным да сучаснага. Тэрыторыі, якія вызваляліся з-пад лядовага палону, засяляў чалавек. Для новага часу найбольш характэрным стала распаўсюджанне
    лука са стрэламі, дробных крамянёвых вырабаў — мікралітаў, з якіх майстраваліся нажы, гарпуны, стрэлы. У мезаліце радавыя абшчыны аб’ядноўваюцца ў плямёны.
    Неаліт на Беларусі пачаўся ў пятым тысячагоддзі да нашай эры і вызначыўся перш за ўсё вынаходніцтвам глінянага посуду, зараджэннем жывёлагадоўлі і земляробства. Аднак і ранейшыя заняткі — паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва — давалі чалавеку шмат харчавання.
    Жывёлагадоўля і земляробства выклікалі паяўленне і адпаведных прылад — крамянёвых сярпоў для жніва і разакоў для нарыхтоўкі корму, зерняцёрак, матык. Высякаліся лясы і хмызнякі пад палі, а для гэтага трэба было шмат добрых сякер. Таму людзям стала недастаткова крэменю, які сустракаўся на паверхні. Яго пачалі здабываць шахтавым спосабам з крэйдавых радовішчаў.
    Развіццё земляробства і жывёлагадоўлі павялічвала колькасць харчу. Адпаведна гэтаму вырасла і насельніцтва. Людзі ішлі на яшчэ не занятыя землі, будавалі там новыя паселішчы.
    Ну а зараз, калі вы даведаліся, што такое каменны век, калі ласка, на наступныя старонкі кніжкі — на сустрэчу з людзьмі той эпохі...