У сэрцы слова адзавіся
зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2
12+
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 407с.
Мінск 2018
Усё гэта нашы каштоўнасці, наша вечная спадчына.
Калі б захаваўся той «стоўп», тая вежа, у якой зачыніўся калісьці Святы Кірыла Тураўскі, каб аддацца роздуму і малітвам, каб пісаць свае неўміручыя казанні ды словы-пропаведзі, разумееце, наколькі б мы былі багацейшыя?!
У спадчыну ад продкаў нам засталіся каменныя бабы, Шклоўскі ідал, камяні-следавікі, камяні з надпісамі — Рагвалодаў камень, Барысавы камяні.
Старажытная саха і валакуша, млын і вяндлярні, ветракі і каналы, гуты і мануфактуры, плаціны і аптэкі, ганчарныя, гарбарныя, ткацкія майстэрні, забоі і штольні даўневечных шахтаў, у якіх прашчуры здабывалі крэмень,— вельмі дарагія для нас помнікі.
Дзве касцяныя флейты, у якіх па пяць адтулін, адносяцца да эпохі ранняга неаліту і маюць узрост каля 4 тысяч год да нашай эры. Яны знойдзены ў возеры Сенніца, што на мяжы Віцебскай і Пскоўскай абласцей і сталі нашым культурным багаццем. Гэткім жа як і жалейка з косткі птушкі з раскопак старадаўняга паселішча Асавец у Бешанковіцкім раёне, дзве танкасценныя касцяныя свістулькі з археалагічнага помніка Камень, што каля Пінска, ды дудка-свісцёлка даўжынёю 71 сантыметр, знойдзеная пры раскопках каля вёскі Гарані на Смаргоншчыне.
I гэга ўсё наша культура.
Горы — таксама наш скарб, нашы помнікі. Замкавая гара у Гародні, якая ў даўніну была абнесена вастраколлем,— наша каштоўнасць. Як і іншыя горы, на якіх узніклі гарады, замкі, палацы.
На Замкавай гары ў Наваградку ў 1924 годзе з’явілася яшчэ адна, рукатворная, гара. Тады на радзіму прыехаў амаль дзевяностагадовы старэйшы сын Адама Міцкевіча Уладзіслаў, і па яго прапанове было вырашана, паважаючы даўнюю славянскую традыцыю, насыпаць тут Курган Бессмяротнасці ў гонар славутага паэта. Зямлю на Замкавую прыносілі, прывозілі, прысылалі па пошце ў пасылках з блізкіх і далёкіх ваколіц. 3 гэтай зямлі і вырас сямнаццаціметровы курган, які ўрачыста быў адкрыты ў 1931 годзе. Па сцяжынцы на самую вяршыню яго і цяпер падымаюцца прыхільнікі паэзіі славутага земляка.
Галоўны Курган Славы ў гонар трох франтоў, якія вызвалілі Беларусь у 1944 годзе, знаходзіцца на 21-м кіламетры шашы Мінск—Масква. Яго вышыня 35 метраў. Будаваўся ён амаль тры гады, і ў яго ўкладзена зямля з усёй Беларусі.
Наш культурны скарб вельмі шырокі. Гэта цэрквы, саборы, касцёлы, капліцы, манастыры, званіцы, вежы, дзядзінцы, дарогі, крапасныя збудаванні, загарадныя і гарадскія сядзібы.
Сафійскі сабор у Полацку і Каложская царква ў Гародні — гэта вяршыні нашага духу і ўмельства ў тыя далёкія стагоддзі.
Фрэскі Полацкай Спаса-Еўфрасінеўскай царквы. Яны ўпрыгожвалі сцены і слупы сабора. Рэстаўратары адкрылі толькі некалькі фрэсак: выявы невядомых святых з кнігамі ў руках, выява святога, што моліцца на фоне высокай вежы, выявы манашак і невядомай маладой святой.
Скарынавы кнігі. Слуцкія паясы. Рукапіснае Тураўскае евангелле. Гарадзенская, мінская, копыская кафля. Шкляніцы, бутлі, аптэчныя флаконы, бакалы, кілішкі, кубкі XIII— XIX стагоддзяў. Абразы: каменны абразок XII стагоддзя «Канстанцін і Алена» з Полацка, абраз «Маці Боская Замілаванне» XIV—XV стагоддзяў з Брэстчыны, абраз XVII стагоддзя «Мадонна з дзіцем» з Гродзеншчыны...
Якія ж мы, сябры, багатыя! I якія бедныя.
Вядома, шмат што з нашых скарбаў, з нашай спадчыны знаходзіцца ў нашых музеях, але ж колькі іх, нашых каштоў-
насцяў, знішчана, разрабавана, вывезена і зараз знаходзіцца ў розных музеях свету, ужо і не спадзеючыся на вяртанне дадому, на радзіму.
Тыя ж беларускія абразы зараз упрыгожваюць музеі Лондана, Варшавы, Калугі, Сыктыўкара, Санкт-Пецярбурга, Масквы.
Рукапіснае Аршанскае Евангелле, выдатны беларускі помнік XII—XIII стагоддзяў, створаны, як мяркуюць вучоныя, на Полаччыне, захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы АН Украіны.
Лічаныя экзэмпляры кніг, надрукаваных нашым асветнікам і першадрукаром Францішкам Скарынам, засталіся на радзіме.
Слуцкія паясы, якія як найлепей навучыліся ткаць беларускія майстры, утыкаючы ў іх мясцовыя краскі,— васількі, незабудкі ды іншыя кветкі нашай прыроды, і сёння ўхарошваюць шматлікія музеі свету, застаючыся зноў жа адзінкамі на бацькаўшчыне.
Амаль усе творы мастака Фердынанда Рушчыца, які нарадзіўся на Беларусі ў маёнтку Багданава Ашмянскага павета, займаўся ў майстэрнях Шышкіна і Куінджы, жыў і працаваў на беларускай зямлі, таксама знаходзяцца не ў родным краі: «Зямля» — у Нацыянальным музеі Варшавы, «Выгнаннікі»— у Мастацкім музеі Літвы, астатнія ў музеях Кракава, Львова ды іншых. 3 усёй багатай жывапіснай спадчыны мастака ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі знаходзіцца адна яго работа — «Каля касцёла».
Блізкі сябра Рушчыца, вядомы фотамастак Ян Булгак калісьці ўспамінаў:
«3 паўночнага боку сядзібы Фердынанд паказаў мне пагорак, які вырысоўваўся гарбатым сілуэтам... «Тут я маляваў «Зямлю»,— задуменна сказаў ён, і светлы цень успаміну асвяціў яго твар. А я падумаў, што вось ён напісаў шэдэўр, які ўзрушвае людзей, але мала хто задумваецца, колькі трэба было пражыць з гэтымі палямі, колькі разоў прайсці праз іх веснавымі ранкамі і зімовымі замецямі, колькі аддаць працы і болю, каб так усё ажыццявіць на палатне».
На думку спецыялістаў, у Беларусі захоўваецца толькі дзясятая частка нашых нацыянальных каштоўнасцяў.
У віленскім Беларускім гісторыка-этнаграфічным музеі, які месціўся ў Базыльянскіх мурах побач з вядомай беларускай гімназіяй, захоўвалася каля 75 тысяч экспанатаў, сабраных вядомым археолагам і этнографам Іванам Луцкевічам. Музей працаваў з 1921 года па 1945.
У гэтым унікальным музеі быў вельмі шырокі збор беларускіх старажытнасцяў. Сярод яго экспанатаў знаходзіліся пярсцёнкі з пячаткамі полацкіх князёў Усяслава і Барыса, пячатка Міндоўга, пячаткі смаленскіх князёў, іншыя матэрыялы, знойдзеныя падчас раскопак на Беларусі. Экспазіцыю музея ўпрыгожвалі панцыр воя, панцыр на каня, крыжацкі меч, кальчугі, узбраенне беларускіх сялян. Вялікая калекцыя кніг і старажытных грамат, старадрукі з усіх беларускіх друкарняў разьба па дрэве, народныя музычныя інструменты, старадаўняе адзенне, слуцкія паясы, віленскі фаянс, урэцкае шкло, галаснікі Каложскай царквы, сцяг паўстанцаў Лідскага павета 1863 года, карціны Ф. Смуглевіча, Я. Рустама, Ю. Пешкі, А. Лосенкі, П. Сергіевіча, Я. Драздовіча — такія багацці меў у сваіх фондах і выстаўляў у экспазіцыю Віленскі музей імя Івана Луцкевіча.
Калі пасля вайны захавальніка беларускага музея Янку Шутовіча арыштавалі і асудзілі на 10 гадоў зняволення, музей ліквідавалі, а багацейшыя калекцыі падзялілі паміж іншымі музеямі, архівамі ды бібліятэкамі былога Савецкага Саюза.
А Беларусь і на гэты раз страціла свае неацэнныя скарбы.
Станькаўская калекцыя віцэ-губернатара Наўгародскай і Пецярбургскай губерняў, былога дырэктара Ляснога міністэрства графа Эмерыка Чапскага таксама ўражвала беларускімі зборамі.
Яго нумізматычную калекцыю, каталог якой складаў аж пяць тамоў, ведалі ў Еўропе. Сярод каштоўнасцяў былі рэдкія гравюры беларускіх гарадоў, у тым ліку і творы, створаныя на пачатку XVII стагоддзя нясвіжскім гравёрам Тамашом Макоўскім, а ў бібліятэцы захоўвалася звыш 20 тысяч тамоў кніг.
Для сваіх скарбаў граф нават пабудаваў у маёнтку Станькава, што ля Койданава, спецыяльны дамок — скарбнічак, дзе захоўваліся калекцыі.
I гэты збор не стаўся нашым — мы не можам на яго нават прэтэндаваць. Бо сам гаспадар Эмерык Чапскі летам
1894 года паскладаў усё гэта багацце на дзясяткі карэт і разам з вялікім караванам накіраваўся да Вільні. Там скрыні перагрузілі ў шэсць вагонаў, якія і прывезлі наш скарб у Кракаў. Цяпер гэтыя каштоўнасці можна ўбачыць у музеях Польшчы, Масквы, Парыжа, Рыма.
А ці засталося што ад Станькаўскай калекцыі нам, беларусам? Нам застаўся цудоўны сядзібны парк ды скарбнічак — арыгінальны будынак колішняга музея.
Аў якім музеі можна сабраць выдатнейшыя шэдэўры, створаныя беларускімі майстрамі падчас і пасля руска-польскай вайны 1654—1667 гадоў у Маскве і ў іншых расійскіх гарадах?!
Разныя дзверы сабора ў Іверскім манастыры, што на Валдаі, выштукаваныя аршанскімі майстрамі.
Саборны храм Васкрасенскага Нова-Іерусалімскага манастыра, выдатны помнік рускага царкоўнага дойлідства, цалкам быў аздоблены беларусамі — усе аддзелачныя работы ў ім выканалі нашы майстры-палоннікі.
У Збройнай, Залатой, Сярэбранай ды Майстроўскай палатах Маскоўскага Крамля працавала шмат беларусаў, якіх тады ў Маскве называлі іншаземцамі: віцебскія рэзчыкі, сталяры, токары Піліп Тарасаў, Самойла Багданаў, Даніла Какотка, Іван Дракулаў; збройнікі Максім Міхайлаў і Трафім Церлік з Копысі; цаніннікі-кафельнікі Ігнат Максімаў з Копысі, Ігнат Іваноў з Мсціслаўя, Восіп Іваноў са Шклова; бляхар Іван Ваўчок з Ашмян.
А Каломенскі палац — падмаскоўная рэзідэнцыя цара Аляксея Міхайлавіча, над аздабленнем якога беларускія майстры працавалі ўсю зіму 1667—1668 гадоў! Ім захапляліся ўсе: упрыгожаны багатай разьбою па дрэве звонку, ззяючая пазалотаю аб’ёмная ажурная разьба ўсярэдзіне, узорыстыя вокны, яркая шматколерная кафля і сапраўды ўражвалі кожнага.
Усё гэта само па сабе ўжо ёсць найкаштоўнейшыя скарбы. I стваралі іх беларусы — тагачасныя для Масквы палоннікі ды іншаземцы.
Тады ў Маскву з Беларусі звозілі ці гналі «палонам» найлепшых майстроў. Баяры спаборнічалі між сабою — у каго палоннікаў будзе больш. Толькі адзін баярын Марозаў прыг-
наў «палонам» і рассяліў у сваіх падмаскоўных сёлах звыш тысячы беларусаў.
Цар нават пасылаў на Беларусь наказы, спецыяльных давераных асоб з даручэннем знайсці, падабраць і прывезці ў Маскву для працы на царскім двары выдатных майстроў залатых і сярэбраных спраў, «для гпнцальныя пакупкн н для прнзыву резных дел мастеров».
Такія пасланнікі ездзілі ў Шклоў, Магілёў, Барысаў, Мінск. 3 Веткі былі прывезены ў Збройную палату чатыры рэзчыкі па капавым дрэве і кіпарысу. А ў Сярэбранай палаце ў 1662 годзе працавала больш як сорак майстроў з Віцебска, Полацка, Копысі, Халопеніч ды іншых гарадоў Беларусі.
Зробленае не знікае. Каштоўнасці, створаныя нашымі землякамі, беражліва захоўваюць найлепшыя музеі Расіі.
Нашы нацыянальныя скарбы зберагаюцца ў нашых музеях.
Што такое музей? Гэта найперш — храм музаў. Так перакладаецца слова «музей». I пра гэта сведчаць нашы мастацкія, тэатральныя, літаратурныя, музычныя ды іншыя музеі. A яшчэ ж у нашай краіне ёсць этнаграфічныя, гістарычныя, прыродазнаўча-навуковыя, краязнаўчыя ды ваенна-гістарычныя музеі.