• Газеты, часопісы і г.д.
  • У сэрцы слова адзавіся зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2

    У сэрцы слова адзавіся

    зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2

    12+
    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 407с.
    Мінск 2018
    101.71 МБ
    «I каранацыя Міндоўга, і стварэнне дыяцэзіі для дзяржавы з падпарадкаваннем рымскай курыі ўмацавалі становішча Беларуска-Літоўскай дзяржавы,— піша доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч.— Яны з’явіліся актамі дзяржаўнага значэння, прызнанымі апостальскай сталіцай і еўрапейскімі краінамі. Нават далейшыя палітычныя падзеі не змянілі стасункаў гэтых краін з новай дзяржавай. Яна была прызнана ў Еўропе, і хоць пераемнікі ўлады не насілі каралеўскага тытулу, аднак у гісторыі гэты дзяржаўны акт застаўся як сцвярджэнне існавання самастойнай беларускай
    дзяржавы».
    Войшалк, сын Міндоўга, які стаў вялікім князем ВКЛ
    пасля забойства бацькі, а потым і Траняты, гэтак жа рупіўся
    пра пашырэнне межаў княства — ён заваяваў балцка-літоўскія землі Нальшчаны і Дзяволтву і далучыў іх да сваёй дзяржавы.
    Трайдзень ваяваў з Галіцка-Валынскім княствам, якое хацела замацавацца на Палессі і адабраць сабе Чорную Русь. Ен
    жа вярнуў ВКЛ пабудаваную палачанамі крэпасць Герцыке,
    якую захапіў Лівонскі ордэн.
    Віцень далучыў да ВКЛ Полацкае княства, адбіў напад крыжакоў на крывіцкія землі ў 1314 годзе, калі падчас бітвы пад Наваградкам вельмі вызначылася войска Давыда Гарадзенскага.
    Асабліва значнае пашырэнне ВКЛ адбылося пры Гедзіміне. Віцебская зямля, Берасцейская зямля, Турава-Пінская зямля і Мінскае княства ўвайшлі ў склад ВКЛ менавіта пры ім. Гедзімін перамагаў крыжакоў, меў вялікі ўплыў на Кіеў, Пскоў і Ноўгарад. Ён жа перанёс сталіцу з Наваградка ў Вільню.
    Альгерд, Гедзімінаў сын, правіў Вялікім Княствам больш за трыццаць гадоў. Скінуўшы з дапамогаю Кейстута з вялікакняжацкага трона свайго малодшага брата Яўнута, ён стаў яркаю асобаю ў нашай гісторыі. Пры ім межы ВКЛ пашырыліся за кошт далучаных да дзяржавы Беларускага Падняпроўя, Бранскага княства, Кіеўскай зямлі, Мазырскай і Брагінскай валасцей, Чарнігава-Северскай, Падольскай і Валынскай земляў.
    Альгерд падначаліў сабе Смаленскае княства, актыўна ваяваў за свае землі з крыжакамі.
    У гады яго княжання ў Вялікае Княства былі ўключаны ўсе беларускія землі, а тэрыторыя самой дзяржавы павялічылася ў два разы.
    «Значную большасць насельніцтва княства,— сведчыць «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі»,— складалі этнічныя беларусы, беларускія культура і мова былі пануючымі ў краіне».
    Адтуль, з Вялікага Княства Літоўскага, нашы старажытныя адзінкі вымярэння даўжыні. Да прыкладу, гоні. Гэта адлегласць, якую конь з плугам ці з бараною прайшоў у адзін бок не паварочваючыся. Ці скошаная частка лугу за адзін дзень. Але і коні былі розныя, ды і касцы не адной і той жа сілы, таму памер гоняў вагаўся ад 80 да 100 метраў.
    Вярста ў сістэме мер ВКЛ раўнялася 1554,5 сённяшніх метраў. А дзясятая частка вярсты называлася дзесяцінаю. Яна мела 2400 квадратных сажняў. Сажань умяшчаў толькі тры локці. А локаць — гэта ўсяго толькі 64,96 см.
    Аднак самымі славутымі ўладарамі Вялікага Княства Літоўскага былі Ягайла і Вітаўт. Стрыйчакі, стрыечныя браты.
    Ягайла — сын Альгерда, Вітаўт — сын Кейстута. Яны былі ворагамі і сябрамі. Яны біліся і мірыліся. Па чарзе схілялі на свой бок крыжакоў, a то і ўцякалі да іх. Здаралася і такое: спачатку Ягайла займаў Вільню, а потым Вітаўт разам з крыжакамі захопліваў Коўна, Трокі і падпальваў усё тую ж Вільню.
    Такія дзеянні гісторыкі звычайна называюць міжусобнаю барацьбою за ўладу.
    Аднак, аб’яднаўшыся, яны рабілі неверагоднае — агульнымі сіламі і намаганнямі стрыйчакі перамагалі наймагутнейшую на той час дзяржаву Еўропы — Тэўтонскі ордэн, які пастаянна трывожыў межы як Вялікага Княства Літоўскага, так і Польскага Каралеўства.
    Шлях да Вялікай вайны і Вялікай перамогі пад Грунвальдам быў доўгі і не зусім просты. Дзеля гэтага Ягайлу давялося памірыцца з Вітаўтам, ажаніцца з каралевай Польшчы Ядвігай, прыняць хрысціянства па каталіцкім абрадзе і стаць каралём Польшчы.
    Карацей кажучы, спатрэбілася Крэўская унія 1385 года, пасля якой Ягайла займеў карону, і Востраўскае пагадненне 1392 года, паводле якога Вітаўт стаў вялікім князем ВКЛ аж на цэлыя сорак гадоў.
    Іншымі зрабіліся нашы межы тады, як Вялікае Княства Літоўскае пасля Люблінскай уніі 1569 года аб’ядналася з Каралеўствам Польскім. Хоць дзве краіны захавалі свае дзяржаўныя адміністрацыі, войскі, казну, права чаканкі манет, судовыя і мытныя сістэмы, дзяржаўныя мовы: у Польшчы — лацінка, у Княстве — беларуская мова, але ж і Карона, і Княства апынуліся ўжо ў адной федэратыўнай дзяржаве, якая называлася Рэччу Паспалітай.
    У канцы XVIII стагоддзя Рэч Паспалітая была падзелена паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Усе тры падзелы гэтай калісьці вельмі моцнай дзяржавы датычыліся і нас, беларусаў, і нашых земляў ды межаў.
    Нашы межы — наш трагічны лёс. Лёс нашых земляў, якія, здаецца, заўсёды былі яблыкам разладу паміж нашымі ўсходнімі і заходнімі суседзямі.
    Пасля першага падзелу 1772 года да Расіі адышлі нашы Себеж, Расоны, Дынабург, Пустошка, Асвея, Азярышча,
    Невель, Полацк, Віцебск, Орша, Шклоў, Мсціслаў, Быхаў, Гомель, іншыя беларускія гарады. Да Прусіі — Сувалкі, Аўгустоў, Беласток, Заблудава, Бельск, Дарагічын.
    Межавалі мы і з Прусіяй, калі наша мяжа праходзіла па фарватары Нёмана, і з Францыяй да 1812 года, калі Польшча была Герцагствам Варшаўскім, поўнасцю залежным ад Францыі.
    Пасля першага далучэння беларускіх тэрыторый да Расіі на нашых землях былі створаны Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы.
    У Полацкае ўваходзілі Веліжскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Дынабургскі, Люцынскі, Невельскі, Полацкі, Рэжыцкі, Себежскі і Суражскі паветы.
    Магілёўскае намесніцтва імператрыца Кацярына II наведала сама — захацела Кацярына Аляксееўна на свае вочы зірнуць на беларусаў, на землі, якія, як яна лічыла, нарэшце вернуты Расіі: «оторгнутое возвратнх». Для гэтай падзеі быў спецыяльна пабудаваны кацярынінскі шлях, спрэс устаўлены каменнымі слупамі, а ў Шклове, куды яна прыехала да свайго былога фаварыта Сямёна Зорыча, яе сустрэлі ўвогуле трыумфальна. У гонар царыцы было выпушчана тысячы «шуціх», феерверкаў, у парку выставілі жывыя скульптуры, ролю якіх ігралі акцёры і балерыны прыгоннага тэатра. Зорыч сустракаў імператрыцу ўлетку на санях, засыпаўшы дарогу соллю. A ў самім Шклове Кацярыну чакала шыкоўная спальня — копія той, якую ўсё яшчэ памятаў Зорыч па Пецярбургу.
    Ну хіба пасля гэтага магла не спадабацца імператрыцы вернутая ў Расію Беларусь?!
    Падчас другога падзелу Рэчы Паспалітай, які зацвердзіў Гарадзенскі сейм у 1793 годзе, да Расіі былі далучаны Друя, Дрысвяты, Браслаў, Чашнікі, Заслаўе, Лагойск, Мінск, Барысаў, Пінск, Мазыр, Брагін, іншыя гарады.
    Гэтае далучэнне забяспечвала 64-тысячнае войска пад камандаваннем генерал-аншэфа Крачэтнікава, уведзенае імператрыцай на нашы землі з загадам «заняць як мага хутчэй і болып Княства Літоўскага». На новых землях былі створаны Мінская, Ізяслаўская і Браслаўская губерні, царскім намеснікам у якіх быў усё той жа генерал Крачэтнікаў, кавалер рускіх
    ордэнаў Андрэя Першазваннага і Аляксандра Неўскага, польскіх Белага Арла і Святога Станіслава, вялікакняжацкага — Святой Ганны.
    Пасля задушэння паўстання 1794 года Суворавым, захопу Варшавы і паланення Тадэвуша Касцюшкі адбыўся трэці і апошні падзел Польшчы. Да Расійскай імперыі ў 1795 годзе адышлі апошнія беларускія землі: Вільня, Трокі, Ашмяны, Валожын, Гародня, Ліда, Наваградак, Нясвіж, Ваўкавыск, Слонім, Бярэсце і інш.
    Расія дыктавала ўмовы гэтага дагавору і нават мірыла Прусію і Аўстрыю, якія сварыліся за свае долі.
    Уся Беларусь у Расійскай імперыі была зведзена ў пяць губерній: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская і Мінская.
    На далучаных да імперыі беларускіх землях пачала ўсталёўвацца на расійскі манер улада, якую ў асноўным аддавалі чыноўнікам з Расіі. Было скасавана магдэбургскае права, уведзена расійская падатковая сістэма, насаджана рэкруцкая павіннасць.
    Яе імператарская вялікасць аддае загад аб ільготах рускім купцам, якія дастаўлялі соль у Віцебск, забараняе ў беларускіх губернях прадаваць сялян без зямлі, рупіцца пра захаванне беларускіх лясоў, якіх засталося мала, «жалует» маёнткі ў Беларусі рускім і польскім памешчыкам.
    Да самай Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года нашай дзяржаваю была Расійская імперыя. 3 ёю Беларусь болып за сто гадоў разам жыла, працавала, змагалася. A то і ваявала, як падчас паўстання 1863 года, якім на нашай зямлі кіраваў Кастусь Каліноўскі.
    Першая сусветная вайна, у якой дужаліся 33 дзяржавы свету і шмат якія залежныя ад іх дамініёны ды калоніі, праходзіла і на нашай тэрыторыі. I яна вытаптала нашу краіну, зноў жа — у каторы раз! — перакроіла нашы межы,
    Руска-германскі фронт перарэзаў нашу краіну на дзве часткі. 3 аднаго боку фронту засталіся бітком набітыя расійскімі войскамі нашы гарады Дзвінск, Браслаў, Дрыса, Вілейка, Мір, Баранавічы, Лунінец, Мінск, Барысаў, з другога — захопленыя немцамі Свянцяны, Вільня, Смаргонь, Ашмяны,
    Ліда, Наваградак, Гародня, Ваўкавыск, Слонім, Кобрын, Пінск. I з таго і з другога боку салдаты рабілі акопы, закопваліся ў нашу зямлю, абстрэльвалі адзін аднаго з гармат, бамбілі з самалётаў, планавалі і здзяйснялі ваенныя аперацыі. Найбольш значным.і былі Нарачанская і Баранавіцкая аперацыі 1916 года.
    «Хто пад Смаргонню не ваяваў, той вайны не бачыў»,— казалі ўдзельнікі баёў за Смаргонь, праз якую праходзіла тады лінія фронту. 810 дзён утрымлівалі дашчэнту разбураную і залітую атручальнымі газамі Смаргонь расійскія салдаты, сярод якіх былі сотні беларусаў, мабілізаваных у рускую армію.
    Толькі ў Гродзенскай вобласці больш за 300 могілак — маўклівых сведак той вайны. На нямецкіх могілках у Бярозе пахавана 500 немцаў і 125 рускіх салдат. Поплеч. Смерць аб’яднала іх. Наша зямля прыняла ў сябе ахвяр аднолькава.
    «Сябры і ворагі, смерцю аб’яднаныя». Так напісана на помніку часоў Першай сусветнай вайны, пастаўленым у вёсцы Невель Пінскага раёна.
    На нашай зямлі здзейсніўся і вядомы Брэсцкі мір. Ён падзяліў Беларусь па лініі Дзвінск—Свянцяны—Ліда—Пружаны—Бярэсце. Немцы планавалі Гродзеншчыну і Віленшчыну аддаць так званай «малой Літве», а астатнюю тэрыторыю Беларусі — Расіі. Расія ж увогуле ўсю Беларусь лічыла неад’емнай часткай сваёй дзяржавы. Мела прэтэнзіі да беларускіх земляў і Польшча, якая таксама лічыла нашу краіну сваёю. Зацікаўлена паглядалі ў наш бок і некаторыя іншыя нашы суседзі.