У сэрцы слова адзавіся
зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2
12+
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 407с.
Мінск 2018
пра ўратаванне беларускага народа і сам рабіўся ўсё болып праведным і пакорлівым.
Калі ж не змог працаваць у архірэйскім доме, праведнік прыняў манаства, стаў пустэльнікам. Жыў адзін у пустыні і маліўся Богу.
Калі святы старац захварэў, да яго ў келлю быццам бы прыйшлі двое юнакоў. Яны падалі манаху, які пакутаваў ад болю і смагі, карэц вады, блаславілі яго і адразу ж невідома зніклі. Толькі пасля манах зразумеў, што хлопцы былі падобныя на святых — нібыта жывыя сышлі з абразоў.
Гэтыя святыя — браты Барыс і Глеб. Княжычы, якіх зусім маладымі забіў старэйшы іх брат — акаянны Святаполк, народжаны ад двух бацькоў і адной маці, расстрыжанай манахіні: Барыса, які дзеля любві да Хрыста не захацеў супраціўляцца старэйшаму брату, усяго паўтыкалі мячамі і коп’ямі, а Глеба пазбавіў жыцця свой жа кухар — узяў нож і схапіўшы невінаватага, бязгрэшнага хлапчука, зарэзаў яго, як ягнятка.
Так пасля смерці бацькі Святаполку хацелася застацца на княжацкім стале аднаму.
Пакутнікі дапамагалі пакутніку. Марцін Тураўскі пасля іх наведвання вылечыўся ад хваробы і потым яшчэ год сам лячыў людзей.
Расціслаў Мсціслававіч, князь смаленскі, вялікі князь кіеўскі, заснавальнік дынастыі смаленскіх князёў, таксама прылічаны да ўгоднікаў Божых і ўваходзіць у Сабор Беларускіх Святых.
Пры ім была створана Смаленская епархія, якой князь падараваў вялікія ўладанні. Паводле княжацкіх царкоўных грамат, ён вызначыў Смаленскай епіскапскай кафедры дзясятую долю княжацкай даніны, а таксама запісаў памеры пагароддзя — даніны з гарадоў, і пачэсця — платы епіскапу за служэнне ў цэрквах.
Князь быў міралюбны, імкнуўся ўсе спрэчкі вырашаць мірным шляхам, будаваў храмы, дапамагаў царкве, за што яго і празвалі Набожным.
Пры князю Расціславе Смаленская зямля забудоўвалася гарадамі, упрыгожвалася храмамі і манастырамі. Ен перабудаваў вялікі Успенскі сабор, закладзены яго дзедам Уладзімірам
Манамахам, узвёў Смаленскі крэмль і Спаскі сабор Смядыньскага манастыра.
Любілі яго і ў Кіеве, дзе князь Расціслаў у 1159 годзе заняў Кіеўскі прастол. Адразу ж загадаў раздаць бедным усю вялікакняжацкую казну, а сабе пакінуў толькі адзін крыж.
Ен назаўсёды застаўся для вернікаў увасабленнем сумленнасці, справядлівасці і праведнасці.
Пра свяціцеля Дыянісія, епіскапа полацкага, захавалася вельмі мала звестак.
Ведаем мы толькі, што ён блаславіў паломніцтва Еўфрасінні Полацкай на Святую зямлю. Хутчэй за ўсё ягонымі клопатамі адбылося царкоўнае праслаўленне нашай асветніцы. Пры ім было напісана «Жыціе блажэннай Еўфрасінні», складзена служба святой і створана малітва ў яе гонар. Свяціцель Дыянісій быў ініцыятарам яе кананізацыі.
Кірыла Тураўскі — царкоўны дзеяч, пісьменнік, багаслоў — атрымаў выдатную на той час адукацыю. Пасля трохгадовага паслушніцтва ў манастыры прыняў манаскі пострыг. Кірыла — хутчэй за ўсё яго манаскае імя, а сапраўднае — невядома.
Іераманах Кірыла ў 1144 годзе становіцца настаяцелем Нікольскага манастыра. А праз чытыры гады — ён ужо пустэльнік, зачыняецца ў «стаўпе». Яшчэ праз адзінаццаць год тураўскае веча і князь Юрый Святаполчыч абіраюць яго епіскапам.
Кірыла Тураўскі — прапаведнік, майстар царкоўнага красамоўства. Тураўскі іерарх у 1169 годзе з яркаю абвінаваўчай прамоваю выступіў на Кіеўскім саборы супраць растоўскага епіскапа-ерэтыка Фёдара.
Свяціцель пісаў малітвы, павучанні, пропаведзі, прытчы, каноны. Захавалася каля 70 яго твораў, сярод якіх 8 слоў-пропаведзяў — «Слова на Вербніцу», «Слова на Вялікдзень», «Слова на Ушэсце»; некалькі аповесцяў-прытчаў — «Аповесць пра беларызца і манаства», «Прытча пра душу і цела»; каноны Малітоўны, Пакаяльны, Спавядальны, на ўспенне княгіні Вольгі. На жаль, страчаны ў стагоддзях яго эўфалагічны цыкл «Малітвы замілавання».
Малітвы-споведзі і словы Кірылы Тураўскага — яркія, паэтычныя, урачыстыя, поўныя замілавання да жыцця, пры-
роды, прыгажосці. Яны блізкія да вершаў у прозе. Сучаснікі высока цанілі яго споведзі і называлі нашага свеціцеля «Златоустом, паче всех восснявшнм нам на Русн».
Вось як ён маліўся Богу і Прыродзе:
«Сёння вясна красуецца, ажыўляючы зімовую прыроду. Буйныя ветры, ціха павяваючы, песцяць і гадуюць плады. I зямля, жывячы насенне, родзіць зялёную траву...»
Пра нашага свяціцеля Сімяона, епіскапа Полацкага, які таксама далучаны да Сабора Беларускіх Святых, расказвае Ніканаўскі летапіс.
Полацкі князь Канстанцін захацеў прылюдна пажурыць свайго цівуна — суддзю, якога сам жа і назначыў,— за тое, што няправедна судзіць. Таму князь паклікаў на пір свяціцеля Сімяона, духоўнага айца, і спытаўся ў яго:
— Дзе будуць цівуны на тым свеце?
Свяціцель адказаў:
— Цівун будзе там, дзе і князь.
Канстанціну гэта не спадабалася. Ён абурыўся:
— Дык цівун жа чыніць несправядлівы суд, бярэ хабар, прадае людзей, мучыць усіх, ліхадзейнічае. А пры чым тут я?
Уладыка спакойна растлумачыў князю:
— Калі князь добры і богабаязны, людзей мілуе, любіць праўду і калі ён паставіць цівуна — чалавека добрага і богабаязнага, разумнага і праўдалюбнага, то князь будзе ў раю і цівун яго будзе з ім. Калі ж князь не ведае страху Божага, не шкадуе хрысціян, не думае пра сірот і ўдоў і калі ён паставіць начальніка злога, які не ведае закона Божага, чыніць несправядлівы суд, клапоцячыся толькі пра тое, як князю дабро здабываць, а людзей не шкадуе, такі князь усё роўна як на людзей наггускае вар’ята, даўшы яму меч, бо аддае ўладу чалавеку злому, і тым самым губіць людзей; такі князь будзе ў пекле, і цівун яго з ім.
Пасля гэтай размовы з князем епіскапу Сімяону, не зважаючы на яго высокае становішча ў княстве, давялося пакінуць Полацкую зямлю. Ен едзе ў Цвер, якая тады належала да Полацкай епархіі, становіцца там першым епіскапам, дзе і памірае ў 1289 годзе, так і не закончыўшы ўзвядзенне каменнай царквы ў імя Выратавальніка.
Той жа Ніканаўскі летапіс піша, што свяціцель Сімяон быў «вельмі разумны і моцны ў кнігах Боскага Пісання, вучоны, дабрачынны, спагадлівы да жабракоў, сірот і ўдоў, заступнік пакрыўджаных, абаронца гвалтуемых».
Другою жанчынаю, кананізаванай царквою, стала праведная дзева Юліянія, князёўна Гальшанская.
Яна — дачка праваслаўнага магната Гальшанскага, у якога расло сем дачок.
Юліянія была самая набожная. Яна памерла вельмі рана — усяго ў чатырнаццаць гадоў. Князёўна была пахавана ў Кіева-Пячэрскай лаўры. 3 цягам часу на яе магілу забыліся. Але калі ў пачатку XVII стагоддзя там праводзіліся земляныя работы, нечакана людзі знайшлі жалезную труну з сярэбранай дошчачкаю, на якой было напісана: «Тут спачывае прах Юліяны Гальшанскай, якая памерла ў 1506 годзе, чатырнаццаці гадоў ад роду».
Адкрылі труну — і не паверылі сваім вачам: дзяўчынка ляжала ў ёй як жывая! Жывым на ёй было ўсё — і плаццейка, шытае залатою ніткаю, у валасах ззяла дыядэма, не пацьмянелі пярсцёнкі і бранзалеты.
Труну з князёўнай паставілі ў царкве. I тады паломнікі заўважылі, што святое цела робіць цуд — яно не толькі ачышчае душу, але і лечыць немачы.
Тады Юліянію кананізавалі. Яе цела і цяпер знаходзіцца ў Кіева-Пячэрскай лаўры. А крыха яе святых мошчаў вярнулася з лаўры ў машчаніцах вернікаў дадому — у родныя Гальшаны.
I яшчэ адна жанчына прылучана да Сабора Беларускіх Святых.
Праведная Сафія — апошняя са славутага роду Алелькавічаў, з нашчадкаў Альгерда. Яна нарадзілася ў 1585 годзе ў сям’і князя Юрыя Юр’евіча і Барбары Кішка. Рана асірацела. Той жа год памерла маці, а праз год — бацька. Калі памерлі і дзядзькі, усё Слуцкае княства адышло да яе.
Выйшла замуж за Януша Радзівіла. Януш спавядаў пратэстанцкае веравызнанне — кальвінізм. Верная праваслаўю, яна дамаглася, каб вянчанне адбылося па праваслаўным абрадзе і каб іх дзеці таксама абавязкова былі праваслаўныя.
Яна пражыла кароткае жыццё, але за свае 26 год, адведзеных ёй Богам,— святая Сафія памёрла пры першых родах, нарадзіўшы мёртвае дзіця,— паспела зрабіцца вядомай асветніцай і заступніцай праваслаўя на Случчыне.
I пасля заключэння царкоўнай уніі з Рымам у 1596 годзе Слуцк, які ўжо належаў ёй, застаўся адзіным горадам у тагачасным Паўночна-Заходнім краі, які захаваў чысціню праваслаўя. Праведная княгіня-братчыца, каб абараніць праваслаўе, стварыла Слуцкае Праабражэнскае брацтва, а польскі кароль нават выдаў Слуцку грамату аб забароне прысільваць праваслаўных да уніі.
Цяпер яе мошчы зберагаюцца ў Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы. Кажуць, што святая памагае хворым жанчынам і дзецям, лечыць душэўныя і цялесныя немачы, a хросны ход з яе мошчамі нават спыняе халеру.
Афанасія Філіповіча наша беларуская царква ведае і шануе як Афанасія Брэсцкага.
Царкоўны дзеяч і пісьменнік А. Філіповіч працаваў пры двары князя Льва Сапегі, быў настаўнікам Яна Лубы, самазванца, якога ўрад Рэчы Паспалітай выдаваў за цэсарэвіча Дзмітрыя і рыхтаваў на расійскі трон.
У 1627 годзе пастрыгся ў манахі, жыў пад Оршаю ў Куцеінскім манастыры. За выступленні супраць Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 года і рэзкія прамовы супраць караля на дзяржаўных сеймах 1641 і 1643 гадоў сасланы ў Кіеў. Калі ён расказаў расійскаму паслу аб сапраўдных намерах Лубы і калі Ілжэдзмітрыя затрымалі ў Маскве, польскія ўлады тут жа арыштавалі Філіповіча — як заложніка, як дзяржаўнага злачынцу. У варшаўскай турме манах напісаў свае вядомыя творы «Навіны», «Падмурак непарадку касцёла рымскага», «Рыхтаванне на суд», «Парада набожная» і інш.
Зняволенне сваё Філіповіч разумеў як помсту за абарону праваслаўных у Рэчы Паспалітай. Выпусцілі з турмы яго толькі ў 1647 годзе. А ў 1648 ён загінуў — за дапамогу казакам Б. Хмяльніцкага каля вёскі Гершановічы пад Бярэсцем яго расстралялі фанатычныя салдаты ваяводы Масальскага.
На другі год пасля смерці Філіповіч быў кананізаваны царквою — як святы пакутнік Афанасій, ігумен брэсцкі.
Святы Елісей Лаўрышаўскі, сын вялікага князя ВКЛ Траняты, які меў высокую пасаду пры двары князя Міндоўга, праславіўся тым, што пайшоў у пустэльню і заснаваў каля Наваградка Лаўрышаўскую лаўру.
Святога Георгія Каніскага, архіепіскапа Магілёўскага, A. С. Пушкін называў «вялікім архіепіскапам Беларускім, адным з самых векапомных мужоў мінулага стагоддзя». На яго жыццё тройчы рабіліся замахі — у 1759, 1760, 1768 гадах. Пасля апошняга з’ехаў у Расію, у Смаленск, дзе заставаўся магілёўскім епіскапам у выгнанні. Абараняў праваслаўе.