У сэрцы слова адзавіся
зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2
12+
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 407с.
Мінск 2018
23 верасня Сонца праходзіць праз кропку асенняга раўнадзенства — значыць, даўжыня дня і ночы, як і вясною, ужо аднолькавая. Толькі птушкі цяпер не прылятаюць да нас, a адлятаюць. У вырай.
У цёмныя хмары збіраюцца берасцянкі. Невялікімі чародкамі ляцяць на поўдзень мухалоўкі ды сітаўкі. Касяком пралятаюць гусі, касым шнуром — лебедзі. Па адным адлятаюць зязюлі, ястрабы, лелякі.
А пад нагамі — першае апалае лісце: жоўтае, бурае, чырвонае, карычневае, аранжавае...
Але ж сапраўдны лістапад пачынаецца менавіта ў лістападзе.
Перад гэтым яшчэ ў нас ёсць кастрычнік — месяц, які атрымаў назву ад кастрыцы, што застаецца ад лёну, які мы якраз у гэты час даводзім да ладу — тром, трэплем. Кастрычнік — апошні месяц вегетацыі раслін. Месяц, калі імжыць нудны дождж, калі здараюцца замаразкі, a то і выпадае снег.
Рыхтуюцца да зімы лясныя звяры. Запасаюцца харчам птушкі. У рэках і азёрах у глыбокія месцы збіраецца рыба: акуні, плоткі, карпы, карасі, яршы.
А ўжо ў лістападзе вецер і дождж абтрасаюць, распранаюць усе нашы дрэвы — на іх, зусім голых, нават рэдкаму цяпер промню ўжо няма за што зачапіцца.
Дождж змагаецца са снегам, цяпло — з холадам. Світае позна, цямнее рана. Як мы кажам: «У лістападзе досвітак з прыцемкам сярод дня сустракаюцца».
Усё. Цыкл, хоць наперадзе яшчэ застаўся адзін месяц года, ужо закончаны. Лісце — пад нагамі. Карэнне глыбока ўтачылася пад зямлю, паснула.
Цяпер толькі застаецца чакаць снегу. I ён неўзабаве, як абрусам, накрывае ўсю зямлю.
Зіма... Снежань — першы месяц зімы. У гэты месяц звычайна выпадае снег.
Снежань зноў апранае дрэвы. Але не ў зялёнае, а ў белае адзенне. I намятае да ног іх, да каранёў гурбы снегу. Навейвае сумёты па самыя стрэхі. I мы радуемся: «У снежні мароз і снег вышэй хаты — год будзе багаты».
Дні ўвачавідкі карацеюць і неўзабаве надыходзіць 21 снежня — дзень зімовага сонцастаяння, калі ноч робіцца самаю доўгаю, а дзень — самы кароткі.
А вось ізноў студзень.
Зямля, укрытая снегам, адпачывае. Тры зімовыя месяцы наш земляробчы каляндар не дазваляе яе трывожыць, нават чапаць — гэта вялікі грэх.
Адпачывае зямля — адпачывае чалавек, які любіць яе.
Назірае за тым, што адбываецца вакол яго. Думае, успамінае, параўноўвае.
Студзень — самы халодны месяц года. Гэта ў ім трашчаць маразы. Але беларус рады маразам і не хоча, каб яны слаблі. Бо памятае продкаў: «Барані нас Бог ад цёплага студзеня»,— казалі яны, Ды і сам ён ведае: «Калі ў студні дажджы — дабра не жджы».
Звычайна мы свой год дзялілі на дзве часткі і будучае лета прадказвалі па зіме: студзень халодны — ліпень сухі і гарачы, калі ў студзені частыя снегапады і мяцеліцы — у ліпені частыя дажджы.
Назіралі: іней на стагах у дзень Рыгора-летаўказальніка — да мокрага лета, зімою шмат інею — летам многа расы, на Вадохрышча зорак не відаць — грыбоў не будзе, а калі на Амелляна-перазімніка вецер дзьме з поўдня — лета будзе з навальніцамі.
Дзень Пятра-паўкорма дзяліў нарыхтаваныя ўлетку кармы напалам: зважай, калі даеш сена жывёле, каб яго хапіла да новай травы.
На Юр’е зімовае ў нас падстрыгалі грывы і хвасты коням, аднімалі ад кабыл жарабят.
Юр’е, як і Мікола, святкуецца ў нас двойчы — увесну і ўзімку. Беларусы заўважылі, што колькі снегу бывае на Юр’е зімовае, столькі травы — на Юр’е веснавое.
А ўвогуле на абодва святы мы паблажліва злуемся: «Два Юр’і і абодва дурні: адзін халодны, другі — галодны».
На Панассе казалі: «Хавай нос у апанасаўскі мароз».
А ў лютым у нас ужо заканчваецца час спакою ў дрэў і кустоў. Пачынаецца ажыўленне сярод вераб’ёў. Пачынаецца гон у лісіц, ваўкоў, зайцоў: вясельныя абрады лісіц, бойкі ваўкоў, вавёрчыны гульні, шлюбныя дзівацтвы зайцоў — яны бегаюць па паляне, палохаюць адно аднаго, страшаць. У лютым ваўкі разбіваюцца на пары.
А ў крыжадзюба, дайце веры, ужо вывеліся дзеткі — такі мароз, а яны голенькія ляжаць у гняздзечку. Гэта адзіная ў нашых лясах птушка, якая выводзіць птушанят зімою. Ёй трэба спяшацца, бо вясной яна паляціць ужо дадому — на сваю поўнач.
У канцы лютага адлятаюць дадому, на поўнач, нашы зімовыя госці, жыхары іншых лясоў: амялушкі, чачоткі, шчуры, снегіры, канюкі... Адлятаюць, каб у кастрычніку зноў вярнуцца да нас.
Пачынаюць спяваць нашы птушкі — сінічкі, попаўзні, аўсянкі: цінь-цінь-цінь...
Мы заўсёды памяталі, што ў канцы сакавіка на Аляксея — зіма пацее, а на Рыгора — снег ідзе ў мора.
I ўжо 7 красавіка, на Дабравесце, мы сустракалі вясну: «На Дабравесце араты на ніву ідзець, і каня вядзець, і саху нясець, заворваець».
Вясна! Час святла. Час вясенняга раўнадзенства, калі дзень становіцца роўны ночы.
У зайцоў нараджаюцца зайчаняткі-сакавічкі, у вавёрак — вавярчаняты. Ужо спяваюць жаваранкі, прылятаюць гракі, потым буслы. Прачынаюцца ад зімовай спячкі і выходзяць з бярлогаў мядзведзі.
У красавіку надвор’е мяняецца па сем разоў на дні.
Красавік — месяц вады. Дзе ў красавіку рака — там у ліпені лужа. Красавік з вадою, а май з травою. А яшчэ мы разумелі, што красавіцкі дождж воз золата каштуе.
Красавік — месяц птушак. Усе яны, павяртаўшыся з далёкіх вандровак, ладзяць гнёзды, выводзяць птушанят, кормяць іх. Птушкі радасна спяваюць — а як жа не радавацца: яны ж вярнуліся на радзіму!
А мы ўсю вясну працуем не разгінаючыся. Бо ведаем: вясенні дзень год корміць. Бо разумеем: цяпер зямлі не аддасі, зімою — не з’ясі.
Вясна — час араць і сеяць. Палявыя работы мы пачыналі з прылётам ластавак. Прыкладзем абедзве далоні да зямлі і калі адчуем: зямля цёплая — можна сеяць. Перад сяўбою мы мыліся нават у лазні, а першы дзень сяўбы быў для нас святам.
Салавей спявае, калі ўжо можа напіцца з бярозавага ліста. Зязюля кукуе пакуль не папярхнецца коласам.
А на Акуліну-грачышніцу скаціна гізуе ад укусаў камароў, аваднёў, мух, сляпнёў, мошак. Гэты дзень так у нас і называецца: «Акуліна — задзяры хвост».
Але гэта ўжо 26 чэрвеня. Лета.
Цвітуць як не ўсе расліны: каліна, шыпшына, ядловец, белая акацыя, маліна, зацвітаюць чарніцы, брусніцы, буякі, журавіны, а на лугах — канюшына, ятрышнік, незабудкі, чына лугавая, кмен, чорнагалоўнік.
А ў ліпені паспяваюць суніцы, парэчкі, чарніцы, маліна, касцяніцы.
У ліпені можна назіраць «зімовую мяцеліцу» — гэта ляцяць аўсянікі, маленькія насякомыя з доўгімі ніткамі ў канцы цельца, якія жывуць усяго некалькі гадзін і паміраюць у лёце.
3 мурашнікаў выпаўзаюць сотні крылатых мурашыных самцоў і самак. Яны роем узлятаюць, кудысьці ляцяць, недзе садзяцца. Маладыя самкі адгрызаюць ужо непатрэбныя ім крылы, адкладаюць у зямлю яйкі, пачынаючы новы мурашнік.
He паспелі за працаю азірнуцца, як ужо і Купалле прыйшло. «Святы Іван колас наліваець, пчолы садзіць, коску правіць — лугі прастаць, у скірды скідаць»,— кажам мы.
Сенакос.
А ў жніўні ўжо збор ураджаю. I сяўба — на парашуціках разлятаецца ў розныя бакі і рассейваецца выспелае насенне.
I яшчэ — навальніцы. Рабінавая ноч. Вераб’іная ноч. Выходзяць усе злыя сілы прыроды. Гром, маланкі, праліўны дождж. бура, перуны... Чалавек, забіты ці пакалечаны перуном, лічыўся ў нас чараўніком.
Першы Спас — Макавей: «Макавей, Макавей, качаночкі завей». Пчаляры адкрываюць вуллі і бяруць першы мёд. A на Другі Спас частуюць суседзяў мёдам. Са Спаса можна есці яблыкі, усё, што расце ў садзе і агародзе.
Восень — цяжкая пара працы.
Мы вельмі пільнаваліся сваіх святаў і рупіліся, што калі рабіць. Прыйшоў Баўтрамей — жыта на зіму сей. I яшчэ ведалі, што святы Баўтрамей буслоў па дзяцей высылае, якія вяртаюцца праз дзевяць месяцаў.
У дзень Архістраціга Міхаіла, у дзень цудаў жыта не сеюць. Бо калі нехта не ведае гэтага і пасее — здзейсніцца цуд: будзе цудоўны ўраджай. А вось калі хто ведае і сее — здарыцца цуд наадварот: усё жыта загіне!
На Тадору, 24 верасня, лета заканчваецца: «Гусі ляцяць — зімачку на хвасце цягнуць». У дзень Лукі журавы выносяць ад нас цяплыню. А да Малой Прачыстай, якая звалася ў нас яшчэ Багачом, бо на гэты дзень ужо можна было бачыць, што падарыла селяніну ніва, усе стамляліся: «Да Багача баба рабача. па Багачы — хоць за плот валачы».
Але ж гэта няпраўда — пачыналіся самыя сваты, самыя вяселлі і ў дзяўчат дзе толькі і бралася новая сіла!
Прыходзіла Змітраўка: «Святы Змітры — людзі хітры, чаны параць, піва вараць, сыноў жэняць, дачок замуж аддаюць».
Заканчваўся выпас жывёлы: «Да Змітра пасуць, а пасля Змітра — пільнуюць».
На Марціна ў бярлог кладзецца спаць мядзведзь і пачынае смактаць лапу. На Стрэчанне ён пераварочваецца на другі бок. А з бярлогу выйдзе толькі на Дабравесце.
У дзень Святога Міхала мы казалі: «Прыйшоў Міхал — усё з поля паспіхваў». I ўсміхаліся: «Міхайла — усім святкам запіхайла. Пасля Міхайла няма святкаў — да Раства».
А Мікола зімовы пачынаў зіму: «Да Міколы няма зімы ніколі». На Міколу летняга сапраўднае лета, на Міколу зімняга — сапраўдная зіма. Таму мы раілі сабе: «Беражы сена ад Міколы да Міколы».
Варвара, Саўка, Мікола. Усе гэтыя святы ходзяць разам, як за рукі пабраўшыся, у сярэдзіне снежня: «Варвара мосціць, Саўка цвікі вострыць, а Мікола прыбівае». Так мы расказвалі пра нарастанне маразоў.
На Ганнін дзень мы спахопліваліся: «На Ганкі сядайце ў санкі».
Прыходзіла зіма. Пачынаўся новы год.
Наш новы год не заўсёды пачынаўся з 1 студзеня.
Мы доўгі час уваходзілі ў Расійскую імперыю, якая з прыняццем хрысціянства прыняла і грэчаскі каляндар, што пачынаў новы год з 1 сакавіка. Потым маскоўскі сабор 1492 года пастанавіў пачаткам года лічыць 1 верасня. 1 ўжо толькі Пётр I увёў юліянскі каляндар, які новы год пачаў святкаваць з 1 студзеня.
У Кіеўскай Русі мы карысталіся святцамі, дзе, кіруючыся вялікім індыктыёнам, складзеным на 7000 гадоў, духоўныя асобы вызначалі нашы святы і найперш Вялікдзень. А ў «Ізборніку Святаслава» ўжо ўпершыню падавалася, што і ў якое свята можна рабіць.
I ўвогуле ўсё сучаснае летазлічэнне пачалося са старажытнарымскага календара, які Юлій Цэзар увёў у 46 годзе да нашай эры. Тры гады запар у гэтым календары было па 365 дзён, а чацвёрты быў высакосны, і ён меў 366 дзён.
Але ж сярэдняя працягласць года ў юліянскім календары на 11 хвілін 14 секунд большая за трапічны, таму за кожныя 128 гадоў набягалі цэлыя суткі лішнія.
Да 1582 года ўжо набегла аж 10 лішніх сутак, і тады Папа Рымскі Грыгорый III увёў новы каляндар, які назвалі па яго імю — грыгарыянскім і з якога проста выкінулі 10 сутак. Цяпер мы ўжо выкідаем 13 сутак і ведаем, што гэтае становішча захаваецца і ў XXI стагоддзі.