• Газеты, часопісы і г.д.
  • У сэрцы слова адзавіся зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2

    У сэрцы слова адзавіся

    зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2

    12+
    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 407с.
    Мінск 2018
    101.71 МБ
    Сталіцаю Беларусі быў і Смаленск. Усяго адзін дзень. 31 снежня 1918 года, калі Паўночна-Заходняя канферэнцыя РКП (б), якая праходзіла ў Смаленску, абвясціла аб стварэнні БССР. У новую краіну ўвайшлі Мінскі, Смаленскі, Віцебскі, Магілёўскі, Гомельскі, Гарадзенскі і Баранавіцкі раёны, а цэнтрам дзяржавы зрабіўся Смаленск.
    Шмат якія нашы паселішчы былі сталіцамі — магутных княстваў, ваяводстваў, губерняў, абласцей, звычайных раёнаў, удзельных княстваў. У сярэднявеччы, у XV стагоддзі, своеасаблівай сталіцаю былі і мае Зубрэвічы. Сталіцаю ўдзельнага княства, бо ў маёнтку Зубрэвічы жыў князь з роду Друцкіх — Мітка Сякіра, які ўсюды падпісваўся так: «Князь Дзмітрый Зубрэвіцкі».
    НАША НЕБА, НАШ КОСМАС
    Хочацца ўявіць таго вельмі далёкага-далёкага першабытнага чалавека, прабеларуса, так бы мовіць, які недзе між двума апошнімі зледзяненнямі ляжыць ці стаіць на зямлі, якая потым стане нашай, назавецца Беларуссю.
    Ен углядаецца ў цёмнае начное неба, якое навісае над ім, нібыта навальваецца на яго, набівае вочы змрокам і ўсім
    сваім цяжарам прыціскае чалавека да зямлі — аказваецца, цемра мае вагу!
    Ён хоча ўбачыць глыбіню, дно цемры — і не можа. Ён хоча зразумець, што гэта за дзірачкі свецяцца ў небе, якіх пры дзённым святле не відаць, але і гэта ў яго не атрымліваецца.
    Над ім і вакол яго — нешта незразумелае і, здаецца, нават варожае.
    Што гэта? Чаму гэта? Навошта гэта?
    Ён яшчэ не ведае, што такое ноч і дзень, але бачыць як светлата мяняецца моракам, як сонца кудысьці знікае, a потым зноў з’яўляецца — толькі ўжо з другога боку.
    Ён яшчэ не ведае таксама, што такое час, але інстынктыўна, толькі ў сабе самім, адчувае, як нябачна падаюць і падаюць у цішыню, нібыта нейкія кроплі, хвіліны.
    Усё гэта ў яго яшчэ наперадзе — зразумець неба: і начное, і дзённае... Але ж ён напружваецца ўвесь і цікаўна ўзіраецца ў цемрадзь і зараз.
    Вочы яго прызвычайваюцца, і ён ужо можа ахапіць зрокам усё неабдымнае, здавалася б, неба. Дык колькі ж іх, гэтых дзірачак! I яны, як жывыя, гэтак жа па-свойску, але загадкава, падміргваюць яму — нібыта бачаць яго на зямлі,— што продку робіцца не так страшна.
    Прашчур з цікаўнасцю вывучае неба і зоркі на ім.
    Вунь мігцяць поплеч дзве вельмі яркія кропкі — ды так блізка, што здаецца: яны вось-вось зліюцца ў адну. Адна чамусьці блішчыць болей, другая меней.
    Як жа доўга яму, чалавеку давядзецца ісці па жыцці, каб нарэшце зразумець, што тыя зоркі, якія ён бачыць побач, на справе знаходзяцца вельмі далёка адна ад адной — і па даўжыні, і па глыбіні. Мы вымяраем касмічныя адлегласці даўжынёю між Зямлёю і Сонцам. Дык вось тая зорка, якая слабей блішчыць, знаходзіцца ад свае суседкі на тысячу астранамічных адзінак — глыбей у сусвет. Астранамічная адзінка — адлегласць ад Зямлі да Сонца. Яна складае каля 150 мільёнаў кіламетраў.
    Прабеларус бачыў шмат зорак, пераводзіў свой позірк з адной на другую. Яму здавалася, што гэтых «дзірак» на небе
    безліч. Ён не ведаў, што даступная зроку ўсяго толькі невялічкая частка знічак — простым вокам можна ўбачыць не больш 2,5 тысячы зорак шостай зорнай велічыні. А з дапамогаю тэлескопа — мільёны, a то і мільярды.
    Тэлескопа ў нашага продка не было. Як не было і ніякіх іншых, нават самых старажытных астранамічных прыладаў: адліковага круга і візірных прыстасаванняў: гномана, армілярнай сферы, квадранта, акстанта, астралябіі.
    Вядома, ён не ведаў, што часам бачыць святло, жывое мігценне даўно выгарэлай, патухлай зоркі, якая знаходзілася на тым месцы за мільёны светлавых год і што святло яе дайшло да нас толькі цяпер, калі яна памерла. Ды каб хто і падказаў яму пра гэта тады, ён бы не паверыў: як гэта — яна свеціць, і яе няма!
    Чалавек не бачыць звычайным вокам нават шмат якіх спадарожнікаў планет Сонечнай сістэмы.
    Мы не бачым квазараў,— самых далёкіх ад нас свяцілаў, хоць яны выпраменьваюць такую колькасць энергіі, што яна ў сотні разоў перавышае выпраменьванні святла звышгіганцкімі галактыкамі.
    Той продак, што глядзеў, думаецца, вельмі настойліва і часта ў неба, вядома ж, не ведаў, што ён бачыць космас, які ўключае ў сябе Сонечную сістэму, зоркі, міжзорнае асяроддзе, галактыкі і міжгалактычныя далячыні. He ведаў, што Сонечная сістэма ляціць па Млечным Шляху — нашай роднай галактыцы — да сузор’я Геркулеса. Чалавек нават не здагадваўся, што ў Млечным Шляху мігціць 100 мільярдаў зорак, a такіх галактык у свеце налічваецца аж 100 мільёнаў.
    Але ж ён звычайным вокам бачыў самі галактыкі, бачыў магутныя сузор’і, скопішчы зорак, ніякавеў, калі назіраў, як па небе імкліва праносіўся адзінокі метэарыт ці нават метэарытны дождж. Прабеларус, як і мы, яго цяперашнія нашчадкі, нават і не думаў, што ён — сапраўдны касманаўт, які ў такім утульным касмічным караблі, як Зямля, з выключнай сістэмай жыцця і рэгенерацыі, ужо столькі часу блукае па нязведаных дарогах космасу. Адкуль ён ляціць, куды імчыцца і дзе апынецца праз нейкія мільёны гадоў?
    Чалавек бачыў сваю галактыку — Млечны Шлях — як кажуць, з сярэдзіны, і не разумеў гэтага. Светлая паласа няправільнай формы здавалася яму нейкім туманам. Безліч зорак у скопішчы зусім не адрознівала, не раз’ядноўвала простае вока, і таму першапродак, канешне, не шукаў галактычнага ядра і не задумваўся, ці далёка мы знаходзімся ад сузор’я Валасы Веранікі, дзе павінен быць паўночны полюс у нашай галактыкі.
    Бачыў прабеларус нейкія дзіўныя светлыя завіхрэнні на начным небе. Асабліва летам ці зімою. Ці ўвосень. Так бывае на зямлі, калі вецер нечакана закружыць у спіраль апалае лісце, якое трапілася яму пад крыло. Але ж спіраль на небе здаецца чамусьці нерухомай, як прымёрзла ўсё роўна там да чаго. Хто яе спыніў, закручаную?!
    I праўда, цяжка разабрацца ў гэтым, калі не ведаеш, што тая спіраль — усяго толькі гіганцкая спіральная туманнасць у сузор’і Андрамеды. Адна з самых бліжэйшых да нашай галактыкі скопішчаў зорак, якое добра відаць простым вокам. Ад нас да яе 1,5 мільёна светлавых гадоў.
    А самыя блізкія да нас галактыкі — Магеланавы Воблакі. Да іх усяго толькі каля 150 светлавых гадоў. Таму гэтыя галактыкі — і Малое Магеланава Воблака, і Вялікае Магеланава Воблака — і тады, у міжледнікоўі, і сёння бачны на нашым небе як самыя яркія ў паўднёвым паўшар'і касмыкаватыя плямы — зорныя сістэмы. Сірыус — самая яркая на начным небе зорка.
    Вандроўнік — так перакладаецца з грэчаскай мовы слова «планета». Мы не ведалі гэтага. Як нічога не ведалі нават пра планеты сваёй Сонечнай сістэмы. Пра тое, што Меркурый — самы блізкі да Сонца вандроўнік, што Венера — самая гарачая — да 500 градусаў па Цэльсію — планета, што на Плутоне маразы ў 240 градусаў, а Юпітэр — такі вялікі, што ў ім бы змясціліся ўсе астатнія восем планет Сонечнай сістэмы.
    Ніхто тады не ведаў такіх паняццяў, як сонечная радыяцыя, нябесная механіка, сонечны вецер, зорны дождж, сусветны закон прыцяжэння — усё гэта паняцці нашага часу.
    Астраномія — гэта законы зорак. Будова і развіццё нябесных целаў. Нейкае невытлумачальнае адзінства разнастайнасцяў: руху, памераў, напрамкаў, масы, выпраменьванняў.
    Дарэчы, слова «космас» з грэчаскай мовы так і перакладаецца: парадак, лад.
    Мы не ўяўлялі, што Сонца — зорка. Такая ж, як і мільёны іншых. Хоць бачылі, што яно круглае і яркае.
    Тым болып не маглі так падумаць пра нашу зямлю. Мы ж стаялі на ёй і перакананыя былі, што яна плоская. Яшчэ зусім нядаўна па касмічным часе — недзе ў XV стагоддзі мы спрачаліся, рызыкуючы жыццём, што і вакол чаго круціцца: Сонца вакол Зямлі ці Зямля вакол Сонца.
    Каперніка, польскага астранома, стваральніка геліяцэнтрычнай сістэмы, на Беларусі ведалі з XVI стагоддзя. Яго погляды падтрымлівалі шмат якія разумныя на Беларусі вучоныя. Найперш — Анёл Доўгірд, філосаф, логік і псіхолаг з Мсціслаўшчыны. Ён лічыў, што сусвет падпарадкоўваецца натуральным законам. Ён, як і ўсе прадметы і іх уласцівасці, існуе незалежна ад нашай свядомасці.
    Але гэта ўжо будзе потым. А пакуль што чалавек глядзіць у неба, у космас, на свае вочы бачыць велізарны парадак і здзіўляецца: усё рухаецца, усё перамяшчаецца, мяняецца месцамі, аднак нішто нічаму не замінае, нішто ні за што не зачэпіцца.
    Чалавек пачынае прыглядацца да неба, пільней вывучаць яго. Робіць высновы.
    Поўня — гэта месяц, павернуты да нас асветленым бокам. Мы заўважаем, што ў гэты час ён найболей уплывае на нас сваёй энергіяй: больш моцна крываточаць раны, абрэзаныя ў поўню дрэвы гінуць, а сабраныя зёлкі, наадварот, маюць моцную, амаль магічную сілу.
    Уплывае поўня і на жывёл, і на расліны. Жывёлы робяцца болып агрэсіўныя, а расліны патрабуюць болып вільгаці і ўгнаенняў.
    У поўню добра высяваць рознае зяленіва. Перад поўняю лепш за ўсё саджаць дрэвы, перасаджваць хатнія кветкі, збіраць збожжавыя, а пасля яе, паміж поўняй і маладзіком, на сходах варта сеяць рэпу, моркву, буракі, радыску, бульбу — усё, што будзе расці ў зямлі.
    Шчасліва ў поўню і жаніцца — сям’я народзіцца моцнаю, навек поўнаю.
    Каб атрымаць добры ўраджай, беларус глядзеў і глядзіць не толькі ў зямлю, але ж і на неба.
    Бо, да прыкладу, калі пасадзіць капусту ў маладзік, яна не засохне, у дзень праходжання месяцам сузор’я Шаляў — вырастуць вялікія і цяжкія качаны. Ды і шаткаваць капусту лепей за ўсё тады, калі на небе маладзік,— яна атрымліваецца смачная, хрумсткая.
    Ноч зімою на Васілле зорная — мы ведаем: лета будзе ягаднае. А ўлетку шмат зорак на начным небе — дзень будзе гарачы. Калі на Яўлампія рогі месяца глядзяць на поўдзень, будзе мяккая зіма, на поўнач — суровая.
    А гэтае сузор’е ў навуковай практыцы называецца Плеяды. Само яно знаходзіцца ў сузор’і Цяльца. Сем няяркіх зорачак. Здавалася б, не дужа шмат. Але ж менавіта яно вельмі папулярны аб’ект для назірання амаль ва ўсіх народных астраноміях свету. Мусіць, таму, што якраз у гэтым месцы неба тысячы гадоў таму назад знаходзілася найважнейшая кропка ўсіх календароў. Кропка веснавога раўнадзенства. Мы, беларусы, здаўна звязвалі з ёю пачатак вясны і нават каляндарнага года.
    Плеяды мелі ў нас шмат імёнаў: Стажары, Вісажары, Уласажэльцы, Вуцінае Гняздо, Сем Братоў, Сем Мальцаў. У іх — нашае своеасаблівае старажытнае разуменне космасу. I яшчэ адну назву далі мы гэтаму сузор’ю — Сіта, Сітца. Бо ўбачылі, што яно — нібыта дзіравае. Сем дзірачак блішчаць на цёмным начным небе. Яно — як рэшата. Праз дзірачкі ідзе да нас святло,— думалі мы. Праз іх сеецца дождж,— верылі нашы продкі. Трэба небу выліцца — яно выліваецца дажджом праз Сітца.