• Газеты, часопісы і г.д.
  • У сэрцы слова адзавіся зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2

    У сэрцы слова адзавіся

    зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 407с.
    Мінск 2018
    101.71 МБ
    Шаснаццаць разоў за дзень там узыходзіць і заходзіць Сонца. Незвычайныя хуткасці, невядомыя вышыні -калі адразу бачыш паўсвета. Бывае, на велаэргометры за некалькі хвілін праедзеш ад ГІаўднёвай Амерыкі да Уладзівастока. Толькі зверху. Толькі ў караблі. Хацеў убачыць, знайсці на зямлі сваю невялічкую хатку ў вёсцы Камароўка каля Брэста, аднак, як ні ўзіраўся зверху, не пазнаў яе.
    Гэтак жа як і маці, якая ўглядалася ў зорнае неба, так і не зразумела, мусіць, у якой са святлівых зорак ляціць яе сын, хоць па тэлебачанні ўжо бачыла сынава жыллё: «А нічога сабе хатка, нават воканкі ёсць, хоць і кругленькія і маленькія».
    Пятро Клімук на сабе зведаў шмат якія неспазнаныя адчуванні космасу.
    На дзіва незразумелую сілу і лёгкасць бязважкасці, калі вучышся не хадзіць, а лятаць, калі звычайныя на зямлі рэчы — памыцца, прысесці, штосьці ўзяць у рукі — ператвараюцца ў праблемы: не прывязаўшыся — не ляжаш, не замацаваўшы — нічога не пакладзеш, бо ўсе рэчы ў караблі, калі не прывязаныя, лятаюць гэтак жа, як і людзі.
    Вялікую адказнасць за стыкоўку двух касмічных караблёў, якую Клімук, камандзір карабля, праводзіў і ўручную, і без сувязі з Зямлёй, і ў начны час — калі хто назіраў за стыкоўкаю з Зямлі, той мог убачыць, як дзве святлівыя зорачкі на небе нейкі час збліжаліся, каб потым зліцца ў адну.
    Касманаўт зразумеў халодную і абыякавую да ўсяго глыбіню космасу, калі чалавеку хочацца, засумаваўшы па Зямлі, як птушцы, каб гэта было толькі магчыма, кінуцца ўніз...
    Але касманаўт на небе не адзін. У яго ёсць і ахоўца, і найпершы памочнік — начынены тэхнікай касмічны карабель, які важыць аж 25 тон... I тысячы прыбораў. Для таго каб зрабіць адзін патрэбны табе кадр, трэба, бывае, пакарыстацца дваццаццю пяццю прыборамі.
    На «Салюце», з якім Пятро Клімук і Віталь Севасцьянаў састыкавалі свой «Саюз», яны праляталі 63 сутак.
    Назіралі Зямлю, Месяц, Венеру. «Тое, што фотакамера «схопіць» з космасу за 3—5 мінут,— расказваў потым Клімук,— па аб’ёме інфармацыі прыраўноўваецца амаль да двух гадоў аэрафотаздымачных работ з самалёта».
    Дзівіліся касмічным колерам. Дарэчы, на старонках бартавога журнала Клімук, расказваючы пра іх, нярэдка піша: «попельны» — нібы паўтараючы Язэпа Драздовіча. Памятаеце, у мастака: «Тускла-светлая, папяляная ноч». Адкуль Драздовіч ведаў, што зверху той, хто ляціць, бачыць менавіта попельныя колеры?!
    Вывучалі Сонца. Яго цяпло, без якога не можа абысціся ўсё жывое, і магутныя патокі ультрафіялетавай радыяцыі, якая, наадварот, варожая ўсяму жывому. Даследавалі магутныя выбухі на Сонцы, ад якіх яно скаланаецца амаль пастаянна. 3 космасу відаць, што Сонца не такое ўжо і лагоднае — яно бунтоўнае і наравістае.
    Доўга «лавілі» яны зорку Рыгель. А калі гэта ўдалося, уздыхнулі:
    — А ўсё-такі мы загналі яе проста ў «пашчу» прыбора!
    Рыгель — зорка, якую астраномы называюць «блакітным гігантам». Яе дыяметр роўны дыяметру арбіты Зямлі, што наша планета робіць за год. Тэмпература зоркі 70 тысяч градусаў, у той час як тэмпература паверхні Сонца — толькі 6 тысяч. Рыгель свеціцца ў 10 тысяч разоў ярчэй, чым Сонца, аднак ім, Клімуку і Севасцьянаву, калі яны загналі ў «пашчу» прыбора і зафіксавалі магутную ўспышку, моцнае рэнтгенаўскае выпраменьванне на Рыгелі, удалося за дзесяць секунд злавіць усяго толькі 20 фатонаў.
    Касманаўты ў той свой палёт запісалі на плёнку рэнтгенаўскія выпраменьванні дзесяці зорных крыніц у сузор’ях Дзевы, Скарпіёна і інш.
    Крыніца выпраменьвання ў сузор’і Шчыт непадалёку ад ядра Галактыкі ўспыхнула якраз за два месяцы да іхняга палёту. Вядома, яны з вялікай цікавасцю назіралі за гэтаю крыніцаю зоркаўтварэння, святло ад якой прыйшло на Зямлю толькі праз 32 тысячы светлавых гадоў.
    Другі аб’ект у сузор’і Лебедзь вядомы як «чорная дзірка», якая нічога з сябе не выпускае. Вучоныя толькі мяркуюць, што яна проста высмоктвае планеты, якія знаходзяцца паблізу. Назіранні Клімука і Севасцьянава пацвердзілі, што выпраменьванне такіх зорак-загадак хоць і інтэнсіўнае, аднак беспарадкавае і непастаяннае.
    Зямля вельмі чакала неацэнных даследаванняў касманаўтаў — яны прывезлі дадому тое, што нельга ўбачыць і зразумець з нашых палёў, лугоў і дарог.
    Свой унёсак у даследаванне космасу зрабіў наш Уладзімір Кавалёнак, а таксама жанчыны — касманаўты Валянціна Церашкова і Святлана Савіцкая, лёс якіх зноў жа звязаны з Беларуссю.
    I ўсё ж Клімук, лётчык-касманаўт, двойчы Герой Савецкага Саюза, генерал-лейтэнант авіяцыі, акадэмік Касмічнай акадэміі навук, начальнік Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына, абжыўшы космас, вярнуўшыся на зямлю, піша:
    «Яшчэ ў маленстве, калі ўпершыню скіроўваеш свой погляд у неба, табой апаноўвае дзівоснае пачуццё. Незразумелае і трывожлівае. Што гэта? Хто паўтыкаў так высока ў цёмны блакіт начнога неба залатыя вугольчыкі? Пасля, з гадамі, калі спазнаеш, што кожны з гэтых зіхатлівых вугольчыкаў — Сонца, бярэ ўтрапенне — ад прадчування бясконцасці сусвету. I думка твая нясмела сягае туды і гэтак жа нясмела імкнецца ўявіць, што, магчыма, вакол аднаго з гэтых Сонцаў круціцца дакладна такая ж планета, як Зямля, і што на ёй, той другой Зямлі, могуць быць людзі».
    I гэта піша чалавек, якога завуць Сынам Галактыкі. Камандзір касмічнага карабля, які тройчы пабываў у космасе.
    Што, значыць, Космаса мы ніколі не зразумеем? Як і не зразумеем таксама, куды ляціць Зямля, круцячыся вакол Сонца, куды плыве ўся Сонечная сістэма, упісаная ў Млечны Шлях — нашу галактыку, куды кіруе Галактыка, што ўзаемадзейнічае з іншымі галактыкамі, скопішчамі зорак, блакітнымі гігантамі, чорнымі дзіркамі, сонцамі, квазарамі і пульсарамі?
    Газеты свету паведамілі, што 27 снежня 2004 года ў сузор’і Стральца, за 30 светлавых год ад нашай планеты, адбыўся небывалы выбух нейтроннай зоркі. У прастору было выкінута столькі энергіі, колькі Сонца выпрацоўвае за 250 тысяч гадоў. Калі б Зямля знаходзілася да выбуху крыху бліжэй, то на ёй бы зусім нічога не засталося — нават травіны.
    Згадваюцца па-чалавечы шчымлівыя словы нашага класіка, яшчэ адной неабыякавай да космасу Асобы, незабыўнага Максіма Багдановіча:
    Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
    У ціхую сінюю ноч
    I сказаць:
    «Бачыце гэтыя буйныя зоркі, Ясныя зоркі Геркулеса?
    Да іх ляціць наша сонца, I нясецца за сонцам зямля. Хто мы такія?
    Толькі падарожныя — папутнікі сярод нябёс. Нашто ж на зямлі
    Сваркі і звадкі, боль і горыч, Калі ўсе мы разам ляцім Да зор?»
    НАШ КАДЯНДАР
    Як прыгожа мы называем усе свае дванаццаць месяцаў!
    Студзень, люты, сакавік, красавік, май-травень, чэрвень, ліпень, жнівень, верасень, кастрычнік, лістапад, снежань.
    I як хораша яны адпавядаюць сваім назвам!
    У студзені, вядома ж, сцюдзёна. Усюды снег, мяцеліцы. I маразы — самая ж зіма ўсё-ткі! I як ні апранайся — усё роўна холадна. А ў лютым маразы яшчэ больш люцеюць. I гэта зразумела: люты — апошні месяц зімы, а яна маразамі імкнецца зачапіцца за зямлю.
    Але ж сакавік, першы месяц вясны, хочаш ці не хочаш, але прыходзіць, і абуджаны веснавы сок ужо вярэдзіць, хвалюе ўсе карані дрэў і раслін, якія ва ўтульнай зямлі цярпліва чакалі вясны. I карані пачынаюць ужо думаць пра вяршыні — настойліва пампуюць наверх, да кожнай пупышкі, жыццядайны сок.
    А колькі нечаканых і ласкава-захопленых назваў напрыдумлялі сакавіку нашы прашчуры: ён і зімабор, ён і светазар, ён і кропельнік, веснавей, пазімнік, сонцалюб, сонцабой...
    Красавік — сярэдзіна вясны. Ен — увесь з процілегласцяў, кантрастаў. Месяц снегагону, вадалею, сокаруху. Час яшчэ ледзяшоў і ўжо першых нашых красак: упартага прабіснегу, ціхай сон-травы, вірлавокіх пралесак. I пушыстых, як кацяняткі, вярбовых коцікаў... Усё красуе, усё жыве! Красавік!
    Калі ў сакавіку наша вясна была яшчэ нясмелая, то ў красавіку яна ўжо ідзе на ўсю нагу: ёю пахне і вецер, і кветка падбелу і нават песня жаўранка...
    Май — умайвае нашу зямлю. Май — гэта месяц травы. Нездарма ж яшчэ ў старажытнасці мы звалі яго траўнем!
    I яшчэ гэта — месяц зеляніны, месяц апранання: кожнае дрэва, кожны кусточак ён апранае ў зялёныя ўборы. Да таго ж гэта месяц колераў — у ім вельмі хораша суседнічаюць і добра адпавядаюць адно аднаму ўсе колеры вясёлкі.
    I месяц хрушчоў. I месяц дажджоў. Мы, земляробы, нават просім: «Нам два дожджыкі ў маю...»
    Чэрвень — самы светлы, самы спякотны, самы звонкі ад салаўінага пошчаку месяц. I чырвоны, бо чэрвень — ад пладоў і ягад, якія пачынаюць спець.
    У чэрвені ўсё пасеянае і непасеянае пачынае імкліва расці і набірацца сіл. Цвітуць шмат якія расліны: каліна, язмін, шыпшына, ядловец, белая акацыя, маліна, зацвітаюць чарніцы, брусніцы, буякі, журавіны, а на лугах — канюшына, ятрышнік, незабудкі, кмен, дзьмухавец... Лугі — суцэльныя дываны з кветак: адначасова цвітуць амаль усе лугавыя краскі. Каласуе і зацвітае жыта, потым — пшаніца, а пасля, ужо ў канцы месяца і яравыя.
    Наступны наш месяц старажытныя рымляне называлі юлем — у гонар імператара Юлія Цэзара, які рэфармаваў каляндар. Дарэчы, гэтак яго і цяпер называюць нашы суседзі — рускія.
    Мы ж свой сёмы месяц завём ліпенем. Бо ў ім якраз цвіце на Беларусі ліпа. Яе цвіценне ў нас рухомае — і квет, і пах ідзе па нашай зямлі з поўдня на поўнач з хуткасцю каля 50 кіламетраў у суткі.
    I яшчэ свой ліпень мы называем макушкаю лета. Бо пры ім пачынаюць ужо ўкарочвацца дні і робяцца даўжэйшымі ночы, а ў зялёных кронах з’яўляюцца першыя жоўтыя лісточкі.
    Ліпень — вельмі спякотны месяц, і ў ім сама болей навальніц: рэдкі ліпеньскі дождж абыходзіцца без навальніцы.
    Калі красавік — гэта ўсмешка вясны, наша надзея, то жнівень — гэта ўжо пацалунак восені і спраўджванне тых, веснавых, надзей. У жніўні мы заўсёды жнём.
    Сеялі мы ў красавіку, садзілі ў маі і чакалі жніўня. Жнівень наш бог. Мы цярпліва чакаем яго, бо ведаем: адно зерне — стане жменяй зярнят!
    Паветра духмянае, але яно ўжо насычана пахам сухіх траў — блізка восень.
    На таках — груды залацістага збожжа, на лугах — стагі сена, у садах — голле яблынь звісае ад пладоў аж да зямлі...
    Такі ён, наш жнівень.
    А верасень — гэта ўжо восень. Прыйшоў верасень — утаймаваў прыроду. Кветак ужо амаль няма. Толькі настойліва цвіце верас, па імю якога мы і назвалі дзявяты свой месяц.