• Газеты, часопісы і г.д.
  • У сэрцы слова адзавіся зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2

    У сэрцы слова адзавіся

    зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2

    12+
    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 407с.
    Мінск 2018
    101.71 МБ
    Перад Аршанскай бітвай 1514 года на Друцкіх палях рускія палкі сканцэнтравалі да васьмідзесяці тысяч воінаў, а ў час Лівонскай вайны тут сцягваліся да 130 тысяч воінаў пад кіраўніцтвам ваяводаў Сярэбранага і Шуйскага.
    Такое нязручнае і небяспечнае месцазнаходжанне Друцка зрабіла сваю справу: Друцк, разбураны і вытаптаны, заняпаў. Нямецкі дыпламат і падарожнік Герберштэйн, які быў тут у 1517 і 1525 гадах, убачыў толькі край «найвялікшых пустынь», а еўрапейскі дыпламат Корб пісаў пра Друцк канца XV стагоддзя:
    «Кажуць, што ў мінулым стагоддзі гэты горад меў 7 міль у акружнасці і славіўся 2000 знакамітымі храмамі, але ў час жорсткай вайны... зведаў такое спусташэнне, што да яго можна аднесці словы пра тое, аб чым плача паэт над развалінамі Троі: дзе стаяў Пергам — там цяпер калоссе...»
    Звычайная вёсачка Друцк на Талачыншчыне сціпла прытулілася да магутных валоў замчышча калісьці магутнага горада, якія нібыта стагоддзі навісаюць над ёю. Аднак гэтай вёсачцы няма чаго прыбядняцца: яна ж, спадкаеміца старажытнага Друцка, на 70 гадоў старэйшая за Мінск, а Масква маладзейшая за яе на ўсе 150 гадоў...
    Свой Нясвіж мы часам з гонарам называем Парыжам у мініяцюры. I сапраўды, ён, увесь горад, з’яўляецца непаўторным архітэктурна-гістарычным помнікам. Якія цудоўныя архітэктурныя ансамблі ў ім! Кожны помнік тут сам па сабе ўнікальны. Як, да прыкладу, касцёл Святой Эўфеміі, пабудаваны славутым архітэктарам Янам Марыя Бернардоні. У ім захавалася першая ва Усходняй Еўропе купальная іезуіцкая базіліка. Радзівілы былі вельмі багатыя і амбіцыйныя, і таму
    Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка дазволіў сабе пабудаваць храм падобны на той, які быў толькі ў самім Рыме — такія ж храмы ў Кракаве ды Вільні з'явіліся пазней.
    Але Нясвіж — гэта перш за ўсё замак, узведзены на месцы драўлянага замка ўсё тым жа італьянцам Бернардоні. А ў замку — шыкоўныя залы. Аж тры партрэтныя залы змяшчалі 300 партрэтаў Радзівілаў і іншых дзяржаўных дзеячаў ВКЛ. Багатая бібліятэка кніг — за антырасійскія выступленні аднаго з Радзівілаў — Пане Каханку — з замка было вывезена ў Пецярбург у 1772 годзе звыш 10 тысяч тамоў кніг.
    Аддаў Нясвіж Радзівілам імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Карл V — у 1547 годзе М. Радзівіл Чорны атрымаў тытул «князь на Альцы і Нясвіжы».
    Мір і Нясвіж — нібыта браты. Як толькі Мірскае графства ў 1569 годзе было далучана да Нясвіжскага княства, стала вотчынай Радзівілаў, новыя гаспадары адразу ж стварылі каля сцен Міра палацавы комплекс. Рабіў гэта зноў жа Бернардоні — тады ў італьянцаў быў вопыт як замкі ператвараць
    у палацы.
    Мірскі замак будаваўся не толькі з абарончымі мэтамі, але і для таго, каб паказаць багацце і веліч яго ўладалыіікаў. Мір быў атулены з усіх бакоў векавечнымі пушчамі — Налібоцкая, Свержаньская — і асаблівых нападаў не зведаў. Таму пры будаўніцтве замка найперш, як пісаў паэт Уладзіслаў Сыракомля, зважалася на яго «артыстычную пыхлівасць».
    Пра тое ж — прыгажосць і непаўторнасць — мусіць, думалі і магутныя Сапегі, уладальнікі Ружан, закладваючы палацавы комплекс. Нездарма нашчадкі з удзячнасцю назвалі іхні палац Ружанскім Версалем: бібліятэка на 20 тысяч тамоў, нуміз-
    матычная калекцыя, старажытныя гравюры, каля тысячы
    твораў мастацтва ў залях. Парк, сады, аранжарэя. Аркады, парадная лесвіца, тэатр, манеж. I сам палацавы комплекс меў нязвыклую форму: з вышыні птушынага палёту ён выглядаў
    вялікаю каменнаю ружаю.
    Цяпер — разбураны і разрабаваны. Скарбы Ружанскага палаца сёння знаходзяцца ў музеях Расіі і Полыпчы. А яшчэ ж у 1637 годзе Ружаны атрымалі магдэбургскае права і герб —
    Святы Казімір у вянку з руж.
    Магдэбургскае права — права на самакіраванне. Першаю гэтае права ў 1387 годзе атрымала Вільня. Затым граматы на самакіраванне займелі Бярэсце, Гародня, Слуцк, Полацк, Мінск і іншыя гарады. У некаторых гарадах, якія не мелі самакіравання, беларускія магнаты ўводзілі свае прывілеі: Капыль, Быхаў, Давыд-Гарадок і інш.
    У гарадах у XII—XIII стагоддзях актыўна развіваліся рамёствы — у гароднях і па-за імі сяліліся кавалі, ювеліры, шаўцы, краўцы, касцярэзы, ганчары, бандары. Ды і самі гарады былі вядомыя нейкай асноўнай галіной сваёй дзейнасці: у Слуцку развівалася гарбарная вытворчасць, у Віцебску — будаўнічая, у Мінску і Полацку — збройная, Магілёў быў вядомы сваёй якаснай апрацоўкаю футра, а Свержань, Дзераўное, Бешанковічы, Ула, цяперашнія вёскі ды пасёлкі, славіліся суднабудаваннем. Як цэнтры гандлю здаўна былі вядомы Полацк, Гародня, Віцебск, Бабруйск, Нясвіж, Любча...
    Гомель — старажытны горад радзімічаў і патомнае ўладанне Вольгавічаў: князёў Алега і Ігара, герояў «Слова аб палку Ігаравым».
    Гародня — горад Трайдзеня, Вітаўта, Давыда Гарадзенскага. Любімы горад вялікага князя ВКЛ і караля Польшчы Стафана Баторыя. У ім адбываліся штогадовыя сеймы. Дарэчы, у Гародні ў 1793 годзе адбыўся апошні сейм Рэчы Паспалітай, які зацвердзіў Другі падзел Польшчы.
    Дуброўна — памежны горад паміж Масковіяй і ВКЛ. Нават калі падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай расійскае войска Куракіна аблажыла Дуброўна, цар Аляксей Міхайлавіч, злуючыся, што горад і замак не здаецца, усё ж забараніў браць яго «зажогам» — ён павінен быў абараняць, засланяць сабою блізкі Смаленск. I ўсё ж тады Дуброўну спалілі датла: па загаду ўсё таго ж цара горад спаліў Чаркаскі.
    Барань, што каля Оршы, спачатку належала гетману Астрожскаму, а калі перайшла ва ўласнасць Радзівілаў, у 1597 годзе князь Мікалай Радзівіл заснаваў тут кульню — майстэрню па вытворчасці ядраў і куль. Кульнікі здабывалі руду, выраблялі драўляны вугаль, варылі жалеза, адлівалі ядры-кулі і забяспечвалі імі Копыскі і Біржайскі (цяпер у Літве) замкі. Штогод Біржайскаму замку Бараньская кульня вырабляла
    195 вялікіх ядраў і 325 меншых, а Копыскаму — 390 малых ядраў і 780 куль для гакаўніц.
    А вось што мелася ў Ляхавіцкім замку, які стаяў на рацэ Ведзьма і лічыўся самым моцным сваёй фартыфікацыяй ва ўсёй Рэчы Паспалітай: на замкавых валах стаяла 31 гармата — дарэчы, большасць з іх былі адліты на людвісарнях Хадкевіча і Сапегі. «У арсенале былі дзве невялікія шмыгаўніцы, 51 гакаўніца, мушкеты звычайныя і цяжкія мушкеты-«кабылы», стрэльбы-«янычаркі», больш за тры тысячы ядраў рознага калібру, мушкетныя кулі, шрот, даспехі-«зброі» на 141 чалавека, 551 шлем-шышак.
    Таму ўсю зіму 1595—1596 гадоў і штурмавалі замак беспаспяхова казацкія загоны Севярына Налівайкі.
    Магутныя на той час гарады. I нейкія Кушлікі — сяло, якое знаходзіцца за дзесяць вёрст ад Дзісны. А каля яго ж адбылася падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай вялікая бітва 1661 года. Тут рускія пацярпелі паражэнне, страцілі 130 сваіх сцягоў. Пад Кушлікамі загінула чатыры тысячы рускіх воінаў. Каб парадавацца перамозе, у Кушлікі прыязджаў сам кароль Рэчы Паспалітай Ян Казімір з 5 харугвамі конніцы.
    Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай пачаўся заняпад гарадоў Беларусі: з 357 нашых гарадоў і мястэчак засталося жывымі толькі 228...
    Аднак нашы гарады не толькі знікалі, але і нараджаліся. Пры савецкай уладзе з’явіліся гарады Салігорск, Наваполацк, Светлагорск, Новалукомль, Белаазёрск і іншыя. Цяпер яны — самыя маладыя ў нас: каму па 40, а каму ўжо нават і за 50 гадоў! Праўда Светлагорск узнік на месцы старажытнай вёскі Шацілкавічы, вядомай з XIV стагоддзя, Новалукомль — на месцы горада Лукомля, а Наваполацк — як далёкі-далёкі нашчадак самога Полацка.
    Некаторыя нашы гарады ўзніклі ў XIX стагоддзі падчас правядзення чыгункі на беларускіх землях — як чыгуначныя станцыі: Баранавічы, Жабінка, Жыткавічы.
    Іншыя ж мянялі свае імёны: старажытныя Давячоравічы сталі Драгічынам, Здзяцел — Дзятлавым, Прапойск — Слаўгарадам, Ігумен — Чэрвенем. А горад на рацэ Няцечы меў аж некалькі імён: Крутагор’е, Койданава, Дзяржынск. I ўсе
    яны звязаны з гістарычнымі падзеямі і асобамі. Іванава было і Порхавым, і Янавым.
    Гарадскі пасёлак Краснасельскі на рацэ Рось, што ў Ваўкавыскім раёне, нарадзілі крэмнездабыўчыя шахты, дзе першабытныя людзі неаліту і бронзавага веку здабывалі крэмень для прылад працы. Дарэчы, тут жа знойдзены зуб маманта — 17 сантыметраў у даўжыню, 15 — у вышыню і амаль 8 — па акружнасці.
    У Жыровічах у 1470 годзе з’явіўся Жыровіцкі абраз Маці Боскай.
    Лагойск вырас між прыгожых, маляўнічых пагоркаў.
    Талачын збудавалі талакою.
    Наваградак, здаецца, быў з намі заўсёды. Ен чамусьці ўяўляецца нам нават старэйшым за свае гістарычныя гады. Быццам яму ўжо больш за тысячу гадоў.
    Можа, таму, што менавіта ў ім у 1253 годзе адбылася каранацыя вялікага князя Міндоўга каралеўскаю каронаю. «3 блаславення папы Інакенція, праз Генрыка, біскупа хэлмскага, у Прусах кардынала». Князь зрабіўся каралём, а княства — Вялікім каралеўствам.
    А двума гадамі раней Міндоўг тут жа, у Наваградку, разам з жонкаю і двума сынамі хрысціўся па рымскаму звычаю, прыняўшы каталіцкую веру ад прасвітара Лівонскага ордэна. Аднак пасля перамогі над крыжакамі каля возера Дурбэ Міндоўг адмовіўся ад каталіцтва і зноў вярнуўся ў язычніцтва.
    Значыць, ужо ў XIII стагоддзі Наваградак бьгў нашаю сталіцаю. Першаю сталіцаю Вялікага Княства Літоўскага, якое жыло і будавалася на нашых беларускіх землях.
    Другою сталіцаю ВКЛ стала Вільня. Наш старажытны горад. Горад, што ў нашых душах і сэрцах. Вільня — сталіца культуры Беларусі. Тут таксама зараджалася наша дзяржаўнасць, у Вільні мы пачалі разумець нашу беларускасць. Таму Вільня для нас з’яўляецца сталіцай нашай культуры. духу, волі.
    А нашай сапраўднай палітычнай сталіцай з’яўляецца Мінск. Ён быў сталіцаю і ў БССР, калі мы ўваходзілі ў Савецкі Саюз, застаўся ёю і ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь. Пра Мінск напісана столькі, што, мусіць, няварта ўжо шмат пра яго
    згадваць — наўрад ці знойдзецца ў краіне хоць адзін чалавек, які б нічога не ведаў пра наш горад-герой.
    Дарэчы, перад апошняй вайною сталіцаю Беларусі мог стаць Магілёў, калісьці другі, пасля Вільні, горад у ВКЛ. У Магілёў ужо збіраліся пераводзіць дзяржаўныя ўстановы, там нават пабудавалі Дом Саветаў, які быў амаль копіяй Дома ўрада ў Мінску — каб крыху аддаліць сталіцу ад граніцы з Польшчай, якая тады праходзіла непадалёк ад Мінска.
    Ен жа, Магілёў, амаль тры гады быў сталіцаю Расійскай імперыі. Падчас Першай сусветнай вайны ў Магілёве знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага войскамі Расіі — з 1915 года тут жыў апошні расійскі імператар Мікалай II, які прыняў на сябе вярхоўнае галоўнакамандаванне. Тут жа, у Магілёве, ён і адрокся ад прастолу.