У сэрцы слова адзавіся
зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2
12+
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 407с.
Мінск 2018
Мой дарагі, ты не спытаўся з болем: чаму, любячы цябе, пайшоў ад цябе на ўсе гады даўгія?»
I тут жа быццам ускрыквае:
«Ты адзін у мяне на свеце!»
А Юдалю Пэну, мастаку, таксама віцябчаніну, Шагал адрасуе вельмі цёплыя словы:
«Пэн — мой першы настаўнік. Ен увесь час жыве ў Віцебску. Віцебск жыве — і Пэн жыве заўсёды ў ім. Калі я каму зайздрошчу, калі сумую аб чым, дык гэта ад таго, што Пэн жыве заўсёды ў Віцебску, а я — заўсёды, заўсёды ў Парыжы».
Цяпер у Віцебскім краязнаўчым музеі захоўваецца 155 жывапісных работ Пэна. I ёсць Музей Шагала.
Трэцім нашым горадам, які ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах X стагоддзя, з’яўляецца Тураў. Тураў — адзіны горад на тэрыторыі рассялення дрыгавічоў, які пад гэты час згадваецца ў летапісах. «Аповесць мінулых гадоў» сцвярджае, што Тур трымаў уладу ў Тураве, што ад яго і тураўляне пачалі гэтак звацца. Хоць некаторыя даследчыкі і лічаць, што князь Тур — міфалагічная, напаўлегендарная асоба.
Тураў упамінаецца пад 980 год. Яшчэ раней, у V стагоддзі, пра гэтыя мясціны пісаў Герадот, які адважыўся на падарожжа ў варагі, аднак да тураўскай зямлі не дабраўся — перашкодзілі векавечныя, непраходныя пушчы і Прыпяцкая нізіна, якую падарожнік назваў морам.
Тураўляне займаліся земляробствам, рыбнай лоўляй, паляваннем, бортніцтвам. У канцы X стагоддзя яны стварылі сваё вялікае і магутнае княства. Першы гістарычна вядомы тураўскі князь — Святаполк, сын Уладзіміра Святаслававіча. У XI стагоддзі княства адасобілася ад Кіеўскага, у якім яно
мела вялікі ўплыў: тураўскія князі нават пераходзілі на Кіеўскі вялікакняжацкі прастол — Святаполк Уладзіміравіч, Ізяслаў Яраслававіч, Святаполк Ізяслававіч, Вячаслаў Уладзіміравіч.
Тураўская зямля доўгі час змагалася за сваю незалежнасць ад Кіеўскага княства, якое імкнулася ўплываць на суседзяў. Пра гэта сведчыць і легенда, якая расказвае, што падчас хрышчэння Тураўшчыны па рэках Дняпро і Прыпяць з Кіева ў Тураў прыплылі — супраць цячэння! — цяжкія каменныя крыжы. Іх вылавілі ў Тураве, а таксама ў вёсках Верасніца, Перароў, Хлупін, Старажоўцы і інш. Крыжы з’яўляюцца сімвалам веры і лічацца святымі.
Усяго крыжоў было дзесяць. Два з тых, што ў свой час прыплылі, паводле падання, з Кіева, знаходзяцца ў Тураве — на Барысаглебскіх могілках і ў царкве Усіх Святых. Той, што на Барысаглебскіх могілках, кажуць, нават расце па некалькі міліметраў у год. Як сцвярджае легенда, калі знойдуцца ўсе крыжы, адбудзецца вялікі цуд: з балота падымецца старая царква, якая правалілася з-за таго, што калісьці татары ўехалі ў яе на конях, і Беларусь зноў расквітнее і зробіцца шчасліваю.
Потым Тураў, палены і разбураны, заняпаў, зрабіўся вёскаю. Зноў горадам ён стаў толькі ў 2004 годзе — перад святам беларускай пісьменнасці, якое той год адбывалася ў ім.
Адзінаццатае стагоддзе ўжо ведала нашы гарады Бярэсце, Браслаў, Друцк, Мінск, Копысь, Лагойск, Лукомль, Орша, Пінск. Дванаццатае стагоддзе запомніла Барысаў, Брагін, ІЬмель, Гродна, Клецк, Крычаў, Мазыр, Магілёў, Мсціслаў, Наваградак, Прапойск, Рагачоў, Слуцк, Чачэрск. А Ваўкавыск, ДавыдТарадок, Здзітаў, Камянец, Капыль, Кобрын, Слонім, Рэчыца, Турыйск з’явіліся ў трынаццатым стагоддзі.
Звычайна ў гістарычнай літаратуры годам нараджэння горада лічыцца год першага ўпамінання яго ў летапісных крыніцах. Але такое вызначэнне не дакладнае: вядома ж, шмат якія гарады былі пабудаваны намнога раней, чым пра іх успомнілі летапісы.
Аднак ёсць гарады, заснаванне якіх падаецца дакладна. Як, напрыклад, Барысаў:
«У 1102 годзе Барыс Усяслававіч Полацкі хадзіў на яцвягаў і, перамогшы іх, паставіў град Барысаў у сваё імя і людзей пасяліў».
Усяго старажытнаславянскія летапісы і крыніцы дакладна называюць на тэрыторыі сучаснай Беларусі .35 гарадоў, якія сёння вывучаны і даследаваны.
А пра некаторыя гарады, што згадваюць летапісы, і цяпер, апрача ўпамінання, нічога невядома. Галацічаск, Гарадзец, Некалач, Стрэжаў, Астрэя... Дзе яны знаходзіліся, куды зніклі? А дзе ён, Райгарад Трайдзеня, які Гаспадар ВКЛ Трайдзень, што далучыў да беларускай дзяржавы Яцвягію і амаль усё сваё княжанне правёў у войнах, збудаваў на рацэ Бобр? Што за горад Шарашова, дзе ён падзеўся? А проста стаў пасёлкам у Пружанскім раёне. А ён жа ўпамінаецца пад 1380 годам. I меў ён тады тры тысячы насельніцтва. Столькі ж, колькі і Бярэсце. Гарадскія правы яму дала яшчэ каралева Бона. А дзе яны, гарады Небль, Сцепань, Дубровіца, добра вядомыя не толькі ў Тураўскім княстве ў XII—XIII стагоддзях? Некаторыя змізарнелі і таксама ператварыліся ў звычайныя вёскі.
Збляны — цяпер вёска ў Лідскім раёне. А ў XV стагоддзі — гэта двор вялікіх князёў ВКЛ Казіміра і Аляксандра.
Ракаў Эліза Ажэшка называла калісьці Паўночнымі Афінамі. Цяпер гэта ўсяго толькі вёска на рацэ Іслач.
Здзітава — вёска ў Бярозаўскім раёне, ля возера Спораўскага. А пра ЗдзітаўТарадок успамінаецца пад 1252 год. Ён ляжаў на вялікім шляху з Валыні ў Вільню.
Абольцы. Звычайная вёска ў Талачынскім раёне. 150 двароў. Цэнтр сельсавета. Жыве звычайным жыццём і ў XXI стагоддзі.
А яна ж успамінаецца ў «Спісе рускіх гарадоў» пад XIV стагоддзем. Кароль Польшчы Ягайла падараваў Абольцы сваёй жонцы Ядвізе ў вена — як выкуп за нібыта выкраданне яе ж, нявесты... Пры ўзвядзенні ў 1430 годзе Свідрыгайлы на трон ВКЛ Абольцы ўспамінаюцца як горад. Потым вялікі князь ВКЛ і кароль Польшчы Жыгімонт I Стары падараваў яго сваёй жонцы Боне. Супраць Кірдзея, яе намесніка, абольцкія сяляне паднялі паўстанне і адстаялі свае правы.
Крэва — вёска на Смаргоншчыне. А гэта ж калісьці сталіца Нальшчан, пра што згадвае адна з нямецкіх хронік. Галоўны горад Крэўскага княства. Каля 1338 года вялікі князь ВКЛ Гедзімін аддаў яго свайму сыну Альгерду, а той — таксама свайму сыну Ягайлу.
Аднак ці не самаю важнаю падзеяй XIV стагоддзя, што адбылася ў Крэве, была Крэўская унія 1385 года, заключаная ў Крэўскім замку. У выніку гэтай уніі адбыўся ў Любліне з’езд польскай шляхты, на якім Ягайла адзінагалосна быў абраны каралём Полыпчы.
А маёнтак Востраў што каля горада Ліды? Хто цяпер, апрача гісторыкаў асабліва згадвае яго? А ў ім жа адбывалася не менш значнае прадаўжэнне Крэўскай уніі.
Туту 1392 годзе заключана Востраўскае пагадненне паміж польскім каралём і вялікім князем ВКЛ Ягайлам і князем гарадзенскім і трокскім Вітаўтам аб перадачы ўлады ў ВКЛ Вітаўту. У Востраў прыехалі Ягайла з Ядвігаю, Вітаўт з князямі пануючай у княстве дынастыі, беларускія і літоўскія феадалы. Да гэтага стрыечныя браты між сабою варагавалі і ваявалі — Вітаўт нават з дапамогаю Тэўтонскага ордэна атрымаў шэраг перамог над войскам Ягайлы. У Востраве Вітаўт быў прызнаны старэйшым сярод родных і стрыечных братоў Ягайлы і пажыццёвым намеснікам караля і ўладара Вялікага Кпяства Літоўскага.
А пасля паражэння ў бітве на Ворскле, дзе Вітаўт хацеў памагчы зноў заняць ханскі трон у Залатой Ардзе прагнанаму адтуль хану Тахтамышу, вялікі князь літоўскі аднавіў ранейшыя стасункі з Польшчаю, якія былі зацверджаны юрыдычна і далі магчымасць дзвюм магутнейшым на той час у Еўропе дзяржавам перамагчы крыжакоў у Грунвальдскай бітве.
Дарэчы, Тахтамыш, які пасля паражэння Мамая ў Кулікоўскай бітве стаў ханам Залатой Арды і нават захопліваў у 1382 годзе Маскву, пасля паражэння ад Цімура ўцёк у ВКЛ і жыў у Лідзе. Яго з дружынаю пасялілі ў асабняку, які ўсе называлі Тахтамышавым дваром, а самога Тахтамыша многія татарскія феадалы прызнавалі ханам у выгнанні.
Куцейна — раней прыгарад Оршы, а цяпер — у самім горадзе, у забудаваным Задняпроўі. Сёння ад былой велічы
Куцейна засталася толькі Святадухаўская царква. А ў XVII стагоддзі ў манастыры быў сапраўдны цэнтр кнігадрукавання і ўвогуле культурнага ды рэлігійнага жыцця. Мітрапаліт Пётр Магіла і кнігавыдавец Спірыдон Собаль, Афанасій Філіповіч і Георгій Каніскі... Яны ведалі абіцель, і яна ведала іх. Святы Афанасій Філіповіч жыў у Куцейне і напісаў тут свой «Дыярыуш», а Георгія Каніскага падчас, калі «праваслаўе было гнана каталіцкім фанатызмам», Куцейна ўратавала ад смерці. Вось як пра гэта пісаў рускі паэт A. С. Пушкін:
«У 1759 годзе Георгій, не зважаючы на небяспеку, якая пагражала яму, паехаў аглядаць сваю бядотную епархію. Аўлачынскі (дамініканец) і місіянеры ўзбунтавалі ў Оршы шляхту і жаўнераў. Яны разагналі народ, які выйшаў з харугвамі насустрач свайму архіпастыру, спынілі званоў перазвон і з лямантам уварваліся ў царкву, дзе Георгій свяшчэннадзейнічаў. Правялебны ледзь паспеў уратавацца ад іх шабляў у сценах Куцеінскага манастыра, адкуль яго таемна вывезлі на калёсах, прыкрыўшы гноем».
А самыя значныя падзеі Куцеінскай лаўры адносяцца да XV стагоддзя. Тут перапісваліся і перапляталіся кнігі, працавалі таленавітыя мастакі, рэзчыкі па дрэве, чаканшчыкі, гравёры. Куцеінскія манахі, аршанскія ды копыскія майстры пабудавалі «восьмы цуд свету» — царскі палац у Каломенскім.
Друя на Друйцы — памежны горад між трох магутных дзяржаў — ВКЛ, Лівоніі і Масковіі.
Друцк. Адзін з самых вядомых сярэднявечных гарадоў Полацкай зямлі. Толькі Іпацьеўскі летапіс успамінае яго дзесяць разоў! Ён узнік на высокім беразе ракі Друць на волаку дзвінскага шляху «з вараг у грэкі». Пра яго згадвае ў сваім «Павучанні» Уладзімір Манамах. Тут створана вядомае ў славянскім свеце рукапіснае «Друцкае евангелле» XIV стагоддзя, напісанае на пергаменце. Друцкі замак браў у аблогу Вітаўт, на яго нападаў крымскі хан Махмет Гірэй, да яго сцен прыходзілі дружыны кіеўскіх князёў Уладзіміра Манамаха і Ігара Святаслававіча, яго рабавалі і разбуралі маскоўскія ваяводы. Друцк быў уцягнуты ў вайну смаленскіх князёў з чарнігаўскімі.
Асабліва прываблівалі ўсіх непрыяцеляў друцкія палі — вольныя мясціны вакол горада і замка па абодва берагі
Друці, у раёне старажытнага волака, курганных могільнікаў і селішчаў X стагоддзя. Бязлесыя друцкія палі ляжалі ў велfaMi зручным месцы. на скрыжаванні гандлёвых і ваенных шляхоў на Поўнач і Поўдзень, на Усход і Захад: на Полацк і Ноўгарад, на Смаленск і Маскву, на Магілёў і Кіеў, на Вільню і Варшаву. Таму на Друцкіх палях збіраліся перад паходамі і войскі ВКЛ, і войскі Маскоўскай дзяржавы, каб ісці ў глыбіню Беларусі — тут іх лягчэй было і канцэнтраваць, і парадчыць.