Усе нашы дзеці з Булербю  Астрыд Ліндгрэн

Усе нашы дзеці з Булербю

Астрыд Ліндгрэн
Выдавец:
Памер: 110с.
Вільня 2000
19.65 МБ
АСТРЫД ЛІНДГРЭН
Усе нашы дзеці з Булербю
к 	
Усе нашы дзеці з Булербю
Гэтая кніга падарунак ад чытачоў газэты «Зальцбургскія Навіны»
АСТРЫД ЛІНДГРЭН
Усе нашы дзеці з Булербю
ВІЛЬНЯ, 2000
УДК 839.7-93
Li 428
Астрыд Ліндгрэн. «Усе нашы дзеці з Булербю». Проза для дзяцей. На беларускай мове. Пераклад з шведзскай Лявона Баршчэўскага. 110 старонак. Наклад 10 000 асобнікаў. Фармат 14x20. Папера афсет.
ISBN 9955-437-04-9
© Astrid Lindgren, 1946
ЗЬМЕСТ
Усе нашы дзеці з Булербю	7
Разам братам цяжка	10
Мой самы вясёлы дзень народзінаў	16
Яшчэ весялейшае пра дзень народзінаў	22
Калі ў нас скончыліся заняткі	27
Мы прарэджвалі рэпу й прыдбалі па кацяняці	33
Як Оле займеў свайго сабаку	41
Цудоўна мець сваю жывёліну, але й дзядуля гэта таксама добра	47
У хлопчыкаў таямніцаў быць ня можа	55
Мы начуем на вышках	63
Як мы з Ганнаю спрабавалі ўцячы з дому	69
Мы будуем сабе хатку	77
Я ж казала, што ў хлапцоў таямніцаў быць ня можа!	81
Ізноў пачынаецца школа	87
Як мы пераапраналіся	93
Завіруха	  98
Неўзабаве Божае Нараджэньне	 104
УСЕ НАШЫ ДЗЕЦІ 3 БУЛЕРБЮ
Мяне завуць Ліза. Я дзяўчынка, пра гэта кажа маё імя. Мне сем гадоў, а неўзабаве будзе восем. Мая мамуся часам кажа:
-	Ты ў мамы вялікая дзяўчынка, й сёння паможаш мне выціраць посуд.
А бывае, што Ласэ й Босэ кажуць:
-	Малым дзяўчынкам не дазволена гуляць разам з намі ў індыянаў. Ты
яшчэ занадта малая.
Таму мне робіцца вельмі цікава, ці я напраўду вялікая або малая. Калі адныя лічаць, што ты вялікая, а другія што ты малая, дык гэта, мажліва, якраз дакладна мой узрост.
Ласэ й Босэ мае браты. Ласэ мае дзевяць гадоў, а Босэ восем. Ласэ вельмі дужы й можа бегаць нашмат хутчэй за мяне. Але я магу бегаць
гэтаксама шпарка, як Босэ. Часам, калі Ласэ й Босэ ня хочуць, каб я была зь імі, Ласэ трымае мяне, аж пакуль Босэ не прабяжыць наперад. Тады Ласэ пускае мяне й як няма чаго рабіць пакідае ззаду за сабою.
Сястры ў мяне няма. Шкада. 3 хлопчыкамі гэтак цяжка!
Мы жывем у двары, які завецца Сярэднім. Гэта таму, што ён знаходзіцца паміж іншымі двума дварамі. Тыя два астатнія называюцца Паўночны Двор і Паўднёвы Двор. Усе тры двары разьмешчаныя адзін за адным. Вось гэтак:
У сапраўднасьці яны выглядаюць ня так, як я іх тут намалявала, але гэта ўсё таму, што я малюю ня надта добра.
У Паўднёвым Двары жыве хлопчык, якога завуць Оле. У яго ўвогуле няма ані брата, ані сястры. Але ён бавіцца разам з Ласэ і Босэ. Яму восем гадоў, і ён таксама хутка бегае.
Але ў Паўночным Двары жывуць дзяўчынкі. Ажно дзьве. Як цудоўна, што яны таксама ня хлопчыкі! Іх клічуць Брыта ды Ганна. Брыце дзевяць гадоў, а Ганьне гэтулькісама, колькі і мне. Я аднолькава люблю іх абедзьвюх. Можа, нават Ганну люблю крышачку болей.
Іншых дзяцей у Булербю няма. Булербю завецца нашая вёска. Яна зусім маленечкая толькі тры двары: Паўночны, Сярэдні ды Паўднёвы. I толькі шасьцёра дзяцей: Ласэ й Босэ, й я, й Оле, й Брыта, й Ганна.
РАЗАМ БРАТАМ ЦЯЖКА
Даўней Ласэ, Босэ й я жылі ў адным пакоі. Гэты пакой месьціцца ў паддашшы, з правага боку. Цяпер я жыву на паддашшы, у левым пакоі, які раней быў бабуліным. Але пра гэта я яшчэ распавяду пасьля.
Часам яно й бывае вясёла жыць у адным пакоі са сваімі братамі. Але гэта толькі часам. Было цікава, калі мы ўвечары ляжалі ў ложках і распавядалі адно аднаму страшныя гісторыі. Хоць было й вусьцішна. Ласэ навучыўся распавядаць гэткія страшкі, што я пасьля доўга-доўга ляжу, схаваўшы галаву пад коўдру. Босэ ня ўмее расказваць страшныя гісторыі. Ён адно фантазіруе пра тую безьліч прыгодаў, што ён мае перажыць, калі будзе дарослы. Ён паедзе тады ў Амэрыку, дзе жывуць індыяне, й зробіцца там іхным правадыром.
Аднаго вечара, калі Ласэ распавёў жахлівую гісторыю пра здань, якая хадзіла ў доме і перастаўляла ўсю мэблю, я перапалохалася і ўжо думала, што памру. У пакоі было амаль што зусім цёмна, а мой ложак стаяў далёка ад ложкаў Ласэ й Босэ; і вось у гэтай самай хвілі падумаць толькі!
адно крэсла пачало рухацца туды й сюды. Я падумала сабе, што гэта здань якраз і прыйшла ў наш дом ды пачала рухаць мэблю і я зараўла на ўсё горла. Тут жа я пачула, як Ласэ й Босэ рагочуць у сваіх ложках.. I вы падумайце: яны прывязалі загадзя да крэсла вяроўку, й кожны ляжаў у сваім ложку й тузаў за вяроўку гэтак, што
крэсла пачало рухацца й падскокваць! Гэта было надта да іх падобна. Напачатку я была моцна ўзлаваная, але потым мне не заставалася, нічога іншага, акрамя як сьмяяцца.
Калі ты жывеш у адным пакоі са сваімі братамі, а яны старэйшыя за цябе, дык ты ніколі нічога не вызначаеш. Тое, калі ўвечары трэба выключаць сьвятло, у нас заўсёды вызначаў Ласэ. I вось толькі я забяруся ў ложак, каб пачытаць «Швэдзкую вясну», з малюнкамі, дык тут Ласэ патрабуе, каб мы выключалі сьвятло й пачыналі расказваць тыя страшкі. А калі я, бывае, моцна натамлюся й хачу спаць, дык Ласэ й Босэ пачынаюць лежачы гуляць у Галодную Лісу. Ласэ можа ляжаць сабе ў ложку й выключаць сьвятло, якраз калі яму хочацца, бо ён прымацаваў да выключальніка выразаную з кардону шайбу зь вяровачкай, а вяровачка спускаецца проста да ложка. Гэта ўвогуле такая дзіўнаватая прылада, але я не магу яе як сьлед апісаць, бо не зьбіраюся, калі вырасту, рабіцца інжынэрам па кручэньні балтоў. Але Ласэ хоча ім стаць. Ён так кажа: інжынэрам па кручэньні балтоў. Я ня ведаю, што гэта такое, але Ласэ кажа, што калі хто хоча ім зрабіцца, дык той мусіць добра ўмець начапляць кардонныя шайбы на вык-
лючальнікі. Босэ ж хоча стаць правадыром індыянаў. Прынамсі, раней ён заўсёды пра гэта гаварыў. Што праўда, нядаўна я чула, як ён казаў, што хоча стаць машыністам цягніка можа, ён і стаў думаць іначай. А я дык і ня ведаю, кім хачу быць. Можа быць, мамкаю. Бо я люблю маленькіх-маленькіх дзяцей. У мяне сем лялек, у якіх я за мамку. Ды хутка я ўжо буду завялікая, каб гуляць з лялькамі. Гу-ух, як гэта, мусіць, сумна, калі ты станеш дарослым!
Маю самую прыгожую ляльку завуць Бэла. У яе блакітныя вочы й сьветлыя, хвалістыя валасы. Яна сьпіць у лялечным ложку з ружовай коўдрай ды ружовымі прасьцінамі; усё гэта ёй пашыла мамка. Калі аднаго разу я хацела ўзяць Бэлу з ложка, дык убачыла ў яе вусы ды бакенбарды. Гэта Ласэ й Босэ намалявалі іх кавалачкам вугалю. Я радая, што больш не жыву зь імі ў адным пакоі.
Калі праз вакно зазірнуць у пакой Ласэ й Босэ, дык можна заадно ўбачыць і Олеў пакой. Оле так-
сама жыве ў мансардзе. А Сярэдні Двор і Паўднёвы Двор знаходзяцца надта блізка адзін ад аднаго. Гэта выглядае так, нібыта дамы сьціскаюцца ў адно, кажа тата. Ён мяркуе, што тыя, хто іх будаваў, павінны былі пакінуць паміж імі болей мейсца. Але й Ласэ, й Босэ, й Оле мяркуюць іначай. Яны лічаць, што добра гэтак, як яно ёсьць. Паміж Сярэднім Дваром і Паўднёвым Дваром стаіць штыкетнік. У самым штыкетніку вялікае дрэва. Тата кажа, што гэта ліпа. Яе галіны дацягваюцца да вакна ў пакой Ласэ й Босэ і да вакна ў пакой, дзе жыве Оле. Калі Ласэ й Босэ, й Оле хочуць наведацца адзін да аднаго, яны проста пералазяць па ліпе з дому ў дом. Гэтак атрымліваецца нашмат хутчэй, чымся спускацца па сходах, пасьля выходзіць цераз адныя весьнічкі, потым ісьці праз другія ды падымацца зноўку па сходах угару.
Аднаго разу наш тата й тата Оле пастанавілі сьпілаваць тую ліпу, бо ў пакоях празь яе было надта цёмна. Але Ласэ, Босэ й Оле ушчалі адразу такое ныцьцё, што тую ліпу ўрэшце пакінулі ў спакоі. Яна засталася й надалей на сваім мейсцы. Там яна стаіць і па сёньня.
МОЙ САМЫ ВЯСЁЛЫ ДЗЕНЬ НАРОДЗІНАЎ
Па-мойму, дзень маіх народзінаў ды Сьвяты Вечар гэта самыя цудоўныя дні ў цэлым годзе. A самы вясёлы дзень народзінаў быў у мяне тады, калі мне споўнілася сем год. Усё адбывалася вось так:
Я прачнулася рана. Тады я яшчэ жыла ў адным пакоі з Ласэ й Босэ. Яны яшчэ спалі. У мяне ложак вельмі рыпучы, і я пачала круціцца ў ім то на адзін бок, то на другі, і гэтак шмат разоў, дзеля таго каб Ласэ й Босэ нарэшце прачнуліся. Я не магла іх паклікаць, бо калі ты маеш дзень народзінаў, то мусіш удаваць, што сьпіш аж пакуль цябе не пабудзяць. I вось яны сабе спалі, замест таго, каб патурбаваць сябе ды падняцца. Я рыпела сваім ложкам гэтак моцна, што Босэ нарэшце ўзьняўся і ўчапіўся пальцамі ў свае валасы. Тады ён пабудзіў Ласэ, і яны абодва сасьлізнулі ўніз па
сходах. Я пачула, як мама бразгоча на кухні філіжанкамі з-пад кавы, і праз сваю цікаўнасьць ужо амаль што не магла ляжаць спакойна. Урэшце пачуўся тупат на сходах, і я заплюшчыла вочы так моцна, як толькі магла. I тут дзьверы разнасьцежыліся, і ў іх зьявіліся тата, мама, Ласэ, Босэ ды Агда, наша пакаёўка. У маміных руках быў паднос. На ім стаялі філіжанка какавы, вазон з кветкамі й вялікі торт, пасыпаны цукрам ды разынкамі. Цукровым глязурам быў зроблены надпіс: «Лізе 7 год». Торт сьпякла Агда з пшанічнай мукі.
Але ніякіх падарункаў не было, і я падумала ўжо сабе, што гэты дзень народзінаў нейкі несапраўдны. Ды тата сказаў:
Зараз выпі сваю какаву, і потым паглядзім, ці знойдзем табе падарунак.
Тут я зразумела, што мяне чакае нейкая неспадзяванка, і пачала як мага хутчэй піць сваю какаву. Потым мама завязала мне вочы ручніком, a тата некалькі разоў павярнуў мяне вакол, узяў мяне на рукі і некуды панёс, гэтак што я не магла нічога бачыць. Я чула, як Ласэ й Босэ, падскокваючы, беглі побач і раз-пораз шчыкалі мяне за пяты ды крычалі:
Вось, адгадай, дзе ты цяпер!
Тата зьнёс мяне ўніз па сходах і ўвесь час ішоў як бы па коле. Праз нейкі час я зразумела, што мы ўжо на дварэ, і тут жа мы зноў падняліся па сходах. I вось, нарэшце, мама зьняла зь мяне той ручнік. Мы былі ў пакоі, які я раней аніколі ня бачыла. Прынамсі, мне здалося, што я яго ня бачыла. Але калі я выглянула ў вакно, дык зусім блізка ўбачыла паддашша Паўночнага Двара. А ў вакне дома стаялі Брыта ды Ганна й махалі мне рукамі.
Тут я скеміла, што гэта быў стары бабулін пакой і што тата гэтак доўга хадзіў са мной туды й сюды, каб зьбіць мяне з тропу. Калі я яшчэ была малая, бабуля жыла ў нас, але пару гадоў таму яна пераехала да цёткі Фрыды. Мамуся трымала пасьля таго ў гэтым пакоі свае кросны ды вялікую
кучу анучаў, зь якіх ткаліся ходнікі. Але цяпер тут не было ані кроснаў, ані анучаў. Цяпер мне падумалася, быццам тут пабываў і пагаспадарыў нейкі чараўнік-троль. Мамуся сказала, што тут сапраўды пабываў чараўнік, і гэтым чараўніком быў тата, які наваражыў мне гэты пакой, і што пакой будзе назаўсёды маім, і што гэта й ёсьць падарунак да майго дня народзінаў. Ад радасьці я ажно ўскрыкнула ды падумала, што гэта быў самы лепшы падарунак да дня народзінаў, які я калі-небудзь атрымлівала. Татусь сказаў, што мамуся таксама дапамагала, каб наваражыць гэты падарунак. Тата наваражыў шпалеры гэткія надзвычай вабныя шпалеры зь безьліччу малых-малюсенькіх букетаў кветак, а мама наваражыла фіранкі на вокны. Вечарамі тата ўнізе, у майстэрні, наваражыў мне камоду, круглы стол, кніжную паліцу й тры крэслы ды ўсё гэта пафарбаваў у белы колер. А мама наваражыла тканыя ходнікі, што ляжалі на падлозе й мелі чырвоныя, жоўтыя, зялёныя ды чорныя палосы. Я сама бачыла, як яна ткала іх узімку, але ж не магла ведаць, што яны рабіліся дзеля мяне. Я таксама бачыла, як тата майстраваў нейкую мэблю, але ж ён заўсёды ў зімку робіць мэблю людзям, якія ня ўмеюць май-