Усе нашы дзеці з Булербю
Астрыд Ліндгрэн
Памер: 110с.
Вільня 2000
Аднойчы дажджлівым днём, калі мы з Ганнай сядзелі ў дзядулі і прачыталі яму ўжо ўсю газэту, Ганна папрасіла:
- Дзядуля, раскажы нам, як ты тады ўцякаў.
- Ах, ах, сказаў дзядуля. Гэта вы ўжо чулі шмат разоў.
Але мы вельмі моцна прычапіліся да яго, і ён зноў пачаў нам расказваць сваю гісторыю. Калі ён скончыў, Ганна сказала:
- Гэта, напэўна, так весела уцякаць з дому. I я таксама хацела б калі небудзь уцячы.
- Але для гэтага патрэбна мець кепскіх людзей, ад якіх ты б уцякала, сказала я.
- Зусім неабавязкова, адказала Ганна. Можна і так уцячы. Зусім крыху! А потым вярнуцца назад.
- Добра, давай! прапанавала я.
Як ты думаеш, дзядуля, спыталася Ганна, ці можам мы гэта зрабіць?
I дзядуля адказаў, што, далібог, мы можам паспрабаваць, але зусім крыху. I тады мы вырашылі ўцячы з дому. Гэта мела адбыцца ўначы, і ніводная жывая душа не павінна была пра гэта ведаць. Мы папрасілі дзядулю нікому нічога не казаць. I ён паабяцаў нам гэта.
Мне вельмі цяжка позна ўвечары ня спаць; і я ня ведала, што мне трэба зрабіць, каб не заснуць да таго часу, калі я павінна буду ўцякаць. Але Ганна сказала:
Сьпі сабе спакойна! Мы прывяжам вяроўку табе за вялікі палец на назе й канец вяроўкі апусьцім у вакно; калі я буду ісьці, дык пацягну за вяроўку, і ты прачнесься.
Ганна сказала таксама, што яна адломіць галінку ядлоўцу й пакладзе сабе ў ложак: тады яна, напэўна, не засьне да тае пары, калі ўжо ўсе будуць моцна спаць.
Потым мы запыталіся ў дзядулі, што трэба браць з сабою, калі ўцякаеш, і ён адказаў, што трэба ўзяць крыху ежы і, мажліва, нейкія грошы, калі яны ёсьць. Мы хацелі ўцякаць ужо той самай ноччу і мелі вельмі шмат клопату, каб усё падрых-
таваць. Я пайшла да мамы і папрасіла зрабіць мне пару бутэрбродаў Мама зьдзівілася:
Што, ты ўжо зноў прагаладалася? Мы ж толькі што павячэралі.
Я, натуральна, не магла расказаць ёй, навошта мне спатрэбіліся тыя бутэрброды, і таму змоўчала. Тады я ўзяла пару кронаў з тых, што зарабіла на прарэджваньні рэпы, і паклала іх сабе пад падушку. Потым я выцягнула доўгі шнур, які зьбіралася навязаць сабе на вялікі палец.
Увечары мы, усе тутэйшыя дзеці, гулялі ў выбіваньне мячыкам, і калі надышоў час ісьці ў ложак, мы з Ганнай пераглянуліся і прашапталі адна адной:
«А палове адзінаццатай!»
Я вельмі моцна абняла маму, тату, калі зычыла ім добрай ночы, бо мне падумалася, што цяпер я іх доўгі час ня ўбачу. I калі мама сказала мне, што назаўтра мы разам пойдзем зьбіраць парэчкі, мне стала вельмі сумна, што заўтра ў іх маленькай дзяўчынкі ўжо ня будзе.
Пасьля я пайшла ў свой пакой і прывязала адзін канец вяроўкі за вялікі палец на назе, а другі апусьціла у вакно; а потым я пайшла ў ложак, падумаўшы сабе, што трэба хоць крыху паспаць, каб ня быць вельмі стомленай, калі давядзецца ўцякаць з дому.
Звычайна я засынаю адразу ж, як толькі дакрануся галавою да падушкі, але гэтым вечарам я ніяк не магла заснуць. Я спрабавала і так, і гэтак, але як толькі я пачынала варушыцца, вяроўка на маім вялікім пальцы нацягвалася, і я пачынала думаць, што скажа мама, калі назаўтра ўраньні зойдзе ў мой пакой і ўгледзіць, што мой ложак пусты. Мне было яе гэтак шкада, што я заплакала. I плакала доўга-доўга.
Раптоўна я прачнулася. Сваім пальцам на назе я адчувала нешта дзіўнае і не магла ўцяміць, што ж гэта такое. Але потым да мяне дайшло: гэта нехта цягнуў за вяроўку.
Ага, Ганна, я іду-іду! ускрыкнула я, ускочыла з ложка ды падбегла да вакна. А там быў сьветлы ясны дзень! Унізе стаяў Ласэ й цягнуў за вяроўку. Ах, як жа я ўзлавалася!
Гэй, гэй, закрычала я, а ну, пусьці вяроўку!
Але Ласэ тузаў і тузаў за той шнур.
Пусьці! крыкнула я.
А чаму? спытаўся Ласэ.
Бо ён прывязаны мне за палец на назе! крыкнула я.
Тут Ласэ засьмяяўся і сказаў:
Ну, нішто сабе рыбка патрапіла мне на вуду! Ён хацеў ведаць, што значыў гэты шнур, зачэп-
лены за маю нагу, але ў мяне не было часу яму расказваць пра ўсё. Я паляцела праз дарогу ў Паўночны Двор. Я думала, што, мажліва, Ганна ўцякла з дому адна. Брыта сядзела на сходах і гуляла з Сэсаю.
Дзе Ганна? спыталася я.
Сьпіць, адказала Брыта.
Я паднялася па сходах у Брыцін і Ганнін пакой. Ганна ляжала ў ложку й моцна храпла. Я паспрабавала была прывязаць вяроўку ёй за вялікі палец нагі, але тут яна прачнулася.
Ой, ускрыкнула яна,а колькі ж гэта часу?
Калі я адказала, што ўжо восьмая раніцы, яна нейкую хвілю сядзела моўчкі, а потым сказала:
Людзі, якія пакутуюць ад бяссоньня, павінны паспрабаваць класьціся спаць на ядлаўцовых галінках. Ты сабе не ўяўляеш, як ад іхняга паху цягне на сон!
Пазьней мы пайшлі да дзядулі пачытаць яму газэту. Убачыўшы нас, ён вельмі зьдзівіўся й запытаў:
Што такое, чаму вы не ўцяклі?
Ах, неяк другім разам! адказалі мы.
МЫ БУДУЕМ САБЕ ХАТКУ
Нарэшце нам надакучыла гуляць у сене. Штодня Ласэ, Босэ й Оле недзе зьнікалі. Мы ня ведалі, дзе, але нам было ўсё адно, бо і самім гулялася весела. На палянцы за Сёргардэнам ёсьць шмат маленькіх пляскатых камянёў і ўзгоркаў. Там мы й гулялі разам з Брытай ды Ганнай. Аднаго разу Брыце прыйшло ў галаву, што нам трэба пабудаваць у расколіне паміж двумя вялікімі камянямі сваю маленькую хатку.
Ах, як нам было весела! Мы збудавалі выдатную хаціну, найлепшую з тых, што мы калісьці рабілі. Я спыталася ў мамы, а ці нельга нам узяць туды наш ходнік са шматкоў тканіны, і яна дазволіла ўзяць яго. Мы паклалі той ходнік на гладкую каменную падлогу, й хатка зрабілася ў сярэдзіне яшчэ больш падобная да сапраўднай хаты. Пасьля мы прыцягнулі скрыні з-пад цукру й паставілі
іх замест шафаў, а самую вялікую квадратную скрыню мы паставілі пасярэдзіне, замест стала. Брыта ўзяла ў сваёй маці хустку ў кратку, і мы паклалі яе на стол замест абруса. I яшчэ кожная з нас прынесла з дому падножныя ўслончыкі, каб на іх сядзець. Я прынесла таксама мой прыгожы ружовы лялечны набор дзіцячага посуду, а Ганна свой графінчык з кветкамі ды некалькі філіжанак. Усё гэта мы паставілі на скрыню з-пад цукру вядома ж, засьцяліўшы яе перад гэтым паперай. Пасьля ўсяго мы назьбіралі букет званочкаў
і стакротак і паставілі іх у ваду ў слоіку пасярэдзіне стала. Ах, як гэта было прыгожа!
Агда якраз цэлы дзень займалася печывам і дазволіла мне самой сьпячы некалькі малюсенькіх лялечных коржыкаў Пасьля мы сядзелі ў нашай
хатцы, пілі каву з маіх ружовых лялечных філіжанак і елі коржыкі. А Ганна прынесла ў сваім графінчыку сок, і мы таксама пілі той сок.
Мы гулялі, як быццам Брыта была гаспадыняй і звалася спадарыняй Андэрсан, я пакаёўкай, якую завуць Агдай, а Ганна дзіцём. Мы таксама хадзілі ў маліны, што расьлі абапал хаткі, зьбіралі ягады, расьціскалі іх у белай анучцы і гулялі, быццам бы мы робім сыр. Брыта, якая была за спадарыню Андэрсан, сказала мне:
- Вось вы, Агда, ніяк не навучыцеся рабіць
А я адказала:
- Спадарыня Андэрсан, вы можаце й самі рабіць сабе свой стары сыр.
Толькі я гэта сказала, як за адным з камянёў раптам ўбачыла Босэву чупрыну. Я адразу ж прашаптала Брыце з Ганнаю:
Хлопчыкі нас падслухоўваюць.
I мы разам закрычалі:
- Га, мы вас убачылі! Вы можаце выходзіць са сваёй схованкі!
Тут адразу зьявіліся Ласэ, Босэ і Оле; яны пачалі дурэць, пацьвельваць і крычаць:
- Вось жа ваша Агда ніяк ня можа навучыцца рабіць стары сыр для спадарыні Андэрсан!
Яны аніяк не хацелі пакінуць нас у спакоі, і мы ў гэты дзень так і не змаглі працягнуць гульню. Ласэ хацеў, каб мы пайшлі зь імі гуляць у выбіваньне мячыкам, і мы пагадзіліся. Але Ласэ працягваў дурэць і раз-пораз крычаў нам:
Ці не маглі б вы, спадарыня Андэрсан, бегаць крыху хутчэй? Глядзіце на мячык, спадарыня Андэрсан!
Я Ж КАЗАЛА, ШТО Ў ХЛАПЦОЎ ТАЯМНІЦАЎ БЫЦЬ НЯ МОЖА!
Назаўтра Ласэ, Босэ і Оле адразу ж пасьля сьняданку йзноў недзе пазьнікалі. Мы з Брытай і Ганнай да поўдня гулялі ў нашай хатцы, аж пакуль нам не захацелася якой іншай гульні. Мы пачалі абмяркоўваць, дзе ж гэта хлопцы прападалі цэлы дзень. Раней мы над гэтым не задумваліся, але цяпер нам раптам прыйшло ў галаву, што мы іх ня бачылі амаль цэлы тыдзень калі не лічыць нашых вечаровых гульняў у выбіваньне.
- Давайце прасочым за імі, сказала Брыта.
- Добра, адказалі мы з Ганнай, мы схаваемся ў засадзе, бо нам трэба ведаць, чым яны займаюцца.
Перад самым абедам мы селі на драбінах каля нашага дому й узяліся пільнаваць. Неўзабаве зьявіўся Ласэ. Праз якую хвілю Босэ. А адразу за ім Оле. Але яны прыйшлі не з аднаго боку. Мы
ўцямілі, што ў іх ізноў зьявілася нейкая таямніца, пра якую мы ня мусілі ведаць. Іначай яны б, напэўна, прыйшлі ўсе разам. Мы сядзелі на сходах зь лялькамі, каб хлопцы не здагадаліся, што мы за імі сочым. Мы гуляліся з тымі ляькамі і ўдавалі зь сябе быццам бы мы хлопцаў зусім ня бачым. Потым мы ўсе ўтраіх пайшлі абедаць. Але як толькі мы пад’елі, дык адразу пабеглі назад на сходы.
Праз нейкую хвілю прыйшоў Ласэ. Мы гулялі са сваімі лялькамі. Ласэ крыху прыпыніўся, пацьвельваючы з Варкоткі. Але неўзабаве ён зьнік за рагом хаты. Мы пабеглі ў мой пакой, бо якраз адтуль нам было добра відаць яго праз вакно. Ён асьцярожліва азірнуўся, а пасьля хуценька пабег да парэчкавых кустоў, пералез праз мур, што атачае наш сад. Цяпер мы яго ўжо ня бачылі. Неўзабаве зьявіўся Босэ. Ён таксама асьцярожліва азірнуўся й зьнік у тым самым баку, што і Ласэ.
Глядзіце, сказала Брыта, зараз вось-вось і Оле зьявіцца. Хадзем, схаваемся за кустамі парэчкі.
Мы гэтак і зрабілі стаіліся за кустом і чакалі. Неўзабаве выбег Оле. Ён праімчаўся зусім побач з намі так, што мы яго маглі б схапіць, калі б захацелі, але ён нас не заўважыў. Мы крадком пасунуліся сьледам за ім.
Вакол нашага саду вялікая паляна. На ёй расьце шмат кустоў арэшніку, ядлоўцу ды ўсялякага іншага кустоўя. Ёсьць таксама і дрэвы. Тата кажа, што ён пасьсякае ўсе тыя кусты, каб было болыпае пасьбішча каровам, але я спадзяюся, што ён ня будзе гэтага рабіць, бо там шмат цудоўных схованак.
Мы краліся сьледам за Оле досыць доўга, але раптам ён нахіліўся і вокамгненна зьнік у кустах. Мы не маглі яго знайсьці, як ні намагаліся. Мы ведалі, што хлопцы павінны быць недзе ў тых кустах і шукалі іх, але яны зьніклі бязь сьледу. Тут Ганна сказала:
А я ведаю, што трэба рабіць! Мы возьмем Сьвіпа, які абавязкова знойдзе Оле!