Усе нашы дзеці з Булербю  Астрыд Ліндгрэн

Усе нашы дзеці з Булербю

Астрыд Ліндгрэн
Выдавец:
Памер: 110с.
Вільня 2000
19.65 МБ
Ласэ й Босэ былі дома ў Оле, таму, калі мы спускаліся па сходах, нас ніхто ня бачыў. Мы крадком падышлі да дзьвярэй дома, прайшлі да кухні й пастукаліся ў кухонныя дзьверы. Стукал-
іся вельмі гучна.
Хто там? спытался Агда, і ейны голас гучаў неяк напалохана.
Напачатку мы ня ведалі, што адказаць, але потым Брыта сказала грубым голасам:
Валацуга!
Вам ня можна заходзіць бо дома нікога няма, адгукнулася Агда.
Але мы хочам зайсьці! зараўлі мы й загрукаталі ў дзьверы. Але тут нас разабраў сьмех. Я спачатку паспрабавала яго ў сабе прыдушыць, але потым ён выбухнуў зь мяне, і Агда, напэўна, яго пачула. Яна асьцярожна прачыніла дзьверы, й мы скарысталіся з гэтага ды ўціснуліся ў кухню.
He, гэткага я яшчэ ніколі ня бачыла! усклікнула Агда. Што гэта за такія шаноўныя людзі завіталі да мяне?
Мяне завуць спадар Карлсан, сказала Брыта. А гэта мае жонкі.
У вас сапраўды вельмі ладныя жонкі, спадар Карлсан, адказала Агда. I да таго ж, ажно дзьве. Ці не магла б я запрасіць спадарства на шкляначку соку?
Мы, вядома ж, пагадзіліся. Мы пілі сок ды гулялі ў дарослых; і гэта ў нас атрымлівалася лепш,
чым звычайна, бо на нас цяпер былі «дарослыя» ўборы.
Потым у нас узьнікла ідэя пайсьці на Паўднёвы Двор і паказацца ў такім выглядзе перад хлопцамі. Дзьверы былі не зачыненыя, і мы маглі проста ўвайсьці. Калі мы падымаліся па сходах да Олевага пакоя, Ганна спатыкнулася, зачапіўшыся за сваю доўгую спадніцу. 3 гэтага выйшаў вялікі шум. Оле адчыніў дзьверы, каб паглядзець, што здарылася. I ад нечаканасьці ён гэтак напалохаўся, што, убачыўшы нас, адскочыў назад. Бо наверсе было цёмна, і з адчыненых дзьвярэй прабівалася толькі вузкая палоска сьвятла таму ён, напэўна, падумаў, што перад ім на сходах тры здані.
Калі Ласэ ўбачыў нас пераапранутых, ён гэтаксама захацеў пераапрануцца. I Босэ з Оле таксама. Ласэ выцягнуў сукенку Олевай мамы й чаравікі на высокіх абцасах. Босэ й Оле нацягнулі мужчынскія рэчы. Ласэ скакаў вакол, плаўна вадзіў рукамі і гаварыў пісклявым голасам:
Як гэта ў вас, мадам, атрымліваецца гэткае смачнае печыва з вострымі прыправамі? Ці не магу я ў вас папрасіць рэцэпт?
Яму здаецца, што гэтак гавораць дарослыя дамы.
Пасьля мы ўсе разам наведалі дзядулю й распавялі яму, як мы пераапраналіся. Нажаль, сам ён гэтага бачыць ня мог. Але мы выканалі перад ім цэлы спэктакль п’есу, якую сачынілі для сябе самі. Ласэ выконваў ролю злоснай цёткі. Ах, як жа мы зь яго сьмяяліся! Дзядуля таксама сьмяяўся, хоць нічога й ня бачыў, а толькі чуў.
ЗАВІРУХА
А цяпер я хачу расказаць пра вялікую завіруху, што была ў нас перад самым Божым Нараджэньнем. Гэта была, як сказаў тата, самая горшая непагадзь, якую ён бачыў за сваё жыцьцё. Ад самага пачатку сьнежня Ласэ па дарозе ў школу гаварыў адно й тое самае:
-	Вось пабачыце, на Каляды ня будзе сьнегу.
Я кожны раз надта засмучалася, калі ён так казаў, бо мне вельмі хацелася, каб на Каляды сьнег выпаў. Праходзілі дзень за днём, а зь неба ня падала ніводнае сьняжынкі. Але якраз у тыдзень перад Божым Нараджэньнем, калі мы сядзелі ў школе й рашалі задачы, Босэ раптам усклікнуў:
-	Паглядзіце! Ідзе сьнег!
I сапраўды пачаў ісьці сьнег. Мы гэтак узрадаваліся, што ўсе ў адзін голас закрычалі: «Ура!» A спадарыня настаўніца сказала, што мы павінны
ўсе ўстаць і засьпяваць: «Зіма, белы сьнег ідзе...» Калі мы на перапынку выйшлі на двор, у школьным двары тоўстым слоем ляжаў белы сьнег. Мы пабеглі вялікім ланцугом адзін за адным, пратоптваючы ў сьнезе велізарную васьмёрку. Мы крычалі й сьпявалі ад радасьці. Толькі Ласэ сказаў:
-	Але болей снегу, чым цяпер, ужо ня будзе.
Калі мы назаўтра йшлі ў школу, было, аднак, ужо гэтулькі многа сьнегу, што мы мусілі проста пратоптваць сабе сьцежку. Сьнег ішоў ды йшоў Але Ласэ сказаў ізноў:
-	Але болей снегу, чым цяпер, ужо ня будзе. I гэты растане да Калядаў.
Ды ён мусіў зьдзівіцца. He пасьпелі мы дайсьці да дзьвярэй школы, як сьнег пачаў проста валіць. Усё за вакном зрабілася белым, і ўжо няможна было нічога разгледзець у школьным двары. Сьнег ішоў ды йшоў. Да таго ж увесь час мацнеў вецер. Сьнег ішоў, вецер дзьмуў. Вецер дзьмуў, сьнег ішоў, аж, нарэшце, спадарыня настаўніца пачала непакоіцца, а потым сказала:
-	Ня ведаю як гэта вы, дзеці з Булербю, сёньня даберацеся да дому.
Яна запыталася, ці не хацелі б мы заначаваць у яе; мы, натуральна, хацелі б, але ведалі, што на-
шыя бацькі ў Булербю будуць вельмі напалоханыя, калі мы сёньня ня вернемся дадому. Таму мы сказалі, што застацца ня можам, а спадарыня параіла нам адразу ж выпраўляцца дамоў, пакуль не сьцямнела.
Каля гадзіны дня мы выйшлі са школы. Ах, якая была завіруха! Які моцны дзьмуў вецер! Мы мусілі йсьці, скурчыўшыся й наставіўшы каўняры.
Ну што, цяпер табе будзе досыць сьнегу? спыталася раззлавана Брыта ў Ласэ.
Але ж яшчэ не Каляды, адказаў Ласэ.
Але мы амаль ня чулі, што гаворым, гэткая была завіруха. Мы йшлі ды йшлі, ішлі ды йшлі.
Каб не пагубляць адно аднаго, мы трымаліся моцна за рукі. Сьнег быў мне ўжо вышэй за калена;
гэтак вельмі цяжка рухацца наперад можаце мне паверыць. Вецер прадзьмуваў нас наскрозь; мы так замерзьлі, што не адчувалі сваіх пальцаў на нагах і руках. Нарэшце, я адчула вялізарную стому ў нагах і сказала Ласэ, што хацела б крыху перадыхнуць.
Ня ўздумай гэтага рабіць, адказаў Ласэ.
Ганна была таксама зьняможаная й хацела адпачыць. Але Ласэ сказаў, што таго рабіць нельга, бо гэта небясьпечна. Мы з Ганнай пачалі плакаць, бо нам ужо ня верылася, што мы калі-небудзь вернемся дадому ў наш Булербю. Мы ж яшчэ былі на паўдарозе. Але тут Оле сказаў:
Давайце зойдзем да шаўца! За гэта ён нам носа не разаб’е.
Мы з Ганнай захацелі да шаўца, нават калі б ён паадрываў нам галовы. Завіруха была гэткая моцная, што мы літаральна ўляцелі пад напорам ветру ў шавецкую майстэрню. Ён ня быў моцна ўзрадаваны, ўбачьтўшы нас.
-	Што гэта дзеці робяць на дварэ ў гэткую непагадзь? спытаўся ён.
Мы не наважыліся сказаць яму, што завіруха была зусім не такая моцная, калі мы ў гэты дзень выходзілі з дому. Мы пасьцягвалі нашыя паліто,
паселі на лавах, назіраючы, як Добры рамантуе абутак. Мы былі вельмі галодныя, але пра гэта мы таксама не наважыліся яму сказаць. Шавец згатаваў сабе кавы, стаў піць яе, заядаючы бутэрбродам, але нам нічога не прапаноўваў. Зусім іначай было, калі мы ў навальніцу заходзілі ў Крысьцінін Лясны дом.
Калі на дварэ пацямнела, вецер і сьнегапад суцішыліся, але сьнег быў такі глыбокі, што мы ня ведалі, як па ім увогуле можна дайсьці дадому. Ах, як я сумавала па Булербю, па маме і па маім утульным ложку! I, падумайце толькі, у гэтую хвілю мы пачулі сьпеў званочкаў на дварэ; падскочыўшы да вакна, мы пачалі ўглядацца. За снегавым плугам з коньмі мы ўбачылі нашага тату. Адчыніўшы дзьверы, мы пачалі крычаць яму, хоць шавец увесь час нас папярэджваў:
-	He запускайце холад у хату!
Тата вельмі ўзрадаваўся, убачыўшы нас. Ён крыкнуў нам, што ачысьціць дарогу да Стурбю ад сьнегу, а потым вернецца й забярэ нас з сабою.
Гэтак яно й адбылося. Мы з Ганнай ехалі на плузе, а астатнія ішлі ззаду. Цяпер, калі сьнег быў прыбраны, гэта было няцяжка. Калі мы вярнуліся да дому, мама стаяла на кухні ля вакна й устры-
вожана аглядала нас. Ласэ, Босэ й я на вячэру атрымалі гарачы мясны булён з клёцкамі, і гэта было самае лепшае, што я калі-небудзь ела. Я зьела ажно тры талеркі таго булёну. Адразу ж пасьля вячэры я пайшла спаць. Было проста цудоўна. Мама сказала, што ў яе адразу было прадчуваньне, што тата павінен выехаць са сьнегавым плугам, бо яна была ўпэўненая, што ён сустрэне нас дзесьці па дарозе. Як добра, што ў яе было такое прадчуваньне! Іначай нам бы давялося, напэўна, праседзець цэлую ноч у шаўца.
НЕУЗАБАВЕ БОЖАЕ НАРАДЖЭНЬНЕ
Назаўтра сьвяціла сонца, й сьнег, гэткі белы й пухнаты, ляжаў на ўсіх дрэвах. Гэты быў апошні дзень заняткаў у школе перад каляднымі вакацыямі. Спадарыня настаўніца сказала, што яна цэлую ноч не магла ні на хвіліну заснуць. Лежачы ў ложку, яна толькі й думала, як мы дойдзем дадому ў такую завіруху.
Паколькі гэта быў апошні дзень заняткаў перад Божым Нараджэньнем, спадарыня настаўніца чытала нам калядную гісторыю. Усё было ў гэты дзень нейкае незвычайнае. I, якраз калі мы зьбіраліся йсьці дадому, надышла пара самага лепшага. Спадарыня настаўніца раней напісала ў Стакгольм і замовіла нам кніжкі з казкамі. Мы бачылі вялікі аркуш паперы, на якім было шмат прыгожых малюнкаў яны паказвалі вокладкі з розных зборнікаў казак. Там мы павінны былі выбраць,
якія кніжкі купіць. Я замовіла дзьве кніжкі, Ласэ й Босэ таксама па дзьве. На маіх кніжках былі надрукаваныя малюнкі з прыгожымі прынцамі ды прынцэсамі. I якраз у апошні дзень перад каляднымі вакацыямі спадарыня настаўніца атрымала тыя кніжкі! Яна хадзіла між шэрагамі партаў і раздавала іх. Я ледзьве здолела дачакацца, пакуль атрымаю свае кніжкі. Але мама нам гаварыла яшчэ раней, што мы не павінны былі іх чытаць аж да самага Сьвятога Вечара.
Перш чым мы пайшлі да дому, мы прасьпявалі па чарзе ўсе калядныя песьні, якія ўмелі, і спадарыня настаўніца пажадала нам вясёлых сьвятаў.
Мы з Брытай і Ганнай забеглі да гандляра купіць чырвонай, жоўтай, зялёнай і сіняй бліскучай паперы, зь якой мы зьбіраліся зрабіць скрыначкі, каб павесіць іх на калядную ёлку. Пасьля мы пайшлі дадому. Усё наўкола зьзяла белым сьвятлом; было надта прыгожа.
Па дарозе дадому Брыта выцягнула сваю кніжку з казкамі й стала яе абнюхваць. I мы таксама пачалі нюхаць свае кніжкі. Новыя кніжкі пахнуць гэтак цудоўна, што ўжо ад гэтага паху пачынаеш прадчуваць, як цудоўна будзе гэтыя кніжкі чытаць. Потым Брыта пачала чытаць сваю кніжку.
Яе мама таксама ёй казала пакінуць кніжкі да Сьвятога Вечара. Але Брыта сказала нам, што яна прачытае зусім крыху й больш ня будзе. Пасьля таго, як яна зусім крыху пачытала нам уголас, нам гэта так спадабалася, што мы папрасілі яе яшчэ трошкі пачытаць. Яна прачытала яшчэ кавалачак з кніжкі. Але й гэта не дапамагло, бо, калі яна скончыла чытаць гэты кавалак, нам зрабілася яшчэ цікавей.
Я павінен ведаць, зачаруюць таго прынца, альбо не, сказаў Ласэ. I тады яна мусіла прачы-
таць яшчэ кавалак. Гэтак яно йшло далей і далей, і, калі мы нарэшце прыйшлі дадому ў Булербю, Брыта якраз скончыла чытаць нам усю кнігу. Але яна сказала, што нічога страшнага не адбылося, бо ў Сьвяты Вечар яна можа прачытаць гэтую кніжку яшчэ раз. У нас дома мама з Агдаю рабілі калядныя каўбаскі, і паўсюды было мала парадку. Пад’еўшы, мы з Ласэ й Босэ выйшлі на вуліцу й пачалі ляпіць ў садзе вялікага сьнегавіка. Брыта, Ганна ды Оле неўзабаве прыйшлі нам дапамагаць.