Усе нашы дзеці з Булербю  Астрыд Ліндгрэн

Усе нашы дзеці з Булербю

Астрыд Ліндгрэн
Выдавец:
Памер: 110с.
Вільня 2000
19.65 МБ
страваць самі; таму мне не прыходзіла ў галаву, што гэта ўсё прызначалася мне.
Ласэ й Босэ перацягнулі мой ложак праз усё гарышча ў мой новы пакой, і Ласэ сказаў:
Але ж мы ўсё роўна будзем увечары прыходзіць да цябе й распавядаць страшкі.
Першае, што я тады зрабіла, дык пабегла ў Ласэў ды Босэў пакой ды забрала адтуль свае лялькі. У мяне чатыры малыя й тры вялікія лялькі, бо ўсіх іх змалку я беражліва захоўваю. Для малых лялек я ўсталявала файны пакойчык у шуфлядзе кніжнай паліцы. Спачатку я паклала кавалак чыр-
вонай тканіны, як бы дыван, потым парасстаўляла там прыгожую лялечную мэблю, якую мне на Каляды падаравала бабуля, а пасьля паставіла прыгожыя лялечныя ложачкі й, нарэшце, паклала самі лялькі. Цяпер яны мелі свой уласны пакойчык, гэтаксама як і я, хоць у іх ніякага дня на-
родзінаў тады не было. Вялікі лялечны ложак, у якім сьпіць Бэла, я паставіла ў кутку, побач з маім ложкам, а лялечны вазок з Гансам ды Грэтаю разьмясьціла ў іншым куце. Ах, які ж ён быў файны, мой пакойчык!
Пасьля гэтага я пабегла ў хлапечы пакой ды пазабірала зь іхняе камоды ўсе свае скрыначкі ды іншыя рэчы. А Босэ сказаў:
Цудоўна! Цяпер у нас будзе болып месца пад птушыныя яйкі!
У мяне ёсьць трынаццаць уласных кніжак. Я паставіла на паліцу іх, ды яшчэ маю «Швэдзкую вясну», ды яшчэ мае скрыначкі з закладкамі. У мяне вельмі шмат кніжных закладак. У школе мы імі мяняемся. Але ў мяне ёсьць дваццаць закладак, якія я ніколі й ні на што не памяняю. На самай прыгожай намаляваны вялікі анёл у ружовым уборы ды з крыламі. На маёй паліцы мейсца знайшлося ўсяму.
Сапраўды, гэта быў цудоўны дзень, калі я займела свой уласны пакой.
ЯШЧЭ ВЕСЯЛЕЙШАЕ
ПРА ДЗЕНЬ НАРОДЗІНАЎ
У гэты дзень адбылося яшчэ шмат чаго цудоўнага. Па абедзе я наладзіла полудзень для ўсіх дзяцей Булербю, бо нас жа толькі шасьцёра. Якраз гэтулькі, колькі можна пасадзіць за круглы стол у маім пакоі. Мы частаваліся малінавым сокам, кожны атрымаў па кавалку торта з надпісам: «Лі-
зе 7 год» ды яшчэ па два кавалкі пірага, які таксама сьпякла Агда. Брыта, Ганна й Оле прынесьлі мне свае падарункі. Брыта з Ганнай падарылі мне кніжку казак, а Оле вялікую шакаладку. Оле сядзеў за сталом каля мяне, і Ласэ з Босэ пачалі пацьвельваць з нас, кажучы:
Жаніх і нявеста! Жаніх і нявеста!
Яны гэтак кажуць, бо Оле ня з тых дурнаватых хлапцоў якія зусім ня хочуць гуляць з дзяўчынкамі. I ён не зважае, кпяць зь яго альбо не, a ўсё роўна гуляе як з хлопчыкамі, так і з дзяўчынкамі. Зрэшты, Ласэ й Босэ таксама гуляюць з дзяўчынкамі, але ўдаюць зь сябе, быццам гэтага вельмі ня хочуць. Калі нас толькі шасьцёра дзяцей на ўсё паселішча, дык трэба гуляць усім разам, не зважаючы, дзяўчынка ты альбо хлопчык. Амаль што ва ўсе гульні гуляецца весялей, калі нас шасьцёра, чымся калі нас усяго утрох.
Празь нейкі час хлопцы пайшлі глядзець птушыныя яйкі, сабраныя Босэ, а мы з Брытаю ды Ганнаю пачалі гуляць у лялькі.
У мяне ў кішэні была доўгая-доўгая вяроўка. Калі я яе там знайшла, выцягнула з кішэні ды ўбачыла яе даўжыню, мне падумалася, а ці нельга ўчыніць зь ёю што-небудзь вясёлае. Мы здабылі
яшчэ адну вяроўку, гэткае самае даўжыні, так што яе павінна было хапіць да вокнаў Брыты й Ганны, што ў Паўночным Двары. Гэтак цяпер мы маглі ў скрыначцы з-пад папяросаў дасылаць лісты з дому ў дом. Ах, гэта трэба было выпрабаваць як найхутчэй! Брыта з Ганнаю паляцелі да сябе, і пасьля гэтага мы доўгі час дасылалі лісты з аднаго дому ў другі. Было надта забаўна глядзець, як
скрыначка туды-сюды сунулася па вяроўцы. Напачатку мы ў сваіх лістах пісалі адно: «Як маесься? У мяне ўсё добра». Але потым мы пачалі гуляць у прынцэсаў, якіх трымаюць у палоне ў двух розных замках і якія ня могуць адтуль выбрацца, бо іх ахоўваюць драконы. Вось жа, Брыта й Ган-
на пісалі мне: «Наш дракон жахліва страшны. A твой таксама? Прынцэса Брыта і прынцэса Ганна».
А я адказвала: «Ага, і мой дракон таксама жахліва страшны. Ён кусае мяне, калі я хачу выйсьці з замка. Як добра, што мы хоць можам ліставацца. Прынцэса Ліза».
Неўзабаве мяне паклікала мамуся, каб я нешта там зрабіла; і калі мяне ў пакоі не было, туды зайшлі Ласэ, Босэ й Оле і ўбачылі тыя лісты. I Ласэ паслаў у скрыначцы ліст, у якім было напісана: «Прынцэса Ліза выйшла, каб высмаркацца. Але тут ёсьць цэлая хеўра прынцаў. Прынц Ларс Аляксандр Напалеон».
Брыта й Ганна палічылі гэта за вялікую дурноту.
Ва ўсялякім разе гэта вельмі добра, што маё вакно выходзіць на Паўночны Двор. Гэтак мы можам часьцяком дасылаць лісты адна адной, Брыта, Ганна ды я. Узімку, калі на дварэ цёмна, гэта атрымліваецца ня надта добра. Але тады мы падаем сігналы кішэннымі ліхтарыкамі. Калі я тры разы міргану ліхтарыкам, гэта значыць: «Прыходзьце хутчэй да мяне! Я нешта вам распавяду».
Мама сказала мне, што я павінна падтрымліваць у сваім пакоі парадак. Я гэта раблю, як умею.
Часам у мяне бывае вялікая прыборка. Тады я выкідаю ўсе тканыя ходнікі цераз вакно ў двор. Агда дапамагае мне іх выбіваць. У мяне ёсьць маленькая выбівалка дываноў, мая ўласная. Таксама я чышчу клямку на маіх дзьвярах, выціраю паўсюль пыл, прыводжу ў парадак лялечную пасьцель і лялечны вазок. Здараецца, што я забываюся рабіць прыборку. Тады мама называе мяне Лізай-неахайніцай.
KAJII Ў HAC СКОНЧЫЛІСЯ ЗАНЯТКІ
Нам бывае надта весела, калі надыходзіць лета! Усё вясёлае пачынаецца з таго дня, як канчаюцца заняткі. У мяне яшчэ быў іспыт, а вясёлае пачалося ўжо напярэдадні ўвечары. Мы аздобілі свой класны пакой кветкамі ды зеленьню. Мы, усе дзеці з Булербю, наламалі бярозавых галінак, назьбіралі пралесак ды званочкаў. У школу нам хадзіць няблізка, бо школа знаходзіцца зусім у іншым пасёлку, які называецца Стурбю. Бо школаў толькі на шасьцёра дзяцей не бывае. Калі мы прыйшлі ў школу, кветкі былі прывялі, але зусім крышачку. Пасьля таго, як іх паставілі ў ваду, яны зноў зрабіліся сьвежыя. Перад чорнаю дошкай мы вывесілі швэдзкія сьцягі, нацягнулі гірлянду зь бярозавых галінак і ўсюды панастаўлялі кветак. У класе стаяў гэткі цудоўны водар.
Пасьля аздабленьня класа мы заняліся развуч-
ваньнем песьняў, якія павінны былі сьпявацца падчас іспытаў: «Гэй, цябе вітаюць сонца промні!» ды «Ты думаеш, тваёй няўвагай я паранены...». Адна дзяўчынка, якую завуць Ула, сьпявала апошнюю песьню гэтак: «Ты думаеш, з тваёй няўвагай да бараніны...». Яна думала, што ў песьні так яно й было. Дзякуй Богу, наша настаўніца ўчула й сказала, як гэтая песьня павіна гучаць правільна каб Ула не рабіла памылак, сьпяваючы на іспыце.
Калі мы пасьля гэтага вярталіся дадому, было пагодна. Мы, усе дзеці з Булербю, ішлі адной кампаніяй. I прайшло шмат часу, пакуль мы дайшлі дадому. Ласэ сказаў, што мы павінны йсьці толькі па тых камянях бруку, што былі з самага краю дарогі. У гэтую гульню мы гулялі й раней. Паводле яе правілаў, той, хто ступіць на зямлю
па-за брукам, лічыцца, што загінуў. Оле ўжо вельмі хутка саступіў на зямлю, і Босэ яму сказаў:
Усё, ты загінуў!
I нічога я не загінуў, адказаў Оле. Паглядзіце, які я жывы!
I ён пачаў размахваць і трэсьці рукамі ды нагамі. А мы пачалі зь яго сьмяяцца.
Потым мы дайшлі да драўлянага плоту. Ласэ сказаў:
Хто гэта вырашыў, нібыта хадзіць можна толькі па дарозе?
Брыта сказала, што гэта, напэўна, прыдумаў нейкі дарослы чалавек.
Мажліва, пагадзіўся Ласэ.
Мы доўга-доўга йшлі па тым плоце; нам было гэтак весела, і тут я сабе падумала, што мне ўжо зусім ня хочацца хадзіць звычайнаю дарогай. Насустрач на малакавозе ехаў нейкі чалавек. Ён сказаў:
-	Што гэта там на плоце за чарада варонаў?
Але назаўтра, калі мы йшлі на іспыт, мы не маглі зноў ісьці па плоце, бо надта файна выглядалі. На мне была зусім новая сукенка ў чырвоныя гарохі, а Брыта й Ганна былі апранутыя ў блакітныя сарафаны з аборкамі. У косах у нас былі новыя йстужкі, а на нагах новыя чаравікі.
У школе было шмат бацькоў, якія сядзелі ў зале й слухалі. Я здолела адказаць на ўсе пытаньні, a Босэ сказаў, што сем памножыць на сем будзе пяцьдзесят шэсьць. Тут Ласэ павярнуўся да яго й сурова паглядзеў яму ў вочы; тады Босэ сказаў:
-	He, не, гэта будзе сорак шэсьць.
Папраўдзе, яно павінна быць 49: я ведаю гэіа, хоць мы яшчэ не пачыналі вучыць табліцу множаньня. Але я чула, што менавіта гэтак казалі іншыя дзеці. Нас разам у нашай школе толькі дваццаць тры вучні, таму мы ўсе сядзім у адным і тым жа класным пакоі.
Калі мы прасьпявалі ўсе песьні, што ўмелі і таксама «Час квецені прыйшоў», спадарыня
настаўніца сказала нам:
Усяго вам самага добрага. I вясёлых вакацыяў!
I ў мяне ўсярэдзіне ўсё нібы пачало скакаць ад
радасьці.
Усе мы, дзеці з Булербю, атрымалі за год добрыя табэлі. Па дарозе дамоў мы іх усё параўноўвалі. У Босэ табэль ня быў аж так надта добры, але ва ўсякім разе й нядрэнны.
Увечары мы гулялі на дварэ ў «бульбу». Раптам мячык заляцеў у кусты чорнае парэчкі. Я пабегла туды шукаць яго і, як вы думаеце, што я там убачыла? Пад самым кусточкам ляжалі адзі-
наццаць курыных яек. Я так узрадавалася! Бо
адна з нашых курак гэткая ўпартая, што зусім ня хоча несьці яйкі ў сваім куратніку. Яна заўсёды кладзе свае яйкі на дварэ, дзе
толькі захоча. Ласэ з Босэ ды я доўга шукалі мейсца, дзе яна нясецца. Але тая курыца надта хітрая і заўсёды сочыць, каб мы яе не дапільнавалі. Мама паабяцала нам да-
ваць па пяць эрэ дробных манетаў, за кожнае яечка, што мы знойдзем. I вось я знайшла тых
яек ажно на 55 эрэ! Але мячык знайсьці я аніяк не магла.
Мы можам скарыстаць замест мячыка яйкі, параіў Ласэ, вось будзе яечня на ўвесь Булербю!
Але я загарнула знойдзеныя яйкі ў спадніцу, аднесла іх маме й атрымала 55 эрэ. Кожнаму з нашых дзяцей я дала па пяць эрэ, а рэшту ўкінула ў сваю капілку, якую звычайна зачыняю маленькім ключом. Ключ гэты я вешаю ў шафе на цьвік, на самую заднюю сьценку.
Неўзабаве Ганна знайшла-такі той мячык, і мы яшчэ некалькі гадзінаў гулялі ў «бульбу». Спаць мы пайшлі нашмат пазьней, чымся звычайна, бо ў нас жа пачаліся летнія вакацыі, й назаўтра можна было спаць, колькі захочаш.
МЫ ПРАРЭДЖВАЛІ РЭПУ Й ПРЫДБАЛІ
ПА КАЦЯНЯЦІ
Пазьней мая капілка папоўнілася грашыма, бо я дапамагала прарэджваць рэпу. Гэта рабілі ўсе нашы дзеці з Булербю. Зразумела, Ласэ з Босэ ды я займаліся рэпай, што належала да Сярэдняга Двара, Брыта й Ганна -