Вяснянка
Апавяданні, вершы, казкі беларус. пісьменнікаў
Выдавец: Юнацтва
Памер: 383с.
Мінск 1999
Хлопцы наперагонкі кідаюцца да птушкі.
Дык вось ён які, журавель! Адно крыло ў яго звісае, цягнецца па зямлі. Яно, відаць, перабіта.
У гэты час па пыльным шляху гоніць статак цялят Ілля Звон, хлапчына гадоў васемнаццаці. У яго нават пугі няма — звычайны дубчык.
Дзеці любяць Іллю. Ён мяккі, прыветлівы. Яшчэ гады чатыры назад быў настаўнікам хлапечай талакі, шмат цікавага расказваў малодшым сябрам пра навакольны свет.
Хлопцы наперабой расказваюць Іллі пра жураўля.
— Вы ідзіце,— раіць Ілля.— Жураўлі натоўпу не любяць. Я забяру яго, знайду зацішнае месца.
— А чым будзеш карміць? — пытаюць хлопцы.— Вужоў, жаб цяпер не наловіш.
— Жураўлям гэта не патрэбна. Кормяцца яны травой, раслінамі,— тлумачыць Ілля і просіць: — Толькі нікому пра жураўля не гаварыце. На людзях ён не вытрывае, змарнее і загіне...
У цялятніку Ілля, які зімой працаваў даглядчыкам, абсталяваў для параненага жураўля закутак на кармакухні. Тут цёпла, утульна. Дол Ілля заслаў мохам, лісцем, сухой травой. Карміўся журавель тым, што і цяляты. Ахвотна еў бульбу, буракі, бручку, высока задзіраючы выгнуты нос, прызвычаіўся піць цялячае пойла.
73
Усю восень і зіму хлопцы, звязаныя тайнай, перадавалі адзін аднаму навіны пра жураўля. А вясной Ілля паклікаў іх да сябе на калгасны двор, сказаў:
— Трывожыцца журавель. Крычыць, ірвецца некуды. Відаць, жураўлі прылятаюць.
Ён адчыніў дзверцы. I адразу з катушка выскачыў журавель. Сапраўдны прыгажун — цёмнашэры, з пышным, як у страуса, хвастом, моцнымі нагамі. Дзівіліся хлопцы: журавель нібы пад музыку пачаў перабіраць нагамі — быццам танцаваў. Затым, зрабіўшы трычатыры кругі, узляцеў, падняўся над хлявамі, хатамі і неўзабаве знік з вачэй.
ШМЕН ПАНЧАНКА
Народны паэт Беларусі (1917—1995)
РОДНАЯ МОВА
Кажуць, мова мая аджывае Век свой ціхі: ёй знікнуць пара. Для мяне ж яна вечна жывая, Як раса, як сляза, як зара.
Гэта ластавак шчабятанне, Звон світальны палескіх крьшіц, Сінь чабору, і барвы зарніц, I буслінае клекатанне.
Калі ж хто загадае: «Не трэба!» — Адрачэцца ад мовы народ,— Папрашу я і сонца, і неба: Мне не трэба ні славы, ні хлеба, Асудзіце на безліч нягод.
Толькі месяцаў назвы пакіньце, Назвы родныя роднай зямлі, Пра якія з маленства ў блакіце Бор шуміць і пяюць жураўлі:
Студзень — з казкамі снежных аблокаў, Люты — шчодры на сіні мароз, Сакавік — з сакатаннем і сокам Непаўторных вясновых бяроз,
75
Красавік — час маланак і ліўняў, Травень — з першым каханнем, сяўбой, Чэрвень — з ягаднаю зарой, Ліпень — з мёдам, 3 пшаніцаю — жнівень,
Спелы яблычны верасень, Светлы кастрычнік
У празрыстасці чыстай, крынічнай, Лістапад — залаты лістапад, Снежань — першы густы снегапад...
Ці плачу я, ці пяю,
Ці размаўляю з матуляю — Песню сваю, мову сваю Я да грудзей прытульваю.
САЛОДКАЯ ЛЯЧЭБНІЦА
Як толькі за Оршай Направа павернеш — Прыедзеш у вёску Пад назвай Цукерня.
Бабулі ласкавыя Добра там лечаць Дзяцей, што цукеркамі Зубы калечаць.
Тут мыюцца толькі Салодкай вадою, I весела ўсім За салодкай ядою.
3 вішнёвым варэннем Тут вараць ірыскі,
76
Густы мармелад Наліваюць у міскі.
На сонечным мёдзе Пірожныя смажаць. Гузы, сінякі
Тут марожаным мажуць.
3 лугоў навакольных Злятаюцца пчолы I робяць ласунчыкам Дзесяць уколаў...
Ды хутка ўсе дзеці Пытаюць трывожна: — Ізноўку цукеркі? — He хочам пірожных!
Hi хлеба, ні мяса, Hi кроплі гарчыцы. Як цяжка лячыцца — Цяжэй, чым вучыцца.
I плачуць, і просяць Ласкавых бабулек: — Ах, дайце, бабулі, Хутчэй нам цыбулі!
Нам хочацца хлеба,
I супу, і кашы: Прайшла ўжо хвароба Салодкая наша.
МАКСІМ ТАНК
Народны паэт Беларусі (1912—1995)
вожык
Пакрыўдзіўся быў Вожык, Што, як сяброў ягоных, Нічым не надзяліў Бог Для самаабароны.
Даў малпе спрыт, увішнасць I льву — роў пераліўны, Быку, аленю — рогі, Слануасілку біўні.
Нат не забыў пра розных Ліхіх пачвар дзюбатых, Што пагражаюць згубай Крылатым, некрылатым...
— А ты чаго спазніўся,— Бог кажа,— у справе гэткай? Зірні, пад маёй лавай Мо знойдзеш нешта ў рэштках.
Перш Вожык і не думаў Капацца ў нейкім смецці, Алеткі сёетое
Знайшоў у божай клеці.
78
Найбольш было там розных Рассеяна наўкола Дзядоўнікаў калючых, Паскручаных іголак.
Ён знітаваў іх неяк. — Глядзіце, ягамосці, У якім уборы сёння Да вас прыйшоў я ў госці!
Сёйтой найперш хацеў бы Даць сваім лапам волю, Але неспадзявана Ад болю заскуголіў.
3 тых дзён і малы Вожык, He знаючы трывогі, Жыве, як кажуць людзі, За пазухай у Бога.
А стрэнеце яго вы — Даўно дружу з ім, знайце, Ад байкара Максіма Прывет мой перадайце.
ЕХАЎ КАЗАЧНІК БАЙ
— Ехаў казачнік Бай Цераз сёлы і гай.
Баіць ці не?
— Бай!
— Ён пытаўся ў мяне, Што даць дзецям у сне? Баіць ці не?
— Бай!
79
— Я прасіў: дзецям дай Казкупесеньку, Бай! Баіць ці не?
— Бай!
— Казку,— кажа,— я дам, Толькі выберу сам.— Баіць ці не?
— Бай!
— А найлепшую з іх Дам для самых малых.— Баіць ці не?
— Бай!
— Тым, хто любіць мяне
I хто першы засне.— Баіць ці не?
— He!
ІВАН ШАМЯКІН
Народны пісьменнік Беларусі (нарадзіўся ў 1921 г.)
ЦУД HA КРАІ СВЕТУ
Жыла сям’я наша бедна, бо мела мала зямлі, а ратоў, што прасілі есці, многа — ажно дзесяць. Бацька мой і дзядзька Трышка зрэдку зараблялі тым, што пілавалі бярвенне на дошкі. Але пільшчыкаў у вялікім Зо сяле было многа, а будоўляў, на якія трэба дошкі, мала. Багатых людзей,^ што маглі купіць лес, было нямнога.^
Бацька доўга і настойліва шукаў якую5/ небудзь працу, адыходную, як яе называлі Л тады. Нарэшце знайшоў — у лясніцтве, узялі & яго на пасаду лесніка. Але не ў наш Доб 6? рушскі лес, а ў далёкі — Гомельскі. ZZ
— На край свету,— сказала бабуля, якая / ^ бедавала, што нас з Паўлам, унукаў яе, S3 павязуць ад яе далёкадалёка, куды пехатой № не дайсці ёй. Э^
А мяне «край свету» вельмі ж узбудзіў, ^^ распаліў дзіцячую фантазію. Я пытаў у ба/^ булі: 1СІ
— А які ён, край свету? Там глыбокі роў? Цо — Можа, і роў. ,
— Як на Мальцах? 175"
81
Быў у канцы адной вуліцы роў, які вырыла веснавая вада^*Ім палохалі малых, маўляў, там ведзьмы начуюць'?7А дзеці, старэйшыя за мяне, любілі там гуляць, бо ў рове бралі гліну і нарабілі пячор.
Я з нецярпеннем чакаў, калі ж мы паедзем на той край свету. Бацька даўно ўжо служыў там са сваім канём і мусіў прыехаць па нас.
Нарэшце прыехаў. Два дні збіраліся. Ажно на тры фурманкі грузілі набытак: стол, лаўку, падушкі, мяшкі з мукой, з крупамі, з аўсом — для коней. Прывязалі карову да драбіны.
Я круціўся пад нагамі, усім хацеў памагчы і ўсім замінаў. Бацька за нейкую шкоду выцяў мяне пугай, за што бабуля пасварылася з ім. Ды я не плакаў. Хіба можна румзаць, калі збіраешся ў такую дарогу — ажно на край свету?
Паехалі. Была вясна. Цвілі сады. Поле — як вокам кінуць — ляжала зялёным дываном, бо ўзышла нават бульба, а жыта, пасеянае ўвосень, вырасла мне па шыю. Звінелі ў небе жаўранкі.
Я то сядзеў на возе, забраўшыся ў пустую бочку, то бег побач з фурманкамі, трымаючыся за дзядзькаву руку.
Свет і ўсё навокал здавалася дзівосным, казачным. Уразілі равы ў сяле Крупец, намнога глыбейшыя, чым наш у Мальцах. Нават коні спалохаліся тых равоў. Калі спускаліся ў адзін роў, то вялі коней за аброці, а нас, малых, ссадзілі з вазоў.
У мястэчку Насовічы ўразілі хаты — вельмі ж вялікія, на мой розум, ажно па чатыры і пяць акон на вуліцу.
82
Але найбольш зачаравала чыгунка — бліскучыя рэйкі, што беглі ў два бакі, дзіўна звужаючыся, як бы зліваючыся ў мройнай далечыні ў адну. Мне далі пагуляць на рэйках і нават паляжаць — паслухаць, прылажыўшы вуха да гарачага жалеза, як яны ГУДУЦЬ Ах, як хацелася пабачыць поезд, пра які расказвалі столькі цудаў! Але бацька і дзядзька баяліся чакаць поезд, каб не спужаліся коні. Ды і калі ён пройдзе? Можа, да вечара не дачакаешся. А ехаць нам — ой як далёка яшчэ! 3 каровай не разгонішся, з ёй набраліся клопатаў. А за чыгункай пайшоў лес. Ад нашай Кармы лес далёка, казалі — сем вёрстаў да яго. Я з гары ад ветрака бачыў сцяну лесу, але мяне яшчэ ні разу не ўзялі з сабою, калі ехалі туды па дровы.
I вось я нарэшце ў лесе! Якія высачэзныя сосны! Картуз валіцца з галавы, калі глядзець на іх вершаліны.
Тут ужо я не мог уседзець на возе. Маці прыходзілася лавіць мяне, калі я далёка адбягаў у гушчар.
3 таго дня лес зачараваў мяне на ўсё жыццё.
Але доўгая дарога змарыла. У той Скіток, пра які гаварылі, прыехалі ўначы. I маці занесла мяне, як і малога Паўла, соннага Ў хату.
Прачнуўся я рана. He адразу сцяміў, дзе знаходжуся, бо ўсё незнаёмае навокал: вялікі пакой, шырокае акно. Але ўспомніў, іпто мы ў Скітку, і падскочыў, што мяч, з падлогі, дзе спаў на засланым радном сене. Выскачыў на двор. Першнаперш здзівіў дом: драўляны, але вялікі, на два паверхі.
Гэта быў панскі дом. На другім паверсе яшчэ жыў гаспадар — стары пан. Яго не ча
83
палі, бо ў яго сыны былі рэвалюцыянеры, але першы паверх дома забралі пад лясніцтва. Ды не дом мяне цікавіў. Дзе край свету, які ён? — во што галоўнае. Шырокую паляну абступаў лес, але з аднаго боку была прагаліна. I я пабег у той бок. I хутка спыніўся, незвычайна ўражаны. Перада мной адкрылася шырачэзная рака. Колькі вады! Пра раку гаварылі ўсю дарогу: палохалі мяне і трохгадовага Паўла, каб мы адны не хадзілі на раку, бо можа схапіць нас рыбасом.
Але ж гэта цуд — такая рака! Праўда, зусім блізка да вады я не падышоў — пабаяўся.
Дык які ж гэта край свету? Там, за шырокай ракой,— вербы, а за імі — стрэхі хат. Выходзіць, і там свет, і там людзі! Чаго ж ты баялася, бабуля? Вось я стаю на краі свету — і мне не страшна!
Але праз нейкі час адбыўся яшчэ большы цуд. Убаку за лесам пачуўся нейкі незвычайны шум і плёскат. I хутка зза павароту ракі выплыў цэлы вялікі дом, з комінам, з якога валіў дым. А вялізнае кола пляскала па вадзе шырокімі лапатамі. Па доме хадзілі людзі. Параход! Пра яго расказвалі і бацька, і дзядзька. Але ўявіць яго я не мог, пакуль не ўбачыў на свае вочы.
Які ж я быў шчаслівы ў той час! Дагэтуль помню тое пачуццё незвычайнага дзіцячага шчасця. Шмат паездзіў па свеце, убачыў многія шырокія рэкі, але здаваліся яны нішто ў параўнанні з ракой майго маленства Сожам. Плаваў на вялізных акіянскіх караблях, але ніводзін з іх не здаўся прыгажэйшым, чым той параход, які я ўбачыў упершыню ў свае няпоўныя пяць гадоў.