• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вершы, балады, прытчы  Янка Сіпакоў

    Вершы, балады, прытчы

    Янка Сіпакоў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 399с.
    Мінск 2010
    57.44 МБ
    Перацягваючы яшчэ раз лясіну, ён раптам зірнуў уніз і як усё роўна спатыкнуўся, зрабіўся ўвесь нібы ватны: там, дзе, здавалася, была воля, стаяла міліцэйская машына і некалькі міліцыянераў, чакаючы яго, ківалі Цікаўнаму пальцамі:
    — Ну, злязай, злязай да нас, галубок...
    Дзе воля і дзе няволя наша? Дзе радасць, а дзе засмучэнне? Дзе мы будзем шчаслівыя, а дзе — гаротныя? Дзе нас чакае смерць, а дзе жыццё?
    Хто, смертныя, загадзя ведае гэта?
    Скажыце!
    Скажыце і нам, пакуль бессмяротным...
    Пластылінавыя людзі
    Было мулка спіне, хацелася паварушыцца, павярнуцца на бок, але зрабіць гэта ён не мог. Знямелі, зацяклі рукі, іх таксама хацелася выпрастаць, выцягнуць, размяць, каб аж затрашчалі ў суставах, але і такое было яму не па сіле. Нейкі дзівакаваты, блазенскі картуз, які сілаю надзелі яму на галаву — здаецца, іх знарок рабілі нехлямяжымі,— насунуўся на самыя вочы, аднак паправіць яго таксама было немагчыма.
    Скасіў позірк, агледзеўся з-пад картуза.
    Навакол, як заўсёды, былі такія ж, як і ён, людзі. Толькі зараз чамусьці звярнуў увагу, што тут усе ляжаць і ніхто не сядзіць, тым болып не стаіць — быццам нехта баіцца: а што, калі раптам усе яны пастануць на ногі, нешта ўбачаць і зразумеюць,— іх жа тады ніхто ўжо не зможа ўтрымаць у пакоры і ціхамірнасці.
    Побач хадзілі іншыя, жывыя, рухомыя, незразумелыя ім людзі, яны гучна гаварылі, яшчэ гучней смяяліся, але ўсё гэта абмінала тых, хто ляжаў: яны нічога не чулі, бо былі занятыя толькі сваёй, таксама незнаёмай жывым людзям сістэмаю зносін.
    Яны былі чужыя між сабою — жывыя людзі і нежывыя, як усе пра іх думалі, істоты. Іхнія светы, здавалася, нідзе не сустракаліся, нідзе не перасякаліся, не перакрыжоўваліся.
    Але ж нерухомыя поўнасцю залежалі ад рухомых.
    Менавіта рухомыя стварылі іх.
    Нерухомыя не хацелі гэтага і, як маглі, пратэставалі — яны не жадалі, каб іх рабілі людзі па сваіх капрызах і выдварах.
    Яны не хацелі нараджацца вось так! А ўжо нарадзіўшыся, многія праглі быць іншымі і нецярпліва чакалі, калі іх пераробяць.
    Часам Рухомыя — толькі так называлі жывых людзей асуджаныя на нерухомасць — падыходзілі да іх, доўга разглядалі, нешта гаварылі — тыя ж, што ляжалі, толькі бачылі, як у іх адкрываецца рот, варушацца вусны, ды і ўсё,— часам бралі ў рукі, часам нешта папраўлялі — палец, нагу, нос — і клалі зноў на ранейшае месца.
    О, як яны, нягледзячы на свой пратэст, чакалі таго моманту, калі іх возьмуць у рукі! I якімі жаданымі, якімі мяккімі і ласкавымі тады здаваліся ім жорсткія, бязлітасныя пальцы! Яны з нецярпеннем праглі іх, чакалі іх і ў той жа час ненавідзелі.
    Якое гэта было цяжкае насілле — чакаць. Здзек для ўсяго жывога. Ляжы і чакай, калі нехта падыдзе, паправіць табе галаву, пераробіць нагу, выцягне замлелую руку. А сам ты нічога гэтага зрабіць не можаш.
    Словам, чакай, калі цябе пераробяць.
    А перарабляць, як ім здавалася, у іх было што.
    Рухомыя, нібы знарок, ляпілі Нерухомых заўсёды нейкімі нязграбнымі, нават страшэннымі, пачварнымі, апраналі ў самыя непрывабныя сярмягі ці лахманы, абувалі ў лапці, твары рабілі грубымі, непрыгожымі, а на галовы абавязкова насоўвалі брыдкія шапкі, быццам бы знятыя з пудзілаў. А ім жа
    хацелася выглядаць прыгожа і самавіта,— як і самім Рухомым. Асабліва былі незадаволеныя жанчыны: яны саромеліся і свайго вобліку, і свайго адзення. А якая жанчына не хоча быць чароўнаю?!
    Асуджаныя на вечную нерухомасць, не маючы магчымасці хадзіць і сустракацца між сабою, на адзіноце дужа многа думалі — як кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце памагло. Яны неймавернаю сілаю волі змусілі мёртвы, нежыццёвы і непрыдатны для роздуму пластылін мысліць.
    Вось і зараз ён, злеплены кімсьці наспех, ляжаў нерухома, побач, таксама нерухома, ляжалі іншыя, а каля яго скроні, ён адчуваў, пульсавала нейчая настойлівая думка. I ён нават ведаў, чыя яна, ведаў, што гэта абменьваецца інфармацыяй з суродзічамі вунь той пластылінавы чалавек, злеплены пад блазна ці прыдурка, што ляжыць далёка-далёка ад яго — на самым краі стала.
    «Трэба нам нешта рабіць,— спакойна, не спяшаючыся, расшыфроўваў мозг сігналы.— 3 нас здзекуюцца, намі пагарджаюць, нас не лічаць нават за людзей. Нам не даюць думаць, вырашаць свой лёс — якімі, маўляў, мы злепім вас, такімі і жывіце».
    Тут жа ў размову ўмешваўся другі голас, і гэта было падобна на перамовы розных радыёстанцый у эфіры. I новы голас быў таксама яму знаёмы — ён належаў пластылінаваму чалавеку, злепленаму пад хлебароба: магутныя кулачышчы, шырокія плечы, моцныя, мускулістыя босыя ногі. Яго зляпілі амаль што голым — знізу толькі крыху прыкрылі нейкім шарачковым рыззём. Чалавек і напраўду атрымаўся моцны і загартаваны — нягледзячы на тое, што тут і апранутым было зімна, ён ніколі не скардзіўся, што яму холадна, ніколі не прастуджваўся, не хварэў. He замінаў яму і вузкі лоб, які знарок, для пацехі зляпілі яму Рухомыя, каб пасмяяцца і паздзекавацца з яго: пад гэтым вузкім ілбом віравалі такія мудрыя і натхнёныя думкі, што амаль усё племя Нерухомых міжволі прызнала яго сваім вадаром. Ен ведаў, што ім трэба рабіць вось зараз, сёння, але таксама разумеў, што іх чакае заўтра і што там ім спатрэбіцца ў першую чаргу. Яго думкі
    былі простыя і звычайныя, як сама зямля, хоць у іх і была такая глыбіня, якая часцей за ўсё прыхарошвае і робіць высакароднаю кожную мудрую прастату. Хлебароб не даваў нікому ніякіх загадаў ці парад — ён проста нібы разважаў сам з сабою, але яго хвалю лавіў кожны пластылінавы чалавек.
    «Дык што ж нам трэба рабіць, каб вярнуць свой гонар, славу і самапавагу? Мусіць, трэба найперш стаць на ногі, утрымацца на іх, а затым навучыцца хадзіць».
    А звычайны, шэранькі чалавечак, якога Рухомыя вылепілі царом, быў дужа прымітыўны, вёў сябе вельмі несамавіта і непрыстойна, выглядаў блазнам. Яго шыкоўнае царскае адзенне і карона на галаве неяк не стасаваліся з тым, што ён гаварыў і рабіў: крычаў на ўсіх, выдаваў дурныя загады, з якіх усе смяяліся, лаяўся, а пасля, пакрыўдзіўшы, абразіўшы ўсіх, чамусьці плакаў сам.
    Ён жа, Хлебароб, адчуваў у сабе нейкую нерэалізаваную звышчалавечую сіламоц. Воляю і думкаю мог напоўніць свае пластылінавыя вены жывою сапраўднаю крывёю, а рукі і ногі — такою энергіяй, што яны, як яму здавалася, рабіліся жывымі і пачыналі рухацца. He, для ўсіх іншых рукі-ногі нерухома ляжалі, як і да гэтага, на месцы, і толькі ён сам ведаў і адчуваў, што яны рухаюцца.
    Сілаю волі прымусіў падысці да сябе аднаго з Рухомых — менавіта таго, хто, ён ведаў, паддаецца яго біялагічнаму полю, яго намаўленню, гіпнозу. Прысіліў узяць сябе ў рукі і ягонымі пальцамі пачаў рабіць самога сябе.
    Найперш зняў з галавы блазенскі картуз. Потым пачаў папраўляць твар, надаючы яму годнасць і ўзнёсласць, рашучасць і ўпэўненасць.
    Пальцы былі жорсткія, няласкавыя, але яму здаваліся прыемнымі і жаданымі: яны рабілі якраз тое, чаго ён і хацеў, чаго дамагаўся — ляпілі яго, ляпілі без насмешкі і здзеку.
    Усё племя гэта зразумела, насцярожана сцішылася, і зараз пластылінавыя людзі ляжалі моўчкі, не перагаворваючыся. Маўчаў нават цар-блазан — не выкрыкваў глупстваў, не плакаў і не смяяўся. Усе, напружыўшыся, чакалі, што ж будзе далей.
    А пальцы Рухомага ўсё яшчэ з натхненнем і асалодаю, з нейкай дуркаватай зацятасцю ціскалі, мясілі пластылін і радаваліся, калі атрымліваўся прыгожы нос, шчырыя вочы, высокі лоб. Рухомы, сам таго не ведаючы і не хочучы, вось зараз сабе насуперак рабіў Вадара, вартага ўсяго абражанага і зняважанага племя.
    А сам Вадар адчуваў, як напаўняецца сілаю і жыццём кожная клетка пластыліну, як векавечная мара столькіх пакаленняў вось зараз уваходзіць у яго аднаго.
    Ад радасці ён, нечакана нават для самога сябе, міжволі скалануўся.
    I адразу ж заціхлі, перасталі працаваць пальцы Рухомага. Яны, здаецца, таксама адчулі нейкую невядомую да гэтага сілу ў пластыліне, адчулі яе радасць і супраціўленне адначасова, і спалохаліся: у гэтай сіле і радасці нібыта была нейкая пагроза ім, Рухомым,— пластылінавыя людзі зараз ужо, зраўняўшыся з імі па руху, станавіліся нібыта раўнёю ім.
    Рухомы хацеў пачаць разбураць з натхненнем створанага ім чалавека, паспеў ужо нават змяць яму правую руку і скамячыць вуха, але Вадар зноў напружыў усю сваю волю і, узбудзіўшы біялагічнае поле, прымусіў яго спыніцца.
    Рухомы трымаў зараз чалавека ў руцэ і не ведаў, што з ім рабіць далей. Ужо хацеў быў кінуць туды, на стол, дзе ляжалі астатнія, асуджаныя на нерухомасць, пластылінавыя людзі, але Вадар зноў сабраў сваю сілу волі і загадаў Рухомаму: «Не кладзі. Пастаў... Пастаў на ногі... Пастаў...»
    Рухомы ўсё больш і больш трывожыўся, відаць, адчуў, што нехта кіруе ім і ўсё гэта ён робіць не па сваёй волі — як у сне.
    Зразумеўшы, што ў яго руках ужо не мёртвы пластылін, a жывая плоць, ён зусім спалохаўся і кінуў Вадара да суродзічаў — нават невядома было, ці то ён кідаў яго так, ці то ставіў. Можа, і ставіў, ды ў спудзе гэта атрымалася ў яго дужа рэзка, і Вадар ледзь не паваліўся, але ўсё роўна ўтрымаўся на нагах, устояў.
    Вадар стаяў, пагойдваўся, ківаўся, ды так моцна, што здавалася, вось-вось перакуліцца, упадзе. Ніхто не ведаў, што яго пластылінавыя ногі сталі жывымі і ў руках ужо торгае, нібы
    дабраякасны, чужародны пластыліну, нарыў — нармальная чалавечая кроў. Ніхто не бачыў, як трымцяць ад нецярпення ногі, прагнучы найхутчэй зрабіць першы крок. Ніхто не чуў, як чалавек голасна, на ўсю планету сказаў: «Мы паспрачаемся яшчэ з вамі, жорсткія чалавечыя пальцы».
    Пластылінавы чалавек — першы сярод суродзічаў — вучыўся хадзіць.
    Выгнанне дэманаў
    — Чалавек грэшны, нават калі яго ніхто і не вучыць граху. Вы асляпілі вочы свае, а сэрцы ператварылі ў каменне — не бачыце вачыма, не разумееце сэрцам. Хіба можна рабіць нешта добрае, калі самі злыя? Хіба можна быць святым, калі думкі нашы далёкія ад святасці? Дык выкіньце ж толькі па адной парушынцы са сваіх вачэй, і вы ўбачыце горы гнілога смецця, якое будзе куродыміць за вамі.
    Яны ціха стаялі перад ім — яшчэ спакойныя і, здавалася, ні ў чым не вінаватыя. Стаялі моўчкі — ніхто ні з кім не перагаворваўся, ніхто ні на кога не глядзеў.
    Бездакорны накінуў на галовы ім нейкую шырокую, невыразна шэрую посцілку — усе галовы аказаліся пад ёю — і казаў далей: