Вершы, балады, прытчы
Янка Сіпакоў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 399с.
Мінск 2010
— Хіба можа благое дрэва выспеліць добры плод? А добрае — дрэнны? I вы, хто ў граху і спакусе, плачце і галасіце над злыбедамі вашымі, што ідуць на вас... Багацце ваша згніло, вопраткі вашы з’едзены моллю... Золата ваша паржавела, іржа іх сведчыць супраць вас і з’есць цела вашае, як агонь...
Пад посцілкаю было ціха — ніхто не варушыўся і ніхто, здавалася, нават не дыхаў — так уважліва, пільна і насцярожліва ўсе слухалі Бездакорнага.
— Цяжка нехта з вас мучыцца? Няхай моліцца. Весела каму? Няхай псалмы спявае. Прызнавайцеся адзін перад адным у сваіх правіннасцях і маліцеся адзін за аднаго, каб паздаравець. Многае зможа настойлівая праўдзівая малітва.
Пад посцілкаю, там, дзе былі галовы, выпукляліся, як купіны, грудкі. Яны ўжо заварушыліся, сёй-той нават пачаў шморгаць носам.
— Хрыстос мучыўся за нас сваім целам, то і вы спавядайцеся гэтай жа думцы, бо той, хто мучыцца целам, перастае мучыцца душою, перастае грашыць. Каб рэшту часу пажыць ужо не паводле чалавечых слабасцей, а паводле божае волі. Бо хопіць і таго, што ў мінулым жыцці вы паступалі па падказцы паганаў, ходзячы ў нячыстасці, пажадлівасці, п’янстве, банкетаванні, піцці і легкадумным служэнні нячысціку.
Прасцірадла паступова спаўзала з галоў — пад ім ужо некаторыя вернікі пачалі сутаргава торгацца, курчыцца ў канвульсіях.
Голас Бездакорнага быў усё яшчэ спакойны і абыякавы:
— Усе людзі грэшныя. У кожнага чалавека ўсяліўся нячысцік. Яны жывуць з ім да пары да часу і не адчуваюць гэтага. Паколькі для дэманаў не існуюць прастора і час, яны пранікаюць у душу і сэрца чалавека і ўнушаюць яму свае д’ябальскія думкі. Эпідэмія душэўных хвароб запаланіла зямлю. Асабліва страшны загадкавы від вар’яцтва — апантанасць. Хворыя адчуваюць, што яны — гэта не яны, што ў іх усяліўся нехта чужы і варожы. Яны крычаць і гавораць ад імя дэманаў, а па начах здаровыя ў жаху чуюць іх скавытанне і рогат.
Бездакорны на хвіліну змоўк, нібыта задумаўся. Паправіў накідку, усцягнуў яе зноў на галовы, з якіх яна з’ехала. Казаў далей:
— Сутнасць кожнага нячысціка — мана. У нежыцяў няма свайго твару, свайго аблічча, яны заўсёды пазычаюць іншыя. Бывае, што нават воблік анёла прымаюць. Дык яны ж, нячысцікі, і напраўду некалі былі анёламі, але не змаглі захаваць сваёй годнасці і сталі анёламі бездані. Усе свае анёльскія якасці — звышчалавечыя веды і магутнасць — яны паставілі на службу злу. Памятаеце, нават да святога Францыска Асізскага нячысцік з’явіўся ў выглядзе Хрыста. I толькі калі той, насуперак сваёй высакароднасці, пачаў папросту лаяцца, мацюкаць паганага, ілжэ-Хрыстос у жаху кінуўся наўцёкі, пакінуўшы пасля сябе чужы, нікчэмны дух і брыдкі пах серы. Дык вы-
ганяйце ж з сябе нячысцікаў, выганяйце д’яблаў, выганяйце спакуснікаў і ліхаў! Выганяйце, выганяйце, выганяйце!
Людзі перад Бездакорным, скідаючы з сябе посцілку, заторгаліся яшчэ мацней, і гэтыя іх рухі былі самі па сабе падобны на нейкі д’ябальскі танец — усе рабілі нешта рознае, але рабілі гэта аднолькава, быццам на сеансе экстрасенса.
— Ой, ой,— завойкаў пад самаю рукою Бездакорнага малады яшчэ чалавек з худым і цёмным тварам.— Мне блага.
— Вінаваты? — як не ў самае яго вуха крыкнуў Бездакорны.
— Здаецца, не... Здаецца, не...
— А д’ябальскае зелле курыў?
— Ну, курыў, ну, курыў!
— А д’ябальскае малако піў?
— Ну, піў, ну, піў!
— Нячысцік табе віно падносіў, таму і рукі твае трасуцца.
Апантаны здзіўлена глядзеў на свае рукі і крыўляўся яшчэ болей.
— Прызнавайся, у чыім выглядзе д’ябал прыходзіў да цябе?
— Ну, з сябрам я піў. Ну, з сябра-а-ам!
— Нячысцік у абліччы сябра спойваў цябе... Чуеш, нячысцік! — яшчэ прарэзлівей закрычаў Бездакорны.— Ачышчайся! Ачышчайся хутчэй!
Малады чалавек раптам упаў на калені, пачаў поўзаць вакол Бездакорнага, пачаў рохкаць па-свінячы і брахаць пасабачы.
— Бачыш, колькі ты, грэшны, д'яблаў у сабе насіў? Свіннямі і сабакамі выходзяць яны з цябе!
У гэты час ужо амаль усе торгаліся ў сутаргах.
Чалавек сярэдняга веку — сівы, тактоўны, прыстойна апрануты — хацеў быў непрыкметна падацца да дзвярэй, але ўладны голас Бездакорнага вярнуў яго зноў да апантаных людзей, якія яшчэ ў большым шале нідзе не маглі знайсці сабе месца.
— Д’ябальскае рабро ў табе іграе. Кажуць жа і людзі, і багі — на сівізну чорт ласы... Як венікамі, трасуць вамі, людзі,
нячысцікі. Страсайце ж іх з сябе, страсайце! — ужо як не лямантаваў Бездакорны.
I раптам гэты сівы, прыстойны чалавек пачаў страсаць з сябе нешта нябачнае, што нібыта замінала яму, а затым упаў на брудную падлогу і ўзяўся качацца па ёй, робячы дужа непрыгожыя рухі, выкрыкваючы нецэнзурныя словы. Але ніхто не звяртаў на яго ніякай увагі — усе былі заняты сваімі нячысцікамі.
I тут Бездакорны заўважыў маладую, прыгожую жанчыну, якая стаяла крыху збоку, пасміхалася з усяго, што бачыла, і неяк не зусім упэўнена паўтарала:
— А я ні ў чым не вінаватая. А я чыстая.
Ён рукою паклікаў яе бліжэй і загаварыў спакойным голасам:
— Чалавек грэшны, калі нават яму і здаецца, што ён бязгрэшны. I ты грашыла. I ты зналася з нячысцікам. Прызнавайся!
— He, я чыстая, не, я не вінаватая.
— Усе крычаць, што яны не вінаватыя. Усе енчаць: не я, не я... А хто ж тады так засмеціў зямлю?!
— He я, не я...
— Бачыш, не ты. А нячысціка хто цешыў?
— Нікога я не цешыла.
— А ў кампаніях многа смяялася?
— Ну, смяялася,— ужо няўпэўнена, нібы раздумваючы над нейкаю незразумелаю віною, адказвала жанчына.
— А на вечарынках з асалодаю танцавала?
— Ну, танцавала...
— Дык гэта ж нячысцік рагатаў у табе, гэта ж д’ябал змушаў цябе скакаць і весяліцца,— вініў жанчыну Бездакорны.
Тая зараз ужо маўчала. Дзе і падзелася яе ўпэўненасць — яна толькі плюскала вачыма і нервова азіралася па баках.
— А смутак безвыходны ў цябе бывае? Весялосць нестрыманая? Скажы — бывае?
— Ну, бывае... Ну, бывае...
— 3 нячысцікам ты спазналася, і ён змушае цябе і сумаваць, і цешыцца...
— Ой, я не вінаватая...
— Прызнайся, ён прыходзіў да цябе? — ужо ў самае яе вуха крычаў Бездакорны.— Прыходзіў, я пытаюся? Пад выглядам мужчыны прыходзіў? Ці, можа, у абліччы сатыра? Рагаты такі, хвастаты, з капытцамі... Прыходзіў ці не?
— Ну, прыходзіў... Ну, прыходзіў... Ой, пры-хо-дзіў...— загаласіла жанчына.
— I ён лашчыў цябе? Прызнавайся! — Бездакорны ўжо крычаў так голасна, нібыта ён гаварыў гэта не толькі да яе аднае, але і да ўсіх тых, хто прыйшоў на гэтую споведзь,— Адказвай, лашчыў ці не?
— Ну, лашчыў... Ой, ла-шчыў...
Твар жанчыны раптам скрывіўся, яна пачала грымаснічаць і закалацілася ў потарзе — яшчэ мацней і раз’юшаней, чым тыя, што ўжо тузаліся даўно.
— Ой, гару... Ой, га-ру...— толькі і паўтарала яна.
А Бездакорны ўзмахнуў рукамі, і накідка зноў затрымцела над галовамі.
— Ачышчайцеся! — крычаў ён да ўсіх.— Выганяйце з сябе нячысцікаў! Выганяйце спакушальнікаў і ліхаў, вераломнікаў і ненашаў, хітруноў і злоснікаў, перакрутаў і спрытнюг! Вызваляйцеся ад д’ябальскіх выкрутасаў! Вызваляйцеся!
На людзей, якія ў шале, цяжка было глядзець. Яны крыўляліся, сутаргава, нібы эпілептыкі, калаціліся і перасмыкаліся, качаліся па падлозе, хадзілі на чацвярэньках, поўзалі, стагналі, крычалі, плакалі, лаяліся, брахалі па-сабачы, вішчэлі па-свінячы, бляялі па-авечы — так цяжка выходзілі з іх нячысцікі.
А над усім гэтым чуўся цяпер ужо спакойны голас Бездакорнага — ён церушыўся, спадаў на тых, хто пакутаваў, здымаючы, паслабляючы іхні боль:
— Ачышчайцеся! I паможа вам Бог! Памятаеце ў Евангеллі? Калі Ісус выйшаў з чоўна, зараз жа пераняў яго чалавек з могільніку, апанаваны нячыстым. Ен меў жыллё ў магілах; і ніхто не мог яго звязаць нават ланцугамі, бо многа разоў скоўвалі яго путамі ды ланцугамі, але ён разрываў ланцугі і разбіваў путы, і ніхто не меў сілы супакоіць яго; заўсёды
ўначы і ўдзень ён быў у горах ды ў магілах, крычучы і б’ючы сябе каменнем. Угледзеўшы ж Ісуса здалёку, прыбег ды пакланіўся яму і, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: што Табе да мяне, Ісус, Сын Бога Усявышняга? Заклінаю Цябе Богам, не муч мяне! Бо Ісус казаў яму: выйдзі, дух нячысты, з гэтага чалавека. I спытаўся ў яго: як імя тваё? I ён сказаў у адказ: легіён імя маё, бо нас многа. I дужа прасіў яго, каб не высылаў іх вон з стараны тае. Пасвіўся ж там ля гары вялікі гурт свіней. I прасілі яго ўсе дэманы: пашлі нас у свіней, каб нам увайсці ў іх. Ісус ураз жа дазволіў ім. I нячыстыя духі, выйшаўшы, увайшлі ў свіней, і кінуўся статак з кручы ў мора; было ж іх каля дзвюх тысяч; і патанулі ў моры. Хай і з вас выходзіць нячыстая сіла. Хай і яна ўсяляецца ў сабак і кошак, у коз і свіней...
Праходзіў час, і людзі паступова супакойваліся. Ужо не так яны біліся і курчыліся, не так вылі і крычалі. Сёй-той цяжка ўздыхаў, пацепваўся, сёй-той, стомлены, ледзь стаяў на нагах і, заплюшчыўшы вочы, хістаўся, як п’яны.
— Вы сталі здаровымі. Ідзіце туды, хто адкуль прыйшоў, і не грашыце болей. Вам няма чаго баяцца цяпер, трэба толькі верыць. Бо, памятаеце, Бог казаў: «Той, хто верыць у мяне, будзе рабіць справы, якія і я раблю». Толькі вера ўратуе вас ад новых заган і грахоў. Бо дэманы якраз і паразітуюць на вашых грахах. Беражыце ж душы ад нечыстаты! Запаўняйце іх, прыбраныя і падмеценыя, чысцінёю і добрымі намерамі, каб не вярнуліся ў іх д’яблы. Бо калі яны вернуцца, іх будзе болей, чым было да гэтага. Бо калі д’яблы зноў апануюць вашы душы, адкуль іх выгналі, яны будуць яшчэ болей злыя і асатанелыя. He пакідайце ж ні на хвіліну вашы душы пустымі!
I раптам Бездакорны заўважыў маладога чалавека — спакойнага, прыстойнага, уважлівага, які стаяў крыху зводдаль і насмешліва назіраў за ўсім, што адбывалася перад ім. Бездакорны падышоў да яго і ціхім, але ўпэўненым голасам запытаўся:
— Сын мой, а што адчуваеш ты?
— Нічога,— шчыра адказаў малады чалавек.
— Чаму ж тады ты смяешся, калі іншыя плачуць?
— Таму што смешна. I яшчэ таму, што плачуць не ўсе, каму варта плакаць.
— Сын мой, тваё нявер’е палохае. Яно ад таго, што ў цябе ўсяліўся самы хітры і самы каварны нячысцік, самы вераломны д’ябал. Ты, мусіць, самы грэшны між усіх! — закрычаў Бездакорны і яму, як нядаўна жанчыне, у самае вуха.— Прызнавайся!
Але чалавек быў надзіва спакойны.