Вершы, балады, прытчы
Янка Сіпакоў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 399с.
Мінск 2010
Дагнаўшы, Незнаёмы паспрабаваў быў зноў неяк увайсці з людзьмі ў кантакт і, ужо ведаючы, што без рук гэта немагчыма,
што рукі тут — самае галоўнае, яны — і вочы, і вушы, і голас гэтых вандроўнікаў, пачаў набліжаць да іх свае далоні, але тыя, як і перад гэтым, не заўважалі ні яго самога, ні ягоных памкненняў — нібыта нікога ля іх не было. Праўда, дзяўчаты і маладыя жанчыны, якім ён таксама асцярожна спрабаваў падсунуць рукі, непрыемна шарахаліся, як ад нечага брыдкага, халоднага ці мокрага, адсланялі свае далікатныя далонькі і самі спяшаліся хутчэй адысціся куды-небудзь убок.
Зразумеўшы, што гэтыя людзі не прымуць яго у свой гурт, ён перастаў дамагацца іхняй увагі і пачаў уважліва разглядаць, вывучаць натоўп. Ужо ведаючы, што яны не бачаць, не чуюць і не гавораць, рабіў гэта спакойна і адкрыта, не тоячыся і не баючыся нікога.
Чым лепш пазнаваў гурт, тым больш разумеў, які гэта моцны народ, што кінуў свае звыклыя вёскі і гарады і вырашыў ісці нешта шукаць.
Народ гэты, на думку Незнаёмага, належаў да племя хлебаробаў. Мужчыны ўсе плячыстыя, дужыя, цягавітыя, з цяжкімі, жылістымі ад працы рукамі — канечне ж, за сяброў ім заўсёды былі ці то сякера, ці то каса, ці то плуг. Жанчыны — прыгожыя, зграбныя, вабныя, але спрацаваныя: і жаць яны, вядома, умеюць, і ткаць, і шыць, і палоць, і кароў даіць... I, безумоўна,— дзяцей раджаць: вунь колькі іх топчацца, таўчэцца пад нагамі ў племі і колькі ў матак на руках! А дзяўчаты! Прыгажуні! Іх хоць куды — хочаш на выстаўку, хочаш на конкурс прыгажосці пасылай, а хочаш — проста працы аддай: лён палоць ці сена варушыць. Усюды яны будуць прыгожыя, усюды ад іх не адвядзеш вачэй. Каралевы зямлі! Доўгія льняныя валасы і блакітныя-блакітныя, як роднае неба, вочы. I самі — такія ўжо беларусенькія! А дзеткі? I жвавенькія, і дапытлівенькія, і разумненькія. Толькі нейкі не дзіцячы, дужа дарослы сум у вачанятах стаіць — ці то ад пастаяннай дарогі, ці то, можа, ад якой іншай бяды.
Ён углядаўся ў кожнага чалавека і бачыў, што гэта ідзе сапраўдны, праўдзівы народ. Сярод яго не было калек і вырадкаў, не было, здаецца, і прайдзісветаў — ці то яны не пайшлі разам з іншымі, ці то па дарозе адышліся, зламаліся, зніклі.
Тут ішлі толькі гожыя і чыстыя душою вандроўнікі. Ішлі людзі розных прафесій: цеслі і трактарысты, муляры і касцы, настаўнікі і даяркі, інжынеры і мастакі, гарманісты і печнікі, спявачкі і цялятніцы, пчаляры і бондары, міністры і конюхі... Ён пазнаваў іхнія прафесіі па нейкім нязначным узмаху рукі, па кіўку галавою, па звычным характэрным руху, па паставе ці нават па паходцы. Гэта і праўда была дзяржава — спыняйся ў любым месцы, сяліся, будуйся, і яна адразу пачынае жыць і працаваць.
Сонца ўжо заходзіла. Адсюль, з пылу, узнятага столькімі нагамі, яно бачылася невыразна — нібы ў шчыльным засціле. Людзей не цікавіла, відаць, і гэта, бо яны ішлі спакойна, не зважаючы на блізкі вечар. Вось што значыць нічога не бачыць — калі б бачылі, ужо даўно б захваляваліся: а ці паспеем да вечара дайсці? Дзівак! А куды дайсці? Навошта спяшацца, калі яны ўвесь час ідуць?
Чакай, чакай, а можа, сам рух і ёсць іх жыццё, а канчатковы вынік — нішто? He, не можа такога быць — сэнс любой вандроўкі якраз у завяршэнні: куды і з чым ты прыйдзеш?
Калі сонца зайшло, людзі, нібы па якой камандзе, збочылі з дарогі. Усе, хто дзе спыніўся, там і асунуліся на зямлю.
Ноч умомант — так раптоўна бывае гэта толькі на поўдні, a не ў нас, на поўначы,— упала на зямлю і адразу ж прыціснула сабою ўсё, што апынулася пад ёю. Стала зусім цёмна. Праз якую хвіліну ўжо нічога нельга было разабраць, адрозніць, дзе зямля, а дзе неба, дзе трава, а дзе людзі, якія ўлегліся на ёй начаваць.
Прачнуўся ён ад яркага, сляпучага сонца. Яно біла проста ў вочы, і таму яму не хацелася адплюшчваць іх — ведаў, як балюча будзе зрэнкам. Доўга ляжаў не варушачыся, прыслухоўваючыся, успамінаючы дзіўнаваты ўчарашні дзень, дзіўнаватую грамаду, утомную дарогу, і яму здалося, што ўсё гэта ён бачыў у сне...
Навокал было ціха-ціха. Цішыня насцярожвала: столькі людзей спіць побач, аднак не чуваць ніводнага руху, ніводнага ўздыху, ніводнага шораху.
Таму, калі ў траве, ля самага вуха нечакана загуў чмель, ён аж здрыгануўся — такім прарэзлівым і гулкім здаўся ў цішыні гэты гуд: нібыта шум аўтамабіля, які вось-вось наедзе на цябе.
Ускочыў на ногі і, адвярнуўшыся ад сонца, расплюшчыў вочы. I неймаверна здзівіўся: каля яго нікога не было. Яшчэ не выпрасталася прымятая, улежаная трава, але людзей навокала не відаць. Яны падняліся і пайшлі, пэўна, да сонца — іх лежбішчы нават паспела прыцерушыць ранішняя раса.
Сярод поля і лугу ён стаяў адзін. Грамада і зараз абышла яго, абцякла, пакінула, выціснуўшы з сябе, як нешта чужароднае.
Чалавек азірнуўся. Дзіўна, учора ўвечары ён, стомлены, не заўважыў, што спыніліся яны начаваць каля нейкай вялікай вёскі. Вёска стаяла дыхтоўная, новая, нават крыху яшчэ не дабудаваная: у асобных вокнах не ставала шыбаў, дзе-нідзе не былі зашыты франтоны, не дароблены ганкі, веснічкі. Але вёска выглядала гатоваю — у яе можна было хоць сёння засяляцца і жыць. Праўда, дзівіла толькі тое, што нідзе не відаць ніводнага чалавека — ці то вёска сама па сабе і нараджалася ўжо такою мёртваю, нежылою, ці то яе пазней пакінулі людзі, якім яна чымсьці не спадабалася.
Ён яшчэ пастаяў, падумаў над гэтаю неспадзяванкаю, a тады ўзняў з зямлі плячак, дзе былі сякія-такія дачныя прычындалы,— ён уночы ляжаў пад галавою — і зноў пайшоў даганяць грамаду.
На дарозе, хоць па ёй і прайшло столькі людзей, не асталося ніякіх слядоў. Але Незнаёмы і без слядоў ведаў, у які бок падаліся вандроўнікі — яму як усё роўна нехта невідомы падказваў, як і куды трэба кіравацца.
Грамаду ён дагнаў, калі яна, выйшаўшы з лесу, абгінала вялікае, топкае і дрыгвяністае балота. Уяўляеце, як бы павінна была хлюпаць і цвякчэць твань пад столькімі нагамі, але ён, колькі ні ўслухоўваўся, нічога не чуў,— людзі ішлі ў поўнай цішыні, бясшумна пераскоквалі з купіны на купіну, без аніводнага гуку выцягвалі з багны ногі.
Усіх дзяцей, каб яны не паправальваліся ў прорвы, пабралі на рукі — і мужчыны, і жанчыны: ніводзін карапуз зараз не круціўся пад нагамі. Яны тузаліся на руках, мусіць, прасіліся далоўкі, спрабавалі злезці самі, але бацькі трымалі іх моцна — ніхто пакуль што не думаў нават ссаджваць дзяцей на зямлю. А да гэтага ж малечы няўтомна бегалі па траве і дарожным пыле, насіліся, як і ўсе дзеці на свеце — толькі бязгучна,— паміж дарослымі.
Мужчыны лагодна і ласкава апекаваліся жанчынамі, далікатна падавалі ім рукі, пераносілі з купіны на купіну, памагалі абысці небяспечныя, макрэйшыя імшарыны. Праўда, Незнаёмы паспеў заўважыць, што мужчыны і тут такія ж, як і ўсюды: яны завіхаюцца каля маладых і прыгожых жанчын, там збіраецца шмат — цэлы рой рук, і ўсе яны — сама ўвага і тактоўнасць, а каля старэйшых амаль нікога няма, і ім самім даводзіцца скакаць праз багну. Калі ўпадзе касынка ў маладой — усе мужчыны хутчэй кідаюцца дапамагчы прыгажуні, a хусцінку старой ніхто і не думае падымаць, каб зноў ускінуць яе на плечы. Успомніў жонку, якая асталася ў тым жыцці. Як яна ненавідзіць усіх мужчын! «Іхняя канстытуцыя, кажа, прымітыўная, яна не цікавая зусім і ніяк не можа зраўняцца з нашай, жаночай».
Асамі жанчыны? Іхнія далонькі, іхнія пальчыкі, канечнеж, ахвотней і жаданей цягнуцца да тых, хто ім падабаецца, каму яны сімпатызуюць. I тут іншы мужчына стаіць, стаіць, высоўвае, высоўвае наперад рукі, спадзеючыся, што якая козачка скокне да яго ў абдымкі, а яны не проста бачаць тое — усё да прыгажэйшых ды паглядных далонькі свае працягваюць. Стаіць такі, стаіць, а тады махне рукою і пойдзе, унурыўшыся, пераносіць праз твань якую-небудзь старую ці непрыгожую.
Можа, і праўда ў мужчын нешта нейкае з канстытуцыяй?!
Незнаёмаму вельмі ж хацелася, каб і яго прынялі ў грамадзе за свайго. Ен таксама высоўваў наперад рукі, але ніхто зноў жа не дакрануўся да іх, ніхто ні з дзяўчат, ні са старых нават не зірнуў у той бок. Яго прысутнасці, здаецца, не заўважалі, яны існавалі нібы ў розных светах і вымярэннях,
і ён ужо сам сабе згадзіўся з думкаю, што ім ніколі не паразумецца, як, скажам, не паразумецца воблаку і матацыклу. Хто б з такіх што ні гаварыў, іншы ніколі не зразумее: усё ў іх рознае і нідзе нішто нават не перакрыжоўваецца.
Балота, якое трапілася на шляху грамадзе, было ёй за надзвычайнае становішча, дзе найлепей праяўляліся асаблівасці людзей і дзе іх вельмі добра было назіраць.
Незнаёмы зусім асмялеў. Ен, ведаючы, што людзі нічога не бачаць і не чуюць, смела хадзіў між імі, гучна смяяўся, гаварыў, па-свойму тлумачыў іхнія паводзіны і нават самаўпэўнена падказваў, што і як ім лепей рабіць. Гэта было дзіўна, недарэчна і смешна: ён гаворыць адно, а людзі робяць зусім іншае, не зважаючы на яго падказкі. Ад свае бездапаможнасці, ад немагчымасці што-небудзь змяніць ці паправіць у гэтай грамадзе, ён злаваўся яшчэ болей, а таму крычаў прарэзлівей і адчайней.
Калі ж выйшлі з балота на цупкую, утрамбаваную машынамі дарогу, людзі зноў паспакайнелі, пассаджвалі з рук дзяцей і ішлі зараз зноў як у нейкім несапраўдным, запаволеным сне.
Разам з імі паспакайнеў і ён сам.
Дасюль яму здавалася, што племя, між якога ён ішоў, усё на адзін твар — гэтак жа, як на першы погляд на адзін твар выглядае кожны народ: што ні аблічча — той жа самы чалавек.
А вось гэтае блуканне па балоце дапамагло яму ўбачыць у грамадзе прыгожых і непрыгожых, тонкіх і тоўстых, задумлівых і рассмяяных, спакойных і рухавых, пераканацца, якія яны ўсе розныя і непаўторныя.
Незнаёмы вылучыў нават самую прыгожую жанчыну, гэтакую Міс Грамада, і хутчэй за ўсё не памыліўся. Каля яе заўсёды ласкава і далікатна кружылася, як у танцы, мноства рук, а яму было чамусьці боязна, каб і яе, як, да прыкладу, нашых каралеў прыгажосці, не зняважылі якой-небудзь непрыстойнасцю.
Прыгажуня ж залётнікаў не баялася. Яна з усімі была вельмі роўнаю і нікому не аддавала перавагі.
За час блукання па балоце Незнаёмы заўважыў і зразумеў, хто каму сімпатызуе, хто каго любіць, хто каго раўнуе і хто
каго пабойваецца. Адчуў, што ў некаторых рэўнасць была адчайнай і выклікала нават шал. Вядома, тут, у дарозе, адзінаю, мусіць, прычынаю звадаў і злосці магла быць толькі жанчына.