• Часопісы
  • Вершы, балады, прытчы  Янка Сіпакоў

    Вершы, балады, прытчы

    Янка Сіпакоў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 399с.
    Мінск 2010
    57.44 МБ
    Ад гэтага часу ён пачаў ужо думаць, як адпомсціць ваўкам, якія гэтак зняважылі і абразілі яго: прывялі чалавека на свой падворак і ў сваім жа хляве змусілі душыць сваіх жа авечак...
    Толькі не ведаў, калі гэта лепей зрабіць. Цяпер, як ён стаў чалавекам, ці тады, калі зноў перавернецца ваўком.
    Тыя, што ідуць
    Людзі ішлі неяк нязвычна — быццам плылі ў вадзе ці, наадварот, рухаліся ў беспаветранай прасторы, у бязважкасці. Яны асцярожна, як сляпыя, ставілі на зямлю ногі, кіраваліся па дарозе няспешна, абачліва, выстаўляючы перад сабою
    рукі, сустракаліся імі, дакраналіся далонямі, пальцамі, разыходзіліся, каб неўзабаве зноў сустрэцца, толькі ўжо з іншымі далонямі і іншымі пальцамі.
    Ішлі павольна, не спяшаючыся, але, нягледзячы на гэта, рух іхні быў вельмі ўпэўнены і перакананы.
    Ён таксама выставіў перад сабою руку, і нібыта і сам нічога не бачыць, нібыта і сам іпукае чужой далоні, пайшоў да іх у натоўп, пачаў гэтак жа, як і яны, мацаць перад сабою паветра. Але дзіва — ягоная рука ніяк не магла сустрэцца ні з якою іншаю: тыя далікатна абыходзілі яе, абміналі, ухіляліся ад дотыку, і яму нават здавалася, што нейкая невядомая сіла настойліва распіхвае, адштурхоўвае іх у розныя бакі. Самі людзі таксама рухаліся вельмі лёгка, суладна і акуратна — ні з кім ён не сутыкнуўся, ніхто не наступіў на ногі: у такім натоўпе людзі не заміналі яму, і ён ішоў, нібыта ў пустаце, нібыта быў адзін на ўсёй гэтай тлумнай дарозе.
    Нечакана апынуўся побач з сівым, аж белым ад сівіны, дзедам, спрэс зарослым валасамі — яго пышныя вусы незаўважна пераходзілі ў густую бараду, якая звісала як не да самых каленяў. Гэты Барадзень, вельмі падобны на Белабога, быў моцны, дужы і, па ўсім відаць, не зважаючы на свае гады, хутчэй за ўсё на здароўе не скардзіўся. Белыя, пушыстыя валасы, якія аточвалі яго галаву, свяціліся і праменілі, нібы німб, асвятляючы натхнёны твар старога.
    Чужому ў натоўпе падалося, што Белабог шукае менавіта ягоную руку. Той ласкава, нібы вывучаючы нешта, гладзіў каля яе паветра, пакуль незнаёмы сам не падсунуў яму нарэшце сваю далонь.
    Рука старога даверліва адгукнулася на дотык, узрадавалася сустрэчы, неяк з надзеяю сціснула яму пальцы, і яны абодва дружна пайшлі поплеч, як усё роўна век-векам ведалі адзін аднаго.
    Рука таксама, як і сам Барадзень, была моцная, верная, надзейная, яна, здавалася, струменіла, аддаючы яму нейкае спакойнае і той жа час неўтаймаванае святло.
    Ісці са старым было лёгка, упэўнена і радасна,— нібыта ён кожнага, хто быў побач, зараджаў сваёй таямнічай энергіяй.
    Незнаёмы доўга любаваўся яго мудрым, адухоўленым тварам, а калі захацеў убачыць раптам вочы старога,— жахнуўся: той быў сляпы! Шчыльна заплюснутыя павекі, калі глядзець толькі на іх, змушалі думаць, што Барадзень спіць.
    3 цікавасцю разглядаючы і іншых з натоўпу, тых, хто быў бліжэй, Незнаёмы спачатку ўзрадаваўся, што ва ўсіх іх блішчаць блакітныя вочы, і тут жа засмуціўся — вочы, як шкляныя, глядзелі, не міргаючы, і, канечне ж, таксама былі невідушчыя.
    Дык вось чаму так нязвычна ідуць гэтыя людзі!
    Трымаючы за руку Незнаёмага, лёгка знаходзячы дарогу ў такім шчыльным і цесным натоўпе, Белабог без асаблівых намаганняў вёў яго між сваімі. За свайго хутчэй за ўсё прымаў стары Незнаёмага і толькі, мусіць, дзівіўся, што чалавек паводзіць сябе крыху дзіўнавата, не так, як усе яны.
    Сляпы вёў відушчага! Быццам бы якраз ён усё бачыў, а не той, хто меў чыстыя і жывыя вочы.
    Відушчы, баючыся, каб не раскрылася яго таямніца, прыкідваўся, што ён такі ж, як і ўсе, і стараўся ўсё рабіць так, як рабілі іншыя — і ішоў, нібы ў вадзе, і нагамі абмацваў сцежку, і выстаўляў рукі наперад. Але ж ён бачыў! Бачыў і дарогу перад сабою, і кожную ямінку, якую трэба абыходзіць, і кожны каменьчык на ёй. Яму самому карцела весці старога, каб прасцей абмінаць перашкоды, лепш знаходзіць прасветы між людзей, але ён стрымліваў сябе — не хацеў яшчэ больш абуджаць падазрэнне, бо думаў, што яны і так адчуваюць ягоны падман.
    А калі раптам Незнаёмы, добра бачачы дарогу, усё ж хацеў быў памагчы Белабогу абмінуць яміну са свайго боку, рука старога незадаволена тарганулася і настойліва павяла яго ў іншы бок — яны абышлі перашкоду менавіта так, як было зручней і як хацелася сляпому.
    Па дарозе ім трапіўся вялікі, магутны, векавечны дуб — стары, нібы знарок, вёў чалавека якраз на яго. I калі ўжо дрэва было зусім блізка, калі здавалася, што вось-вось стукнешся лбом у яго шурпатую кару, Незнаёмы інстынктыўна страпянуўся, адхінуў галаву і хацеў саступіць убок. Барадзень тут жа ўмела, зноў па-свойму, абышоў дуб і абвёў каля яго
    Незнаёмага, але пасля гэтага ягоная рука аслабла і зрабілася крыху абыякавай: Белабог, мусіць, здагадаўся, што той, хто ідзе побач, не іхні — ён усё бачыць!
    Незнаёмы адчуваў, што з рукі старога, які пэўна быў у племі за Валадара, стукаецца штосьці ў яго руку, што Белабог пасылае яму гэткім чынам нейкія сігналы, падобныя на словы, нешта гаворыць, але што — не ведаў і таму не мог нічога адказаць. Ён проста, каб усё ж паказаць, што сёе-тое разумее, каб хоць неяк азвацца на размову, злёгку паціснуў Валадарову руку. Аднак гэтым і зусім выдаў сябе — такое, мусіць, было дужа прымітыўным для рукі, якая гаворыць, і Незнаёмы адразу ж адчуў, як пачужэла шурпатая далонь старога.
    Пасля гэтага зразумеў, што людзі, якія ідуць у гурце, не толькі сляпыя, але яшчэ і нямыя — яны гавораць між сабою адно пры дапамозе рук.
    Шчырая і даверлівая зусім нядаўна рука Валадара зараз усё чужэла і чужэла — ён ужо нават адчуваў яе непрыязнасць,— пакуль, нарэшце, зусім не саслізгнула з ягоных пальцаў: Белабог, каб не замінаць, саступіў крыху ўбок, а затым адзін пайшоў, як паплыў, наперад.
    — Вазьміце і мяне з сабою! — забыўшыся, што ён тут не адзін, што вакол яго людзі, у роспачы закрычаў адрынуты ўслед Валадару, але той не звярнуў аніякай увагі на гэты крык — як ішоў, так і пайшоў далей.
    I ніхто з усяго племя нават не павярнуў галавы на голас, які раскаціўся па ўсім наваколлі і вярнуўся рэхам, ніхто не зірнуў у яго бок, ніхто нічога не адказаў яму — усе, занятыя сваім клопатам, абыякава паплылі наперад, абмінуўшы яго з усіх бакоў і вышалушыўшы з гурту, як штосьці чужое і непатрэбнае.
    I тады Незнаёмы зразумеў, што яны ў дадатак да ўсяго яшчэ і глухія.
    Ён стаяў адзін на дарозе і незразумела — ці то зацікаўлена, ці то здзіўлена — глядзеў, як усё далей і далей адыходзяцца ад яго людзі...
    Гэты натоўп ён убачыў выпадкова. Закінуўшы за спіну плячак, крочыў у іншы бок, на сваю дачу, калі наперадзе
    заўважыў спачатку вялікі пыл, а пасля і людзей, якія ішлі насустрач яму па дарозе.
    Грамада была бязмежная, яму здалося, што яна растопча яго, калі не збочыць, і ён саступіў убок, на траву.
    Яны ішлі каля яго вельмі доўга.
    Упэўнена, хоць і запаволена, ступалі ў дарожны пыл ногі, варушыліся, то з’ядноўваючыся, то раз’ядноўваючыся, рукі, праплывалі спакойныя і, здавалася, нежыццёвыя — ніводная жылка не зварухнецца! — твары.
    I што было асабліва нечакана, дзіўна,— хоць пыл, у якім ішла грамада, вісеў густы і цёмны, стаяў непранікліваю сцяною, самі людзі заставаліся незапыленыя: іхнія твары і апраткі здзіўлялі сваёй белізною, чысцінёю і свежасцю: пыл, аказваецца, не прыставаў да іх!
    Над імі ляталі самалёты, каля іх жыхалі грузавыя і легкавыя машыны, смуродна фыркалі матацыклы, ехалі на конях і веласіпедах паязджане, а яны не бачылі і не чулі гэтага: усе былі заняты дарогаю, ішлі павольна і спакойна, абы-якія да ўсяго, што адбываецца па-за імі,— не абураліся і не захапляліся нічым. I гэтае чужое жыццё таксама, як і пыл, не прыставала да іх — яны жылі нібы ў нейкім іншым вымярэнні.
    Ен тады яшчэ не ведаў, што людзі, якія ішлі паўз яго,— не бачаць. Гэта пасля Незнаёмы здзівіўся такому жахліваму адкрыццю: усе яны сляпыя.
    А яшчэ пазней зразумеў: яны і нямыя.
    I ўрэшце здагадаўся: яны і глухія.
    Але ж куды людзі ідуць — чаго хочуць і чаго так настойліва дамагаюцца дарогаю?
    Здалося нават, што гэта ідзе нейкі цэлы народ — зняўся з даўно наседжанага месца і ўлегцы, нічога не ўзяўшы з сабою, пайшоў у свет.
    Яму тады ж захацелася як мага хутчэй утачыцца ў гэты нязнаны народ, прыкінуцца сваім ці напраўду прыжыцца ў ім, пайсці поплеч, калі не да канца, то хоць бы прапыліць разам колькі дарог і перакрыжаванняў, каб даведацца, куды і навошта яны ідуць?
    Тады ён і выставіў наперад рукі, рашуча ступіў у незнаёмы натоўп і, паправіўшы плячак за спіною, пайшоў з гуртам, хоць гэта і было яму не па дарозе.
    А зараз вось той самы натоўп вышалушьгў прыблуду, як штосьці непатрэбнае, абмінуў і далей пайшоў ужо сам сабою, без яго.
    Незнаёмы бачыў, як Белабог, пагладзіўшы, памаліўшы, нібы экстрасенс, паветра перад сабою — лінія зямлі і лінія неба, лінія жыцця і лінія смерці, лінія цела і лінія душы,— лёгка знайшоў руку хлапчука, што бегаў побач, і яны, малы і стары, пайшлі разам, быццам самыя даўнія сябры. Гэтае яднанне рук — канечне ж, яны гаварылі між сабою, канечне ж, стары, карыстаючыся выпадкам, спрабаваў перадаць малому тое, што ведае сам, навучыць яго мудрасці жыцця — злавала Незнаёмага, і яму было зайздросна і крыўдна, што Барадзень не прыняў ягонай рукі, аддаўшы перавагу нейкаму падшыванцу.
    Ён яшчэ крыху пастаяў, падумаў. Дык што, яго адрынулі, і ён так нічога і не даведаецца? Дык што, ён так і пойдзе сваёю дарогаю, на дачу, быццам і не было ў яго гэтай нечаканай сустрэчы? А раптам тут, у дзіўным, неверагодным натоўпе, хаваецца нейкая невядомая яму ісціна, дзеля якой варта жыць і варта ахвяраваць усім астатнім? А што, калі гэтая сустрэча важней за ўсё на свеце?! Якая мэта вяла яго па дарозе толькі што, перад сустрэчай з гэтымі людзьмі? Проста чалавек спяшаўся на сваю дачу, каб паліць агуркі — доўга не было дажджу, і ён трывожыўся, што пасохне агурочнік. Божа мой, якая гэта дробязь! У параўнанні вось з такім рухам, у якім ён адчуваў сілу, веліч, таямніцу і нешта яшчэ большае, пра што можна было толькі здагадвацца.
    Ён махнуў рукою — бог з ім, з агурочнікам: няхай сохне! — паварушыў лапаткамі, зручней укладаючы на спіне плячак, і пайшоў у другі бок ад дачы — даганяць таямнічы натоўп.
    Грамада адышлася яшчэ не дужа далёка, таму зрабіць гэта было зусім няцяжка.