• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вершы, балады, прытчы  Янка Сіпакоў

    Вершы, балады, прытчы

    Янка Сіпакоў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 399с.
    Мінск 2010
    57.44 МБ
    — Няма,— расчаравана сказалі хаўруснікі.
    — He можа гэтага быць,— раззлаваўся старшы,— Няма, значыць, дрэнна шукалі. Абшукаць зноў!
    Але і пасля другога вобыску яны нічога не знайшлі — як можна знайсці тое, чаго няма?
    — Вось што,— са злосцю сказаў старшы,— матай адсюль. Ты нас не бачыў, і мы цябе таксама. Але калі толькі недзе вякнеш, раскажаш пра нашу сустрэчу, крыўдзіся на самога сябе... Зразумеў?
    I хутка зніклі за дрэвамі. Ён пасабраў з дарогі прылады — падумаў, што трэба будзе, як толькі вернецца дамоў, іх перакіпяціць нанова,— выграб з пылу ампулы з лякарствам, каробачкі з таблеткамі, усыпаў усё гэта, зноў склаў у дыпламат і паціху, не баючыся нічога, пайшоў пушчанскаю дарогаю — а чаго яму яшчэ баяцца цяпер, калі тое, што ўсіх палохае, ужо адбылося: ён сустрэўся з бандытамі...
    Праз нейкі час яго і другі раз выклікалі ў раён. Той жа малады чалавек у строгай форме гэтак жа прыветліва ўстаў з-за стала і зычліва паціснуў яму руку. Яго далонь і на гэты раз была надзіва гарачаю — здавалася нават, што ў чалавека высокая тэмпература.
    Але сёння ўжо малады чалавек у строгай форме гаварыў з ім неяк паблажліва, і тон яго размовы быў павучальны, нават бацькоўскі — нібыта ён быў стары, мудры і вопытны, а ўвесь белы ад сівіны доктар — усяго толькі някемлівы хлапчук, які нічога не разумее і якога трэба выхоўваць ды выхоўваць, ставіць абедзвюма нагамі на правільны шлях.
    — Вось вы ўсё ўпарціцеся і ўпарціцеся, не хочаце браць наган. Ды зразумейце ж вы ўрэшце, што гэта для вашай жа карысці. Я хачу, каб вам было спакойна.
    — А мне спакайней без нагана,— супраціўляўся доктар,— Зброя — гэта заўсёды як громаадвод: яна прыцягвае да сябе зброю. Разумееце, куля іпукае кулю...
    Ён бачыў, што чалавек у форме нічога не слухае і не разумее — яго турбуе толькі адзін клопат: як усучыць яму гэты злашчасны наган. Па вачах было відаць, што адна гэтая думка свідруе яго мозг, шукае нейкае выйсце.
    — Але ж куля і абароніць ад кулі. Я чуў, што вас ужо пераймалі ў пушчы бандыты. А каб у вас быў наган...
    Яго ўразілі, скаланулі гэтыя словы.
    — Чулі, кажаце? — перапытаў ён.
    Пра тое здарэнне ў пушчы ён нікому не расказваў. Да Ta­ro ж ніхто не бачыў, як яго на дарозе перастрэлі бандыты...
    Хто ж расказаў пра сустрэчу і вобыск?!
    He маглі ж прыйсці ў раён самі бандыты і прызнацца чалавеку ў строгай форме: «Мы злавілі ў пушчы доктара і абшукалі яго!»
    — Чулі? — паўтарыў ён.— Скажыце, калі ласка, адкуль вы ведаеце, што мяне пераймалі ў пушчы?
    Малады чалавек схамянуўся, зразумеў, што сказаў нешта лішняе, але тут жа ўзяў сябе ў рукі і неяк загадкава, намякаючы на тое, што не пра ўсё ён можа гаварыць з доктарам, адказаў:
    — Мы ўсё ведаем. Але справа не ў гэтым. Мы проста рупімся пра вашу бяспеку. А з наганам — вы як у бога за пазухай. Зразумелі? Дык вось распішыцеся во тут і забірайце наган,— і пальцам падсунуў яму распіску.
    Але наган і на гэты раз ён не ўзяў — здагадваўся, падсвядома адчуваў, што бандыты пяроймуць яго ў пушчы і сёння.
    Так яно і было.
    Яшчэ здалёку заўважыў, што на тым жа самым месцы ў пушчы стаяць трое ўзброеных людзей і, канечне ж, чакаюць яго.
    — А, стары знаёмы,— яшчэ не даўшы яму падысці, сказаў старшы.— А сёння ты ўзброіўся?
    — Не,— падышоўшы да бандытаў бліжэй, спакойна адказаў доктар.— Я ж вам ужо казаў, што зброя доктару не патрэбна: ён лечыць людзей, а не забівае іх.
    — Абшукаць! — загадаў старшы.
    Зараз ужо чалавек быў зусім спакойны — прывык да рабаўнікоў, ці што?! Ціха стаяў, паслухмяна падымаў рукі, пакуль яго абшуквалі, спакойна глядзеў, як вытрасаюць у пыл усё з дыпламата, толькі злаваўся, што будзе яму лішняя работа — кіпяціць шпрыцы зноў.
    — Няма,— разгублена паведамілі старшаму хаўруснікі, усё яшчэ гледзячы сабе пад ногі, у пыл, быццам спадзеючыся ўбачыць у апошні момант тое, чаго шукалі і да гэтага часу не знайшлі.
    — Упарты, аднак, ядрона вош! — нібы сам сабе, зазначыў старшы і, крыху падумаўшы, загадаў: — Плыві адсюль і помні нашы словы, што сказалі табе першы раз. Ведай, язык твой, калі будзе доўгі, можа пацалавацца з куляю.
    Доктар прамаўчаў. Зноў згроб усё вытрасенае ў дыпламат і паволі пайшоў па дарозе далей.
    Па ім стрэлілі — пэўна, каб папалохаць. Стралялі, мусіць, вышэй галавы, бо ён толькі ўбачыў, як наперадзе зашамацелі, зашасталі, нібы ад дажджу ці ад граду, кусты, як пасыпалася адсечанае кулямі лісце.
    Ён не азірнуўся. Ішоў спакойна і чамусьці без страху — заб’юць дык заб’юць.
    Але болей бандыты па ім не стралялі.
    Яго паклікалі ў раён і трэці раз.
    Малады чалавек у строгай форме быў ужо не такі прыветлівы, але затое яшчэ больш настойлівы.
    — Ніяк не зразумею вас, доктар. Мы тут так клапоцімся пра ваша жыццё, думаем, каб вам было спакойна, а вы ўпарціцеся. Ды зразумейце ж вы, што з наганам вы кум каралю. Ніякая пушча вам не страшная!
    — Ну добра, вось вазьму я ваш наган. А калі я яго згублю. Што мне за гэта будзе?
    — He магу вас нічым суцешыць,— шчыра прызнаўся чалавек у строгай форме.— Самі ведаеце, што...
    I паклаў перад ім крыж-накрыж свае пальцы, а каб доктару было яшчэ болей зразумела, дадаў:
    — Турма.
    — А калі ў мяне яго адбяруць?
    Малады чалавек разрагатаўся:
    — He смяшыце мяне! Як гэта можна ва ўзброенага чалавека адабраць наган? Ен жа зараджаны і страляе. Той, хто ўздумае такое зрабіць, рызыкуе жыццём. Аддаваць жыццё за наган? Які дурань пойдзе на такое?! Мёртваму ж наган ужо не спатрэбіцца...
    — Але ўсё ж, калі адбяруць, што мне будзе?
    — Таксама турма,— не задумваючыся, адказаў малады чалавек.
    — Дык а навошта мне тады здаўся гэты ваш наган, калі за яго мяне ўсё роўна пасадзяць?! — узлаваўся доктар і рашуча змахнуў рукою зброю — наган з грукатам бразнуўся на падлогу,— Сам бяры і насі, смаркач! Дзе хочаш і куды хочаш!
    I, грукнуўшы дзвярыма, выйшаў з кабінета. Думаў, будуць лавіць, вязаць, але даганяць яго ніхто не стаў — мусіць, малады чалавек на нешта яшчэ спадзяваўся.
    У пушчы доктара сустрэлі ўсё тыя ж узброеныя бандыты.
    — Абшукаць! — без лішніх слоў загадаў старшы.
    Калі хаўруснікі, якія абмацвалі яго, разгублена развялі рукамі, старшы не на жарт раззлаваўся:
    — I на гэты раз не ўзяў, сволач!
    Падумаўшы, старшы спытаўся ў іншых:
    — Што будзем з ім рабіць?
    — У расход,— у адзін голас адказалі двое.
    — Ага, расстраляем, але з выдумкай. Вось у мяне зброя, якую ты не хочаш браць, а ў цябе — твая зброя, у якую ты верыш,— і старшы паказаў наганам на яго дыпламат.— Значыць, страляемся мы з табою на роўных, на дуэлі — твая зброя, мая зброя. У мяне ў нагане адзін патрон. Пераможаш гэты патрон — жыві, памрэш — туды табе і дарога. Абараняйся, доктар! — крыкнуў ён і стрэліў амаль ва ўпор.
    Але ўсё ж доктар паспеў засланіцца дыпламатам. Куля, прабіўшы вечка, ударылася ў штосьці жалезнае, можа, у стэтаскоп, зрыкашэціла і толькі чыркнула яму па плячы.
    — Значыць, твая зброя мацнейшая,— разгублена сказаў старшы і, нібыта і яму самому не хацелася забіваць доктара, загадаў падначаленым: — Няхай жыве. Пайшлі!
    I бандыты зніклі за дрэвамі.
    Доктар ішоў дадому, і да яго свядомасці, прастрэленай, здаецца, навылёт, зараз выразна даходзіла, што малады чалавек у строгай форме, які так настойліва соваў яму ў рукі наган, канечне ж, быў заадно з бандытамі і вось такім чынам хацеў памагчы ім зброяю.
    I яшчэ нібыта абуджаны стрэлам — да сёння яму здавалася, што ўсё гэта адбываецца не з ім, а з кімсьці іншым,— зразумеў, што не было б у яго ні другога, ні трэцяга разу, калі б у той свой першы прыход у раён згадзіўся ўзяць наган.
    Дарога
    Ён стаяў, глядзеў на ўсе вочы і шчыра зайздросціў людзям, што ехалі па шашы.
    Каля яго з шумам і форсам, фанабэрліва пафыркваючы, праносіліся перапоўненыя грузавікі і аўтобусы, лімузіны і матацыклы, легкавыя аўтамашыны і трактары з прычэпамі. Нават ваенныя «студэбекеры» — і адкуль яны толькі ўзяліся сёння! — і нашы пасляваенныя трохтонкі, як новыя, паспешліва, жвава газавалі між усімі. Нават іхняя ўжо крыху абшалушаная фарба і несамавіты выгляд на фоне бліскучых, новенькіх «вольваў», «мерседэсаў» і «таёт» ніколькі не заміналі святочнаму настрою, а, наадварот, падкрэслівалі масавасць свята — туды едуць усе.
    Людзі, якія ехалі на прыбраных машынах, умаеных і абвітых дзеразою, таксама былі святочныя, радасныя і ўзбуджаныя. Развяваліся на ветры шматкалёрныя жаночыя сукенкі, у кузавах і прычэпах між сцягоў сядзелі ўрачыстыя, як у прэзідьгуме, мужчыны ў чорных строгіх пінжаках з шырокімі латамі ордэнскіх планак, дурэлі дзеці — дзецям што, ім абы куды-небудзь ехаць...
    I ў аўтобусах было шумна і весела, там ігралі гармонікі, бухалі бубны, пілікалі скрыпкі, спявалі шчаслівыя людзі. Некаторыя нават спрабавалі скакаць — у кузавах машын і ў трактарных прычэпах.
    Там стаялі на нагах, ні за што не трымаючыся, задаволеныя, нібы на падпітку, музыкі і над галовамі тых, хто сядзеў, шырока расцягвалі мяхі гармонікаў — было нават дзіўна, як яны, калі машыны прытарможвалі, не падалі і не перапынялі мелодыі.
    Людзі былі шчаслівыя, што нарэшце яны едуць, і ў нецярплівасці, нават у нейкай эйфарыі прыспешвалі машыны — мы едзем, едзем, едзем, хутчэй, хутчэй, хутчэй...
    Машыны, нібы дражнячыся, прытарможвалі каля яго, але тут жа, уключыўшы болыпую хуткасць, зрываліся з месца і весела кацілі далей, пакідаючы яму толькі воблака дыму, пылу, чаду і смуроду.
    Людзі, таксама, мусіць, дражнячыся, махалі яму галовамі, вабілі пальцамі, запрашалі ў кузавы, падавалі нават рукі.
    — Чапляйся! Паехалі з намі!
    Але ён стаяў і толькі паціскаў плячыма — навошта? куды?
    Хоць яму і самому ўжо было цікава: куды ж гэта ўсе, такія шчаслівыя і радасныя, узнёслыя і святочныя, едуць і што там урэшце за рай такі, што адтуль ніхто не вяртаецца назад? Дарога гэтая і рух на ёй быў толькі ў адзін бок, а паколькі нікому — ніводнаму чалавеку і ніводнай машыне — не захацелася вярнуцца назад, там і напраўду, мусіць, не жыццё, a суцэльнае свята.
    Зараз ён ужо асмялеў і пытаўся ў людзей сам:
    — А куды ж вы едзеце?
    — На кірмаш! — крычалі яму з адных машын.
    — У светлую будучыню! — дадавалі з другіх.
    Цікава, раней мы будавалі светлую будучыню толькі для нашчадкаў, а зараз, аказваецца, туды ўжо можна ехаць і самім?
    Гэта яго, шчыра кажучы, трохі здзіўляла і насцярожвала. Хіба можна ў светлую будучыню ехаць вось так улегцы — без рэчаў, без багажу, лёгка апранутым: ускінуў на плечы пінжак —