Вершы, балады, прытчы
Янка Сіпакоў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 399с.
Мінск 2010
Дзьме цішынёю з балатоў — Hi чаратоў там, ні ратоў.
I ўсё ж над страшнаю вадой Цікуе вока за табой.
Яно запомніць назаўжды, Куды пайшлі твае сляды.
Сунільда
Балада расаманаў. IV стагоддзе
А ці чуеш ты, наша сястрыца, Як храпуць побач дзікія коні, А ці бачыш, сястрыца Сунільда, Як бліжэй гэтых коней падводзяць, Да цябе гэтых хуткіх падводзяць, Як стрыгуць яны чуйна вушамі, Як у іх раздзімаюцца ноздры, Як дзяруць яны дол капытамі, Як дагнаць ім не церпіцца вецер, Ім, хто самі на вецер падобны? Век, здаецца, любіла ты коней, Іхні бег, іхні вецер любіла, Што ж цяпер ты ў маркоце, сястрыца? Значыць, ведаеш, бачыш і чуеш, Што табе прынявольваюць готы, Непакорнай сястры расаманаў.
Гэтых коней у стэпе лавілі, Гэтых дзікіх у вольным лавілі, Для цябе для адной іх лавілі, Нават сам Германарых, цар готаў, Цябе звязвае з гэтымі коньмі, I для коней рыхтуе, для дзікіх Дужа ёмкую пугу, сястрыца, Хоць найлепшая пуга ім — воля I паслаблены збольшага повад. Германарых так хоча адпомсціць Твайму мужу, што з’ехаў да гунаў, Ён табой хоча люта адпомсціць, Невіноўнаю хоча адпомсціць I твайму чалавеку, і гунам.
А ўжо коні ўзбуджана дыхаюць I нацягваюць струнка вяроўкі... Яны зараз, сястрыца, разлучаць,
Бесспагадна, няўмольна разлучаць Твае ногі, што лета любілі, Што любілі і травы, і росы, Што, як сёстры, любілі сцяжынкі, На якіх яны ведалі-зналі
Кожны нават маленькі каменьчык... Коні зараз, Сунільда, разлучаць I твае працавітыя рукі.
Як ты ніву — аберуч! — галубіла, Як ты дзетак — аберуч! — люляла, Як ты лашчыла мужа — аберуч! Твае вусны таксама разлучаць, Што маглі цалаваць толькі разам, Твае вушы, што ў згодзе ласкавай Чырванелі ад слова «кахаю», Твае вочы, што й зараз з надзеяй Неразлучна пасуць небасхілы, За якія паехаў каханы...
He чакай, дарагая сястрыца, He ўратуюць цябе небасхілы, I ніхто не абрэжа вяровак, Што да коней цябе прывязалі. Панясуць тыя коні Сунільду, На усход панясуць і на захад, Панясуць і на поўнач, на поўдзень, Даганяючы дзікі свой вецер... Пуга стрэліла, коні ўзвіліся, Паімчалі ва ўсе канцы свету Пад усцешаны смех Германарыха... Мусіць, зноў гэтых коней успомніць I свой смех жудавата-вар’яцкі Германарых спалохана ўспомніць Перад тым, калі сам звар’яцее.
Ідуць
Балада венедаў. III стагоддзе
Іх мала хто і ведаў Да гэтае пары.
Ідуць шыхты венедаў — На Рым ідуць, на Рым.
Ідуць, як для падмогі Уздыбленым рабам.
На пыл таўкуць дарогі — Аж козытна губам.
Нясе надзею кожны — Стаміліся насіць!
I пыл, як сцяг трывожны, Над воямі вісіць.
I сонца, нібы яблык, У пыле на мяжы.
I Рым, гігант аслаблы, Напуджана дрыжыць.
I дроцікі — наперад,
I дроцікі —
назад, Нібы палююць звера Ля рымскіх ля прысад.
Народ не ваяўнічы, Ды колькасцю вялік.
Зірніце, хто іх зліча? Які ім сёння лік?
Яны ў дружынах готаў, Яны і ў гунскай цьме. Ім вецер сам з ахвотай, Здаецца, ў плечы дзьме.
Ідуць на Рым, дзе, чулі, Багаццяў —
што галля;
Дзе ў жыццядайным гуле Раджае ўсё зямля;
Дзе храмы і палацы, Як казка — гарады;
Дзе плодна весяляцца Шыкоўныя сады.
Ды не адны багацці
Іх звабілі ў паход
I нагукалі раці 3 лясоў, лугоў, балот.
Як марылі часамі Сплаціць за здзек любы! Яны ж былі і самі Патомныя рабы.
Бо пры любой нагодзе Ад рымлян край стагнаў: 3 вайною Рым прыходзіў, Як быдла, ў рабства гнаў.
I вось, зірні, пад Рымам —
Рабы, рабы яго.
I ўжо гаворыць з дымам Расхрыстаны агонь.
Спусціўшы ўсе праклёны, Скарыўшыся бядзе, Сам-Рым, гігант стамлёны, Да ног іх упадзе.
Той Рым, што славу зведаў, Зачэпіць і бяда.
I будуць Рым венеды, Як сон свой, разглядаць.
Амаль пры кожнай браме, Хоць горад і гарыць, Нібы сябры з сябрамі, Рабы будуць з рабамі Гасцінна гаварыць.
Навіна
Балада ўсходніх славян. II стагоддзе
He спяшайся ты, малеча, I не лезь пакуль пад рукі, Паляжы сабе ў спакоі, Пачакай сваю пару. Бачыш, колькі важданіны, Колькі клопатаў, дакукі — Працы хопіць і сякеры, I нажышчу-касару.
Мы спачатку лес павалім, Лес высокі, лес дрымучы,— Хай, аблушчаны праменнем, Сохне ён на ўсіх вятрах. А затым агню наловім, Дзіва-полымя прыручым — Хай віруе, хай шчыруе Над руплівасцю кастра.
А пасля агню такога, Калі што і застанецца, Дапаможа нам матыга, Сукаватка-барана.
Бачыш, як зусім нялёгка, Як нялёгка нам даецца Поле новае між лесу — Агнявая навіна.
Ну, дык дзе ты, немаўлятка? Вунь як пушча парадзела, Стала попелам, вуголлем, Што агонь пасіліць змог. Ты не бойся гэтай чорнай Шчырыны перагарэлай: Мякка там, пакуль не ўзяўся Дзікай лядзінай аблог.
На далонь цяпер прасіся, Я ў руках цябе сагрэю, Ты патрыся аб мазолі Сваёй ласкавай шчакой.
А пасля цябе ў зямліцу Адпушчу — як аджалею. Так разлучымся навекі, Мой карміцель, мы з табой.
Дык прадзёўбвайся ж, малеча, I расці, расці, зярнятка, Берагчы, люляць цябе я Буду, нібы немаўля, Каб хутчэй ты стала хлебам, Падарыла жніва-свята...
Будзьце ж век вы блаславёны, Зерне,
сонца
і зямля!
Вадаспад
Балада кахання. I стагоддзе
Яны падышлі к вадаспаду, Што пругка струменіў з гары. — Я рады, я рады, я рады Табою,— ён ёй гаварыў.
— Я рада, я рада, я рада,— Яна гаварыла яму.— Я рада усмешцы, пагляду, Я рада дыханню твайму.
He месца папрокам, абразам — У пырсках вяснуе святло.
Як весела ім было разам, Як ім ненасытна было!
О Божа, няўжо так бывае?! Сярод прыпадунных дуброў Свяцілася іх незямная, Такая зямная любоў.
— Я рады, я рады, я рады,— Нібыта хто ўслед ім казаў. Мізэрнымі сталі ўсе звады, Шчасліваю стала сляза.
Ён быў самы ўцешны на ўлонні, Найсветлай была і яна.
Лавілі ласкава ў далоні Празрысты крышталь падуна.
Яны цалаваліся ўп’яна
Між пырскаў, прамення, раслін, I пырскі навокал каханых, Нібы дыяменты, раслі.
Смяялася ім так ласкава Наводдаль ад гора і зла. Вада ім была як забава, Вада ім за вэлюм была.
I ўсё маладое такое, Змяшаны стагоддзі, гады.
О пырскі, вясёлкі і мроі, О чыстае свята вады!
I думаць ніхто не жадае, Што пырскі — ўсяго толькі зман; To ж слёзы, якімі рыдае Над імі гара-велікан.
I ў гэтае нават імгненне Яны пад яго галавой Сядзяць у яго на каленях, Парослых імхом і травой.
Ен тоіць вякамі спакусу, Чакае, як свята, бяды — Чакае даўно землятрусу, Каб разварушыцца тады.
О як бы той час абдымаўся
3 любою суседняй гарой, I як бы ён нацалаваўся Такой землятруснай парой!
А зараз, чакаючы зменаў, Ен толькі няўцешна ўздыхаў I плакаў, жывы і каменны, Што звеку вось так не кахаў.
Пачатак
Праалавянская балада. I стагоддзе
Схіліліся адна да адной травінкі — сцішыліся і чакаюць.
Схіліліся рознакаляровымі галоўкамі краскі — замоўклі, затаілі дыханне і чакаюць.
А над імі перапляліся кронамі дрэвы, лапкамі і галінкамі перапляліся, адагналі вятры, шумець перасталі і таксама чакаюць.
Елкі і дубы, сосны і акацыі, грабы, букі і таполі чакаюць;
Ружы і лілеі, гарлачыкі і рамонкі, васількі і званочкі чакаюць;
Траўка-мураўка і мята, віка і мацярдушка, барвенак і медуніца чакаюць:
— Ну што там?
Ляцелі непадалёку птушкі, убачылі гэтае хваляванне, падкрылялі яшчэ бліжэй, самі зацікавіліся.
Ластаўкі і жаўранкі, шпакі і сарокі, каршуны, зязюлі і вераб’і зацікавіліся.
I таксама спыталіся:
— Ну што там?
— Пакуль — нічога,— ціха адказалі ім дрэвы і зноў замоўклі.
Беглі паблізу рэчкі, вялікія і малыя беглі, хацелі паглядзець, што там робіцца, але не змаглі — берагі не пусцілі.
Таму і яны спыталіся — Дунай і Дняпро, Волга і Прыпяць, Лаба і Вісла, Влтава, Сава, Драва і Марава спыталіся:
— Ну што там?
— Пакуль — нічога,— адказалі краскі.
Побач тупацелі ў розныя бакі дарогі.
Пыльныя і камяністыя, лугавыя і горныя, лясныя, гацевыя і стэпавыя спяшаліся.
I яны хацелі зазірнуць між красак, але не змаглі — ніхто не пратаптаў і сцежачкі да таго таямнічага месца, а чакаць, пакуль пратопчуць, у іх не было часу і не хапала цярпення.
Таму і яны спыталіся:
— Ну што там?
— Пакуль — нічога,— адказалі травінкі і яшчэ шчыльней прыхінуліся адна да адной.
Беглі непаводдаль коні і каровы, алені і зайцы, казулі і ласі, мядзведзі і ваўкі.
Захацелася і ім паглядзець, чаго гэта ўсе так чакаюць.
Зрабіць такое ім прасцей, бо ў іх няма берагоў, якія не пускаюць падысці бліжэй, ім не трэба пратоптваць сцяжынкі, бо дзе яны толькі пройдуць — гэта ўжо і ёсць іх сцяжынка.
Селі яны наўкруга, усміхаюцца, быццам нешта нейкае ведаюць, падміргваюць адно аднаму, пытаюцца:
— Ну што там?
I тады расступіліся дрэвы, расхінулі свае калючыя лапкі і мяккалістыя галінкі.
I ўсе ўбачылі краскі.
I тады расхінуліся краскі — чырвоныя і блакітныя, жоўтыя і аранжавыя, белыя і ружовыя расхінуліся.
I ўсе ўбачылі траву.
I тады расхінулася трава, зялёна-зялёная, смарагдавая расхінулася, а ў ёй усе ўбачылі таго, каго так чакалі.
Звяры і жывёлы, якія сядзелі наўкруга, убачылі. Дарогі таксама ўбачылі.
Рэчкі зноў жа ўбачылі.
Птушкі, якія вярнуліся, убачылі.
Тады зямля ўздыхнула стомлена-радасна і сказала:
— Вось вам брат і таварыш, дзеці мае. Дружыце з ім і яго змушайце дружыць з вамі.
А ён, яшчэ немаўля, навародны чалавек, стаяў, як у калысцы, у зялёным гняздзечку травы, у вяночку духмяных кветак, у аздобе зялёналістых дрэў.
I да ўсіх славянскіх краёў было яму яшчэ блізка.
Працягнеш руку ў адзін бок — там ужо Расія, у другі — Югаславія, у трэці — Украіна, у чацвёрты — Балгарыя, у пяты — Беларусь, у шосты — Польшча, у сёмы — Чэхія і Славакія.
I колькі бакоў, столькі ў яго і краін было, у гэтага дзіцяняці.
Ён стаяў і гуляў з сонцам — цягаў яго, нібы за вусы, за доўгія і жоўтыя, як усё роўна залатыя, промні.
А на небасхіле ўжо збіраліся хмары.
I чуўся грукат — як водгалас барабанаў, якія аднолькава грымяць і ў часіны вялікіх радасцяў, і ў часіны яшчэ большых няшчасцяў.
Наперадзе ў яго пакуль было ўсё: радасць і нягоды, войны і вяселлі, выпрабаванні і насалода.
I яшчэ ўсё тое, пра што расказана ў гэтай кнізе...
Развітанне
Заключная балада
Прабачце, даўнія стагоддзі, Што патрывожыў я ваш пыл, Што, абмінуўшы змрок магіл, На веча вашае прыводзіў Сваіх сяброў — з той далячыні, Што светла мроілася вам, Што вашым снілася сынам, Як сніцца лета ў зімняй стыні. Мы пасядзелі, як схацелі, Пагаварылі, як змаглі.
Раздзьмуўшы нанава вуглі, Ля вашых вогнішчаў папелі. Ваш боль, ваш сум не абміналі