• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вершы, балады, прытчы  Янка Сіпакоў

    Вершы, балады, прытчы

    Янка Сіпакоў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 399с.
    Мінск 2010
    57.44 МБ
    Дык чаму радавацца? Ён усяго толькі вярнуўся да таго, з чаго пачынаў: на скале стаіць моцная клетка, а ў гэтай клетцы закратаваны ён.
    Але ж зараз ён ужо мае крылы!
    Другое крыло вызваліў і прасунуў між прутамі клеткі хутчэй і прасцей — вопыт, хоць і горкі, быў зараз яго памочнікам і дарадцаю.
    Узмахнуў абодвума крыламі — якой цацачнаю здалася між імі клетка! — і адчуў, што вось зараз паляціць. I нават паверыў у гэта, і ўзрадаваўся гэтаму — нейкая пяшчотная-пяшчотная хваля нібы пагладзіла сэрца,— але тут жа засмуціўся, успомніўшы Таго, Хто Усё Бачыць: наіўны, хіба ён дазволіць табе паляцець?!
    Хоць і сам Пакараны не з тых, хто баіцца ківу, аднак усё ж разумеў, што з могучамі змагацца марна. Тым болып чакаць ад іх спагады.
    Валадар жа, здавалася, быў абыякавы да яго — нібыта і не сачыў за ім, нібыта ўжо даў вінаватаму волю: рабі што хочаш.
    I ўсё ж закуты, глыбока ўдыхнуўшы паветра, вольна і шырока ўзмахнуў крыламі. Клетка заскрыгатала, але не адарвалася пакуль што ад камення: з другога боку яна была моцна прыкута да скалы. Пакараны сабраў усе свае астатнія сілы — верхнія пруты ўрэзаліся яму ў плечы,— замахаў крыламі мацней, настойлівей.
    Паветра спрасаваў тонкі, трывожны і жудаваты гук — так звычайна звініць напятая струна перад тым, як парвацца.
    Унізе нешта зарыпела, затрашчала, загрымела, і ён сам не заўважыў, як апынуўся ў небе.
    Клетка адарвалася разам з кавалкам скалы, і з яе зараз сыпаліся, атрасаліся ў прадонне каменне, цвікі, выдраны з жывым цэмент, ашчэпкі дошак, гайкі і шрубы.
    Ен ляцеў над непраходнымі лясамі, ён спяшаўся над непралазнымі балотамі, ён лунаў над змрочнымі цяснінамі, і яму здавалася, што сэрца разарвецца ад гэтай радасці, ад гэтай волі, ад гэтага палёту: неўзабаве ён убачыць Яе.
    Ну і што, што яна ў клетцы таксама, ну і што, што яны не змогуць быць разам — хіба можна аб’яднаць у адну дзве асобныя клеткі?! Затое ён будзе неўзабаве бачыць яе, чуць яе голас, дакранацца да яе...
    Злітасцівіўся над ім усё ж Той, Хто Усё Бачыць, зразумеў, мусіць, што ніякай яго віны няма: якая ж, ці чуеце, віна — кахаць? Гэта ж тое самае, што і проста дыхаць паветрам, проста жыць.
    Ляцець доўга, але калі ляціш з радасцю і надзеяй, гэта заўсёды коратка.
    Кахаць у клетцы, магчыма, насалода, калі сустрэча толькі мроіцца, але яшчэ большая насалода, калі яна ўжо, як ява, зусім блізка.
    Колькі ён ляцеў, ніхто не ведае — можа, дзень, а можа, зноў жа стагоддзе.
    Але нарэшце ён убачыў такую ж, як і яго, скалу, а на ёй цёмную кропку. I душою адчуў, што гэта яна, яго каханая. Стомленыя крылы зноў падужэлі, замахалі мацней, нецярплівей, настойліва махалі ад таго часу, пакуль нарэшце не паставілі сваю клетку побач з клеткаю каханай.
    Яна спалохалася. Адхінулася, наколькі можна было, ад пярэдніх прутоў і вачыма, поўнымі жаху, глядзела на яго.
    — Любча, не пазнаеш? To ж я, Сінявок,— спрабаваў ён сказаць каханай, але яна як усё роўна не чула яго і тымі ж спалоханымі вачыма пазірала ў клетку.
    Яму здалося, што Каханая штосьці спрабуе засланіць нагамі. Прыгледзеўся і ўбачыў, што засланяе яна дзіця, якое поўзае па падлозе клеткі.
    — Любча! Гэта ж мой сын! — забулькатала ў яго ў горле, і ён прасунуў крыло ў іхнюю клетку, каб пагладзіць малое,— колькі пяшчоты было зараз у Сінявока да іх абаіх. Але Каханая ў жаху ўціскалася ў пруты, каб гэтае крыло не дастала яе і сына.
    — Дай лапушухны, сынок,— папрасіў ён.
    Але яго і зараз ці то не пачулі, ці то не зразумелі.
    Дзіця ж, мусіць, інстынктыўна працягнула ў яго бок ручаняты. I той жа час маці спалохана закрычала:
    — Сынок, асцерагайся! Гэтая вялізная драпежная птушка задзярэ нас з табою!
    Яна не пазнала яго.
    — Я не птушка. Я Сінявок, твой каханы,— зноў, спрабуючы ўсё растлумачыць, што ёсць сілы закрычаў ён, але Любча яшчэ ў большым жаху адхіснулася ад яго другога крыла, якім Сінявок хацеў пагладзіць яе.
    Ён зірнуў на свае кіпці, зірнуў на свае крылы, убачыў сваю дзюбу і тады ўсё зразумеў: не, ён для яе проста птушка. Вялізная, невядомая і страшная птушка. I тое, што ён гаворыць да іх, яны таксама не разумеюць: птушынай мовы людзі не ведаюць, а чалавечая не атрымліваецца ў яго.
    Дзіцячыя ручкі цягнуліся да травіны за клеткаю. Дык вось куды малое цягнулася! He да яго, а да травы!
    Дзіця дастала травіну, сарвала яе і панесла ў рот...
    Сэрца сціснулася ад болю і жалю. Яго сын есць траву! О Божа! О Той, Хто Усё Бачыць! He нада мною злітуйся, над бедным дзіцём злітуйся! За што яно пакутуе, дзіця, народжанае па каханні, ад кахання і для кахання?!
    У расчуленні і замілаванасці ён крылом прыгнуў некалькі травінак да клеткі, але малое спалохана ўбрала ручку за пруты і само схавалася за матчыны ногі.
    Ен адчуў, як знібее, трымціць і плача ад жалю сэрца. Божа мой! Яго баіцца роднае дзіця! Ён не можа памагчы роднаму сыну!
    Яму захацелася тут жа паляцець, нарваць самай сакавітай травы, назбіраць самых спелых ягад, натрэсці дзікіх яблык і ўсё гэта прынесці малому і пакласці ў клетку. Але чым нарвеш? Чым назбіраеш? Крыламі? Кіпцямі? Як чым? Дзюбаю! Але навошта? Сыну нельга расці — удваіх у адной цеснай клетцы яны не памесцяцца.
    Яго вынослівасць скінецца бядою.
    Яго юнацтва знішчыць яго сталасць.
    Яго здароўе задушыць і самога сябе, і маці таксама...
    Ен спяшаўся ад вялікіх пакут, а прыляцеў на яшчэ большыя пакуты.
    Зразумеў, што лепей было б стаяць там, на сваёй скале, і нічога не ведаць пра сына — проста марыць удалечыні пра Каханую, успамінаць пра яе цнатлівыя драбніцы,— чым вось так мучыцца, перажываць, бачачы яе спалох, і злавацца на сваю бездапаможнасць.
    Пакуты, пакуты... Вечныя пакуты... Жыве чалавек у пакутах і памірае з імі ж.
    I тут зусім побач нехта зарагатаў.
    I тады Сінявок зразумеў, што гэта Той, Хто Усё Бачыць, асудзіў яго вось на такія, яшчэ болыпыя, садысцкія пакуты. Ці не ён гэта ўсё прыдумаў, бо навошта ж тады яшчэ, калі не для гэтых пакут, Валадар так лёгка дазволіў яму ўзляцець і пакінуць сваю зненавідную скалу, якая адсюль ужо бачыцца як паратунак: толькі б стаяць на ёй у клетцы і нікуды не ляцець.
    Зараз ён яшчэ болып ненавідзеў Таго, Хто Усё Бачыць.
    Закапаў дождж. Ён імкліва, туга, як парасон, з шумам і лопатам раскрыў адно крыло і беражна накрыў ім клетку з жонкаю і сынам — няхай прывыкаюць і да крыла, і да яго самога.
    А сам задумаўся.
    Калі ёсць пакуты, трэба, каб было і выйсце з іх.
    Калі ёсць тупік, трэба, каб і сцежка ад яго нарадзілася.
    Птушка задумалася. He зважаючы на дождж, які ліў як з вядра, мокрая і нашатыраная, бездапаможная і рашучая, яна думала... He будзем і мы замінаць ёй — няхай думае...
    Як спакайней?
    Яго паклікалі першы раз. 3-за стала падняўся высокі, малады яшчэ і, здаецца, зычлівы чалавек у строгай форме, падаў сваю надзіва цёплую руку і сказаў:
    — Слухайце, у нас тут неспакойна, страляюць. Вазьміце, калі ласка, зброю.
    I паказаў вачыма на наган, які ляжаў на паперыне,— відаць, гэта была загадзя падрыхтаваная распіска, дзе трэба было толькі паставіць свой подпіс.
    — Навошта мне зброя? — спытаўся запрошаны.
    — Ведаеце, з ёю вам будзе спакайней. Наган — сябра чалавека. Болыпы нават сябра, чым сабака. Абароніць ад любога. Усяго толькі націсніце курок, і вы яшчэ не паспееце пачуць стрэлу, вораг ужо забіты. А бандытаў, ворагаў у нас, самі ведаеце, многа.
    Той, каго запрасілі, быў доктар. I для яго людзі дзяліліся не на сяброў і ворагаў, бандытаў і небандытаў, а на хворых і здаровых. Ды і асноўным сэнсам яго працы было лячыць, ратаваць ад смерці чалавека, а не забіваць яго. Якая розніца, хто хворы — вораг альбо не вораг?! Хворага, параненага трэба спачатку вылечыць, а потым ужо, калі ён вінаваты, судзіць. Ён яшчэ ў інстытуце кляўся быць верным гэтаму прынцыпу. I парушыць сваю клятву доктар не мог.
    — He, наган мне не трэба. Ен не паможа ў маёй працы,— рашуча адмовіўся доктар.
    — Як гэта не паможа? — шчыра здзівіўся той, хто запрасіў— Усім дапамагае, а вам не паможа?
    — Mae ворагі — мікробы, бацылы, вірусы. Як я па іх буду страляць? I колькі патронаў трэба, каб іх усіх зжыць са свету?
    Іх жа мільярды. I куды, скажыце, цэліцца, каб забіць сухоты? Каб забіць язву страўніка? Каб хоць параніць самага страшнага бандыта — рак? Можа, вы мне падкажаце?
    Чалавек у форме быў не дурны, разумеў, што з яго здзекуюцца, але стрымаў сябе — бачыце, і на раённым узроўні сярод пазначаных уладаю ёсць дастойныя людзі! — і гаварыў да доктара вельмі спакойна, нават сяброўскім тонам:
    — Але ж вы да хворых ездзіце і ходзіце ў самыя далёкія вёскі. Ходзіце адзін. Гэта ж добра, калі па вас фурманку прышлюць ды вазак добрай сілы пападзецца. А край жа наш пушчанскі. Навакол — пушча: і там, і там, і там. Лясы несхадзімыя. Перастрэнуць бандыты, заб’юць, дык і канцоў ніхто ніякіх нідзе не знойдзе.
    — А навошта ім забіваць доктара? Яны ж разумеюць, што, забіўшы доктара, забіваюць і тых хворых, якіх ён лечыць.
    — Глядзіце, глядзіце самі, але ж...
    Шчыра кажучы, ён і сам баяўся хадзіць па цёмных пушчанскіх дарогах і сцежках у гэты неспакойны час. Аднак і браць наган у энергічнага маладога чалавека яму чамусьці вельмі не хацелася. Ды і дзе яго насіць? Хіба ў дыпламаце, дзе ляжаць усе медыцынскія прылады?
    — He, наган мне не патрэбны. Мая зброя заўсёды са мною,— і доктар раскрыў дыпламат, у якім былі акуратна складзены стэтаскопы, шпрыцы, прыбор для вымярэння ціску крыві і іншыя патрэбныя доктару рэчы.
    — Глядзіце самі, але я раіў бы вам усё ж добра падумаць,— незадаволена развітаўся чалавек у строгай форме і падаў, як здалося доктару, ужо зусім халодную руку.
    Вяртаўся ён у вёску, дзе знаходзіўся яго фельчарскаакушэрскі пункт, і ўсё думаў, чаму з такою настойлівасцю соваў яму ў рукі наган чалавек у строгай форме?
    Дарога зноў жа ішла праз густы і цёмны лес, але ён, як заўсёды, супакойваў сябе, стараўся не думаць пра небяспеку.
    Аднак у самай глыбіні пушчы яго перастрэлі трое ўзброеных бандытаў.
    — Зброя ёсць? — строга спытаўся адзін з іх, мусіць, старшы.
    — Нічога ў мяне няма.
    Старшы падазрона зірнуў на яго і загадаў хаўруснікам:
    — Абшукаць!
    Шукалі яны вельмі ўважліва, перамацваючы кожны рубчык адзення, быццам у рубчыку можна схаваць тую зброю, а ён радаваўся, дзякаваў Богу і сабе за тое, што адмовіўся, што не ўзяў у раёне наган — усё роўна б во зараз знайшлі, ды і як бы ён страляў з таго нагана ў трох адразу? Яны вырвалі з яго рук дыпламат, вывернулі ўсё, што было ў ім, на дарогу, у пыл.