Вуліца Добрай Надзеі
Міхась Андрасюк
Выдавец: Медысонт
Памер: 304с.
Мінск 2010
У сваім капелюшы, у квяцістай сукенцы, з кніжкай у руках выходзіла Стэфа на вуліцу. Вандравала для чыстай, нікому тут незразумелай прыемнасці вандравання. “А пані полька ізноў на шпацыр адправілася, здзіўляліся суседзі. Блакітная кроў, вядома”.
Я не ведаю, якой крывёй пячаталася мая маці. Можа, у ёй не было крыві ўвогуле? Калі бабка Сонька ўпершыню пабачыла яе ў нашай царкоўцы, так і падумала. Бледны твар і механічная саноўнасць крокаў, якія стаўляла, кіруючыся да прытвора, а потым да царскіх варотаў, выклікалі меркаванне, што маецца справа з асобай неабавязкова зямнога паходжання.
“Ці ты, Уладзімір, хочаш узяць за жонку прысутную тут Стэфанію?”, словамі, нязменнымі спакон вякоў,
прывітаў іх бацюшка Сцяпан. I звяртаючыся да маладой панны, ці не першы раз за ўласную царкоўную біяграфію, ён спытаў на зусім другой мове:
A czy ty, Stefanio, chcesz pojqc za m^za obecnego tu Wladimira?
-Tak,chc?! адказала Стэфанія, уступаючы такім чынам у вялікую галерэю местачковых жанчын.
У мяне дрэнныя прадчуванні, пасля вяртання з царквы сказала тады бабка Сонька. Разам з Марусяй яны ў кладоўцы змешвалі спірт з віном “Мысьліўскае” для вясельнага пачастунка. Сніўся сон. Вецер разбурыў дах нашай хаты.
Трындзіш дурніцу, з-за другой бутэлькі адазвалася Маруся. Усё ў цябе нейкія сны, прымхі, прадчуванні. А свет цяпер просты, як салдацкая песня.
Але такога не можа быць дзве веры на адной падушцы. I ніколі ў нашай сям’і не было. Дрэнна ўсё закончыцца.
Аднак Валодзя і Стэфанія жылі так нармальна, як і астатнія ў Мястэчку.
Шэраг гадоў бабка Сонька насіла гэты сон у сабе. 3 ім прачыналася, падступала да акна, шукаючы злавесныя знакі ў новым досвітку. Здольнасць чытаць будучыню ў снах, у канфігурацыі вясновага лісця на дрэвах, у палёце птушак лічыла справай самай натуральнай у свеце. Узяла яе спадчынай ад сваёй бабкі, міжвольна і беспраблемна, як пераймаюцца пакаленнямі позірк, жэст, інтанацыя голасу, маршчыны наўкол вачэй. Напярэдадні вяселля дзядзькі Антона ёй не сасніўся ні адзін дрэнны знак.
Пасля шлюбу жыццё Антона і Гандзі пайшло ранейшымі рэйкамі паралельна, перасякаючыся адно ў неабходныя моманты. Яна хадзіла ў “Сонейка”, ён з раніцы да вечара займаўся ў майстэрні. Габляваў дошкі. Збіваў іх, фарбаваў і лакіраваў. Высцілаў белым палатном.
Незаўважальна ён пачаў у сваю працу ўкладаць асаблівую пяшчоту. Тым болей яе было, чым болей яго думкі займала Гандзя. Закаханыя паэты складаюць надчасовыя паэмы, кампазітары пішуць сімфоніі, мастакі
малююць абразы, а дзядзька Антон услаўляў каханне праз тое, што ўмеў рабіць найлепш. Дамавіны раней смутныя і халодныя пацяплелі, папрыгажэлі. Фантазійнымі барэльефамі ўсміхнуліся векі, высцілка памякчэла квяцістымі карункамі, нават цвікі забіваліся асцярожна, каб не хваляваць цішыню, што раней ці пазней знойдзе тут сваю прыстань.
Ах, як прыгожа! захаплялася бабка Сонька, заглядаючы ў майстэрню. Аж хочацца прылегчы.
А потым, вяртаючыся да зямных спраў, пытала:
I як табе, Антоську, жывецца?
Добра, мама. Нармальна, адказваў дзядзька Антон.
Пачакаю ўнукаў, і можна паміраць. А будзе дзяўчынка, назаві Сонькай, вачыма ўяўлення яна бачыла маленькую дзяўчынку, што, пераймаючы яе імя, паходку, здольнасць чытаць знакі, запісаныя ў хмарах і лісцях дрэў, на яшчэ адно пакаленне выратуе ад небыцця ўсіх жанчын гэтага роду.
Напрадвесні справы пачалі ўскладняцца.
На пытанне: “I як табе, Антоську, жывецца?” дзядзька Антон нязменна адказваў: “Добра, мама. Нармальна”. Але ягоныя вочы адводзіліся ўбок, уцякалі ў толькі яму вядомыя думкі. Гандзя вярталася з працы ўсё пазней і ўсё менш слоў прыносіла з сабой дадому.
Які ж сёння стамляльны дзень! і, раздзеўшыся, адмяжоўвалася ад мужавых пяшчотаў і ўсяго свету сном.
Вясна ўсё вышэй падымала сонца і траву, для радасці людзей з зямлі высыпаліся кветкі. Аднак з кожнай кветкай, рассыпанай на сцежцы між домам і барам “Сонейка”, з твару цёткі Гандзі сціралася чарговая ўсмешка.
Ёй прыпаміналіся ружы першага кахання. Сотні іх раслі калісьці ў местачковым скверыку. Жоўтыя, чырвоныя, белыя. Калісьці... Два гады таму. Даўней за вечнасць і як бы ўчора! На працягу аднае кароткай летняй ночы ўсе чырвоныя ружы былі сарваныя ўвішнымі рукамі. Памятала гэтыя рукі закрываўленыя, акале-
чаныя вострымі калючкамі, яны засыпалі чырвонымі пялёсткамі яе валасы, вочы, вусны. Пацалункамі згартала кроў з ягонай далоні, з пальцаў, што зведалі кожны, найбольш сакрэтны куточак яе цела. А потым ён з’ехаў у афіцэрскую школу ў Познань, ажаніўся з прыстарэлай і непрыгожай дачкой нейкага палкоўніка, каб у будучыні таксама стаць палкоўнікам, а можа нават генералам. Ружы... Пялёсткі апалі, калючкі засталіся.
У першы вечар лета Гандзя не вярнулася зусім. Антон чакаў яе да поўначы, да світання, і цёплая, самая кароткая ноч года выдаўжалася ў бязмежную, халодную вечнасць. Наступнага дня ён не пайшоў у майстэрню. Сядзеў на кухні, глядзеў у вакно і чакаў. Вуліцай ішлі людзі знаёмыя, суседзі. Ведаў іх імёны, але цяпер, як ніколі раней, усе яны здаваліся яму чужымі, ананімнымі і лішнімі. Натоўп толькі тады мае твар і імя, калі ёсць у ім блізкі нам чалавек.
Антон ведаў, што будзе чакаць Гандзю ўсё жыццё. Днямі ён сядзеў ля вакна, а адвячоркамі заходзіў у “Сонейка”. Пустое месца за буфетам забівалася ў сэрца балючым цвіком, а штодзённыя наведвальнікі, калі пытаў іх пра Гандзю, разводзілі рукамі і сумна ўсміхаліся.
Праз тыдзень асірочаны буфет узяла ў свае рукі новая буфетчыца Лёдзя, а з першым снегам Антону прыйшоў ліст. Некалькі слоў, запісаных на паперы: “Прабач і не чакай, я ніколі не вярнуся”. На паштовай пячатцы спрабаваў адчытаць назву мясцовасці, але чорныя літары складваліся ў незразумелае слова “ніколі”.
I што цяпер будзе? Развод? спытала бабка Сонька. У нашай сям’і ніколі не здараліся разводы.
Перакінула ў памяці ўсіх жанчын, пачынаючы з той першай, што выйшла з расшчэпленага перуном дрэва. Каханыя або не каханыя, усе цярпліва пераадольвалі тунель стагоддзяў, падсвядома накіроўваючы жыццё да светлага выхаду ў нашыя дні.
Свет ашалеў, сказала бабка Сонька і замоўкла на бліжэйшы тыдзень.
У майстэрні, перанесенай у падвал новага дома, Ан-
тон моўчкі збіваў дошкі ў добра вядомую форму, а ў думках назойліва завіхаліся словы: “Прабач і не чакай...” I ў водгук кожнаму слову малаток забіваў цвікі. Мацней і мацней, не зважаючы ні на што. .
На працягу наступных сямі дзён бабка Сонька вярталася памяццю да восеньскіх ранкаў і начэй, якія папярэджвалі вяселле дзядзькі Антона. Гартала іх каторы раз, шукаючы знак, што раней, з-за неахайнасці, абмінуўся ўвагай. Але нічога там не знаходзіла. He сасніўся ніякі сон, праз прыадчыненае акно не ўварвалася ў дом ашалелая птушка, люстра на сцяне не рассыпалася дробным макам. Пасмутнела. Бо адчула, што пакінула, адышла назаўжды ад яе моц прадчування будучыні, перачытвання сноў і рэальных знакаў. I прыйдзецца жыць вечна ў чужым і незразумелым свеце.
Сашка
У будзённыя дні пасля поўдня, калі ў бары “Сонейка” паветра было ўжо сіняе, як папяросавы дым, а мармуровая крошка падлогі клеілася да чаравікаў астаткамі піва, доўгавалосыя маладзёны хапалі малога Сашку пад пахі і ўздымалі на столік, хвіліну раней акуратна прыбраны ад масіўных, жывататых куфляў.
- Ну, Сашка, пакажы, як Герд Мюлер забіў мяч у польскія вароты.
Чыесьці спрытныя пальцы згарталі капялюш з галавы неасцярожнага асобеня, які заблукаў сюды не як заўсёднік, а зусім выпадковы госць, таму і ставаўся бяспечнай ды лёгкай здабычай. Капялюш перадаваўся з рук у рукі, збіваючы са следу нямы позірк уласніка, пятляў налева, направа, наўскасяк, ажно спыняўся ў месцы прызначэння, на століку побач з карлікавай нагой.
- Давай, Сашка, давай!
Карлік шырока разводзіў плечы, левая нага моцна запіралася ў стальніцу, нязначна згіналася ў калене, тым часам правая ўцякала далёка назад. На адзін міг нерухомеў, бы тоўсценькая, кругленькая ластаўка. А затым правая нага, прыведзеная ў рух жывой пружынай, адпраўляла капялюш у найдалейшы закавулак бара.
Падачу пераймаў Була. Ён быў, праўдападобна, маім дваюрадным братам. Кажу праўдападобна, бо ў гэтай матэрыі меркаванні бабкі Сонькі і цёткі Любы рэзка разыходзіліся, а дзядзька Коля, які ўсё павінен ведаць найлепей, не ведаў нічога і толькі паціскаў плячыма.
- Разява ты! казала цётка. Знайшлі найвялікшага
на фабрыцы прыдурка і падкінулі. А ты гадуеш. Ну, сам паглядзі, які ён Іванюк? Хто ў нас бачыў такіх, двухметровых даўгел?!
Дзядзька Коля маўчаў, паціскаючы плячыма, а ў размову ўключалася бабка Сонька.
У нас якіх захочаш. I найменшыя, і найбольшыя.
Так ці іначай, Була лічыўся найлепшым футбалістам у бліжэйшым наваколлі, а ў Мястэчку заставаўся толькі таму, што дзесьці трэба сустрэць свой лёс і прывітаць эмісараў сталічнай «Легіі» або познаньскага «Леха».
А я і так пайду ў свет, мармытаў, зграбаючы з падлогі стомлены капялюш. А ўдар добры быў, класны. Бачыш, Сашка, калі б ты так сантыметраў на пяцьдзесят яшчэ падцягнуўся, я б узяў цябе з сабой. У Варшаву або Познань пакуль сам не ведаю, куды мяне лёс закіне.
Ад страху, што можна правароніць варшаўскіх пасланцоў, ён нават адмовіўся ад фабрыкі і сталярскага станка, аддаўшы ўсяго сябе чаканню і бару “Сонейка”. Але лёс упарта трымаў Булу тут, як нябачная мытня трымала Сашку на мяжы маладосці і даросласці. Яго раўнагодкі, аблажыўшыся сем’ямі, заходзілі ў першую сівізну, а Сашка заставаўся на ранейшым месцы. Вітаў адну кампанію, праводзіў яе колькі крокаў, развітваўся, вяртаўся назад і сустракаў наступных. Народжаныя дзесяцігоддзямі раней, абганялі яго вокамгненна і без асаблівых намаганняў, як на шашы вялікая машына абганяе малую, віншуючы яе сяброўскім рогатам клаксона. I пэўна таму Сашку, адзінага з бацькавых братоў, я ніколі не называў дзядзькам.
Часам Сашка рабіў грубую памылку, і капялюш спыняўся на паліцах з бутэлькамі, зараз за галавой пані Лёдзі, што вартавала буфетны прылавак. Фарбаваная ў золата завіўка наструньвалася львінай грывай, маляваныя вусны расшыраліся ў драпежны званец. Прыхапіўшы выпадковую анучку, пані Лёдзя зрывалася наводзіць парадак:
Пайшлі вон! Я сказала вон пайшлі!
На такі крык з канторкі, прытоенай па правы бок побач з буфетам, высоўвалася галава пана Метэка. Быў гэта элегантны мужчына неакрэсленага ўзросту, абліччам заўсёды абыякавым і спакойным прыпамінаў гульца ў покер. Але той, каму да пана Метэка было бліжэй, ведаў значна больш. За занавесам абыякавасці і спакою таіўся смутак. Можна б сказаць: пан Метэк смуткаваў заўсёды, незалежна ад пары дня і года. Калі верыць чуткам, у даваенны час ён працаваў у сталіцы як сапраўдны афіцыянт і ў сапраўдным рэстаране абслугоўваў часам сапраўднага прэзідэнта Другой Рэчыпаспалітай. I толькі кпінай лёсу або рашэннем невядомых начальнікаў трапіў у нашае Мястэчка, каб несці тут службу на пасадзе кіраўніка бара “Сонейка”.