Вуліца Добрай Надзеі  Міхась Андрасюк

Вуліца Добрай Надзеі

Міхась Андрасюк

Выдавец: Медысонт
Памер: 304с.
Мінск 2010
67.91 МБ
Аднойчы, калі Валодзя забыў сваё імя і на сходах чужой хаты прасядзеў да прыцемкаў, пакуль не знялі яго адтуль рукі выпадковых людзей, Сонька спалохалася канчаткова.
Ну, як цябе завуць? Прыпомні. Гэта ж так звалі твайго бацьку, і твайго дзеда, і дзеда твайго дзеда.
Яна любіла Валодзю мацней за ўсіх сваіх сыноў. Быў найстарэйшы, і ад бацькі, апроч імя, узяў таксама вочы светла-сінія, кранутыя здзіўленнем і задумай. Але Валодзя нічога не мог прыпомніць.
He ведаю. He ведаю, хто я.
Менавіта ў той дзень чатыры сыны Сонькі пачулі дзіўную гісторыю.
“Калі ўдарыў гром, расшчапляючы на дзве раўнюткія палавіны тысячагадовае дрэва, пачаўся наш свет. Дрэва, узятае на прыцэл вогненнай куляй, было вышэйшым за ўсе астатнія дрэвы, і, быццам міфічная вавілонская вежа, краналася неба. Гэтае дрэва немагчыма прыпісаць у якую-небудзь катэгорыю, вядомую сучаснаму чалавеку, бо было яно створанае як першае і апошняе, з адной мэтай на волю агню. Сухое, жылястае валакно дубіны спляталася там з вальховымі слаямі ружовымі і сакавітымі. Сталёва-шэрую грандыёзнасць граба перабягалі мяккай, алебастрава-белай фастрыгай ліпавыя ніткі, задуменная хмурнасць елкі хаатычнай асновай перасякалася з ветрагоннай палахлівасцю вярбы. Калі магутны гром пераліўся з аднаго канца пушчы на другі канец і калі развеяўся дым, а прыведзеныя цікавасцю птушкі вярнуліся на суседнія дрэвы, з расшчэпленага пня выйшлі мужчына і жанчына. Мужчыну звалі Валодзем, а жанчыну Сонькай. 3 іх пачалося нашае Мястэчка і нашая сям’я”.
Такі аповед перадала Сонька Іванюк сынам, сабраўшы іх за кухонным сталом, калі яны пачалі губляць памяць і блытаць сцежкі. Прыдумала яго на ляту, з першага па апошняе слова свядома абмінаючы фізіку, гісторыю і біялогію, бо кожнай сям’і неабходныя свае імёны і свая памяць, і яны важнейшыя за ўсе, пацверджаныя навукай, але чужыя праўды.
Гісторыю Валодзя занёс на паперу, прыадзеўшы яе ў параўнанні ды эпітэты. Быў такі сшытак у клетку на трыццаць дзве старонкі, які з таго дня пачаў хутка запаўняцца, бо траплялі туды кожны дзень кожнае слова і думка. Запоўніўшы адзін сшытак, працягваў пісаць у наступным. 3 часам назбіралася іх непраўдападобна шмат, займалі ўсе шуфляды, ляжалі на стале і на паліцах, спускаліся на падлогу, праз кухню і сенцы выходзілі на сходы, на панадворак і далей, у бліжэйшыя вулачкі. He
ўдавалася іх абмінуць, але можна было па іх ступаць, як па знаёмых слядах.
Лісткі, запісаныя ў першых сшытках, прыпаміналі дрэва, з якога пачалося Мястэчка. Двор пана Драгабыцкага пераклікаўся там з маленькім дамком на граніцы. Чорны амерыканскі конь хадзіў у пары з белым Султанам, савецкі капітан, засеўшы пад грушай, піў чарку з прыгожымі нямецкімі хлопцамі, а ўсе закусвалі яечняй, падсмажанай рукамі Сонькі.
Пісьменнік ты мой, усміхалася Сонька, запускаючы пальцы ў светлыя валасы, нахіленыя над сшыткам. Але, па праўдзе, яна казытала белагаловы цень Уладзіміра, што нават гэтымі вулачкамі ступаў яе следам, выяўляўся раз майскім воблакам, другі раз срэбным узорам на зімовым акне. I тады першы раз з вуснаў Сонькі зляцела сумнай усмешкай: “Твой бацька павінен быў стаць паэтам”.
Сяк-так замацаваўшыся на новых сцежках, хлопцы пачалі вызначацца на будучыню.
-	Я буду міліцыянерам. Міліцыянераў усе баяцца, сказаў Антон, калі ў пошуках самагонкі іх дом наведалі незнаёмыя мужчыны ў сініх мундзірах. Пайшлі з нічым, бо Сонька ведала закавулкі свайго панадворка лепей за іх, але дзіўны цень страху тоўкся ў яе вачах яшчэ некалькі дзён.
-	Я таксама хачу быць міліцыянерам, адгукнуўся Коля.
У доўгія зімовыя вечары марылі, хто кім стане ў дарослым жыцці. He здагадваючыся пра існаванне магістратаў і дамоў партыі, размалёўвалі абразкі не менш фантастычныя, чым выведзеныя пэндзлікамі марозу на аконным шкле. А затым раніца сцірала ўсё, а новы дзень прыносіў новыя планы.
-	Я буду лётчыкам, над Мястэчкам упершыню прагудзеў самалёт, блакіт неба размяжоўваўся на дзве часткі белай стужкай дыму, Антон суправаджаў яго вачыма, намагаючыся ўявіць свет з вышыні палёту.
-	I я таксама буду лётчыкам, рэхам адазваўся Коля. Яны былі блізняты і заўсёды трымаліся разам. Алё, калі б
дакладна адсачыць іх сцежку, можна сказаць вызначаў яе Антон, а Коля ступаў следам. Капіраваў вопратку і прычоску, паўтараў жэсты і позіркі, і калі б чалавек складаўся толькі з жэстаў і вопраткі, раней ці пазней яны зліліся б у адну постаць, у адну асобу, і нат бабка Сонька не змагла б падзяліць іх і кожнаму даць уласнае імя.
Аднак людзей ствараюць перш за ўсё пачуцці. Пачынаецца чалавек з простай радасці, з часам ускладняецца злосцю, затым нянавісцю, аж даходзіць да самага незвычайнага кахання. Можна скапіраваць чужую радасць і паўтарыць чужую нянавісць, але з каханнем у кожнага свая гісторыя. Адны знаходзяць яго, а другія ніяк.
У шаснаццаць год Антон закахаўся ў дзяўчыну з суседняй вуліцы. Ніякая іншая дзяўчына ў Мястэчку не ўсміхалася прыгажэй за яе і не распускала прыгажэй валасы на летнім ветры. Усе хадзілі вулачкамі, а гэтая над Мястэчкам крыліла матылём. Так казаў Антон. А Коля глядзеў на дзяўчыну і бачыў звычайныя вочы і звычайныя валасы. “Дзяўчо як дзяўчо”, абыякава паціскаў плячыма. Блізнячыя сцежкі братоў пачалі разыходзіцца.
Але дзяўчына глядзела на Антона і таксама не знаходзіла ў ім нічога незвычайнага. I ён адступаў у доўгае цярпенне, у балючыя задумы, у самоту, дзе не існуе нічога, апроч уздыханняў і думкі пра небыццё. A калі прычына пакуты з’ехала кудысьці ў свет, Антон пакляўся ніколі ўжо не выстаўляць сябе на здзекі кахання.
“Я таксама ніколі не закахаюся”, прысягнуў Коля. Але ўсё-такі не змог вярнуцца да брата так блізка, як тады, калі адсачыўшы лёт самалёта, паўтарыў рэхам “і я буду лётчыкам”, а Сашка, трымаючыся ранейшых планаў, адазваўся:
-	А я буду сталяром.
Ты? Сталяром? скептычна паківаў галавой Антон. Курдупляў не бяруць на фабрыку. Хіба што ў цырк.
-	He бяруць курдупляў на фабрыку. Хіба што ў цырк, пацвердзіў Коля.
Але Сашку такія словы ўжо не краналі. Ён канчаткова
спыніўся ў росце і нават да рыскі на касяку прыстаўляўся не штодзень, а для спакою душы раз на месяц, а потым і раз на паўгода.
-	А вось і буду. I не абы-якім, а самым маленькім на фабрыцы. I найлепшым. А вы ў дупу паляціце, а не ў неба, надзімаючы губы, адыходзіў, зашываўся ў хлеўчыку, дзе побач з адзіным вакном Сонька адвяла яму месца на маленечкую майстэрню. Быў там у яго маленькі малаток, долата, абцужкі і бліскучая ручная піла. 3 аскепкаў драўніны Сашка складаў і кармушкі сініцам, і домікі для шпакоў, і мэблю для лялек.
Усе тыя домікі, кармушкі і самалёты ў небе Валодзя зачароўваў у літары і запісваў у сшытак.
-	Мой ты пісьменнік, паўтарала Сонька. А калі ў чарговы раз з яе вуснаў сумам зляцела: “Твой бацька павінен быць паэтам”, з Валодзі выліўся на паперу першы верш. Першы і апошні.
Бо далягляд не стаяў ужо на месцы. Ён пашыраўся, перасякаў чарговыя вуліцы, затым межы Мястэчка, і ў сшыткі, і ў дом пачалі заходзіць новыя людзі і аднагс за другім выцягваць хлопцаў у свет. Першым пайшоў на фабрыку Антон, яго следам Коля, а потым Сашка. Валодзя з’ехаў у Варшаву ў політэхнічны інстытут, праз чатыры гады вярнуўся і як дыпламаваны інжынер засеў у фабрычным офісе і зусім забыўся пра свой першы верш.
Дзядзька Ваня
“А няхай цябе пекла каўкне”, сказала аднойчы бабка Сонька. Было гэта ў той год, калі Велікоднае свята прыйшло напярэдадні святога Юр’я, і калі ў Вялікую пятніцу мы ішлі ў царкву, каб там, аб’яднаўшыся з іншымі жыхарамі Мястэчка, чакаць цуду пераўтварэння смерці ў жыццё.
А за нашай спінаю пружыністым вайсковым крокам маршыраваў дзядзька Ваня. У левым борце ягонага пінжака чырванеў вялікі бант, твар святлеў ад бязмежнай радасці, а думкі крылілі над Мястэчкам. Дзядзька Ваня спяшаўся адзначыць перамогу заўтрашняга свету над учарашнім.
Раніца стаяла сонечная, і першая зелень ускарасквалася на бярозы. У такія хвіліны хочацца чалавеку жыць і спяваць. I дзядзька Ваня напяваў радасную, па-рэвалюцыйнаму бадзёрую песню.
Дзень добры, пані Сонька. Таксама на маніфестацыю, а? Дык мо разам? Калі ласка, усміхнуўся прыгажэй за майскае сонца і падставіў дапаможнае плячо.
I ў такую раніцу бабка сказала: “А хай цябе пекла каўкне. Смалу там будзеш жаваць-перажоўваць”.
Ну і файна, пані Сонька, падхапіў ён. Пекла таксама для людзей. Цёпла там, кампанія не з апошніх. А смала? Якая зараз у пекле смала? Уся яна асфальтам ляжыць на дарогах і вуліцах.
А потым я стаяў у царкве, узіраўся ў смутныя абліччы Марыі і Магдаліны, што трымаюць варту над чорным прамавугольнікам плашчаніцы. Глядзеў і ў васкавы твар
распятага на крыжы Ісуса, і была ў мяне на Ісуса балючая крыўда: чаму якраз у першы дзень мая дазволіў нягоднікам зрабіць здзек са сваёй асобы? У той дзень, калі ў Мястэчку гучаць духавыя аркестры, вуліцамі пад музыку маршыруюць жаўнеры ў парадных мундзірах і дзяўчаты ў спартыўных касцюмах, дзядзька Ваня, стоячы на балконе Дома партыі, пасылае з-за буйных, чорных вусоў ветлівую ўсмешку ўсяму свету, а ў кіёску, побач з каталіцкім касцёлам упершыню пасля зімовага перапынку прадаецца марожанае. А з першага смутку выплываў другі смутак: “Бедны дзядзька. Як жа зараз яму жыць, пасля смерці з такімі перспектывамі?”
Нахабнае пытанне таўклося ў маіх грудзях доўгія дні і месяцы, разгаралася пры нагодзе ўсялякіх харцэрскіх святкаванняў менавіта тады запрашалі мы дзядзьку Ваню, прысаджвалі яго да вогнішча, вязалі на шыю чырвоную хустку, а ён, падставіўшы твар да полымя, прыводзіў з далёкай мінуўшчыны і перадаваў нам выявы вялікіх подзвігаў.
I я таксама глядзеў у агонь, а вачыма душы ўяўляў, як распаўзаюцца, уздымаюцца чырвоныя языкі, і не паспееш аглянуцца, як бяруць у абдымкі дзядзьку Ваню. 3 трэскам спапяляюцца ногі, што пратапталі не адну партызанскую сцежку, і рукі, якія ніколі не прамахнуліся, узяўшы на прыцэл варожы аб’ект, і вочы яны ж заўсёды адсочвалі пагрозу, нябачную іншым вачам. Уявіўшы такія пякельныя пакуты, я тайком адступаў ад вогнішча, стрымгалоў ляцеў да хаты і, забіўшыся пад коўдру, доўга плакаў.
Было ў нас да дзядзькі Вані асаблівае пачуццё мужчынскае каханне, што ўзнікае ў супольнай барацьбе, асабліва калі мэта такой барацьбы перайначыць свет. Праўда, ніколі не стаялі мы з дзядзькам Ванем у акопах, цёмнай ноччу не выходзілі з пушчы, не паўзлі крадком пад зорамі ў напрамку чыгункі, каб там, адной хітра пастаўленай мінай спыніць жалезны кровазварот, што забяспечвае варожую армію бінтамі, амуніцыяй і кансервамі. He дазволіў нам лёс. Шкада.