• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вуліца Добрай Надзеі  Міхась Андрасюк

    Вуліца Добрай Надзеі

    Міхась Андрасюк

    Выдавец: Медысонт
    Памер: 304с.
    Мінск 2010
    67.91 МБ
    Часцей за ўсё прычынай капітуляцыі бывае страх. Звычайная настальгія па сонцы, што заўтра ўзыдзе без нас, шкадаванне жанчын, што ўсміхнуцца каму другому, балючая думка пра ўнукаў, што не прыбягуць нядзельнай раніцай па цукерку ці пяшчоту. Але ў чалавечым жыцці здараюцца хвіліны незвычайныя, і тады капітуляцыя нараджаецца з адвагі. Розныя бываюць крыніцы чалавечай адвагі. Адны высмоктваюць яе з матчынага малака, другія высысаюць з жытняй самагонкі. Набраўшыся смеласці, чалавек можа змяніць свет і перасячы любую мяжу.
    А чорт з табою, старык. За стадолай Саўчука, кажаш? Што ж, пасадзім там граніцу. Саюз вялікі, а бацька далёка адкуль яму ведаць.
    Потым, змяшаўшы сала з мёдам, дружына салідарным салютам ванітавала за Саўчуковай стадолай. У месца, асвечанае крывёй страўніка, жаўнеры забівалі гранічны слуп.
    Ноччу сніліся капітану кашмарныя сны. Высыпаліся з мораку бела-чырвоныя і чырвона-зялёныя слупы. Пераўтвараліся ў салдацікаў, фарміраваліся ў баявы ўзвод, у карны атрад. “Плі!” голас нябачнага камандзіра выдаўжаўся рэхам выстралаў.
    На досвітку ён абудзіўся, абвёў вачыма сцены. Побач на падлозе спачывалі жаўнеры стомленыя ўчарашнім
    днём і вячэрай. “Ага, значыць, у Іванюка і начуем”, мільганула ў галаве. 3 іконы глядзеў на капітана Хрыстос. У паўсвятле поранка вочы Хрыста наліваліся сур’ёзным, задуменным позіркам Іосіфа Вісарыёнавіча.
    Усё мы ведаем, усё мы бачым, казалі гэтыя вочы. I з чатырох куткоў пакоя выпаўзаў страх, акірэчваў капітана, прысаджваўся на грудзі, напіраючы каленямі на страўнік, выціскаў душу высока, да самага горла. Капітан апускаў вейкі, затым адрываў іх, глядзеў у ікону і ўжо бачыў там не сур’ёзны позірк Вісарыёнавіча, а добрую, сінявокую ўсмешку старога Іванюка.
    Малайчына, хлапец. Абяцанне стрымаў, сінявокім шэптам калыхаўся паўзмрочны пакой. У гэтых сініх вачах капітан знаходзіў нешта знаёмае. Пакуль не ведаў што, але думкі міжвольна крылілі ў родныя мясціны. “Бацька... Такія вочы ў майго бацькі. Дакладна”.
    Усё мы ведаем, усё мы бачым, з першым голасам пераклікаўся другі, і капітану прыпомніліся баі пад Варшавай, і ўсе тыя бомбы і гранаты, што чорнымі ніткамі ў адзін вузел звязваюць жыццё і смерць. Падумаў яшчэ і пра кулі, што прасвісталі побач і, ці не першы раз, пашкадаваў: чаму ж абмінулі ўсе..
    За сняданкам капітан азваўся:
    Ведаеце, хлопцы, трэба ўсё-ткі вярнуць граніцу назад...
    Як, назад? сінія вочы Іванюка зліліся з блакітам паўтарачкі, прыведзенай для канчатковага замацавання ўчарашняй перамогі ў маленькай вайне за маленькую тэрыторыю.
    Ну, пакуль што назад. Праз тыдзень трэба мне ў Маскву, пагавару, папрашу. Сталін не воўк, а чалавек, не пакрыўдзіць, ці сапраўды так, капітан не ведаў і пры думцы пра сустрэчу з найважнейшым у свеце чалавекам сэрца выдаўжала крок, выбіваючы ў грудзях рытм шалёнага марша. Але ўцячы ад блакітных, па-бацькоўску знаёмых вачэй Іванюка таксама не было як. Адтэрміноўваючы праблему, хаваючыся ад яе ў самую вядомую і самую бяспечную стадыю свядомасці, сказаў;
    А цяпер налі. Добрая твая самагонка, старык...
    Так было тыдзень таму. I цяпер, выструніўшыся перад генералісімусам, капітан паўтарае:
    Вельмі харошая самагонка ў Апацы. Сільная. Пячэ. А болын нічога там няма. Можа быць Саюзу гэтая дзярэўня, а можа і не быць....
    Гм. Харошая, кажаш, самагонка. Лучшэ, чэм віно Цынандалі? Іосіф Вісарыёнавіч усміхаецца, а на памяць прыходзіць маленькая вінярня ў мястэчку Цынандалі. Залажыў яе Аляксандр Чаўчавадзэ, сын першага грузінскага пасла ў царскім Санкт-Пецярбургу.
    3 віном “Цынандалі” свет пазнаёміўся ў 1894 годзе. Раскрыў рот, пасмакаваў і захапіўся. А дзяцюк Сасо якраз пачынаў адукацыю ў духоўнай семінарыі, што сваім шляхам раскрывала дзверы ў паўзмрочныя піўнічкі мясцовых айцоў. Таіліся там кадзі, запоўненыя далікатным белым “Напарэулі”, сухім чырвоным, бы кроў горца, “Мукузані”, а самыя сакрэтныя завулкі прыхоўвалі ад нахабнага вока вылузанае грузінскім сонцам з сакавітых шарыкаў “Ркацытэлі” залатое віно “Цынандалі”. А вочы Сасо ў той час былі ўжо хуткія і пранізлівыя.
    3-за гэтага “Цынандалі” ён не закончыў духоўнай семінарыі. Але не шкадаваў. Замест беспрадуктыўнага махання крапілам, сціскаючы ў руках аловак і лінейку, мог дзяліць свет на свой і чужы. Прыкладаў лінейку да вялікай мапы Еўропы, алоўкам вызначаў доўгія граніцы: “Гэта нам, а гэта вам!” Вянчаў народы, даваў ім новыя імёны, а калі хто запіраўся, не гуляючы ў залішнія паніхіды, выпраўляў оптам на іншы свет. I была яму гэтая праца даспадобы і куды больш адпаведнай за традыцыйныя шлюбы, хрысціны і паховіны. Пэўна, таму віно “Цынандалі” лічыў самым лепшым прадуктам у свеце.
    А самагонку Іосіф Вісарыёнавіч не любіў.
    Вось і зараз прыкладвае люльку да мапы, можа, пацэліў якраз цыбуком у саломай крытую стадолу Уладзіміра Іванюка, а можа, у маленькую хатку Сямёна Ляшука, што згорбілася па супрацьлеглы бок вуліцы? У
    правую руку бярэ аловак. Яшчэ раз зыркае на капітана Жлуктова, яшчэ раз усміхаецца. “Ну, жартаўнік. Кажа самагонка добрая там. А няхай і застаецца таварышам палякам гэтае дабро. У нас і сваіх майстроў даволі”, і аб’язджае алоўкам наўкол запоўненага тытунём пуза. Аловак адштурхоўваецца ад цыбука, абмінае, пакідаючы з польскага боку Войнаўку, зігзагам коўзаецца на ўсход, перабягае прыдворны дзядзінец пана Драгабыцкага, выштурхоўваючы ў Савецкі Саюз дворскі сад і гаспадарчыя будынкі. Рассякае яшчэ напалову Бобінку, адразу за Клякавам вяртаецца ў Белавежскую пушчу. Быццам у кавалак сала паглыбіўшыся, наразае доўгую, дубовазялёную шкварку і махае яе на захад. Як закуску для апацкай самагонкі.
    Калі б летам 1945 людзі маглі кантактавацца паміж сабой шляхам тэлепатыі, першай з вялізнага крамлёўскага кабінета пайшла б інфармацыя ад капітана Жлуктова старому Іванюку. “Бачыш, дзядзька, перадаў бы капітан. Маеш, што хацеў. За Саўчуковай стадолай стане граніца”. I Іванюк у гэты момант адкінуў бы прэч малаток і сякерку, і з саламянай страхі нырнуў бы ў высокую траву радасным шчупаком.
    Але ў 1945 годзе ўсе, нават першага значэння інфармацыі перамяшчаліся тэлефоннымі дратамі, або эфірнымі сцежкамі радыяграмаў, або стомленымі ад’ютантамі-пасланцамі. I стары Іванюк застаўся там, дзе быў.
    Ён сядзеў на страсе і абдзіраў яе з саламяных кулёў. I калі апошні снапок апусціўся на зямлю, прыхапіў сякеру, пачаў разбураць латы, енткі, кроквы. Глядзеў пры тым на панадворак, на гранічны слуп, што сумна тырчаў у палове сцежкі між хатай і стадолай.
    А потым Іванюк глянуў на захад. Побач з вёскай Пагулянкай разлёгся шырокі луг. Зараз пасвіліся там каровы, але заўтра або паслязаўтра стане там ягоная хата. Трэба толькі добра намагчыся, разбурыць усё, да фундаментаў, а потым ад’ехаць трыста метраў ад польска-савецкай граніцы і нанова ўзвесці сцены, кроквы, дах.
    Па другі бок вуліцы ў водгук Іванюку ляпаў малаток Сямёна Ляшука. Ляшук разбураў стадолу і таксама зірыў на захад, у лугі пад Пагулянкай.
    Праз месяц, калі ўжо прыйдзе з Масквы добрая навіна, і Ляшук, і Іванюк складуць свае хаткі назад, на старое месца, а граніца расцягнецца пясчанай стужкай, абвядзецца калючым дротам, застыне сакрэтнай электрычнай сістэмай, запануе тут назаўсёды цішыня, і толькі час ад часу ноччу, калі дзік або алень кране яе хвастом безразумнай цікавасці, адгукнецца светлымі ракетамі.
    Уладзімір
    Дзеда Уладзіміра, што старгаваў у савецкага капітана невялікі драбок краіны сваіх беларускіх дзядоў, каб перадаць яго ў краіну сваіх польскіх унукаў, я ніколі не бачыў. Ён выбраўся з нашага свету ў той час, калі точкі на сценах прадвяшчалі ўжо непраўдападобную экспансію чалавечага розуму, але пушчанскія рачулкі яшчэ кіпелі срэбнай рыбай, людзі нічога не ведалі пра трансплантацыю сэрца і палёты ў космас. Праўда, хвілінай раней выйшлі яны з вялікай вайны, ды што ў тым новага? Вайна заўсёды жыла побач, як блохі і хваробы, кармілася людзьмі, вызначаючы адных у жывыя ахвяры, іншых у мёртвыя героі. Пры тым, якая б ні была, сусветная ці суседская, завяршалася нязменнай цырымоніяй: падзелам вялікіх краін або малых загонаў.
    Усё, што ведаю пра дзеда Уладзіміра, дайшло да мяне вакольнымі шляхамі аповедамі бабкі Сонькі, занатоўкамі ў сшытках майго бацькі Валодзі, хаатычнай мазаікай слоў, падслуханых у дзядзькоў і цётак. Гэта далёка не дасканалыя крыніцы. Усё там дэфармаванае прызмай суб’ектывізму і фільтрамі часу. Але лепшых крыніц у нас не было. Маю тут на ўвазе алейныя позіркі родавых партрэтаў, спічастыя знакі замкаў, рассеяныя ў бязмежжы стагоддзяў, азызлыя торсы летапісаў, адзетыя ў мундзіры з цялячай скуры і расстаўленыя вайсковым строем у палацавых бібліятэках. Было толькі мімалётнае слова. На пачатак і на заканчэнне.
    Па словах бабкі Сонькі, Уладзімір быў мужчына статны, высокага росту, сінявокі. Блакіт яго вачэй заходзіў
    так глыбока, што спалучаўся з сэрцам. Менавіта пра такіх людзей і кажуць, што яны сэрцам глядзяць на свет. А яшчэ з бяздонным блакітам вачэй пераклікалася здзіўленне. Уладзіміра здзіўляла ўсё: усход і захад сонца, вяртанне буслоў з далёкіх краін, кветка рамонка ў траве і халодны лапух на зімовай шыбе. “Ён павінен быў стаць паэтам”, скажа бабка Сонька. Скажа гэтыя словы на ўсю вечнасць пазней, калі ўжо сяк-так пачне арыентавацца ў лабірынтах літар.
    Але ў маладосці, калі наканаванасць, не ўпэўненая ў сваіх сілах, яшчэ паддаецца чалавечым пажаданням або волі выпадку, у свеце дзеда Уладзіміра нічога не ведалі пра паэтаў. У тыя гады іншы быў таксама час не дазваляў абы-каму закідваць яго ў віртуальныя астрогі камп’ютэраў, закоўваць у цэлулоідныя калодкі кіно, a потым забаўляцца, соўваючы здарэнні наперад і назад, як мэблю па гасцінным пакоі, або, памыліўшыся шляхам, вяртацца да зыходнага пункту і пачынаць новую вандроўку. Кожнай рэчы вызначалася канкрэтнае заданне, а чалавеку месца.
    Таму вось дзед Уладзімір стаў фурманам у двары пана Драгабыцкага. Па буднях звозіў з палёў буракі і снапы жыта, а ў святочныя дні закладаў у брычку Султана і каціў гаспадароў у Кляшчэлі, у касцёл. Конь белы, як выліты з восеньскай імглы, падрываў капыты, раскідваў грыву, уступаў у гонку з ветрам. “I будзь тут разумны, і скажы дзе канчаецца грыва, а дзе пачынаецца вецер”, здзіўляліся сінія вочы.