Вуліца Добрай Надзеі
Міхась Андрасюк
Выдавец: Медысонт
Памер: 304с.
Мінск 2010
Дзядзьку Ваню бачу на нашай вуліцы так даўно, як далёка ахоплівае яе мой позірк. Можна сказаць ён равеснік маёй свядомай памяці. Пэўна таму, што пасуседску з ягоным домам быў домік цёткі Любы і дзядзькі Колі, куды я заходзіў ці не кожны другі дзень. Калі б была цікавасць зазірнуць у сямейныя архівы, выявілася б, што Ваня быў дзядзькам зусім не нам, а толькі рудому Віціку, як старэйшы брат ягонай маці, пані Ніны. Нам, згодна з местачковымі канонамі, заставалася афіцыйнае проша пана або нат і ўзяўшы пад увагу супляменнасць вуліцы не нашмат інтымнейшае “пан Ян”. Аднак спакон вякоў мы клікалі яго дзядзькам, а ён частаваў нас цукеркамі: “Ну, смургалі, марш вучыцца і вырастаць! Айчына чакае афіцэраў, шахцёраў і другіх спецыялістаў. Крочым у добрым напрамку і ўсё найлепшае наперадзе!”
У светлы вобраз айчыны і яе будучыні ўносіў дысананс пан Алёшка. He зважаючы на свой дзевяноста дзевяты год, ён шторанак займаў у мясной лаўцы чаргу за свінінай або цяляцінай. Былі гэта чэргі даўжэйшыя за чыгуначныя эшалоны, што, загружаныя невядома чым, ідуць невядома куды, з аднаго краю свету на другі. Забіваючы доўгае чаканне, пан Алёшка выдаваў зусім іншыя прагнозы. Прымыкаў вейкі, зазіраў у сваю мінуўшчыну, выцягваў адтуль абадраных жабракоў, нанова ўладкоўваў іх пад цэрквамі і касцёламі, клікаў на вуліцу доўгія шэрагі беспрацоўных, а затым, запаўняючы паліцы кілбасамі і паляндвіцамі, пускаў у разгон чэргі, што нахабна гуртуюцца ў мясных крамах.
“Трындзіць старык ад залішне доўгага жыцця, казаў у такіх выпадках дзядзька Ваня. Мінуўшчына не вернецца, бо не дазволіць наш высока ўзняты сцяг!” У такія хвіліны нам хацелася стаць дарослымі, пераняць гэты сцяг ды разгарнуць яго на ўвесь свет.
А дзядзька Ваня, ён праваслаўны ці каталік? У лугах, што цягнуцца ўскраінай пушчы, мы гулялі ў сцізорык. Заядла, заўзята, быццам на сталёвае лязо абапіраўся лёс свету. Сцізорык быў маленькі, шматкаляровы, якраз выструніўся лязом, але ў пластмасавай руч-
цы прыхоўваўся штопар, пілка для пазногцяў, невядомага прызначэння шпікульцы. Дакладна такія сцізорыкі прадаюцца падчас царкоўнага фэсту ў дзень Успення Прасвятой Багародзіцы, што ў праваслаўным календары адзначаецца за тры дні да заканчэння вакацыяў.
Вастрыё забівалася ў траву, небам ішлі самалёты, знікалі за павеўнымі сукенкамі апошніх летніх аблачын, выходзілі на чыстае поле і зноў чорным пузам рэзалі блакіт.
Рускія на Чэхаславакію сунуць, руды Віцік прыклаў далонь да ілба, пальцы склаў у казырок, засланяючы вочы ад нахабных промняў. А дзядзька Ваня кажа:
Ото цяпер ужо добра адлупцуюць пэпікаў па дупе.
I менавітатады нехта ўпершыню паставіў Віціку пытанне праваслаўны ці каталік дзядзька Ваня? Пачыналі мы неяк здагадвацца, што людзі ў Мястэчку падзяляюцца на тых, хто дзеля гутаркі з Усявышнім заходзіць у блакітную царкоўку, ды іншых, якія з такой жа мэтай бяруць кірунак на белы касцёл у цэнтры Мястэчка. Ві дк, уладкоўваючы сцізорык на кончыку носа, адказаў не адразу. Забіўшы як трэба лязо ў траву, зірнуў на час вокам пераможцы: “Hi такі дзядзька Ваня, ні сякі. Ён партыйны!”.
Значыць які? усе вочы сыйшліся на рудой чупрыне.
Партыйны. Чалавек, які можа ўсё, удакладніў Віцік.
Здаралася, частаваў цукеркамі і бацюшка Сцяпан, калі пасля святаў Божага Нараджэння сноўдаўся з хаты ў хату з малітвай. Гэта да ягонага візіта рыхтавалася на стале грамнічная свечка, побач лягала буханка хлеба і ставілася пасудзіна са свянцонай вадой, а між іх сарамліва прысядаў на кукішках алюмініевы пятак, натапырыўшы крылы, глядзеў з аверса арол, а рэверс выяўляўся рыбаком, што працавіта разгартае сетку. Пакрапіўшы ўсе чатыры сцяны, бацюшка на хвіліну апускаўся ў крэсла і, уздыхаючы ўголас заўжды так уздыхаецца пры нагодзе нямілага абавязку згартаў у кішэню пяцёрку.
Вучыцца трэба добра, быць слухмяным, шанаваць маму і тату, уладу школьную і дзяржаўную, і ўрокі рэлігіі не прапускаць таксама так ён казаў. Але што бацюшка? Ці здарылася яму калі-небудзь прыадзецца ў партызанскі мундзір? Зняўшы вінтоўку з пляча, крыкнуць: «Стой, страляць буду!» I бабах у чорнае бяздонне ночы? Хутчэй за ўсё не. I галоўнае, не было пэўнасці: ці бацюшка Сцяпан чалавек партыйны, хто можа ўсё і заўсёды? Як, скажам, дзядзька Ваня.
На такое пытанне нават бабка Сонька не дала адназначнага адказу. Паглядзела на мяне неяк дзіўна, адвярнулася, плюнула пад ногі. Сказала некалькі слоў пра дурных неадказных партызанаў, пра сала і кажух, падабраныя з кладоўкі. Прыпомніла таксама свайго брата Арцёма бачыла яго апошні раз у сорак трэцім, у студзеньскі вечар, калі тоўсты паліцыянт Казімір Валанцей даручыў яму варту на чыгуначных рэйках. А ноччу падарваўся там ваенны эшалон, і наступным днём гергатлівыя немцы расстралялі ўсіх вартаўнікоў.
Усемагутны там вось, паказала пальцам у бязмежнае неба. Адзін Бог усё можа.
Але мяне мучыла, ці ёсць Бог? Пытанне заставалася адкрытым з той хвіліны, калі падчас урока музыкі пан дырэктар Сліва заявіў:
Сусвет нарадзіўся ад вялікага выбуху.
Як ад атамнай бомбы? з-за апошняй парты вырваўся Віцік. Аб атамных бомбах дзеці ведалі куды больш за сваіх бацькоў, да таго ж, у школьны падвал паміж горкай вугалю і цеснай клеткай пана вознага прадбачлівыя будаўнікі на выпадак ядзернай атакі запіхнулі бункер. Цёмны, агідны, бы амерыканскі цмок, што прытаіўся пад вадой, на зямлі і ў паветры ды чакае моманту, каб патаптаць сінявокія васількі ў нашых агародчыках, а нават разбіць у пух і прах сонца і ўсе астатнія зоры.
Куды магутнейшы гэты выбух. Як мільярды мільярдаў бомб, пан дырэктар Сліва разгарнуў футляр, дастаў адтуль скрыпку, бліскучым асколкам каніфолі аб’ехаў хрыбет смыка.
Дык нехта ж падпаліў кнот, Віцік не адступіў. Які імперыяліст амерыканскі або наш партызан, а можа і сам Бог?
Э, там!...
Азвалася скрыпка, і пайшло! пан Сліва ўсміхнуўся, смыком крануў струну. “Расцвіталі яблыні і грушы, паплылі туманы над ракой” гукі ірвануліся, пабеглі школьным калідорам, узняліся да воблакаў, разышліся хваляй, збіваючы з ног усе злыя сілы, што заўпарціліся павярнуць нас і нашых сяброў са шляху ў найлепшую будучыню.
Новыя падзеі, што адбыліся з прыходам зімы, таксама пярэчылі бабусіным тэорыям. Пасеялі ў маёй свядомасці і іншыя, зусім слушныя падазрэнні: бабка, як і ўсе астатнія смяротныя, можа ж памыляцца! Я пачынаў уяўляць і куды страшнейшае: вось жа прыйдзе дзень, і над бабусяй, гарызантальна напружанай на покуці, бацюшка Сцяпан заспявае “Вечная памяць”, a потым суседзі забяруць яе з хаты, занясуць на могілкі, апусцяць у глыбокую яму і прысыплюць жоўтым пясочкам. Дакладна так, як адбылося з панам Алёшкам. Звалі яго Жалезным, або Несмяротным, пэўна таму, што ў бліжэйшыя дні збіраўся паставіць крок у другое стагоддзе сваёй зямной вандроўкі. Але дзевятнаццатага снежня з раніцы пайшоў дождж, а апоўдні неба пасвятлела, і з усходу ад пушчы вецер дзьмухнуў прымаразкам. Вулічны брук прыадзеўся чыстым, халодным шклом.
Пан Алёшка, які здрамнуў пасля абеду, якраз пралупіў вочы. Пераблытаўшы адвячорак з досвіткам, накінуў на плечы абшастаную бараніцу, накіраваўся ў мясную краму.
У той дзень у праваслаўным календары адзначаўся святы Мікалай. I дзядзька Коля з дзядзем Ванем выпілі суседскую бутэльку. Апошнюю, што прыхавалася ў хаце.
У нас ніколі не адыходзяць ад стала з такой прычыны.
Злётаю ў краму, сказаў дзядзька Коля, выводзячы з гаража матацыкл. Спраўлюся ў тры мігі.
Нікуды не паедзеш, зачапілася за задняе крыло матацыкла цётка Люба.
А от жа і злётаю! адкрыта, заўзята, як ніколі раней, дзядзька Коля выступіў супраць сваёй жонкі. Пасадзіў на галаву каску і, не зашпільваючы яе, акірэчыў цыратавае сядло, левым чаравікам тузануў стартэр.
Дуй, Колік, я тут пачакаю, падміргнуў дзядзька Ваня.
Стала ясна: ні пры чым тут пратэсты і лямант цёткі Любы. У асаблівых выпадках жаночы розум прымушаны скарыцца, укленчыць перад мужчынскім гонарам.
Але матацыкл не дайшоў да мэты. Мабыць, рука самапасам ад святочнай фантазіі надта моцна наехала на ручку газу. А можа, вулічныя камяні ад нечаканай змены надвор’я паднялі нос вышэй за штодзённую норму. A можа, як пры нагодзе незразумелых здарэнняў кажа народ проста так трэба было!? Адным словам, сцежкі матацыкла і пана Алёшкі перасекліся.
Першай з’явілася хуткая дапамога, і быў гэта самы лішні ў свеце маршрут. Лекар праверыў пульс, паглядзеў у знерухамелыя вочы пана Алёшкі і развёў рукамі, пацвярджаючы такім чынам людскую бездапаможнасць у канфрантацыі з нябеснымі рашэннямі. Следам за медыкамі прыляцелі міліцыянеры і павалаклі дзядзьку Колю ў напрамку сіняй “ныскі”. I дзядзька Коля не запіраўся, толькі бесперапынна паўтараў “ясна халера” і “холера ясна”. I ні слова больш.
А гарэлку сёння обыватэль піў? дапытваўся малады сяржант. Але адказ быў нязменны: «Холера ясна...»
Потым, калі ўжо сумная навіна на добрасуседскіх крылах аб’явілася ўсяму Мястэчку, прыбегла таксама цётка Люба. Яна ўголас рыдала і пыталася, што рабіць адзінокай жанчыне, муж якой па апошнія дні свае будзе гніць у астрозе. Затым гутарыў з міліцыянерамі дзядзька Ваня.
Значыць, пракаціліся мы, азваўся, хмурна зазіраючы ў вочы сяржанту.
Ага, пацвердзіў сяржант.
А такія старэчы, што бестурботна і без кантролю
малодшых сямейнікаў сноўдаюць публічнымі дарогамі калі не скандалам, як тады іначай назваць? ад злосці дзядзька Ваня торгаў доўгія вусы.
Ну, сяржант зняў шапку, пачухаў патыліцу.
Што ну? Якое ну? Аплачвае вас народная ўлада, а нармальнаму грамадзяніну ніяк і праехацца сваёй вуліцай. А ўвогуле вуліца, брукаваная коўзкімі камянямі, асабліва ў нашай краіне адкрытая правакацыя і анахранізм. I час ужо навесці тут парадак.
Сяржант, здагадваючыся, што гутарка стае на палітычныя рэйкі, куды больш коўзкія за вулічны брук, адступіў на два крокі назад. Гэтаму хлопцу, звычайнаму, як і ўсе жыхары Мястэчка, відаць не чужая была тэорыя бабкі Сонькі аб імперыях, што ўзнікаюць з адной мэтай з абедзвюх рук шпарыць па *мухаедах тутэйшага, праваслаўнага мужыка. Адступіў яшчэ два крокі, трэснуў сінімі дзвярыма, на век вечны заключаючы арыштанта ў цёмных вантробах аўто і даў знак: “Паехалі”.
He плач, сказала бабка Сонька, агортваючы цётку Любу словам. Усё ў Боскіх руках.