• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вуліца Добрай Надзеі  Міхась Андрасюк

    Вуліца Добрай Надзеі

    Міхась Андрасюк

    Выдавец: Медысонт
    Памер: 304с.
    Мінск 2010
    67.91 МБ
    Ты ведаеш, і я аб тым падумаў. Але дамаўляемся адно піва і пайшлі. Час бяжыць, Сальцісон зірнуў на гадзіннік.
    Цяпер не гублялі час на сплятанне кошычка. Лёгка сагнуўшы ногі ў каленах, прыселі абапал бабкі, схапілі яе пад рукі і павалаклі праз вуліцу.
    Мы ўжо ў царкве? закінутая раптоўна ў светласць бара бабка ад здзіўлення разявіла рот, працерла вочы, зірнула праз плячо, у той бок, адкуль лагоднай, цёплай хваляй выходзіла музыка. Божанькі, які цяпер у нас прыгожы хор. Малайчына, бацюшка Тарас.
    Але не хор быў крыніцай гэтай прыгожай музыкі. На прылаўку побач з барменкай Валянцінай стаяў сабе магнітафончык і цёплым голасам падляскага вакаліста пераконваў усіх тут прысутных: “Маруся ты Маруся, ты чорна як цыганка. To шчэ й полюбіла, то шчэ й полюбіла, чорнявого Іванка”.
    О маць прасвятая! Нават бабку Марусю вывалаклі, Чума падарваўся з крэсла, скокнуў да дзвярэй, прытрымаў іх, бо дзверы, прывязаныя да спружыннага механізма, нахабна вярталіся да касяка, не зважаючы на чалавечыя пяткі.
    Па-дурацку, хлопцы, вы працу спланавалі, Васілёк вышчырыў ва ўсмешцы жоўтыя ад папяросаў зубы. На пачатак трэба было браць тоўстыя, а худыя пакінуць на канец.
    Ага, цяпер і ты разумны. А хто мог падумаць, што так усё складзецца і давядзецца ўсіх старух праветрыць?
    Факт, кіўнуў галавой Чума. Мы з Васільком дванаццаць штук заташчылі. Баран з Фёдарам таксама дванаццаць. Фёдар бедны так нацягаўся, што заснуў за сталом. Нядаўна жонка дамоў павалакла. Укінула ў тачку і паехалі. Добра мець у хаце сільную бабу. А вы колькі злавілі?
    Гэтая во, трынаццатая, кіўком галавы Сальцісон паказаў на Марусю. Бадай апошняя, хто ў жывых застаўся.
    Разам трыццаць сем, спраўна падвёў Чума. Думаеце, хопіць? Пераможам?
    Ну і пытанне! Дэмакратыя дэмакратыяй, а перамога, як заўсёды, на нашым баку, пацвердзіў Сальцісон і, павярнуўшы твар да прылаўка, загадаў: Валя, два светлыя. За кошт гміны, ведаеш.
    Ведаю, ведаю, падтакнула барменка Валянціна. Напоўніла два куфлі, тузанула іх на супрацьлеглы край прылаўка і паставіла чатыры рыскі на пакамечанай паперы. Працавала тут ці не трэці месяц. Раннім летам закончыла беластоцкі універсітэт, як магістр гісторыі вярнулася на бацькаўшчыну і ў чаканні лепшага занятку ўладкавалася за прылаўкам бару “Капрыё”.
    У вялікіх дзеях чалавецтва крыецца шмат пераможных баталіяў і столькі ж прайграных бітваў. Аднак нешматлікія застаюцца ў сумеснай памяці народаў, а ў школьныя падручнікі маюць гонар патрапіць толькі акупленыя невычэрпнымі струмянямі крыві і ахвярнасці. I барменка Валянціна стаўляла рыскі на паперы, падвойвала іх, безумоўна, маючы на ўвазе хвалу пераможцаў. Праз сто або і дзвесце гадоў, нястомныя даследчыкі мінуўшчыны дакапаюцца да жоўтай паперы і, узрадаваныя незвычайным адкрыццём, войкнуць: “Паглядзіце, вось і яны, хто, не зважаючы на асабісты кошт, вялі чалавецтва да лепшай будучыні”.
    На мой густ, маглі б такія выбары і штотыдзень адбывацца. Добрая справа, дэмакратыя, Васілёк нырнуў у куфаль, пацягнуў здаровы глыток.
    А ты нібыта ведаеш! Пабалатуйся, пабачыш, які гэта стрэс, слоўцам, пачутым калісь у ваяводы, кінуў Сальцісон. I спытаў: А гэтага новага, што пхаецца на месца нашага, ведаеш?
    Каму стрэс, каму піва на халяву. Новага не ведаю. Раз бачыў. Быў на сустрэчы, шмат чаго абяцаў. Казаў мы цяпер у Еўропе, а там грошаў хоць адбаўляй. Праўда, шукаць трэба, рухацца. А не сядзець на дупе, як сядзіць наша гмінная рада.
    Так сказаў? На дупе рада сядзіць?
    Ну, можа між радкамі. Але хто разумны, той зразумеў.
    Ага, а гэтая іхняя Еўропа нібыта за так дае ўсім? Як, не раўнуючы, бабка Маруся ў маладосці?
    Што там балбочаце? Можна ўжо запаліць свечку? бабка расплюшчыла вочы, затрапатала вейкамі, адганяючы салодкую дрымоту.
    Ды нічога, бабка, нічога. Спіце спакойна, мы скажам, калі свечку паставіць, Колька пяшчотна пагладзіў галаву, загорнутую ў квяцістую хустку.
    Васілёк запаліў папяросу, задраў галаву, дзьмухнуў сіняй стужкай у суфіт.
    Я не ведаю, мая хата з краю. Ён так сказаў. I яшчэ хваліўся, што мовы ведае, з ангельцамі, з французамі яму не праблема дамовіцца.
    Хі-хі. Мовамі ён валодае? хіхікнуў Чума. А з простым народам дамовіцца не ўмее. Калі б так прыйшоў, калі б сказаў па-нашаму: “Так і так, хлопцы. Пераможам, аддзячу. Вы дапаможаце мне, я вам не пашкадую”. А тут адразу бачна навошта яму Васілёк, Чума, нават дэпутат Сальцісон. Калі ласка, хай спадзяецца сёння на сваіх французаў.
    Паглядзела жаба, коней куюць, і яна лапу падсоўвае,буркнуў Сальцісон.
    Але навычвараў дык навычвараў. Як п'яны заяц у капусце. Галасуюць за яго ўсё-такі, уставіў Чума.
    Ага, галасуюць. А хто? Маладыя. А чаму? Бо дурныя, як то маладыя. Дзякуй Богу, няшмат іх. Зможам, пераможам.
    Наш мне бабу абяцаў. 3 Беларусі, паўголасам кінуў Чокун і пільна паглядзеў на сабраных.
    Рускую? Васілёк адассаўся ад куфля і з зацікаўленнем глядзеў на Чокуна. Адзін мой знаёмы ўзяў сабе рускую. Ну ніяк ажаніцца не мог. Пяты крыжык на спіну зваліўся, а ён нежанаты. Аж брат малодшы з горада прыехаў і кажа: “Давай, я табе з Беларусі праз інтэрнэт пашукаю”. He ведаю, што такое той інтэрнэт, але неблагая штучка. Праз месяц прыехала. Здалёк, зпад нейкага Віцебска. I па сённяшні дзень мужык нацешыцца не можа. Кіпцюры кажа не малюе, па суседках не лётае. А працавітая, як сам чорт. Нават кароў даіць ужо вывучыла. Паедзе да маці ў госці, з парожнімі рукамі ніколі не вяртаецца. Ташчыць бутэльку або і дзве і папяросаў на месяц. Жыць не паміраць.
    Чуеш, Сальцісон? Нібыта і дэпутат ты, а трындзіш дурніцу, Колька адчуў раптоўны прыплыў аптымізму і энергіі і са смакам пацягнуў з бакала.
    Сальцісон не адказаў. Зірнуў на гадзіннік і неахвотна падняўся з крэсла.
    Ладна, Чокун. Жаніцца будзем пазней. Трэба, нават і на гармоніку пайграю на вяселлі. А цяпер бярэмся за справу, у нас дзесяць хвілін.
    Пусціліся на калені, сплялі далоні, пасадзілі бабку ў жывы кошык.
    Чума, трымай дзверы, рашучым голасам загадаў Сальцісон. I Чума трымаў дзверы.
    Цяпер крочылі моўчкі. Былі як дзве розныя партыі, аб'яднаныя на кароткі час, дзеля ўтрымання ўлады, для супольнага змагання з дакучаючай на кожным кроку апазіцыяй. Калісьці, у будучыні, іх сцежкі размінуцца, можа нат і ўхопяцца за чупрыны, усё гэта ў будучыні. Пакуль што ідуць згодным крокам, несучы цяжкое бярэмя ўлады.
    Жоўтымі прамавугольнікамі вокнаў выходзіў з мораку гмінны дом культуры, і ў той момант бабка прашаптала:
    Паміраю.
    Што, бабка? не зразумеў Сальцісон.
    Паміраю. Падыходзіць крэс маёй вандроўкі.
    Бабка! Так нельга. Столькі працы, столькі высілку! А вы раптам паміраю. Так нячэсна.
    Уваходзілі ў залаты круг, раскладзены лямпай над дзвярыма.
    Дыхае? запытаў Сальцісон. Астаткам сіл падымаліся на паверх.
    Бадай што яшчэ цёплая, адказаў Чокун. I дадаў на паўголаса: Прыдуркі дэпутаты. Выбарчы ўчастак на другім паверсе ўладкавалі.
    Сальцісон толькі мацней сціснуў зубы. У думках пералічваў прыступкі, што заставаліся да жаданай мэты.
    Тым часам жыццё вылівалася з бабкі Марусі, як з дашчэнту праіржавелага вядра цячэ вада. Лілося праз пальцы, сплеценыя ў кошык, усё болыпымі і большымі каплямі ападала на прыступкі сходаў, і як ні дзіўна, з кожнай прыступкай бабка налівалася дадатковым баластам.
    Як камянямі набітая, застагнаў Сальцісон. Задраў галаву як мага вышэй, стараючыся вызначыць дыстанцыю да мэты вандроўкі. Заставалася некалькі прыступак. Меў уражанне, што гэта найважнейшыя прыступкі, завешаны ў паўзмроку канат жыцця, з якога можна ўпасці ў бясконцую халодную цемру або ўзнесціся ў таксама бясконцую цёплую светласць.
    Паўзмрочныя сходы завяршаліся цесная клеткай, далей былі дзверы, за дзвярыма рассветленая дзесяткамі неонавых лямпаў зала, на гэты адзін дзень замененая ў выбарчы ўчастак. Чокун тузануў каленам дзверы, і ўвайшлі ў светласць.
    На гэтае незвычайнае відовішча выбарчая камісія ўзарвалася на ногі. Можна б падумаць, вось гісторыя паўтараецца колам, і на нашых вачах, наўпрост з паўзмрочнай старажытнасці трохгаловым гібрыдам вытыркаецца міфічны пасланец і нясе радасную навіну пра марафонскую вікторыю.
    Сцёбнутая яркім святлом неона, бабка вярнулася ў свет жывых. На адзін момант, на адзін кароткі міг, неабходны душы, каб пазбыцца ад грэшных спакусаў, засяляючых чалавечае цела ад стопаў па макушку:
    Арцём, госпадзі, як тут прыгожа! I якая музыка! I колькі тут светлых анёлаў. Я заўсёды ведала, ведала я, што тут цябе знайду, у асобе старшыні выбарчай камісіі бабка Маруся знайшла раптам свайго шлюбнага мужа, што паўстагоддзя ўжо бестурботна гойсаў у заземскіх прасторах. А затым вочы яе адышлі ў імглу, a галава безуладна ўпала на грудзі.
    А, каб цябе чэрці! Тысячу гадоў жыла ўсім лішняя, a калі спатрэбілася, вось табе і на, узяла і напруцілася. От, час падабрала. Крэсла давай! Давай крэсла, завішчаў Сальцісон убок старшыні камісіі.
    Пасадзілі бабку на крэсла. Чокун, забываючыся на смяротную стому, кашэчым рухам нырнуў за спіну бабкі Марусі. Схапіў падбародак і ўзняў свінцовую галаву. Сальцісон уваткнуў асадку ў пальцы, што наліваліся воскам, узняў далонь бабкі над лістком паперы і, выціскаючы апошнюю каплю жыцця з халодных пальцаў, у квадраціку побач з прозвішчам кандыдата паставіў скошаны крыжык.
    Нічога я не бачыў. Нічога а нічога. Мяне тут не было, паўтараў спалоханы старшыня выбарчай камісіі. I на ўсялякі выпадак запіхаў кулакі ў вочы.
    Імгла стомленасці і радасці прысела на зрэнках Сальцісона, і Сальцісон зусім не ўцяміў, што ў шаленчай гонцы з часам намаляваў крыжык побач з прозвішчам чужога кандыдата. А ў вачах Колькі стаяла Таццяна, і Колька сагнуў бюлетэнь напалам, пад першыя такты марша Мендэльсона праляцеў залу і засунуў у скрыню гэты самы каштоўны, расплачаны цяжкой працай голас.
    Бабка Маруся, мабыць, і бачыла ў той момант усё, але, падымаючыся да райскіх дзвярэй па вытканай са святых кніжак прыступках Якубавай драбіны, не дурыла сабе галаву зямнымі дробязямі.
    Змест
    Граніца	5
    Уладзімір	15
    Мястэчка	23
    Дзядзька Ваня	32
    Коля	41
    Антон	53
    Сашка	62
    Валодзя	70
    Сонька	81
    Гравітацыя	87
    Клёсы	97
    Цягнік	103
    Дзяўчына	113
    Hoc.	121
    Шафа	130
    Клаксон	135
    Верш	142
    Сустрэча	148
    Ветэраны	154
    Знічка	161
    Дом	167
    Фірма	174