Вуліца Добрай Надзеі
Міхась Андрасюк
Выдавец: Медысонт
Памер: 304с.
Мінск 2010
ад няма чаго рабіць і, страціўшы раўнавагу, шлёпнуўся на сухую траву. Падхапіўся засаромлены, паправіў дзюбаю ўскудлачаныя нёркі, разглянуўся і, супакоены нашай абыякавасцю, вярнуўся ў ляшчынавы цень.
А да мяне зноў цешча звалілася, сказаў Сенік.
Хлопцы кіўнулі галовамі ў знак, што ўсё разумеюць і спачуваюць, аднак выказвацца ўголас нікому не хацелася. Стомленыя цяплотаю, півам і картамі, драмалі.
Сонную цішыню парушыў далікатны шоргат, затым працяглы свіст паветра, быццам не верабей ужо, а нейкая большая птушка звалілася на зямлю. Хочучы не хочучы, паднялі мы галовы. Атрасаючы з пінжака нябачны пыл, стаяў перад намі Колька. Стаяў і ўсміхаўся.
— А ты тут адкуль? — Пеця падняўся, прысеў на кукішкі.
Прыляцеў. Адтуль во, Колька паказаў на чыстае неба.
Як гэта прыляцеў? цяпер і мы адзін за адным выпаўзалі з сухое травы, падыходзілі да яго бліжэй.
Звычайна, прыляцеў і ўсё. Абяцаў жа...
Значыць, што? Гоп-гоп, падскочыў і прыляцеў?
Ara. He адразу, вядома. Доўгія гады цяжкай працы былі. He верыце, га?
Мы, праўда, не давяралі Колікавым словам. Ён хіба і здагадаўся. Таму, узяўшы салідны разбег, падскочыў раз і яшчэ раз, раскінуў шырока далоні, левай нагою адштурхнуўся ад стаптанай травы і ўзняўся над нашымі галовамі. Зрабіў шырокі круг па-над лугам, над лесам, накіраваўся да мястэчка. За высокім комінам малачарні павярнуў направа, абляцеў купалы новай царквы, успырхнуў над чырвонымі дахамі лясніцтва, над Вжасовай вуліцай і вярнуўся.
I як? спыталі паружавелыя ад ветру ягоныя шчокі.
Ну, нічога сабе, пакруціў галавою Гжэсь.
Значыць, лётаеш, ні то спытаў, ні то пацвердзіў Пеця. Ён не глядзеў на Коліка. Сачыў за чымсьці ў высокай траве і, адшукаўшы, схапіў тое штосьці зубамі,
змагаўся хвіліну з упартай матэрыяй капсулі, плюнуў і працягнуў Коліку сагрэтую на сонцы бутэльку. За твой палёт! I за сустрэчу.
— Дзякуй. Але самі разумееце, калі лётаю не п’ю. Нават піва. А зрэшты, паглядзеў у неба. Позна ўжо. I на вецер паказвае. Дзьмухне не паляціш. Упоцемкі таксама ж...
Мы маўчалі. Бываюць людзі, якіх сустракаеш штодзённа і нагаварыцца з імі не паспееш. Бываюць і другія, стрэнеш такога раз у гадоў дзесяць і адно, што табе прыходзіць на думку, гэта маўчанне.
Ну, хлопцы, мне пара. Справы чакаюць, як і раней узяў ён шпаркі разбег, адштурхнуўся, праз хвіліну бачылі мы на фоне чыстага неба яркі зялёны пункт, a потым зелень Колікавага пінжака злілася з маёвым блакітам і знікла.
Паляцеў, Гжэсь сказаў тое, што і так усім было вядома.
I х..й з ім, — груба падсумаваў Сенік.
— Вось табе і лётчык. Ветру баіцца, цемры баіцца, піва баіцца, Пеця ўліваў у сябе апошнюю бутэльку. Па-над гладкай кругласцю цёмна-карычневага шкла паглядаў у пустое неба. А можа, так толькі, для зручнасці, дзеля спраўнейшага апаражнення сагрэтай на сонцы пляшкі, адкінуў назад галаву ды зусім і не сачыў за лётчыкам у зялёным пінжаку?
I не пагаварылі. Цікава вось, што там у Коліка. Жонка, дзеці, — пашкадаваў Гжэсь.
Якая там жонка! Патрэбны каму такі чудак?
— I праўда. Чудак. Заўжды разявам быў.
I, пэўна, камуняк... Бачылі? Над царквою ляцеў і не перахрысціўся.
Дурных не возяць, дурныя самі лётаюць, Пеця адкінуў у траву парожнюю бутэльку. Мядзяны заходні прамень пакаўзнуўся на шкле і, спалоханы, пабег між ляшчын, між соснаў, у морак.
Крыжык
Бываюць дні, калі чалавека дастае жыццё. Абыходзіць з левага боку, перакрывае сцежку з правага. Штурхае каленам у задніцу. I толькі адзін праход пакідае свабодным наперад, у прорву. I тады хочацца чалавеку намаляваць вечнасць. Узяць лісток звычайнай паперы, сціснуць у пальцах аловак і намаляваць яе, незразумелую і бязмежную.
I калі ўзнікне ў вас такое жаданне, і задумаеце даць сваёй вечнасці жаночы твар, не шукайце стройныя мадэлі. Яны падманваюць час джогінгамі, аэробікамі, каштоўнымі ліфтынгамі. Махніце рукой на цыцатых прыгажуняў, што ў імкненні да дасканаласці ў свае грудзі, у гэтую самапявучую паэму прыроды, у гэтую чыстую бочку мёду, без залішніх сумневаў гатовыя дадаць ложку сіліконавага дзёгцю. Толькі натуральная прыгажосць бывае вечнай. I таму дайце сваёй вечнасці твар бабкі Марусі. Ёсць у гэтым твары ўсё, што трэба. Паўзмрочныя маршчыны ад ста апошніх войнаў і светлыя промні ста перамір’яў, і бестурботныя радасці ўсіх летніх ранкаў, і разумныя смуткі восеньскіх адвячоркаў. Ёсць у твары бабкі Марусі ўсе словы, з першага да апошняга. Гэтыя словы, у якіх паэты і празаікі перабіраюць, як у грушках-гнілушках, складаючы новыя вершы і аповеды. Пра ўзрост бабкі Марусі не пытайце. Старэйшым жыхарам вёскі застаецца ён неразгаданай таямніцай, а бугхалтарам, адукаваным у матэматычных справах, атаясамліваецца з лічбай блізкай бязконцасці.
У гэтым годзе дванаццаты дзень лістапада настаў у нядзелю. Прыгожая была нядзеля, выведзеная на лістападаўскі свет такім жа жартам натуры, які час ад часу непрыгожым бацькам дорыць дзяцей херувімаў. Сонца вандравала па-над зямлёй, як добры гаспадар, да прыходу зімы зазірала ў чорную бездань комінаў, ласкава дакраналася да дахаў драўляных дамкоў. I яшчэ на ўсялякі выпадак знітоўвала залатымі промнямі залатыя купалы царквы. Кругленькія, як і яно, сонца, купалы, што вызначаюць цэнтр мясцовага сусвету. А тутэйшы сусвет стаяў у межах немалой вёскі, сасланай прысудам гісторыі ў своеасаблівае месца. Калі б паглядзець на ўсход, ад беларускай мяжы адмяжоўвала вёску наласа карлікавых соснаў. Сосны вырасталі сцяной, і гэтыя два бар'еры, натуральны і ўзведзены чалавечымі рукамі, дапаўнялі адзін аднаго. Можна б падумаць: вось тут і заканчваецца свет.
Натура заўсёды вызначала чалавеку межы і ставіла бар'еры. Разгортвала шырокія акіяны і ўзводзіла высокія горы. I нават неба падняла вышэй ад зор, каб маглі мы дайсці да яго не раней, чым апошнім позіркам.
Але ў гэтым месцы натура пашчыравала лішне. Хто мог адсюль збегчы, даўно ўжо збег.
Тым часам з захаду ішла Еўропа. Падыходзіла марудна, нага за нагой.
3 усходу вёска пачыналася адной вуліцай. Сціснутая абапал аднапавярховымі дамкамі, цягнулася кіламетр на захад, за некалькі дзесяткаў крокаў да сядзібы мясцовай улады раздзялялася на два асфальтавыя струменьчыкі. Адзін браў напрамак на поўдзень, другі на поўнач. На беразе паўднёвага струменьчыка прысеў на кукішках бар “Капрыё”. Раней месцілася тут дзяржаўная крама, звычайны кубік. абшастаны далонямі часу і рукавамі натоўпу, збітага ў штодзённай чарзе. Але новы ўласнік памяняў усё. Прыладзіў стромы казырок, а побач з франтовай сцяной, на ўсёй яе даўжыні з'явілася веранда. I цяпер скла-
далася ўражанне, нібыта дамок польскага горскага газды ўскараскаўся на маленькую іспанскую гацыенду, і на век вечны застылі яны, знерухомелі ў міжнародным капуляцыйным акце. Але насамрэч за сценамі, размалёванымі ў карычнева-жоўтую шахаўніцу, хаваўся бар. Залай, дзе раней прапанаваліся на продаж бляшаныя вёдры, цвікі і сталёвыя зубы баронаў, авалодаў прылавак з двума піўнымі кранамі.
3 левага боку прылаўка новыя гаспадары ўладкавалі эстраду. Хапала там месца бубнару, двум гітарыстам і найважнейшаму ў аркестры, клавішнаму інструменту. Інструменты напаўняліся жыццём раз на тыдзень, у суботу вечарам. Яшчэ ў дзевяностыя гады дваццатага стагоддзя ўсе суботнія вячоры гаманілі музыкай. Цяпер, у выніку рашучай круцыяты бацюшкі Тараса, канцэрты і танцы абмежаваліся да суботніх вячораў, не пазначаных у календары чорным, посным колерам. Ды і шарэнгі ахвотных да танца скараціліся значна, і аркестр часцей за ўсё іграў дзесятку старых халасцякоў, што на спіне трымаюць сцены бару, а ў руках куфлі з півам.
У суботнія вячоры заходзіў у бар “Капрыё” і мясцовы дэпутат Сальцісон. Жонка, назіраючы, як, падаіўшы кароў, мые рукі, як голіцца, як, папляваўшы на пальцы, папраўляе прычоску, выходзіла з'едлівым пытаннем:
Ты што, зноў у бар?
- У бар, ясна, што бар. Дурная ты баба. Сёння ў бар, a заўтра ў царкву сходзім. He бывае палітыкі без ахвяраў. У дэмакратыі месца палітыка побач з электаратам.
Дэпутат Сальцісон у маладосці таксама дакрануўся быў да чароўнага свету музыкі і гармонікам увёў у сямейнае жыццё не адну мясцовую пару. Гэты факт даваў яму правы лічыць сябе экспертам і ў музычнай прасторы, і Сальцісон, дапіваючы сёмае піва, кідаў у бок падмосткаў:
- Хлопцы, а вы “Кацюшу” зайграйце. 3 мяне піва, для ўсяго аркестра, калі ў вас атрымаецца.
I тады гітарысты адступалі пад сцяну, бубнар адкладаў свае палачкі, а Валік Кот, майстар па клавішах,
ганарлівым позіркам агортваў залу, націскаў патрэбны гузік і нават, для фасону, перабіраў пальцамі па клавішах. Маленькая, плоская дошка адгукалася голасам гармоніка. Другі гузік пераўтвараў яе ў скрыпку, яшчэ іншы ў саксафон, флейту або ў анёльскую арфу. I ў сваім бяздонным рэпертуары дошка знаходзіла і “Кацюшу”, і “Каробушку”, і “Ярмаркі-краскі”, і ўсе гіты самага апошняга Еўрабачання.
О-бана! О, тэхніка! Гэта ж разумнейшае за Майсееву скрыначку, не давяраючы сваім вушам, Сальцісон смутнеў і ныраў у восьмы куфаль, і з кожнай ноткай прыходзіў да слушнай высновы, што розум і ўяўленне гміннага дэпутата ў канфрантацыі з інтэлігенцыяй электроннай машыны прысуджаныя на руйнуючую паразу. I ўжо не прапанаваў аркестру піва ўзамен за песню пра яблыні і грушы, што наліваюцца белым квеццем у прыгожы майскі час.
Другое памяшканне бару “Капрыё” таксама дасканала захавала ў памяці той вясёлы час за Народнай Польшчай, калі ўсе людзі былі роўныя і, сціснутыя ў чарзе па цукар і курыны паштэт у бляшанцы, вельмі сабе блізкія. Гэтым памяшканнем валодалі дванаццаць квадратных столікаў. Часам гэтыя столікі разбягаліся па ўсёй плошчы залы, а часам па падлозе з мармуровай крошкі з'язджалі пад сцены, ствараючы такім чынам пространь для танцаў.
Калі б глянуць на вёску з птушынага палёту, можна б прыйсці да адзінай высновы: ролю галоўнага архітэктара заўсёды выконваў тут выпадак. Менавіта ён на беразе паўночнага асфальтавага струменьчыка і ўзвёў пажарніцкае дэпо. Але ў гэтым будынку жыццё ішло марудным крокам. I пачынаючы з дня, калі адзіны мясцовы піраман Ванька Стэцюк патрапіў за краты, чырвоная баявая машына пажарнікаў вытыркалася на белы свет толькі пры нагодзе народных фэстаў, што адбываліся за вёскай на штучным вадасховішчы. Першым турам цягнула на вадасховішча народных спявачак, загорнутых у вышыва-