Вуліца Добрай Надзеі
Міхась Андрасюк
Выдавец: Медысонт
Памер: 304с.
Мінск 2010
У ліпені, неўзабаве пасля святых Пятра і Паўла, прычалілі мы да берага. Бераг называўся вуліца Добрай Надзеі і значна кантраставаў з тым, што я да гэтай пары бачыў. Домікі як домікі ды брук такі ж самы, усё-такі шпацыравалі гэтым брукам не малодшыя, чатырохногія браты, а дзякуючы нястрымнай эвалюцыі зусім ужо вертыкальна замацаваныя за зямную аснову браты старэйшыя мяшчане.
Я сказаў “шпацыравалі”, бо не адразу зразумеў, што людзі ў горадзе не валэндаюцца туды і назад без парадку і прычыны. Яны збіраюцца ў толькі ім зразумелы строй, у цывільны стралковы ланцуг, ды ідуць на штодзённую вайну за бохан белага хлеба, за малыя і вялікія гонары, і за прывілей адпачынку пасля васьмігадзіннай барацьбы.
Як разведка, высоўваюцца радавыя слесары, сталяры, вадзіцелі. Спяшаюцьтрушком, каўкаючы пространь, быццам бы наспех глыталі сваё ранішняе снеданне. 3 большай саноўнасцю пасоўваецца наперад сярэдняе начальства, стараючыся магчыма найдаўжэй удастоіць вуліцу сваёй тут прысутнасцю. Шмат таго начальства: кіраўнікі, інструктары, інспектары. У падношаных партфелях валакуць адказнасць за даручаны сабе кавалак сусвету. Пра самае высокае начальства гаварыць не буду: калі не прымаць пад увагу дырэктара Кукулку, можна сказаць, што сапраўднага начальства на нашай вуліцы і няма.
Хто яго ведае? Мо высокапастаўленыя людзі, знаёмыя з яшчэ вышэйшай сілай, здагадваюцца, што адно добрая надзея не найлепшы пропуск у будучыню, і на ўсякі выпадак інвестуюць свой капітал у іншыя вуліцы. У вуліцы, якія вартуюць якраз справядлівыя анёлы.
He валэндаюцца людзі ў горадзе без парадку і прычыны. Здараецца, аднак, што ў наваколлі першага або дзесятага дня месяца некаторыя асобені з гарадскога роду паводзяць сябе так, быццам наведала іх гвалтоўнае жаданне вярнуцца да найранейшых вытокаў. Такія індывіды дастаюць з сябе гукі, падобныя на мяўканне і кваканне; бывае, што прымаюць пляската-гарызантальную выпраўку, стараючыся, магчыма, найшчыльней прытуліцца да
ігнараванай у звычайныя дні зямелькі-матулі. У такіх выпадках прыбягаюць да іх, адзіныя тут, прадстаўнікі папярэдняй, менш дасканалай формы нашага існавання, усякія Шарыкі і Бурыкі, каб з дапамогай фізіялагічнага сакрэту пазначыць нехарактэрны дадзенаму месцу прадмет.
Раней бачыў я падобныя выпадкі і на вёсцы, не мелі яны, аднак, ніякага дачынення да канкрэтнага дня месяца, а ішлі ўпоруч з важнейшымі рэлігійнымі святамі, часам ступалі ўслед за бычкамі і кабанчыкамі, паспяхова адпраўленымі ў бойню.
Так вось пачаў я назіраць за жыццём новага для сябе асяроддзя, а бацькі яшчэ доўгі час курсіравалі між вёскай і мястэчкам, стараючыся разблытаць складаныя вузлы і ўзгаданы баласт перавезці на новае месца. Што ў натуральнай, а што ў ператворанай у грошы форме.
Першыя ўражанні, першыя назіранні, гэтаксама як і першае каханне павярхоўныя наогул, а час бесцырымонна выварочвае ўсё дагары нагамі, і з-пад бліскучай ды фальшывай скуры паказваецца дзяружнае, шорсткае палатно. Заглыбляючыся ў вуліцу, заглядаючы пад яе падшыўку, бачыш тое, што хочаш бачыць, а не тое, што табе паказваюць. I зусім нечакана даходзіш да высновы, што Шарыкі і Бурыкі не адзіныя тут прадстаўнікі звярынага роду. 3 хлеўчыкаў, наспех змайстраваных, заканспіраваных у глыбіні панадворкаў, на курашаўскім дыялекце заяўляе сваю прысутнасць сыроваткай адкормлены парсюк, зацягвае па-семяноўску певень, цвёрда, па-чаромхаўску замыкае кароўка.
А на вуліцы ўсё па-маленьку выгладжваецца, уніфікуецца, саветызуецца. I семяноўскае “што”, і чаромхаўскае “шчо”, неахвотна, хаця непазбежна ўступаюць месца агульназразумеламу “цо там, пані, слыхаць?”
Вайна
Танкі не прыязджаюць. Чацвёрты дзень працягваецца вайна, выпаўзае з тэлевізараў, трывожна бурчыць
вуснамі радыёпрыёмнікаў, а на нашай вуліцы цішыня і спакой. Мо толькі мужчыны пасталелі, раптоўна пахаладзелі, выпраставаныя брыдуць у заснежанае, акалелае ад холаду мястэчка, быццам бы ступаюць насупраць сваёй, заўжды аднолькавай у ваенны час, мужчынскай долі. I вопыт у вайсковай справе, які ў мужчын аб’яўляецца невядома адкуль, ці не сам па сабе нават, загадвае ім паглядаць на сябе недаверліва і падазрона. Вайна ж прадказваецца грамадзянская, ды не адгадаць, хто прыяцель тут, а хто вораг. Мо заўтра ўжо пакліча радзіма, а сёння, пакуль што, ідуць на фабрыку. Дома развітваюцца з жанчынамі, ганарыста і жорстка, як ганарыстай і жорсткай бывае мужчынская ваенная справа. Пасля барацьбы, пасля перамогі будзе час ласкі і пяшчот, а цяпер, абмінаючы жаночыя вочы, на пытанне, што будзе далей, адказваюць: не плач, баба, нармальна будзе. I бабы не плачуць. Паглядзеўшы з-за фіранак на адыходзячыя ў замець постаці, канчаюць гатаваць сняданак, будзяць дзяцей і таксама адпраўляюцца ў свет. Зусім недалёка той бабскі свет. Абы-як пафарбаваны ў зялёны колер прадуктовы кіёск, бы пузаты цмок, акружаны бабамі, паўзе ў глыбокі снег, доўгім, пакручаным хвастом адбіваючыся ад белай, нахабнай мухаўні. Час ад часу выштурхне з сябе буханку хлеба або кілаграм солі, і бабы, схапіўшы і хлеб, і соль, зрываюцца з хваста, шыбуюць дамоў, усміхаючыся ад малога шчасця. А дом пухне ад солі, прасякае соллю, насычаецца. Бо соль вандруе шляхам вайны і завітвае ў хаты раней, чым плач і смерць.
Тым часам дзеці, сяк-так накормленыя, рассыпаюцца ўздоўж вуліцы, цікуючы, адкуль прыедуць танкі. Ці ад Хітрай, ці ад Кляшчэляў? Вялікія гарады запаўняюцца танкамі, зелянеюць ад мундзіраў вуліцы, а тут хоць ты плач: цішыня, спакой, задрыпонія.
I толькі, прафануючы незвычайны, сур’ёзны час, у канец вуліцы, недзе ад хітранскіх палёў, папярэджаныя званочкамі, пад’язджаюць сані. Палоззе паскрыпвае, рэжа снег на дзве доўгія каляіны, а далікатны ветрык падбірае з шыткаў восеньскі водар атавы ды развейвае
яго ўздоўж дарогі. I конь, схапіўшы гэты пах у раздутыя ноздры, штораз адварочвае галаву, аглядаецца на захутанага ў доўгі кажух гаспадара.
Чатыры саддацікі ў зялёных уніформах, з пачырванелымі ад марозу вушамі, вартуюць побач Варварынай хаткі. За размаляванымі ў вострыя, срэбныя кветкі шыбамі трымае варту і сама гаспадыня.
Конь, знюхаўшы вайсковыя мундзіры, спыняецца. Генетычнымі камутатарамі з пакалення ў пакаленне трансмітуецца конская пашана ваеннаму чалавеку. Што бачаць цёплыя карыя вочы ў той суконнай зелені? Ганарысты парад легіёнаў? Маланкавую атаку Будзённага? Перамешваюцца конскія гены, блытаюцца, асабліва тут, на памежжы. Пераплятаюцца і людскія лёсы. На тое і ёсць вайна, каб наша аддзяліць ад чужога, ачысціць, удасканаліць.
Салдацікі абступаюць шыткі, і гаспадар, які ў сваім жыцці бачыў не адну вайну, здагадваецца, чаго ад яго патрабуюць. Скінуўшы рукавіцы, з-за пазухі дастае пашпарт, тлумачыць нешта, пільна заглядаючы ў капральскія вочы. Мо стараецца вываражыць з гэтых вачэй сваю будучыню? Капрал чытае зялёную кніжачку, слухае і ўжо ведае, што гаспадар называецца Аляксандр Марчук, і што едзе ён да дачкі, і што дачка яго жыве на гэтай якраз вуліцы. Даўно не быў, дык і едзе паглядзець, як тут ёй вядзецца.
Астатнія салдаты капаюцца ў санях, і, здаецца, мала іх цікавіць асоба Аляксандра Марчука. Рыюцца дакладна, метадычна, а калі адслоняць пучок сена, разгорнуць куль саломы, у чырвоныя вайсковыя тварыкі, выскаліўшы доўгія жоўтыя зубы, засмяецца сарамлівая, васковая морда свежаасмаленага кабана. Мабыць, здагадваецца, што ў сур’ёзны ваенны час, без адпаведных дазволаў нельга падарожнічаць каму і куды заманіцца, а ўжо асабліва такім, як ён, кабанчыкам. Нават да роднай дачкі свайго гаспадара.
Многае нельга. Нельга валэндацца пасля дзесятай вечара, нельга групавацца на вуліцы, нельга слухаць эр-
ву-э. He дазваляецца, і баста! Дазваляецца толькі мерзнуць салдацкім вушам пад скупымі зялёнымі шапкамі. I салдаты, прытанцоўваючы ад холаду, круцяцца наўкол саняў, пакуль найадважнейшы, а па прычыне капральскага звання і камандзір, не спытае:
— А што-небудзь да гэтай закускі ёсць?
Пытанне, можна сказаць, зусім лішняе. He першая ж гэта вайна ў Аляксандравым жыцці, і хто як хто, а ён дасканала ведае, што ў такі час поўная пляшка дакумент лепшы за ўсе пропускі, ахоўныя граматы, а нават і дэпутацкія білеты.
Салдаты, атрымаўшы жаданую рэч, падаюцца ў свой бок, шукаюць нейкае зацішнае месца, дзе не дагледзяць іх вочы шпіёнаў і не пачуюць вушы дыверсантаў. Толькі дзеці, не дачакаўшыся танкаў, прыглядаюцца, як з дапамогай Аляксандравай пляшкі абаронцы дзяржаўнага ладу даводзяць свае змерзлыя вантробы да належнай чалавечаму гатунку тэмпературы.
Пан Казік
Ніхто на нашай вуліцы нават не прыкмеціў, калі закончылася вайна. А можа, ніколі яе тут і не было? Можа, не знайшоўшы вялікай падтрымкі, накіравалася яна недзе ў іншы бок, туды, дзе больш ахвотна хапаюцца за вінтоўкі і штыхі і дзе спакон вякоў вядзецца горды жаўнерскапаўстанчы род? Можа і так. Хто яго цяпер ведае?
— Гэта польска-польская завіруха, і нашэ дзело тут ні пры чым, сказаў аднойчы бацька.
I маеш рацыю, падтакнуў пан Грынько. Маё сто!
Яны гулялі якраз у тысячу, таргавалі адзін у аднаго, выкідалі на стол тузы і каралі, і гэты занятак, здаецца, цікавіў іх болыіі за ўсе грамадзянскія ці сусветныя войны.
Раней, калі яшчэ пан Ярузельскі абвясціў апошнюю ў сваёй кар’еры баталію, сустрэчы пры картах адбываліся ў крыху шырэйшай кампаніі. Апрача пана Грынько, заходзіў у наш дом пан Казік. Размяшчаліся найчасцей на кухні
бацька садавіўся пад сцяну, пан Грынько каля дзвярэй, а пан Казік займаў месца пад акном. Гульня, здаралася, зацягвалася і да поўначы, але бывалі і такія дні, калі займацца картамі не вельмі ім хацелася. Згуляўшы тады адну ці дзве раздачы, хтосьці найчасцей пан Грынько — падымаўся ад стала і маршыраваў да цёткі Варвары, якая сярод шматлікіх сваіх абавязкаў знаходзіла час на патаемны гандаль спіртнымі прадуктамі. Цэны ў яе былі, вядома, крышку вышэйшыя, чым у дзяржаўных крамах, аднак у супрацьлегласць ад афіцыйнага гандлю ніколі не здараліся там ні аб’ектыўныя цяжкасці, ні непрадбачаныя перабоі ў дастаўках, ні карткі з надпісам Remanent.
Пан Грынько выконваў сваю місію заўжды паспяхова, а калі вяртаўся, на стале чакалі ўжо гарачая яечня, ружовае сала і шклянкі моцнай, пякучай гарбаты. Між гэтага дабра рашучым жэстам пераможцы пан Грынько ставіў стройную, успатнелую ад расы бутэльку, а на ўсякія словы належнай, зрэшты, пашаны нязменна адказваў: “Я каб не дастаў? Добры жарт”.