• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вуліца Добрай Надзеі  Міхась Андрасюк

    Вуліца Добрай Надзеі

    Міхась Андрасюк

    Выдавец: Медысонт
    Памер: 304с.
    Мінск 2010
    67.91 МБ
    Тым часам Тадзік дайшоў да высновы, што ўсё-такі няма сэнсу псаваць добрыя адносіны з гасцямі з-за невялікай іхняй памылкі і, вярнуўшыся ў рэчаіснасць, цяпер толькі глянуў на сваіх субяседнікаў. Стаў перад вачыма ладны, жывы кус гісторыі чалавецтва.
    Калі, ведаеце... трэба ж было канчаць гэту дзіўную
    сустрэчу ды шукаць спосаб, які паспяхова адправіць гасцей туды, адкуль яны прыйшлі. Шэйх гэты, так сказаць вельмі ж непрыгожы! Ну, што я кажу. Непрыгожы! Зусім ён брыдкі. А-гід-ны!
    А гэты бамбула, па-вашаму, дык прыгожы?! паказала рукою кабета. I да мужа: Ну, скажы сам: прыгожы ты?
    — Рацыя. Куды мне там да прыгажосці, муж вытарашчыў вочы, стараючыся адагнаць ад сябе апошнія доказы мужчынскай красы.
    — Дык яшчэ, Тадзік пачухаў патыліцу, стары гэты шэйх. Ці не пад сотню набліжаецца?
    А тут што, маладосць? жанчына зноўку махнула рукой. I да мужа: Ну, скажы сам: маладзён ты?..
    Пасля першай прэзентацыі муж і не паспеў паставіць вочы на сваё месца. Выкліканы другі раз да адказу, ад нечаканасці не ведаў ён: пярэчыць ці пацвярджаць.
    А доўга жывуць яны, гэтыя шэйхі? у бабінай галаве вокамгненна нараджаўся наступны план, новы вобраз, дзе яна, як шчырая ўдава, нясе свой горкі лёс з плачам, з енкам, з поўнай пакуты цярплівасцю.
    Наогул не так і доўга. Асабліва багатыя паміраюць раней. А гэты ваш... Як тут сказаць... Бачыце абанкруціўся якраз. А такія абанкручаныя шэйхі, о-го-го, доўга яны мучацца на белым свеце. Бывае — дзве сотні і яшчэ адзін год цягнуць.
    Пачуўшы такое, баба войкнула. Камяніца, у якую паспела ўжо амаль пасяліць дачку, раптоўна, цэгла за цэглай, сцяна за сцяной пачала ператварацца ў руіну.
    — А я так і ведала, што ёсць тут нейкае ашуканства! Хопіць глянуць на вашы морды! Лепшае сваім прыхоўваеце. Падмазка, падкупка, хабар вось яно, ваша крэда! Хадзі, стары, пайшлі!
    Стары глянуў на нас позіркам, у якім было ўсё: расчараванне, спачуванне, нянавісць. I паплёўся ўслед за сваёй прадпрымальнай паловай.
    На другі дзень з’явіліся ў горадзе погаласкі пра наш прадажны, з матчыным малаком высмактаны, характар.
    Магіла
    Біндзюк заўсёды быў інструктарам. Іншыя яго сябры ўзлазілі вышэй: ішлі ў кіраўнікі, у начальнікі, у дырэктары, каб там, засмакаваўшы ў бязмежнай прасторы, праваліцца ды апынуцца зноў у цеснай інструктарскай клетцы. А часам і яшчэ ніжэй.
    Чалавечы арганізм кепска ўспрымае такія вандроўкі ўздоўж вертыкальнай лініі. Бунтуецца сэрца, страўнік азываецца непрыемным голасам, разбэшчваецца крывяны ціск, псіхіка западае ў дэструкцыю...
    А вось Біндзюку не было прычыны хварэць. Ягоныя вандроўкі адбываліся па гарызантальных шляхах, і калі цярпеў ад гэтага падарожжа нейкі орган, толькі і выключна сарамлівае месца ніжэй спіны. I гэта зразумела. Іначай жа муляе крэсла інструктара аховы здароўя, іначай інструктара скупкі малака, а яшчэ іначай інструктара будаўніцтва. Біндзюкова спіна, як і блізкая гэтай спіне сваячка добра знаёмыя ўсім інструктарскім крэслам у нашым горадзе.
    Прайшоўшы такі вось жыццёвы шлях, дабрыў Біндзюк да магілы.
    Як гэта магчыма? спытаеце. Чалавек зрабіў жа ўсё, каб уцячы ад хваробы, і раптам апынуўся ў такім непрыемным становішчы?
    А я скажу вам: прычыны ёсць. Праўда, да медыцыны яны ніякага дачынення не маюць, гэта чыста палітычныя прычыны, ды і магіла ж не такая, пра якую думаеце: копчык зямлі, уквечанае ўсё, з крыжыкам у галовах. Біндзюкова магіла абкладзеная бетонам яма, зусім яшчэ парожняя і, калі б не навакольны краявід, можна было б лічыць яе звычайным, невялікім па памерах склепам на бульбу ці буракі.
    — Тут вось будзем ляжаць. Месца прыгожае. Цэнтральная алейка, наўкол пушча, а паветра чыстаечыстае... Ніякай серы, ніякіх двухвокісаў. Дыхай на ўсе грудзі! як актуальны інструктар аховы асяроддзя не мог Біндзюк абмінуць маўчаннем такі неабыякавы для сваёй будучыні факт.
    — А суседзі?! He якія барані Бог! п’яніцы?! Біндзючыха не надта разбіралася ў складанай экалагічнай тэрміналогіі. У іерархіі неабходных для жыцця спраў добрую кампанію лічыла справай ці не найважнейшай.
    — Суседзі — першы сорт. Як жа іначай. Па левы бок — Лапаевы, па правы Сукачы, а ў галовах — начальнік Какаліцкі ва ўласнай асобе.
    Спадабалася Біндзючысе суседства. Тысяча пяцьсот злотых за такое месца — зусім разумная цана.
    Глядзела на мужа з захапленнем, а ў думках хваліла яго за разважнасць, за прадпрымальнасць, за ўсё тое, што ў вялікім свеце называецца адным словам: клас.
    Прытуліўшыся, бы ў найлепшыя гады маладосці, прагульвалася спадарства Біндзюкоў, наведвалі знаёмых, разглядалі актуальныя напрамкі гранітнай архітэктуры. Завандравалі амаль пад капліцу. Усё-такі нейкая сіла спыняла іх, клікала. Мімаходзь вярталіся на гэтае яшчэ не сваё, а ўжо і не чужое месца. Асцярожна, каб не перасяліцца без пары на другі бок, заглядалі ў бетонную яму. Унізе, на гліністай мяжы паміж двума светамі, паблісквала жоўтым вокам калюжына.
    — Але памятай, я буду зверху, ад думкі, што давядзецца калі-небудзь класціся ў гліністую мазь, Біндзючысе зрабілася няёмка.
    — Зверху-то буду я, даражэнькая, — запярэчыў інструктар. — He на тое чалавек стараўся ўсё жыццё, каб пасля смерці нейкія бабскія маслакі тапталі яго ў балота.
    Апошняе не сказаў ён уголас, бо і навошта выклікаць ліхое, асабліва на парозе новага жыцця...
    Ой, не гневайся. Я ж жартавала. Яно вядома: хто першы, той знізу будзе. Лёс вырашыць.
    А прычым тут лёс? Я зверху, і так мае быць! I канец дыскусіі.
    Інструктар зацяўся. У такіх выпадках усякае лагічнае тлумачэнне зусім лішняе, і жонка, ведаючы пра гэта, адступілася.
    Калі б не тое месца, калі б іншае сцэнічнае афарм-
    ленне, справа, магчыма, скончылася б нічым. Тут аднак, хто ведае ці не апошняя нагода раз прынамсі паказаць сябе? I Біндзючыха паказала.
    Думай, што хочаш, а я пад табою і так ляжаць не буду!
    He будзеш?!
    — He. Твая віна — лягай знізу. А віна твая і твайго гультайства. Нават найлепшыя твае калегі гаварылі: месца гультаёў тут!
    — Калі ўжо дакладна, то не калегі, а тыя кучаравыя засранцы! Трымайся фактаў. Яны, во, будучыню нам рыхтуюць! — Біндзюк кіўнуў на бетонны дол. — А ты памятай: усё магу сцярпець, а ілгунства не!
    Інструктар Біндзюк казаў праўду. 3 яго чалавечых слабасцей менавіта ілгунства было яму чужое і зусім агіднае. Ён ніколі б і не падумаў, што жанчына, якой аддаў трыццаць год свайго жыцця, свядома размінецца з праўдай! Яма, якою так цешыўся ў апошнія дні, здалася раптам чымсьці сумным і непатрэбным. Падсвядома здагадваўся, што жонка ўсё-такі застанецца пры сваім. Як жа тады класціся на ўсю вечнасць з кабетай, якая не табе верыць, а іншым нейкім кучаравым, без гісторыі і без традыцыі?!
    — Ну, тады шукай сабе асобнае месца! — не думаў нават, што калісьці давядзецца сказаць такія словы! Непрадказальнае бывае ж жыццё!
    Была гэта апошняя гутарка паміж Біндзюкамі адзін на адзін. Далей размаўлялі з дапамогай суддзяў і адвакатаў, а перш за ўсё пракліналі Партыю кучаравых, якая варварскім спосабам разбурыла яшчэ адзін асноўны грамадскі твор.
    Югаславія
    А заўтра тут будзе Югаславія, адвакат Нязгула склаў прачытаную газету, зручней уціснуўся ў старое крэсла і знерухомелым вокам упіўся ў столь.
    Езус-Марыя! войкнула пані Анельця і таксама ж
    прабегла вачыма за позіркам пана адваката. Можа, спадзявалася ўгледзець там сербскія самалёты, як у зграбным, сталёва-алюмініевым шыхце, запоўніўшы неба злавесным гулам, спяшаюць бамбіць збунтаванае Косава? А можа, пасыплюцца са столі брудныя, непаголеныя парашутысты, каб з дзікім крыкам уварвацца ў пакой і раз яшчэ дашчэнту знішчыць збудаваную цяжкай працай сякую-такую стабілізацыю гэтага дома?!
    Аднак ніякія дантаўскія сцэны не парушалі спакой на белай роўнядзі. Праўда, можна было прыкмеціць нейкі рух, нервовую мітусню, аднак усё, што адбывалася там, адбывалася не па мілітарных прычынах, а па чыста біялагічных: муха ўзлазіла на муху, праяўляючы неабвержную цягу да прадаўжэння крылатага роду. Можна такое рабіць, час ад часу нават трэба, аднак трэба ж ведаць і месца, і час, не гаворачы ўжо пра павагу да гаспадароў. У другім выпадку вынік можа аказацца зусім нязгодным з ранейшымі намерамі. I тут вось непрыстойнымі паводзінамі мушыная пара падпісала сабе смяротны прыгавор. Сэрца пані Анельці, добрае і чуллівае, выхаванае ў прыстойнай хрысціянскай сям’і, не магло сцярпець такую яўную парнаграфію, і рука, ідучы за голасам гэтага сэрца, схапіла прачытаную газету і ляснула ёю ў столь. Ад мух засталося тое, што застаецца ад жыхароў харвацкіх і мусульманскіх вёсак пасля сербскага пераходу. Скасаваўшы распусту ў самым яе зачатку, пані Анельця пасвятлела, папрыгажэла, памаладзела на гадоў ці не дзесяць і, ганарыста выпінаючы грудзі, паплыла ў гардэроб падрыхтаваць пану адвакату яго святочны касцюм. Такія былі нядзельныя раніцы. Пані Анельця рыхтавала касцюм, пан адвакат апранаў яго і Трэцямайскай вуліцай маршыраваў на сустрэчу з Усявышнім. Мінаючы базар, сплёўваў тры разы ў бок натоўпу, які замест таго, каб аддавацца духоўным раскошам, мітусіцца сярод малых, цялесных справаў.
    Чым пан Нязгула жыў у будзённыя дні цяжка здагадацца. Вядома толькі, што адвакацкай практыкай не займаўся. Свабодныя хвіліны ахвяраваў палітычнай
    дзейнасці, удастойваючы сваёй асобай шэрагі нейкай маленькай правай партыі. Пра палітыку ведаў тое, што і іншыя грамадзяне нашай краіны, гэта значыць усё.
    Тым часам пані Анельця справілася са святочным гардэробам. Ачышчаны ад найменшай пылінкі пінжак спачыў на спінцы крэсла, там жа знайшлі сабе месца і нагавіцы, а з кашуляй, адпрасаванай і свежай, пані Анельця паявілася перад абліччам свайго дабрадзея. Пан Нязгула сядзеў у крэсле так, як раней мы яго тут пакінулі, і толькі замест столі зноўку глядзеў у злавесную газету.
    — Заўтра тут будзе Югаславія. А ўсё дзякуй нацыяналістам.
    — Езус-Марыя, войкнула пані Анельця, бо гэта была добрая пані, і яна заўжды войкала, асабліва пачуўшы слова “нацыяналіст” або “Югаславія”.
    Хочуць дзяліць мястэчка на сваіх і чужых, ляснуў кулаком адвакат у раскладзеную газету.
    Калі ў гэты момант патрэскаліся ўсе шыбы ў рэдакцыйных вокнах, не трэба адразу думаць пра ўздзеянне незямных ці замагільных сіл. Чалавечыя магчымасці таксама ж бываюць нязведанымі і неабдымнымі.