Вуліца Добрай Надзеі
Міхась Андрасюк
Выдавец: Медысонт
Памер: 304с.
Мінск 2010
Гарэлка разлівалася ў слухмяна падстаўленыя кілішкі, нарастаў гоман, мацнеў смех, ружавелі мужчынскія шчокі. Часам здаралася пану Грынько злётаць да цёткі Варвары і другі раз, а вяртаючыся, з парога ўжо, ён кідаў у кухню добра ўсім вядомае “Самогонэ, самогонэ, чом тэбэ тэпэр нэ гонят...” Як наяўны доказ, што і песня можа памыляцца, за гэтым разам даставаў з-за пазухі закаркаваную газетай паўтарачку, ставіў яе на стол і, весела падміргнуўшы, выцягваўся, бы струна, прыкладаў далонь да футравага брыля, рапартаваў: “Рэкамендую панству найнавейшы твор цёткі Варвары”.
Выказаўшы стандартную фразу, працягваў вакальную аповесць пра самагонку, ад якое быццам бы адракліся сучасныя майстры кулінарнага мастацтва, а бацька і пан Казік спраўна ўключаліся ў мелодыю, падтрымлівалі яе, узбагачалі, імправізавалі, даючы такім чынам новае гучанне старому шлягеру.
Я любіў слухаць гэты спеў. Асабліва здзіўляла мяне, а можа, крыху і смяшыла, наша мова ў выкананні пана
Казіка. Ён, аднак, стараўся не выломлівацца з кампаніі і, калі нават перакручваў ці забываў нейкае слова, малайцавата крочыў за больш спрактыкаванымі запяваламі.
Адбубніўшы некалькі ваенных або саўгасна-народных твораў, мужчыны мянялі рэпертуар. Пачыналі спяваць пра дзевачку, што ішла до лясэчка, пра Каралінку, і пра гураля, і цяпер ужо пан Казік высоўваўся на чало вакальнай калоны, але і бацька, і пан Грынько таксама ж адважна трымаліся абранага маршруту, зрэдку толькі блытаючы складаную партытуру. А потым доўга развітваліся ў брамцы.
Ярузельская вайна першым апаражніла месца пад акном. I непрыкметна ды невядома чаму зрабілася пану Казіку не па дарозе ў наш дом.
Напачатку, амаль да канца снежня, ён заглядаў яшчэ, аднак у карты ўжо не гулялі. Праседжвалі наогул моўчкі, а калі што-небудзь гаварылі, то найчасцей пра мароз люты, трыццаціградусны, які ў снежні не так ужо часта і здараецца.
— Zima wasza, wiosna nasza, — сказаў аднойчы пан Казік, паглядаючы ў замець за акном.
Ці сапраўды чакалася яму тая абяцаная пара, калі сыдзе снег, пераменіць усё, ці толькі так паўтарылася дзесьці пачутае? Хто можа ведаць? Бацька паглядзеў на пана Казіка вельмі здзіўленым позіркам, задумаўся.
Нашы, Казік, адно такарныя станкі. Гэтыя, ведаеш, у фабрыцы. I зімой, і вясною. Круглы год.
Ад гэтага здарэння прайшло гадоў шэсць. I бацька, і пан Казік далей працуюць на старым месцы, вітаюцца раніцай, развітваюцца пасля поўдня, часам нават — у большай кампаніі заходзяць на супольнае піва. Да “Валодзі” або пад “Трынаццатку”.
А я ўсё-такі не ведаю, калі кончылася гэтая дзіўная вайна. А можа, яна ўсё яшчэ працягваецца? Мо прагульваецца ноччу вуліцай Добрай Надзеі, хаваецца ў глыбіні панадворкаў, з лістападаўскіх моракаў падкрадаецца пад цёпла-жоўтыя вокны?
Пані Зося
Прыёмнай дырэктара фабрыкі драўляных упаковак валодае пані Зося. Так ужо ён уладкаваны, гэты свет: аднаму сляпы лёс даручае каралеўства, іншаму армію жывых людзей, а вось пані Зося атрымала пакойчык, пісьмовы стол, крэсла ды шмат патрэбнай, як і зусім лішняй паперы. Хай яно ўсё і не ад сляпога лёсу; дзядзька Юра, як сакратар фабрычнай партыйнай арганізацыі, таксама ж зрабіў, што трэба зрабіць, дзеля павышэння статусу вясковай пляменніцы, аднак ці варта гаварыць пра метад, калі канчатковы вынік атрымаўся цалкам прыстойны? А, дарэчы, хто сёння памятае партыю, а тым болын яе сярэдняга калібру сыноў? Ніхто. Нат пані Зося, калі ўжо спытаць яе пра прафесійныя задаткі, успа*мяне беластоцкую гастранамічную школу, прыгадае і ліцэй у Дубінах, уваскрэснуць у яе памяці добрыя і благія здарэнні з камп’ютэрных курсаў у Гайнаўцы. А вось пра дзядзьку Юру не пачуеце ад яе ні слова. Няўдзячнасць? Бадай не. Калі ж ёсць нейкія прычыны гэтай кароткай памяці, то перш за ўсё трэба падумаць пра апалітычнасць прафесіяналаў. А яна прафесійнасць вышэй за ўсякія сваяцкасці. Такім чынам, сундукаватая постаць дзядзькі Юры адышла ў забыццё. Час ад часу стрэнеце яе, гэту постаць, у мясцовым парку. Разгортваючы прытаптанымі чаравікамі сухое лісце, яна няспешна брыдзе ў халодную імглу, задумоўваючыся, пэўна, над падманлівасцю жыцця, над нетрываласцю ўлады і яе моцы. I над несмяротнасцю Няўдзячнасці. А ў парку прытуляюцца, абдымаюцца, цалуюцца маладыя. I не
пачуеш слова падзякі за свой бескарыслівы рэвалюцыйны труд.
Каву? Гарбату? спытае пані Зося, калі ўжо пераступіце парог яе пакойчыка.
Вядома, далёка не кожнаму такое пытанне ставіцца. Прыёмная дырэктара фабрыкі драўляных упаковак усётакі не гастранамічная гаспадарка, дзе першы лепшы бадзяга, ледзь расчыніўшы дзверы, выяўляе жаданне дагадзіць свайму жывату, а чуйныя афіцыянткі, здаецца, чытаюць у думках сваіх кліентаў.
Калі аднак пані Зося, крыху прынамсі, ведае вашу асобу, можаце спадзявацца на традыцыйнае: “Каву ці гарбату?”
Вы, пэўна, прыкмецілі ўжо, што ў горадзе ўсе сустрэчы, як прыватныя, так і афіцыйныя, службовыя, пачынаюцца піццём кавы або, прынамсі, гарбаты. Асабліва моцна трымаюцца за гэты абрад маладыя жанчыны, якія не так даўно прыехалі сюды з навакольных вёсак. Занадта рана аблажыўшыся патомствам і хатнімі, празаічнымі абавязкамі, мрояць пра вялікі, бліскучы, бачаны ў тэлевізары свет. I апошняй ніткай, якая спалучае іх з гэтай тэлевізійнай ілюзіяй, з’яўляецца кубак ранішняй кавы. Так яно бывае з паспалітымі, шэрымі жанчынамі. А вось у пані Зосі жаданне пачаставаць вас гарбатай мае зусім іншыя прычыны, бо справа тут не ў комплексах, але ў звычайнай гасціннасці, далікатнасці і культурнасці. Такая ўжо яна, пані Зося.
Другі год адыходзіць у нябыт, як дантыстычны тэхнік Апенька зрабіў ёй шлюбную прапанову, а пані Зося з-за далікатнасці не адказвае ні так, ні не. Староннія людзі, бо толькі яны ўсё і пра ўсіх ведаюць, пашэптваюць тайком, што Зосіна сэрца назаўжды захапіў непрысутны ўжо ў горадзе мастак Шура. Мо і праўда, каханне іхняе, безумоўна, было найвышэйшага гатунку і справы ішлі туды, куды трэба, значыць пад вянец.
А акварэль, гэта рыба марская ці прэснаводная? спытала дзяўчына, не здагадваючыся нат, што такі нявінны, на першы погляд звычайны сказ перайначыць
і сённяшні дзень, і так дакладна абдуманую будучыню. Мастак Шура натужліва якраз змагаўся з Зосіным актам, дабываючы з уяўлення (зласліўцы кажуць, што не толькі з яго) дзявочыя грудзі, каб перанесці іх у раёны, даступныя і іншым пачуццям. Пачуўшы ад Зосі такое пытанне, спачатку ён збялеў, потым пачырванеў раптоўна, а яшчэ пазней, элегантна паклаўшы пэндзаль, заявіў пра неадкладную патрэбу схадзіць у кіёск па папяросы. I больш яго ў мястэчку не бачылі.
Хваліўся пасля наш мясцовы цырульнік, што сустрэў аднойчы Шуру ў Варшаве на Ружыцкім базары. У парваным пінжаку, ашчацінелы, ён прагульваўся між ларкамі,
час ад часу пакрыкваючы:
Макрэль акварэль селядцы! Акула бамбула кіт!
Людзі праходзілі абыякава, часам толькі той ці сёй спыняўся, каб больш дакладна распытаць пра выгляд ці харчовыя звычаі незвычайнай рыбы бамбулы.
Пані Зосі, у памяць раптоўна закончанага кахання, застаўся выразна незакончаны партрэт: там, дзе жанчыны звычаёва носяць грудзі, калечыць вочы парожняе месца. I, магчыма, як цяпер задумліваюцца спецыялісты, хто і чаму акалечыў мілоскую Венеру, так у далёкай прышласці нейкі аматар мастацтва задумаецца: хто і чаму адняў грудзі Зосі з Гайнаўкі?
Колька, які лётаў над мястэчкам
Заўжды паўтараў, што будзе лётаць. Здаецца і якое ж тут дзіва? У дзіцячыя гады ўсе мы лётчыкі, касманаўты, матросы ці у самым горшым выпадку камандзіры партызанскіх атрадаў, якія цёмнымі начамі падымаюць сваіх падначаленых у бясконцы бой за праўду і за Радзіму.
3 часам мроі мяняюцца, курчацца, аж зняслаўленыя з’едлівымі языкамі рэчаіснасці сыходзяць у падпольную краіну сноў, куды толькі час ад часу зазіраюць дарослыя людзі.
Буду лётаць як птушка, Колька, задраўшы галаву, глядзеў у летняе неба. Або як вецер.
У такіх выпадках Пеця прыкладваў вялікі палец да скроні, а з чатырох апошніх складваў жвавае крылца і ўсю тую ацэнку Колікавых планаў падмацоўваў пранізлівым свістам. Мы згаджаліся з Пецем. Можна ж адарвацца ад зямлі на самалёце, на аэрастаце, ну, няхай сабе і на крылах, бы Ікар, пра якога ў школе талкавала пані настаўніца. Аднак крыліцца вось так, з сябе самога? He здаралася падобнае ні ў нашым мястэчку, ні нават у вялікіх гарадах.
Я буду лётаць на ТУ-154, талкова абвяшчаў Сенік.
— А я на ТУ-155, — Пеця, як заўжды, стараўся ступіць крок далей. А потым брылі мы ў гурнянскія лугі, дзе гулялі ў мяч або ў чатырох танкістаў, і калі над мястэч-
кам стаяла невыносная спякота, лягалі ў высокай траве і, звычайна, глядзелі ў неба.
Час вылузвае чалавека з кароткіх штонікаў і забівае яго ў доўгія нагавіцы ды ў яшчэ даўжэйшы ланцуг штодзённых клопатаў. Пеця і Сенік не стрэліся на паднебных шляхах. Напароліся на сябе пад брамай фабрыкі, якую ў мястэчку называлі папросту тартак, а потым сустракаліся там ужо заўсёды. Пасля працы ішлі ў бар “Экспрэс”, выпівалі два-тры півы, чарачку гарэлкі. А часам, у дні, калі іхніх жанчын асабліва даймаў свет, і калі жанчыны без лішняй цырымоніі адплачвалі свету той жа манетай, у такія вось дні чарачка ператваралася ў бутэльку, а важныя мужчынскія гутаркі зацягваліся да глыбокай ночы.
Колька паехаў у далёкі свет, і пра яго тут забылі, тым болей, што мы ўсе паспелі жаніцца і ва ўсіх нашых жанчын час ад часу здараліся благія хвіліны.
* * *
Вясна выпаўзла з пушчы белымі стужкамі анемонаў, разлілася фіялетавымі пралескамі, дзьмухнула цёплым, шаўкавістым ветрам, і нас, закарузлых у зімовым здранцвенні, пацягнула на гурнянскія лугі. He шмат засталося з прызабытага дзяцінства. Палі, якія пачыналіся амаль з Вжасовай вуліцы і ператвараліся ў заліўныя лугі, у хісткія балоты ды, абмінаючы крутымі сцежкамі Старую Юдзянку, беглі дзесьці пад Барок, пад Пасечнікі, пад Пярэева, цяпер там і сям зарасталі мураванымі дамамі. На панадворках, бы экзатычная птушка ў клетцы, раскладала крылы роўненька падстрыжаная трава.
Жыццё прыгожае, як відавочны доказ банальнаму ўсё ж такі сцвярджэнню, Гжэсь расклаў здабытую на цесцях каўбасу. Сядзелі мы ва ўтульным закавулку за Старою Юдзянкаю і гулялі ў карты, папівалі цёплае піва, разважалі пра беспрацоўе, якое ў мястэчку пашыралася, бы інфекцыйная хвароба, не абмінаючы і нашай кампаніі. Дзень па-маленьку хіліўся на захад. Верабей, што прысеў у цяністым нутры ляшчыны, задрамаў