• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вуліца Добрай Надзеі  Міхась Андрасюк

    Вуліца Добрай Надзеі

    Міхась Андрасюк

    Выдавец: Медысонт
    Памер: 304с.
    Мінск 2010
    67.91 МБ
    I Сальцісон пачуў раптам, як гэтая далонь перадае яму моц і сілу ўсіх прэзідэнтаў, прэм'ер-міністраў і ўсіх у свеце дэпутатаў. Выструніў грудзі, трэснуў абцасам аб абцас, узняў кілішак над галавой, аддаў гонар усяму свету і гадзінніку. А гадзіннік няўмольна крочыў да чацвёртай гадзіны раніцы.
    Так пан войт! Я заўсёды з войтам. Вы ўжо, мабыць, і не памятаеце, вы ўжо, мабыць, і забылі. Бо і спраў на вашай галаве ог-го-го колькі, і даўно было, яшчэ ў
    васьмідзесятыя. Талон вы на трактар мне далі. Цяпер я за войтам і ў агонь пайду!
    Яны, спадзяюся, таксама. Выбары не за гарамі, буркнуў войт і шматзначным поглядам акінуў кампанію, сонна вальсуючую паміж сталамі.
    Ну, вы што, пан войт? Мы ўсе як адзін з вамі. Калі хто да нас з дабром, мы яму ў сто разоў. Такі мы, праваслаўны народ. Вось, прыкладам, трактар мой даўно на металаломе, а я не забыў. А сваёй дарогай, навычваралі з гэтай дэмакратыяй, ой, навычваралі. Дзе ні глянь, адно выбары і выбары. Раней усё было простае. Улада казала, што рабіць, і людзі рабілі. I кожнаму занятак быў. А цяпер усе палітыкуюць і ў начальнікі ішлі б. Або лахудры прэзідэнтура мроіцца, або і на войтава крэсла пнецца.
    Нічога не зменіш, Сальцісон. Час такі прыйшоў. Ды ладна, яшчэ адзін тэрмін і да пенсіі дажывем, вочы войта прыгасіла імгла смутку і стомленасці.
    Пасля, збіраючыся ў малыя групкі, уваходзілі ў Еўропу, пакідалі яе, падпісвалі пакты з усходам і захадам, не забываючы і пра Амерыку, якая замест таго, каб узяцца за работу і прыбраць сламсы з уласнага панадворка, імкнецца авалодаць усім светам і пры кожнай нагодзе дапячы Расіі.
    Ты пабачыш, усё ўчарашняе малако пойдзе ў каналізацыю. Поўныя чатырыста літраў, жонка тузанула Сальцісона ў локаць якраз у той момант, калі ён дакладаў Сашку Карчуку бязглуздасць амерыканскіх генералаў, што мантачаць час і грошы на руйнаванне бомбамі пяску наўкол горада Багдад.
    А Афрыка галадае і ад прагі памірае, Сальцісон завяршаў даклад, калі знянацку прыйшоў гэты здрадлівы штуршок. 3 напоўненага пад завязку кілішка абарвалася кропля самагонкі і ўпала на гмінны дыван жоўты і сухі, як пустыня Аль-Джазіра. Уліў у сябе астаткі з кілішка, падэшваю пантофля затаптаў дыван дакладна там, дзе перламутрам рассыпаліся кроплі самагонкі. Затоптваў іх дакладна, як затоптваецца месца злачынства, як замыва-
    юцца плямы на гонары. Далікатна, але станоўча падхапіў жонку пад руку і адвёў тры крокі ўбок.
    Мы не можам сысці першымі. Што войт аб нас падумае? Дурное малако важней нам за войта? Разумееш? Гаўно ты разумееш, баба дурная. Абы каго сюды не запрашаюць. Ты хочаш быць, як Чуміха? А можа з Насцяй Васільковай больш табе зручна складаць кампанію, а? Можа надаеў табе вялікі свет?
    Але ж чатырыста літраў, ціха, праз слёзы хліпнула жонка. Нібыта на злосць, нібыта заўпарцілася даказаць усяму свету, што нічога-нічога не разумее, ні рэчаіснасці, ні прынцыпаў, па якіх вызначаецца чалавеку месца ў мясцовай іерархіі.
    I тады пацягнуў жонку за дзверы. Разглянуўся па калідоры і адкрытай далоняй ляснуў па галаве, аж андуляцыя, кладзеная працавіта ўсю раніцу на бігудзі, разышлася на чатыры вятры.
    Чарговага дня апоўдні, на радасць усім вакольным сабакам і чорным варонам, што кружылі над лугамі, шасцёра найлепшых у гміне вытворцаў малака злівалі ў меліяратыўную канаву белую кіславатую вадкасць. Сальцісон пад’ехаў апошнім. Выключыў матор, злез з трактара, падышоў да цыстэрны і шарпнуў кран. Цыстэрна хлюснула белаю густаватасцю, і Сальцісон выгукнуў з захапленнем:
    Ну як, хлопцы? Свой чалавек, наш войт. I сам вып'е, і другім не шкадуе. I каго трэба ўшанаваць, ушануе. Трыццаць гадоў пры ўладзе, а не сапсавала яго ўлада.
    Што праўда, тое праўда, адказаў хор з шасці галасоў.
    А цяпер усяму можа прыйсці канец. Знікне вядомы, зразумелы парадак, з'явіцца новы. А будзе ў гэтым новым свеце месца Сальцісону? He акажацца апошнім гэты не першы дыплом? Хто ведае, можа, новая, невядомая сіла зрыне яго з арбіты, выштурхне на пабочыну, накіруе ўслед за Чумой, за Чокунам? Сальцісон заплюшчыў
    вочы і ўбачыў сябе ў пары з беспрацоўным Васільком, як гоняцца навыперадкі за акуркам, кінутым ананімнай рукой на тратуар. Заціснуў зрэнкі яшчэ мацней і апынуўся пад сцяной дома культуры. 3-за беларускай мяжы, акірэчыўшы хрыбет сонца, высоўваўся панядзелак. Першыя промні ўпалі на сцяну і на прышпілены да яе пратакол выбарчай камісіі. У ранішнім сонцы таптаўся белы, як тая папера, сакратар гміны. Адыходзіў, вяртаўся, углядаўся з недаверам у напісанае і рваў з галавы валасы.
    Адным голасам прайгралі. Адным адзіным голасам! упаў на траву, падняўся, сеў на кукішках. Працягнуў рукі да нябёсаў і завыў: Сальцісон, сабачы сыну! А дзе ж голас бабкі Марусі?
    Гэты абразок, намаляваны мёртвай будучыняй, і падарваў Сальцісона на ногі. Разглянуўся, страпянуўся і рушыў.
    Бабка, давайце зробім так. Спярша занясем вас у дом культуры, споўнім грамадзянскі абавязак. Затым злётаем у царкву, і споўніце свой абавязак хрысціянскі. А свечак паставіце колькі захочаце і за каго захочаце.
    Э, там. Спіць ужо, напэўна, бацюшка Тарас. Або папівае з матушкай гарбатку на плябаніі. Царква зачыненая, у голасе бабкі Марусі прагучаў абгрунтаваны жыццёвым вопытам сумнеў.
    Калі спіць, разбудзім. I царкву адчынім. Святыня для людзей быць павінна кругласутачна. I голас дэпутата таксама не апошні ў вёсцы. Ці не так? разгарнуўшы крылы абражанай амбіцыі, Сальцісон ляцеў па-над верхавінамі найвышэйшых гор, а ў такія хвіліны чалавек забываецца на цэлы свет і таксама на тое, што ў нашыя часы слова божага слугі бывае найважнейшым словам, закрываючым або адкрываючым дарогу да ўсіх почасцяў і гонараў.
    Кажаш, разбудзім? упэўнілася бабка.
    Без сумнення, бабка. Разбудзім і на ногі паставім!
    Хм. Кажаш, разбудзім. Калі так, нясіце мяне. Дайце толькі кажушок. Там, побач з дзвярыма, вісіць, рассела-
    ся пасярэдзіне лавы, заціснула пад падбародкам кончыкі хусткі, склала далоні на грудзях. Загарнулі бабку ў кажушок, апусціліся на калені. Адну пару рук спялі за яе спінай, другую ніжэй, пад сцёгнамі.
    Устаем? запытаў Чокун.
    Устаем. На раз-два-тры, даў каманду Сальцісон.
    Напружваючы мускулы рук і ног, сантыметр за сантыметрам лавілі вертыкальную пазіцыю.
    Ну, ужо нашая, застагнаў Чокун.
    Падышлі да дзвярэй.
    Блін, зачынены. Чаму раней не адчыніў, гыркнуў Сальцісон.
    А нібыта чаму мне аб усім думаць? А твой дэпутацкі розум дзе? Ніжэй спіны? Колька не застаўся ў даўгах.
    Ладна, шкада часу. Давай назад, Сальцісон заціснуў зубы і замоўк. “Чорт лысы. Вось давялося, вось блін, дажыўся! Плячо ў плячо з Чокунам бізнес рабіць, за лепшую будучыню змагацца. А хто ж ён? Былы трактарыст. Нават бабы сваёй не мае”.
    Зноў пасадзілі бабку на лаву, асцярожна, як сапёры ўкладаюць на кузаў машыны пакінутую саветамі або немцамі праіржавелую міну. Сальцісон адчыніў дзверы ў сенцы і другія, на вуліцу. Свежы лістападаўскі холад забег на кухню. Цырыманіял ладкавання бабкі ў жывы кошык паўтарыўся, але вынікам трэніроўкі цяпер усё пайшло куды хутчэй. Выйшлі. Прыпыніліся на ганачку. Чокун тузануў каленам дзверы, і дзверы зачыніліся. Скалыхнуўшыся, схапіўшы раўнавагу, сінхранізуючы рытм крокаў, пайшлі да фортачкі.
    У кошычку, сплеценым з мужчынскіх далоняў, сядзелася бабцы Марусі не менш выгодна, як імператарцы Клеапатры на сваім караблі, калі спяшала на сустрэчу з Маркам Антоніем. Борт карабля быў пазалочаны, вёслы срэбныя, а па-над бортам стаялі пурпурныя ветразі. Галаву Клеапатры прыхарошвала залатая карона, а на шыі пабразгвалі сапраўдныя жамчужыны.
    Тут, калі б прысесці на кукішках, калі б глянуць знізу,
    і ўкласці ў позірк жменьку ўяўлення, таксама можна б падумаць, што на галаве бабкі Марусі зіхаціць карона, адлітая з месяца, а абапал квяцістай хусткі дындаюць навушніцы з зор. Аднак ні Чокун, ні Сальцісон нічога аб Клеапатры не ведалі, бо ніколі раней не чыталі Старэйшага Плінія, які западазраваў егіпецкую каралеву ў карыстанні начнымі посудамі з сапраўднага золата. I не здагадваліся ў існаванні паэта Праперцыя, які складаў вершы пра Клеапатру прастытутку, што аддаецца раскошам у горадзе Канопас. I ні слова не чулі пра Віктара Аўрэлія. Шкада, бо на думку Віктара Аўрэлія, Клеапатра была вельмі прыгожая, і шмат якія мужчыны ахвотна ахвяравалі жыццём за адну ноч у яе пасцелі.
    Бабка Маруся таксама была прыгожая ў маладосці. I бывала, Косцік, сусед з-за плоту, або другі сусед, Юзік, бралі яе на рукі і заносілі ў вялікі ложак, высланы канічынай, пахучы мятай і рамонкамі, абсыпаны жамчужынай вечаровай расы. I цяпер, хаця час прыбраў прыгажосць, сядзела выгодна ў кошычку, сплеценым з плячэй Сальцісона і Колькі Чокуна, і яны не шкадавалі ахвяраваць пазваночнікамі, рукамі і нагамі, абы даставіць бабку ў дом культуры, дзе разлажылася аблогай гмінная выбарчая камісія.
    Ужо і не памятаю, калі апошні раз на руках мяне насілі, едучы квяцістай хусткай праз залатыя каляіны Малочнага шляху, бабка войкнула ад захаплення. Бадай што да шлюбу. Тады Косцік і Юзік знялі мяне з фурманкі і панеслі, аж затрашчалі царкоўныя сходы. A мой Арцём ужо чакаў у прытворы і ўсміхаўся вясёла. A прыгожы быў, як які кароль.
    I дурны, як асёл, праз сціснутыя зубы буркнуў Сальцісон. Калі ўжо накарысталіся, колькі ўлезе, калі абрыдла ім, як гнілая рэдзька, узялі і ў царкву завалаклі. Арцёмку аддалі.
    Што кажаце? бабка раптоўна апусціла галаву, збіваючы з Малочнага шляху загубленую зорку.
    Нічога, бабка, нічога. Выгодна вам?
    Ой выгодна. Яшчэ як выгодна. Ах, які быў прыго-
    жы мой Арцём. Праўда, гадоў за мяне на дваццаць старэйшы, але ў шлюбным касцюме, ну проста біблейскі імператар.
    Вядома, магла б у той момант бабка Маруся аддаць сябе ў валоданне ўяўленню і на гэтую ціхую, рассветленую ліхтаром месяца вуліцу паклікаць імператара Марка Антонія, і ўлавіць яго гуллівы хлапечы позірк, якім вылузвае Клеапатру з яе сціплых паталашкаў, з незлічоных жамчужынак, залатых званочкаў і дыяментавых зорачак. Такія адкрытыя і бездапаможныя хвіліны не часта бываюць у жыцці імператараў. Бо ніколі не спяць ворагі і фалыпывыя сябры, і трэба вачэй навокал галавы і каменны позірк, каб у зародку пагасіць кожную бунтарскую думку і абрэзаць далонь здрадніка, што сціскае за спінай халоднае лязо мяча або нажа.