• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вуліца Добрай Надзеі  Міхась Андрасюк

    Вуліца Добрай Надзеі

    Міхась Андрасюк

    Выдавец: Медысонт
    Памер: 304с.
    Мінск 2010
    67.91 МБ
    Мой план далёкага дзеяння спыніўся ў пункце н-р 4. 3 матарызацыяй нават дзяржава мае небанальныя праблемы, хаця ж ніхто яе не прымушае па ўсіх суботах каціць у глухія вёскі і мантачыць капітал на непатрэбныя білеты. А калі яшчэ і інжынер Стручук атрымаў таксама ж пільныя і патрабуючыя як унутранага, так і вонкавага спакою навукова-даследчыя працы, здаралася мне пабываць у бацькоў нават пасярод тыдня. Калі будуць прысвойваць ордэны за ўклад у развіццё дзяржаўнага транспарту, я спадзяюся на нейкую салідную, прынамсі сярэбраную бляшку.
    Тым часам маім аўто карыстаўся ўжо праўдападобна хтосьці іншы, хтось у каго не было такіх адказных, адначасова абцяжараных працай сяброў.
    Я пачаў задумвацца, ці не пераскочыць адразу да пункта н-р 5, рэалізацыю чацвёртага адтэрмінаваўшы на бліжэй неакрэсленую будучыню. Час уцякае, а ў чарзе яшчэ і дзеці, пра ўнукаў не згадваючы.
    Кажуць жаніцьба без кахання, як селядцы без солі.
    Я не спрактыкаваны ў сямейным жыцці чалавек, ніколі яшчэ не жаніўся, аднак на ўсякі выпадак рашыў закахацца. Дзеля павелічэння эфектыўнасці ў пошуках адпаведнай для сябе нарачонай, падрыхтаваў я нават кароткі спісак. Памясціў там, вядома, пасля бязлітаснай з самім сабою кваліфікацыйнай размовы, усіх патэнцыяльных кандыдатак, а пані Ірэнка заваявала ў гэтым матрыманіяльным спаборніцтве вельмі адказнае, першае месца. Мо таму, што яна суседка з трэцяга паверха, а мо проста таму, што ў апошні час пачала на маю асобу спаглядаць дзіўна ласкавым і прыязным вокам. Калі раней праходзіла побач мяне так, як праходзіцца побач паветра, то цяпер першая дае “дзень добры” і нават усміхаецца і глядзіць услед мне. А сёння пані Ірэнка сказала:
    О-го-го, пане Владку! Учора ноччу такія водгаласы даходзілі з вашай кватэры, што ўвесь блок аж калыхаўся! Па самыя фундаменты. А сёння, чуць свет і ўжо на нагах! Ну-ну, хто мог падумаць...
    Вочы пані Ірэнкі цаля за цаляй абмацвалі маю постаць, стараючыся адшукаць той орган, які такім экстазам напаўняе ўвесь шматпавярховы блок.
    Я толькі што вярнуўся ад бацькоў, была шостая гадзіна раніцы, а тут яшчэ і пераапрануцца трэба, і туалет ранішні споўніць, і на фабрыку паспець. Узяў я пад развагу ўсе згаданыя акалічнасці, гутарка між намі не задоўжылася. Аднак гэтым “о-го-го” пані Ірэнка значна падмацавала сваю пазіцыю. Так значна, што пачаў я пра яе думаць як пра афіцыйную сваю нарачоную. Усякія сікуны кажуць у такіх выпадках: “мая дзяўчына”, або “moja laska”, або зусім ужо прымітыўна “moja dupa". А мне вось падабаецца нямоднае слова “нарачоная”, і ніколі ад яго не адракуся. He на тое стаў чалавек інструктарам па бяспецы і гігіене працы, каб цяпер адступаць перад усякімі, лішнімі, модамі.
    У бюро было пуста і ціха. Адно панна Рэня сартавала якраз штодзённую карэспандэнцыю і, не перапыняючы сваю працу, паведаміла мне, што інжынер Стручук сёння ў водпуску, а інжынер Кашалюк на поўны месяц адкамандзіраваны ў сталіцу. Нейкае там, нікому непатрэбнае, абучэнне.
    Я распрануўся і сеў за стол, каб таксама паглыбіцца ў паперы, аднак мае думкі, зусім нечакана, закружылі над галавою панны Рэні.
    Белыя кудзеркі, набухлыя вусны, і вочы! Вочы каціныя, далікатна-зялёныя, замглёныя няўлоўным вуалем дзявочай таямніцы... 3 гэтых зялёных вачэй адна за другой выплывалі ўвішныя шчупальцы нябачнага васьмінога, лісліва прыпадалі да маіх рук і да маіх думак, каб бесцырымонна зацягнуць маё зямное і астральнае цела ў абдымкі панны Рэні. Агідная гэта справа — ваяваць на два франты. У думках прасіў я прабачэння ў пані Ірэнкі, а потым, раз яшчэ нырнуўшы ў зялёную
    бездань, страціў астаткі сумленнасці і падумаў: “Няхай будзе, што мае быць”. Вераломнасць спадарожнічае чалавеку, пачынаючы з першага, крадзенага ў райскім садзе яблыка, аднак, калі ты ў свае сорак усё яшчэ халасцяк, не думай, як змяніць свет ды якім чынам паправіць чалавечую натуру. А гадзіне трынаццатай я запрапанаваў панне Рэні схадзіць вечарам у кавярню, а яна, наўздзіў лёгка, згадзілася. Ад такой нечаканасці я забыў пра абед. A зрэшты напляваць мне цяпер на Меткавы кулінарыі: сіняя ад холаду бульбіна і гуляш пасля тыднёвых змаганняў са страўнікамі выпадковых спажыўцоў — сканцэнтраваны на маёй талерцы!..
    Мы доўга сядзелі ў кавярні. Гутарылі пра мастацтва і пра цэны ў магазінах, жартавалі са знаёмых і незнаёмых, а каньяк маркі “Напалеон” падсоўваў новыя і выдаўжаў старыя тэмы. Мне здавалася панну Рэню ведаю ад заўжды і толькі да сёння раздзяляла нас празрыстая, халодна-шкляная шырма.
    — Чалавек, — кажу, — я сталы. I хаця мне пад сорак, адчуваю сябе намнога маладзейшым. Ёсць у мяне кватэра, фінансавыя сродкі — няхай сабе і не самыя вялікія, аднак басяком сябе не лічу.
    Стандартныя какеткі ў такіх выпадках пачынаюць цікавіцца вашымі фінансамі, а вось, аказваецца, панна Рэня і не стандартная, і не какетка. Панна Рэня сказала, што тузін гадоў, які быццам бы нас раздзяляе, для яе не мае ніякага значэння. Найважнейшы — чалавек. I яшчэ сказала панна Рэня, што я чалавек прыстойны і што яна мне верыць. Болып верыць, чым інжынеру Кашалюку. Я не пазнаваў сам сябе: хай чэрці на касматых хвастах разнясуць усе планы, пасады і машыны! Галоўная справа: сённяшні дзень! I яго трэба лавіць, бо іначай уцячэ беззваротна.
    Мы не прыкмецілі нават, што выйшаў апошні госць. I толькі тады, калі наблізіўся афіцыянт, каб і нас тактоўна адправіць дамоў, я глянуў на гадзіннік, а потым і на рахунак. Глянуў і здзівіўся: у маім нутры не заенчыла і не лопнула ніякая спружына, хаця ладны кусок аўтамашыны ад’язджаў у глыбокую кішэню афіцыянта.
    Мы ішлі дамоў. Мы ляцелі, мы плылі, а горад глядзеў на нас, як усе маткі свету глядзяць на сваіх ад’язджаючых да шлюбу дзяцей. I калі на вуліцы Баторыя, якраз насупраць малога рыначку, прыклеіўся нейкі разбэшчаны спіртам асобень, я адмаляваў яму такі партрэт, што асобень той, не паспеўшы і войкнуць, скруціўся ў цяні прыдарожнай ліпкі. Мне вельмі хацелася, каб быў гэта той самы тып, які ў кастрычніку здзекаваўся з маёй асобы. A Рэня пацалавала мяне ў вусны. У кватэры ўзяла мяне за рукі і павяла прама ў спальню. Я не паспеў і падумаць, адкуль яна так дакладна ведае маю кватэру, бо свет, зварушаны Рэнінымі пацалункамі, расхістаны далікатнымі і якімі ж моцнымі далонямі, раз’юшаны яе дзявочым крыкам, зваліўся на мяне і на гадзіны прынамсі тры адабраў здольнасць якога-небудзь цвярозага думання..
    Тайныя спружыны ў маім упарадкаваным нутры азваліся ў суботні поўдзень. Рэня сышла не ведаю нат калі, пакідаючы па сабе цьмяны водар замежнае парфумы. Я глядзеў у злашчасны рахунак, множыў, дзяліў і дадаваў малазразумелыя лічбы, усё-такі сума атрымоўвалася сумная: чвэрць месячнай зарплаты пайшла ў бліжэй неакрэсленым напрамку.
    He дурны сказаў, што жанчыны каштуюць. Дурны той, які гэта правярае ў кавярні “Цюльпан”.
    Мінорны мой настрой працягваўся б хіба ў бясконцасць, калі б не пазваніў інжынер Стручук. — Ёсць, — сказаў, пільная справа, і нам трэба яе раскусіць. — Тады прыходзьце.
    Мне не хацелася нікога бачыць, аднак сяброўству патрэбныя ўсякія выпрабаванні. У такіх выпадках міжчалавечыя сувязі трэба паставіць вышэй за маральнае ці фізічнае пахмелле.
    А справа, аказалася, з тых жа добра мне вядомых. Інжынер Стручук збіраецца ў сталіцу, дзе, спалучыўшы свае сілы з сіламі інжынера Кашалюка, будуць расслаўляць нашу фабрыку. „Час, — кажа, — трапіўся нам нецікавы, наўкола капіталізм, і той не прападзе, хто ўмее сябе ка-
    рысна прадаць. А з парожнімі рукамі ў сталіцу не паеду, трэба падрыхтаваць прапагандысцкія і справаздачныя матэрыялы. А дома, як гэта дома мітусня і калатнеча”.
    Далей я мог не слухаць, і я фактычна адключыў вушы, больш думаючы, дзе мне шукаць начлег. Ехаць у вёску не хацелася, ліміт непрадбачаных выдаткаў вычарпаўся, здаецца, на круглы год, а Рэня, як даведаўся, жыве ў адным пакойчыку з маці.
    Пане Владку, вы мяне не слухаеце...
    Але ж слухаю, пане інжынер, шчыра слухаю. Думаю толькі, куды мне падзецца нанач?
    Я прашу прабачэння, так неспадзявана ўсё склалася... Але, разумееце...
    Што тут не разумець, кажу. Зрэшты, горад вялікі, не прападу. А калі ўсё гэта дзеля нашай фабрыкі...
    Інжынер паглядзеў на мяне дзіўна неяк, не так, як начальнік глядзіць на свайго падначаленага. Ён спаглядаў на мяне так, як старэйшы брат спаглядае на малодшага, менш вопытнага брата.
    Пане Владку, пачаў цяжка, сарамліва неяк, здабываючы словы. Я абавязаны прызнацца вам у сваёй віне. Інжынер Кашалюк даўно ўжо згадвае, што вы заслугоўваеце больш, чым можа даць гэтая інструктарская пасада, а я вось, бачыце, усё сумняваўся. Прызнаюся, памыляўся я. Але, — уздыхнуў цяжка, разумеючы, відаць, сваю віну, — усё наперадзе. Здольны, інтэлігентны, а што галоўнае, адданы фабрыцы чалавек напэўна знойдзе належнае сабе месца.
    Чакаючы належнае сабе жыццёвае і прафесійнае месца, я падаўся ў горад, каб разглянуцца за месцам куды больш празаічным, а менавіта за начлегам.
    I так яно ўжо бывае, калі найбольш спадзяешся на розум, калі ўсю сваю надзею ўскладаеш на галаву, тады ў месцы вышэй шыі паяўляецца пранізлівая пустэча, або у найлепшым выпадку нябачныя рэцэптары абвяшчаюць аварыю нервовай сістэмы.
    Перамераўшы вуліцу Рэя, павярнуў я на Пілсудскага,
    каб з нешматлікімі ўжо пехацінцамі паплысці ўніз, да скрыжавання. Аварыя нервовай сістэмы зацягвалася, і нічога лепшага не заставалася, як брысці далей, на вуліцу 3-га Мая. Іду вось, а восеньскі дождж забівае ў зямлю апошнія асколкі маёй надзеі. Надзеі на якоенебудзь лагічнае заканчэнне суботняга дня.
    Раздвойваючыся, плывуць асфальтам залатыя фары аўтамабіляў, чужыя людзі з’язджаюць у цёплыя кватэры. “Так, папраўдзе, усе мне тут чужыя", падумалася, хаця ад гэтай разумнай думкі не стала ні крыху цяплей.
    Скуль узялася тут пані Ліза не ведаю. На пачатак пачуў я цёплае: “Пане Владку, а вы куды?”, а потым з-за мокрай шыбы ўсміхнуўся твар пані Лізы. Адзіны, здавалася, добры і адзіны ў горадзе знаёмы твар. А потым, у машыне, я многа гаварыў. Я гаварыў, што вельмі люблю шпацыраваць вечарамі, асабліва, калі ідзе дождж, і што такія прагулкі карысна ўплываюць як на фізічнае, так і псіхічнае самаадчуванне, і што чалавек у горадзе адзінокі. Пані Ліза маўчала, а я, баючыся спалохаць нешта незвычайнае, не глядзеў на яе толькі ў люстэрка над лабавой шыбаю. I люстэрка ўсміхнулася мне вуснамі пані Лізы.