Вуліца Добрай Надзеі
Міхась Андрасюк
Выдавец: Медысонт
Памер: 304с.
Мінск 2010
Другі Юрась ішоў быццам бы побач. Забываючы пра належную магістрацкай асобе пашану, ногі беглі падскокам, круцілі дзіўныя фігуры, налева ступалі і направа, і, глянуўшы на гэту дзіўную фізкультуру, можна было падумаць, што кожная адна нага не мае іншых клопатаў, як толькі ўчыніць прыкрасць сваёй суседцы. Часам, калі насустрач крочыла асоба жаночага полу, ачумелыя дашчэнту ногі спыняліся. Непаслухмяная шыя накіроўвала галаву ўбок, зусім нязгодны з напрамкам маршруту, a вочы, вылузаўшыся з распаленай галавы, беглі за незнаёмай, абступалі яе, абмацвалі, абнюхвалі, і, вярнуўшыся, заяўлялі з пагардлівай усмешкай: „Э там, куды там такой да Валянціны”.
Тым часам Першы Юрась крочыў' зусім правілыіа, намагаючыся не звяртаць увагу на сепаратысцкія схільнасці цёмнай паловы сваёй падсвядомасці. Дзіўныя сны сняцца людзям, думаў. Нават паважанаму кіраўніку магістрацкай управы, чалавеку з навуковым званнем, адказнаму за сектар гарадскіх дарог з тратуарамі ўключна, прычаўпецца такое, што і прызнацца сорам. Дзякуй богу, гадзіннік празваніў у час, іначай — хто ведае, у які бок пайшлі б здарэнні.
А памятаеш гэты перчык ніжэй пупка? Другі Юрась уключыўся ў разважанні пра нечаканасці, якія нясе з сабою, здаецца, звычайнае дзеянне, сон. — А яшчэ адзін перчычак, зусім маленькі, сантыметраў пяць налева ад правага саска, памятаеш? Раскошны! — адказаў сам сабе. На такое дыктум Першы Юрась пачырванеў. Бо і фактычна, хочаш ці не, а вось гэтыя дзве радзімкі заеліся ў памяць і сядзелі там, як дзве ліхія скулы на дашчэнту здаровым арганізме адказнага за вулічны сектар кіраўніка.
Сны — адзінае, што належыць мне, — успомнілася дзесьці прачытанае. — I ўсім іншым уваход у мае сны забаронены. Валя. Валечка. Валюня, перабіраючы смешна нагамі, Другі Юрась забягаў наперад Першаму, салодзіста ўсміхаўся. Здавалася, звычайнае імя. А тут, бачыш, якое прыемнае яно, якое цёплае!
Факт фактам, не сказаць, імя прыемнае, — згадзіўся Першы.
— Ды і асоба, го-го, цмокнуў Другі.
А як танцуе, Першы Юрась міжвольна пачаў гутарку і раптам, зусім ужо ўголас, засмяяўся: — Вось чорт дурны! Стары, а дурны. Адкуль жа мне ведаць пра яе танцавальныя здольнасці? Во, зараз будзем у бюро. Скажу: Дзень добры пані Валянціне. Дайце мне, калі ласка, апошнія скаргі жыхароў такое і такое вуліцы. Будзем разглядаць, што і як.
А Другі Юрась на тое:
— Сказаць трэба вось так: Добрай раніцы, каханая мая. Ну, не ўставай, не трэба. Я сам усё. Я ж ведаю, ноч
у цябе бяссонная. Каму ж лепей ведаць, як не мне. Ты пасядзі, а я ўсё сам.
А потым да яе вуснаў трэ прыкласці гарачы пацалунак. Вось як трэба, а не службовае “дзень добры пані Валянціне”, Другі Юрась даў сваю канцэпцыю ранішняй сустрэчы.
А потым, ужо пад дзвярыма магістрата, абодва яны, мала спрактыкаваныя ў мужчынска-жаночых справах, паблыталі ўсё, перакрунулі і, аб’яднаўшыся ў адну постаць, пераступілі парогі бюро.
- Дзеньдобры каханай Валянціне, Юрась працягнуў руку, схапіў яе белую, доўгапальцую далонь і прыклаў да гэтай жа далоні размашысты пацалунак.
- Дзень добры, пане кіраўнік, глянула яна дзіўна неяк, зусім не так, як у сне. Руку, ашаломленую нечаканым пацалункам, хавала за плячыма, стаяла, не ведаючы, што далей рабіць.
- Сядайце, калі ласка. Ноч жа, як ведаю, бяссонная... не скончыў. Першы Юрась узяў якраз перавагу над Другім і, зразумеўшы нязручнае становішча, успомніў пра тэрміновую сустрэчу з кіраўніком фінансавага сектара ды сышоў у невядомым напрамку.
Наступнай ноччу Валянціна не з’явілася ў Юрасевым сне. Раніцой на працу падвёз яе муж. Пад магістрацкімі вокнамі, побач машыны, развітваліся чулліва неяк, і Юрасю, які з-за шыбы глядзеў за іхнімі інтымнымі жэстамі, зрабілася смутна. Ён кепска падумаў пра ўвесь жаночы род, пра характэрную гэтаму ж роду непастаяннасць і пра какетлівасць, якую мужчыны па наіўнасці сваёй лічаць грацыяй.
Пад раніцу Юрасю сніліся нейкія кашмары, быццам бы ўзлазіў ён на магутную мядзяную гару і клубком каціўся з яе ўніз, а гара разрасталася, павышалася, аж крануўшы верхавінаю зор, пачала стрэсваць іх у сухую траву. I трава загарэлася залатымі промнямі. 3 агню і з дыму выбіраўся да белага золку, пакуль будзільнік не азваўся выратавальным позванам. Такія сны паўтараліся амаль увесь тыдзень, а ноччу з нядзелі на панядзелак
зноў прыйшла Валянціна і, карыстаючыся нагодаю, што будзільнік якраз сапсаваўся, зрабіла і тыя крокі, якіх не паспела зрабіць раней.
На працу Юрась спазніўся. Калі зайшоў у бюро, Валянціна была ўжо на сваім месцы, сядзела за сталом і гартала службовыя справы. Шкада, што быў гэта толькі сон, падумаў, паглядаючы на белыя кудзеркі. Усё-такі, з-над папераў, крадком, быццам ад страху, што нямыя позіркі здрадзяць яму, сачыў за жанчынай. Дзесь, калісь — не памятае ўжо, дзе і калі чуў такое вось: на жаночых шчоках, як след ад распуснай ночы, застаюцца далікатныя, цяністыя далінкі, і ён шукаў тыя сляды здаецца, бачыў іх, няўмела замаскіраваныя пластамі пудры. Вочы забегалі ніжэй, на летнюю блузачку, на кароценькую спаднічку, і Валянціна, быццам адчуваючы іх нахабнае ступанне, міжвольна павандравала рукою пад столік. Доўгія пальцы прыгладзілі спаднічку, абцягнулі яе ніжэй, стараліся прыхаваць тое, што чужым вачам бачыць не належыцца.
Усміхнуўся думцы пра жаночую какетлівасць. Якая ж тут таямніца, калі між намі адбылося ўсё, што між мужчынам і жанчынай здарыцца можа. Падняўся з крэсла, падышоў бліжэй. Глядзеў на жаночыя плечы, схіленыя над пісьмовым сталом. Бязрукае ўяўленне спраўна расшпільвала каляровую блузачку. 3-пад шаўковай тканіны паказалася далікатная бель. Знаёмая, блізкая. Рука, ігнаруючы разумныя загады, паднялася, пабегла ўздоўж шоўкавай роўнядзі.
Валянціна падхапілася з крэсла. Стаяла побач, выпрастаная, напружаная.
- Пане кіраўнік, у словах, якія вярталі цвярозасць, было і здзіўленне, і разгубленасць, і штосьці яшчэ дзіўнае, нязручнае.
- Прабачце, прашаптаў, адступаючы на сваё месца.
Ноччу вярнуліся кашмары, Валянціны не было, затое раніцай з'явілася на працы ў кампаніі мужа. Рос-
лы, дваццаціпяцігадовы мужчына пакруціўся па бюро моўчкі, час ад часу паглядаючы ў Юрасёў бок, і былі гэта найдаўжэйшыя хвіліны ў Юрасёвым жыцці. Ён думаў пра сябе, як пра самую агідную істоту, якая, карыстаючыся службовымі інструментамі, намагаецца знішчыць падначаленую сабе асобу, разбурыць яе шчасце і сямейны спакой. I рашыў ніколі больш не карыстацца такімі нагодамі. У будзённыя ночы, з характэрным пакутніку самаадрачэннем узлазіў на мядзяную гару, каціўся ўніз, уцякаў з агню і дыму. Раніцай маршыраваў у бюро, здароўкаўся са знаёмымі, лічыў новыя дзіркі ў тратуары, і гэтыя дзіркі хадзілі за ім увесь дзень. Штурхалі ў плечы, калолі ў вочы, дамагаліся канкрэтнага рашэння наконт сваёй будучыні.
Ноччу з нядзелі на панядзелак вярнулася Валянціна і ўвесь дакладна апрацаваны свет пацалункамі і пяшчотамі перавярнула дагары нагамі. На працы ён паводзіў сябе зусім прыстойна. Час ад часу паглядаў на супрацоўніцу, стараўся зразумець, адкуль бярэцца яна, жаночая двудушнасць. Пра здарэнні апошняй ночы ні жэстам, ні словам не ўзгадваў. А вечарам не стрымаўся. Набраў нумар і пазваніў Валянціне. Гаспадар, які толькі што вярнуўся з камандзіроўкі, падняў трубку.
Ты — мая. Так ці сяк. Апошняй ноччу, не запярэчыш, мы былі разам. I тыдзень назад. I яшчэ раней. Я кахаю. Я не магу жыць без тваіх радзімак. Гэтай, што ніжэй пупа, і гэтай маленькай-маленькай, ведаеш дзе, — выкінуўшы з сябе такія словы, Юрасю зрабілася ўсё адно, што здарыцца заўтра. He чакаючы адказу, паклаў трубку і пайшоў спаць. У гэту ноч не ўзлазіў на мядзяную гару, не выбіраўся ні з агню, ні з дыму. Прагульваўся па шырокіх лугах, рваў кветкі, лавіў матылькоў. Кветкі і матылі пераўтвараліся ў салодкія вусны, у руплівыя далоні. Гэтымі вуснамі, гэтымі далонямі Валянціна вяла Юрася на вяршыны воблакаў, бялейшыя за снег, лагаднейшыя за дотык майскага ветру.
У той час, калі Юрась бестурботна гойсаў за матылькамі, у цэнтры горада, у кватэры на другім павер-
се, між Валянцінай і яе законным мужам зацягвалася сур’ёзная размова. Вынік гутаркі атрымаўся такі, што жанчына прыхварэла. Хвароба не была з гатунку цяжкіх, якім трэба шпітальнае лячэнне. От, звычайнае недамаганне на пункце часовай страты прыгажосці, больш яно дакучае, чым баліць, ды на працяг тыдня выключае жанчыну з усякіх публічных спраў.
Дзякуй богу, падобныя гутаркі ў гэтай сям’і раней не здараліся. Муж, маласпрактыкаваны ў мастацтве руйнавання жаночага цела, закончыў справу адным, затое вельмі трапна ў наваколлі вока пастаўленым сіняком, а прытым папрасіў прабачэння і адправіўся ў чарговую камандзіроўку.
„Без віны Валянціна, — думаў, аднак, муж. — Ніколі, ні жэстам, ні словам не ашукала мяне. 3 другога боку — хто ведае? Адкуль жа гэты сабачы сын так дакладна абазнаны з яе таямніцамі. Радзімкі, перчыкі. Эх, радзімкі”, такія думкі таўкліся ў мужавай галаве. На шляху ў далёкі Познань так і не паспеў рассудзіць: вінавата жонка ці зусім без прычыны атрымала пад вока каляровую фінфу. He ведае, пэўна, і да сённяшняга дня ды, на ўсякі выпадак, застаецца ў тым жа Познані ўжо чарговы год.
А Юрась? Па медычных прычынах на пенсіі Юрась. Шпацыруе вуліцамі, бывае і ў магістрат загляне, аднак у тыя дзверы, дзе кіраўніком, адказным за гарадскія дарогі працуе пані Валянціна, не заходзіць Юрась.
Кажуць — усё ж пашанцавала жанчыне. Прынамсі, службова. Дык і нам, звычайным жыхарам: не так даўно па цэнтральнай вуліцы ўклалі новыя, каляровыя тратуары.
Бар “У Алеся”
Раніца
Калі раніцай выходзіце на вуліцу і калі гэтая вуліца называецца Крутагаловая, можаце заняцца гутаркай, любымі думкамі, можаце захапляцца архітэктурай, птушыным шчэбетам ці яшчэ чым-небудзь. Кіраванне пакіньце нагам, а яны беспамылкова завядуць вас пад акуратненькі будыначак з белай цэглы, прыкрыты чырвонай шведскай бляхаю. Акружаны шматпавярховымі блокамі, нізкі і прысадзісты, без лішніх пачуццяў прыніжанасці, магчыма, найвышэй задзірае гэту сваю шведскую шапку. Гляньце яшчэ на шыльду: калі там напісана “Бар у Алеся”, значыць вы прыехалі. Застаецца толькі адчыніць дзверы, увайсці і прысесці за драўляным, лакіраваным на жоўты колер столікам. Нагам, за іхнюю беспамылковую працу, таксама належыцца грунтоўны адпачынак.