Вуліца Добрай Надзеі
Міхась Андрасюк
Выдавец: Медысонт
Памер: 304с.
Мінск 2010
А наўкол вырасталі ўжо новыя будынкі чыстыя, элегантныя, светлыя вялікімі вокнамі.
Думалі разбурыць яго. Быў стары і неахайны, колькі гадоў назад апошнія кватаранты зачынілі за сабою дзверы. Потым жэўжыкі знялі іх і закінулі побач з сцяной, у высокую крапіву. Яшчэ потым невядомыя рукі пазбавілі яго вокнаў.
Год, можа, два стаяў так, узіраючыся ў тратуар сляпымі зрэнкамі, абдзёртыя, абшастаныя сцены прыбаўлялі яму фізіяномію жабрака. I людзі міжвольна пачалі абмінаць гэты дом шырокім колам, пераступалі на другі бок вуліцы. Бо людзі заўсёды абмінаюць жабракоў, ступаюць на супрацьлеглы тратуар, а калі з-за сваёй няўвагі здараецца ім напароцца твар у твар з такім асобенем, тады адводзяць вочы абы-куды або пільна ўзіраюцца ў наскі сваіх чаравікаў.
Аднае восені сышлася высокая камісія. Запускалі вока ў чорныя вокны, кружылі наўкол сценаў, тузалі іх кулакамі, абштурхоўвалі малаткамі, а сцены адгукаліся глухім, мёртвым голасам. I эксперты сумна ківалі гало-
вамі, спазіралі адзін на аднаго, разводзілі рукамі, як сумуюць і разводзяць рукі лекары над смяротна хворым пацыентам.
“Што ж, адно бульдозер тут”, можна было б здагадацца з іхніх позіркаў і жэстаў.
Дом выратавала зіма. Прыйшла рана, як ніколі, засыпала снегам усе местачковыя бульдозеры, закавала іх у халодныя кайданы.
Часам варта выстаяць, перачакаць яшчэ адну зіму. Нават тады, калі вясна ўяўляецца як адлеглы, недасягальны бераг.
3 вясною прыйшлі ў дом другія спецыялісты. Таксама ж зазіралі ў сляпыя вокны, хадзілі наўкол сценаў, абмацвалі іх, але іначай пяшчотна, ласкава краналі пальцамі прыімшэлы тынк. Шукалі прыгажосць у старых мурах і знайшлі яе. Бо чалавек, калі моцна стараецца, знаходзіць тое, што шукае.
“Будзем рамантаваць”, можна было б здагадацца з іхніх позіркаў і жэстаў. А напрыканцы вясны дом абступілі страхары, столяры, тынкары. Дзіравы дах апранулі ў бліскучую бляху, замацавалі новыя дзверы і светлыя вокны. Стары тынк аблажылі новым, пафарбавалі аптымістычнымі жоўтымі і ясназялёнымі фарбамі. I летам ён нічым не адрозніваўся ад маладых суседзяў.
На пачатак пасяліліся тут ветэраны. Дакладна ваенныя інваліды. Адзін быў без вока на ваенны час выпалі дзіцячыя гады, так і не ведае чужы ці свой асколак асляпіў яго, калі ў мястэчку нашы ворагі страляліся з нашымі сябрамі.
Другі быў без рукі, трэці без нагі. Дзе прапалі тыя канчыны дом не пытаў. Ен дастаткова доўга жыў, тады і пра ўсё здагадваўся.
Ветэраны засялілі адзін невялікі пакойчык па ўсходняй сцяне. He вядома адкуль, ці не з сваёй пакалечанай мінуўшчыны прыцягнулі абдзёртую шафу, хісткія крэслы, стол на трох нагах, бо чацвёртая чамусьці зламалася ў палове лыткі. I зараз стаяў гэты стол побач з
імі, абапіраючыся на сцяну, аддыхваючыся ад невыгоды сходаў, што ўзводзяцца на другі паверх.
Да гэтых ветэранаў пачалі заходзіць іхнія сябры. Прысаджваліся на хісткія крэслы, на кульгавым стале разгарталі тоўстыя папкі, дакументы, фатаграфіі. Пісалі нейкія прашэнні, дамагаліся кампенсацыі, падтрымкі, што неабавязкова выяўляецца польскімі залатоўкамі.
Усе тыя лісткі і лісты лаік успрыняў бы як звычайную паперу. Але дом быў вопытны назіральнік, здагадваўся, што якраз у гэтых учарашніх фатаграфіях і ўчарашніх дакументах прыхоўваюцца правы на сённяшні дзень.
Следам за ветэранамі прыйшла нейкая партыя. Абсталявалі пісьмовы стол, чатыры крэслы. На сценах разгарнулі дзяржаўны герб, бела-чырвоны сцяг.
У гэтым пакойчыку ішлі важныя размовы будаваліся новыя вуліцы і новыя дамы, узнікалі новыя гатэлі і фабрыкі. Увогуле час быў давыбарчы, і сённяшні дзень аддаваў усе свае сілы і ўсе правы бліжэй неназванай будучыні. Дом глядзеў гэтую мітусню, сачыў, як абміііаюцца на сходах справы сусветнага маштабу з праблемамі штодзённага існавання, а адважныя абятніцы крочаць упоруч з асноўнымі законамі эканомікі.
Зараз пасля выбараў у паўночна ўсходнім навугольніку пасяліліся інжынеры-архітэктары. 3 раніцы да вечара загружаліся ў пакой камп'ютэры, ксераксы, эстампы, запоўненыя накідамі чалавечых мараў, а з чарговым днём з’явіліся і першыя кліенты.
Да інжынераў прыходзілі маладыя людзі. Прыходзілі парамі ён і яна прысаджваліся ў калідоры, бралі ў далоні каляровыя праспекты, гарталі старонкі. А на старонках сонечнымі абразкамі выяўляліся новыя дамы. Часам даўжэй спыняліся над паасобнымі рысункамі, можна падумаць заходзілі ў уяўныя сцены. Ён адчыняў дзверы на гасцінны пакой, яна на дзіцячы, на кухню. Чулліва абняўшыся, іх пальцы адляталі на спальню.
А потым закрывалі праспект, адступалі з каляровых абразкоў. Крадком, сарамліва, як чалавек, што памылкова і ў непрысутнасці гаспадароў зайшоў на чужую кватэру.
Як апошні пасяліўся ў дом пісьменнік. Выпаў яму на долю пакойчык з заходняга боку, самы маленькі, затое з акном на вуліцу. На гэтае якраз акно былі ў яго вялікія спадзяванні. “Ці раскрыецца акно новай кніжкай”, думаў, спаглядаюдчы з другога паверху ў чорны хрыбет вуліцы. I сумняваўся. Бо вуліца нат не вуліца была, а вулачка, што мала-важнай жылкай пульсуе ў сетачцы такіх жа сябровак. Яе важнасць, яе значэнне хто ведае мабыць, зводзілася да нямой прысутнасці на карце мястэчка, да транспарту звычайных спраў з аднае хвіліны Ў другую.
У пісьменніка было жаданне напісаць кніжку важную і незвычайную. Ён не быў маладзенькі, заходзіў у той час, калі дзверы ў чарговыя дні звужаюцца, левы касяк бліжэй і бліжэй прыгортваецца да правага, а ноч расстаўляе густое сіта зор, і трэба бязлітасна адсеяць слова ад балбатні.
Што ёсць быццё, што чалавек? Што справядлівасць, а што праўда? На такія пытанні яму хацелася даць адказ.
Але на вуліцы ішлі звычайныя людзі і звычайныя дні. Часам восеньскі дождж вышываў іх шэрымі ніткамі ў банальны настальгічны смутак. Часам летнім сонцам размалёўвалася радасная базарная мазня. He хацелася запісваць такія абразкі і такія настроі.
Ён адыходзіў ад камп'ютэра і глядзеў за акно. А насупраць акна была крама з вопраткай. Называлася аптымістычна, “Капейка”. Значыць кожнаму па кішэні, кожнамуянадаступная. У цёплыя летніядні прадаўшчыцы раскрывалі дзверы насцеж, і можна было назіраць, як няспынным крокам струменяцца туды мясцовыя элеганткі. Пераступіўшы парог, прыпыняюцца між вешалкамі, разглядаюць сукенкі і спадніцы. Гартаюць вопратку згодна, калектыўна, быццам спалучаныя якой нябачнай сілай у адзін першапачатковы арганізм, у адну бязмежную думку, гарталі супольную ўсім людзям кніжку, напісаную далёка раней, мабыць, у гэту хвіліну, калі святло і змрок раздзяліліся, пайшлі кожны ў свой шлях.
Так думаў пісьменнік, і яму не хацелася пісаць. Усё ўяўлялася лішнім і раней сказаным.
Але аднаго дня стаяў ён у акне і глядзеў на вуліцу. Тратуарам ішлі хлопец і дзяўчына. Няспешна, нага за нагою, у іхніх далонях, шчыльна сплеценых, бы ў сонечных арэлях, калыхаліся і агульнадаступны чэрвеньскі дзень, і маленькае прыватнае шчасце. Спыніліся перад крамай, стаялі хвіліну, зазіраючы адно аднаму ў вочы, а затым пераступілі адкрытыя насцеж дзверы.
Дзяўчына і хлопец можна здагадвацца рыхтаваліся да шлюбу. Здымалі з вешалак гарнітуры, ён знікаў на адну хвіліну ў паўзмрочнам нутры прымяральні, разгартаючы занавеску, яна цікавала за ім. Выходзілі на тратуар, разглядалі ў летнім сонцы колер пінжака або нагавіц і зноў вярталіся ў краму. У хлопца з дзяўчынай было наперадзе ўсё жыццё, і яны зараз дэталёва абмяркоўвалі у які касцюм, у якую сукню апрануць свой першы супольны дзень.
Ля прылаўка побач з хлопцам і дзяўчынай прыпынілася жанчына ў чорнай вопратцы. У яе ўчора памёр муж малады, трыццацігадовы.
Маладая смерць у малым мястэчку не ананімная. Усе ведаюць яе імя і прозвішча, на адну кароткую хвіліну стараюцца адшукаць у памяці яе твар. Пісьменнік глядзеў за акно і таксама стараўся прыпомніць мужчынскую постаць дзень, тыдзень раней, мабыць, у пары з жанчынай сустракаў іх на гэтай вуліцы.
Але ні твар, ні постаць у памяці не знайшліся.
Жанчына ў чорнай сукенцы, не губляючы залішне часу, прыхапіла з прылаўка нат не паспеў адсачыць можа, хустачку, можа, блузачку загарнула яе ў пластмасавы пакет і апынулася на вуліцы.
Час гэтай жанчыны размяжоўваўся між актуальнай хвілінай ды заўтрашнім днём, калі на могілках, на ўскраіне мястэчка трэба будзе развітвацца з усім, што было раней.
“Кожны чалавек усё ж такі аўтаномны космас. Людзі ідуць паралельна, плячо ў плячо, а папраўдзе ніколі не сустракаюцца. Нават на вуліцы, нават у краме
з вопраткай”, падумаў пісьменнік. Ён адышоў ад акна, сеў за пісьмовы стол. Глядзеў на тэлефон, што задрамаў побач з камп'ютэрам. Хацелася патэлефанаваць Іне як заўжды, калі было яму дрэнна. Падняў трубку, набраў добра вядомы нумар. Павярнуўшыся спінай да камп’ютэра, распавядаў абразок за акном.
Людзі не ідуць паралельна адзін аднаму, сказала Іна. Мы перасякаемся кожны дзень і кожную хвіліну. Адчуваем, думаем адзін пра аднаго, і нашыя думкі гэта тыя скрыжаванні, на якіх мы ўвесь час сустракаемся.
У голасе Іны прагучала, як заўсёды, штосьці незвычайнае. Ён не ведаў, як тое штосьці назваць. Кожнае слова здавалася банальным і агульным. А ў голасе Іны непаўторная жаночая лагоднасць спалучалася з падзіцячы безабароннай ўпэўненасцю ў перавазе добрага над злым. Гэты голас напаўняў яго спакоем.
Але часам прыходзіла на думку і другое: “Я люблю яе голас”. I ў такіх выпадках ён моцна хваляваўся, як хвалюецца і трывожыцца чалавек, ступаючы ўпершыню на невядомую сабе сцежку.
Слухаў яе голас, і хацелася спытаць: “А ты? Думаеш пра мяне?”.
Але ён не спытаў. Як ніколі не пытаў яе: “Кахаеш?”. Ён ведаў паставіўшы такое пытанне, і самому трэба даць на яго адказ.
Часам заходзіў да пісьменніка ягоны лепшы сябра Уладзік. Пачынаў размову з надвор’я раз яркім сонцам выпальвае яно кукурузу ў полі, другі раз наводзіць няўраджай у трускаўках празмернымі ліўнямі. I кожная залішняя кропля дажджу, кожны прамень, безразумна кінуты сонцам на зямлю, выгартае з чалавечых кішэняў залатоўкі.
Ніхто не ведае, на чым грунтавалася гэтае сяброўства.
Пішаш? пытаў Уладзік і прысаджваўся побач.
He, адказваў пісьменнік, калі якраз ні адным словам, ні адным сказам не павялічылася напісанае раней. I Уладзік пытаў далей:
Чаму не пішаш?
I тады пісьменнік распавядаў пра словы, што таксама, бы трускаўкі і кукуруза, спеюць сваім шляхам часам ад сонца, часам ад дажджу. Часам днём, а часам ноччу. А паскораныя нецярплівасцю вырастаюць вялікімі, пустымі гібрыдамі.