• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вуліца Добрай Надзеі  Міхась Андрасюк

    Вуліца Добрай Надзеі

    Міхась Андрасюк

    Выдавец: Медысонт
    Памер: 304с.
    Мінск 2010
    67.91 МБ
    Сустрэча
    1.
    Здараецца такое, асабліва ў час квітнення яблыняў і вішняў, калі чалавек, адурманены белым і ружовым квеццем, не змяшчаецца ў свой звычаёвы касцюм, не згаджаецца сам на сябе. I шукае зусім лішняе ў сваім штодзённым свеце. Тое шукае, што не ўпісваецца ў простыя фізічныя правілы, ні ў матэматычныя формулы. Паэтам мроіцца абсалютнае шчасце, філосафам воля, палітычным шаленцам справядлівасць. А звычайныя людзі шукаюць знешнюю красу. Жанчыны забіваюцца ў новыя сукні, у свежыя прычоскі, у яркія грымы, у какетлівыя ўсмешкі. Прыгажэюць.
    А мужчынам горда выпінаюцца грудзі, пружыняцца мускулы, а ў думках новыя жанчыны выштурхоўваюць за далягляд зроку жанчын ранейшых, якія занялі гэтае месца з наіўным перакананнем у сваёй выключнасці.
    Папаўднёвай гадзінай апынуўся пан Носік перад дзвярыма пад'езда, знаёмага, шэрага і абдзёртага з маслянай фарбы, як шэрай і абшастанай з мрояў была ў апошні час яго мужчынская экзістэнцыя. У акацыях шчабяталі птушкі, кветкі падміргвалі майскаму сонейку, дзень увогуле прэзентаваў сябе быццам з турыстычнага праспекта.
    А на трэцім паверсе чакала пані Носічка, прыдбаная за жонку даўно таму назад, у выніку палымянага і, як наогул у маладосці бывае, зусім неабмеркаванага пачуцця.
    I зараз тырчаў пан Носік перад дашчэнтна знаёмым
    блокам і сумна ўсміхаўся. He тут пана Носіка месца. He тут. I, мабыць, адно праз незразумелую касмічную катастрофу запаўняе ён гэты, а не іншы фрагмент пространі.
    А потым адчыніў дзверы. I найшоў на нештодзённую з’яву. Трыццацігадовую, высокага росту, тонкую, зафіксаваную зверху навальніцай фіялетава-чорных кудзяроў. З’ява адзетая была ў летнюю сукенку, даўжынёю большменш у палову сцягна. Калі аднак названы цуд краўцоўства разглядаеш з другое, вертыкальна-касой перспектывы лесвіцы, прапорцыі між закрытымі і незакрытымі раёнамі перасоўваюцца якраз на карысць раёнаў, пазбаўленых вопраткі.
    Нам, абыякавым да тайных сеансаў душы, пазбаўленым лішняга красамоўства што застаецца? Застаецца падтрымаць прымітыўную мазню вачэй: пані Зіна сходзіць па лесвіцы. Так успрымаюць свет нашыя пазнаваўчыя інструменты. А калі б скажам не пан Носік стаяў тут, a пан Сандра Батычэллі? О, так. Тады зусім іншая іншасць. Тады б не ступала пані Зіна празаічна, лесвіцай. Была б яна вылузана з залатой ракавіны, і з шэпту марской хвалі, і з анёльскай музыкі. А калі б, выпадкова, прыплёўся сюды якраз пан Рэмбрант, пранікнуў бы ў ласку каханай Данаі залатым дажджом, што ідзе з неапісанай светласці.
    У вас прыгожыя ногі і вельмі старанна выкананыя, азваўся пан Носік, бо не быў ён нейкім Рэмбрантам, які хітрасцю і нахабнасцю ўладкоўваецца ў белагаловыя сны.
    Дзякую. Вы вельмі мне ласкавы, адказала пані Зіна. I ўсміхнулася смуткам Джаконды, што сведчыць магло б пра вялікую самоту яе бяздоннага нутра.
    Ёсць яшчэ шчаслівыя людзі, уздыхнуў пан Носік. Месца атрымалася зручным для назіральнага працэсу, і ён не адыходзіў ад дзвярэй. I пані Зіна прыкмеціла зацікаўленне. 3 належнай жанчынам сціпласцю спрабавала выдаўжыць сукенку. Дарэмна, бо, як аіульна вядома, законы фізікі грудзьмі стаяць за справу расцяжнасці тэкстыльнай матэрыі. I пані Зіна паўтарылася сарамлівай усмешкай Джаконды.
    Шчаслівыя людзі?
    Далёка і не шукаць, упэўнена падтрымаў пан Носік. Вось, скажам, ваш муж.
    Ах, муж-муж, сарамлівасць пераўтварылася ў здзіўленне. Працуе адно і працуе. А я зусім адзінокая. Тэлевізар, кніжка. Кніжка, тэлевізар.
    Прыгожая дама не можа быць адзінокая, спавіваючы голас у цёмны шоўк меланхоліі, прашаптаў пан Носік. Утоптваў пры тым акурак папяросы ў зацухмолены горб лесвіцы.
    Быццам бы і так, згадзілася пані Зіна. У нармальным свеце за дамай ступае натоўп паклоннікаў. Карыстаюцца дамы нават асабістымі рыцарамі. У нармальным свеце. А тут? паехала зрокам па закураных сценах. Тут не-э. Тут можна быць толькі нешчаслівай жанчынай.
    Та-ак. Тут усё не так. Дзе ні глянь, правінцыя, працягваючы настрой, уздыхнуў і пан Носік. А на душы пасвятлела. Вось, аказваецца, не сам ты адзін у няшчасці, ёсць у цябе і таварышы.
    А можа, пачала і спынілася. Раз яшчэ цаля за цаляй смутнымі карымі вачыма абмацала забуксаваную каля падножжа лесвіцы фігуру. А можа вы будзеце маім рыцарам? Або прынамсі сакрэтным адаратарам?
    А чаму ж не? Буду! амаль не закрычаў ад радасці пан Носік. Неяк паўстрымаўся: падобныя ж прапановы не ляжаць навалам на местачковых тратуарах. Тут і адказ даць трэба высокамоўны, падумалася пану Носіку, а ў разумовых рэсурсах ішлі пошукі слоў. Вялікіх і прыгожых. Слоў важкіх, бы валун, а адначасова далікатнейшых за подых майскага неспакою. Аднак у Носікавых арсеналах не знайшлося такіх дзіўных, ці не алхімічных структур. I ён сумна заціх.
    Ну як? пані Зіна ступіла адзін крок уніз, затым другі і трэці. Раскошлівы далягляд скараціўся да малацікавай перспектывы.
    Тым часам лесвіца дыхнула водарам варанай капусты. У кампазіцыі кмену, маярану, ангельскага перцу, здагадаўся пан Носік, кулінарнае ўмельства сваёй жонкі.
    Я буду вашым рыцарам. Я абараню вас ад дрэнных людзей і злога свету, пакланіўся прыгожа і, падбадзёраны жылястым кулаком страўніка, шмыгнуў на спатканне штодзённай, па-правінцыяльнаму зямной раскошы.
    2.
    Першы летні дзень у Носікавай кніжцы жыцця, тоўстай і нуднай, як пазітывісцкі раман, раскрыўся абсалютна новььм акапітам. Ён шыбаваў на спатканне з Зінай. Прытрымліваўся перад вітрынамі, абыходзіў кіёскі, збаўляў крок, то зноў нечакана набіраў хуткасць.
    Ёсць хвіліны, калі свет ападае на тваё плячо каляровай птушкай. I зазірае табе ў вочы, і цырыкае, і манернічае, а калі падстаўляеш далонь, садовіцца там, і слухмяна збірае нябачныя крошкі з тваіх пальцаў. I нават мястэчка ў другія дні, быццам старая дзеўка, засохлае і прагорклае, зараз вітае цябе ветлівай усмешкай. Дзень добры! гранітным капелюшом кланяецца банк, які ўчора пад пагрозай секвестратара дамагаўся вярнуць напампаваны адсоткамі крэдыт. Прывітанне, браток! падміргвае курдупляваты магістрат, хаця ніколі раней не адазваўся да цябе іначай, як обыватэлю, вы абавязаны...
    3 такіх хвілінаў пачынаецца новае жыццё. I вось пан Носік шыбаваў у местачковы парк на спатканне з Зінай і новым жыццём.
    Убачыў яе здалёку. Квяцістая сукенка на фоне пабляклай лавачкі паказалася райскай птушкай. I пану Носіку стала прыемна. Ён прысеў на крайняй лавачцы і глядзеў. Там, на сто крокаў далей, бачыш прыгожую жанчыну. Яна чакае. Побач праходзяць людзі. Мужчыны хто крадком, а хто і адкрыта спаглядаюць на яе, прыпыняюць крок. Мо нат і абмяркоўваюць, якія эквілібрыстычныя канфігурацыі былі б яны ў змозе выкрасіць з гэтай во паняй, калі б здарылася адпаведная нагода. А яна абыякава гартае кніжку. I ты, адзін на ўвесь свет, ведаеш аб’ект яе чакання. Таму вось пану Носіку было прыем-
    на сядзець тут і сачыць за паняй Зінай. Было таксама жаданне падняцца, падысці бліжэй, паціснуць яе далоні. Хто ведае, мо нават пад парасонам летняга прыцемку вуснамі крануць вусны. А людзі ідуць і ідуць, і шмат хто знаёмы там. I згодна, здаецца, трымаюць вока на асобе пана Носіка, гатовыя кінуцца з усіх бакоў, калі толькі пераступіць ён нябачную, назначаную мястэчкам мяжу прыстойнасці. А калі трэба, няма чалавека, падумаў пан Носік. I ад незаслужанай крыўды прыкурыў. А затым другую папяросу ад першай, трэцюю ад другой. Закругляючы вусны, пускаў дым зручнымі абаранкамі. Далікатны летні вецер псаваў іх, развейваў. Здавалася усё зараз разыдзецца з ветрам: парк, летняе папоўдне, пані Зіна. Думка, што менавіта яна можа зараз ператварыцца ў чыстую метафізіку, халоднай іголкай забілася ў грудзі. I пан Носік падарваўся на ногі. Ступіў, глянуў, спыніўся. Побач з Зінай прысела нейкая постаць. 3 перспектывы ста крокаў зусім падобная на цётку Варвару, якая на тое і жыве, каб ніякая местачковая таямніца не была прымушана занадта доўга аставацца ў самоце і забыцці. А вось з перспектывы гадоў, заглядаючы ў далёкую і блізкую мінуўшчыну, можна даць другі адказ. Калі следам тваім крочыць нейкая ўсюдыісная, фатальная сіла, будзь упэўнены: во яна і тут, і цяпер. З’яўляецца невядома адкуль і адно для канспірацыі прыкідваецца цётцы Варвары абалонкай. З’яўляецца, каб зруйнаваць усе твае, Носік, планы. Мала-важнае на вадзе, ці ў камяні запісаныя. I панам Носікам ускалыхнула злосць. Эх ты, доля! Эх ты, мястэчка! яму раптам захацелася разбурыць увесь той парк, дашчэнтна, да апошняга дрэва, да апошняй сцежкі, да апошняй травінкі. I горад хай ад яго не застанецца камня на камні, ні след людскі, ні слова, ні думка нават. Заціснуўшы зубы, як чалавек, якому ўсё адно цяпер ці праз сто гадоў паміраць пайшоў пан Носік наўкола лавачкі. Адзін круг завінуў, другі, трэці і чарговы. Аж закружылася ў галаве. Спыніўся. Кінуўшы вокам направа і налева, упэўнены, што ніхто не сочыць за ягонымі змаганнямі за перамену лёсу, прыцэліўся і
    ўрэзаў выспятка ў зялёную парэнчу. А на табе, праклятая! і канчаткова ўжо прыніжаючы ворага, сплюнуў. I змораны барацьбой, пасадзіў фігуру якраз у апаганенае месца. Задумаўся. Ад чэрвеньскай цеплыні злосць расслабілася, размякла, цёплым воскам паплыла ў ногі. Пан Носік паставіў твар на летняе сонца, заплюшчыў вочы. Доўгай, зялёна-блакітнай сцежкай, што пабегла пад павекамі, накіраваўся ў напрамку квяцістай сукенкі. Разлажыўшы на вецер нябачныя крылы, ён закружыў пярэстым воблакам, а мо бязважкім матылём, а мо неслухмяным бярозавым лістком, які, не чакаючы лістападу, дае веру абятніцам бяздоннай пространі. Яшчэ хвіліна і ападзе побач з лавачкай.
    Ну, я ўжо тут, прывітаецца.
    Ах, ужо тут, ледзь заўважанай усмешкай аб’явіцца Джаконда і працягне на прывітанне руку. Прагуляемся?
    Прагуляемся, чаму не, адкажа пан Носік.
    Можа, да Белай ружы? Або у Алімп, дасць прапанову, усміхнецца ветліва.
    3 вамі нават на другі край свету, адкажа пан Носік. I два воблакі, два матылі, два лісткі бярозавыя пабяіуць у зялёна-блакітную сцежку.
    Калі б у нашым мястэчку, нягледзячы на малады яго ўзрост, паспеў нарадзіцца, пасталець ды падняцца на неба сапраўдны паэт, цяпер, разглядаючы панараму з-панад бярозавых вяршыняў, праўдападобна сказаў бы так: вось табе двое людзей, ідуць на спатканне з няўхільным лёсам. Прыгожыя, светлыя і саноўныя, як прыгожым, светлым і саноўным бывае чалавек, калі ў руках ягоных шчасце. Аднак, адзінае, што займала рукі пана Носіка, пагаслы акурак. Апошні ад распячатаванай ураніцу дваццаткі. I нашаму чалавеку, дзесь там, на анёльскіх літаратурных нівах, аставалася, як і заўсёды, адлажыць чарговую скібу пра каханне да роднай зямлі.