Вуліца Добрай Надзеі
Міхась Андрасюк
Выдавец: Медысонт
Памер: 304с.
Мінск 2010
Недарэчнае жаданне. Даўно абмералі нашу зямлю, a кожны яе лапік, сантыметр за сантыметрам, запісалі ў адпаведных кнігах бяздушныя бухгалтары прасторы.
Ступай, Толік, на сваю галгофу. Альтэрнатывы няма.
Шчаслівыя здарэнні сунуцца ў свет адзінока і найчасцей абмінаюць твой дом. А калі час ад часу здарыцца нейкі прыязны грукат у дзверы, зрываешся з канапы, бяжыш, адчыняеш і аказваецца не табе стукаюць, а суседу! I як ні стараешся, не можаш зразумець: чым гэты непрыкметны чалавек з-за сцяны заслужыў такі гонар? А благія здарэнні заўжды маршыруюць парамі і з блытаніны мільёнаў адрасоў твой якраз вылузваюць беспамылкова.
Я здаюся, сказала пані Рубель, перачытаўшы законнае пасведчанне, у якім ясна гаварылася, што яе муж, грамадзянін Анатоль Рубель, апошнюю ноч правёў не ў абдымках распуснай, бліжэй неакрэсленай палюбоўніцы, а над чуйным вокам улады. Суцяшэнне невялікае, але ўсётакі суцяшэнне. I, можа, каўкнулася б горкая пілюлька, калі б не той рахунак.
— Я здаюся. Адыходжу, яна пералічыла прамантачаную мужам суму, дадала і той сціплы, але ж зусім легальны, згодна з планам прагуляны рэпрэзентацыйны фонд, і ўсё, што атрымалася, падказвала такі вось выхад. Выхад у дзверы.
Дырэктар ляжаў на канапе. Душа голасам ціхім і нясмелым прапанавала падняцца, падысці да жонкі, абняць, прасіць даравання. Аднак гэты разумны загад душы не быў выслуханы. Целу асабліва пасля сустрэчы з цвёрдымі паліцэйскімі нарамі было цяпер вельмі добра. Яно аддыхвалася, усоўвалася ў знаёмую мяккасць падушкі, лашчылася да цёплай коўдры, нашэптвала пяшчотныя словы беламу, як снег, прасцірадлу.
Тым часам вопратка пані Рубель няспынным ручайком перамяшчалася з шафы ў падарожныя чамаданы. I кожная сукенка, кожная блузачка, кожны швэдрык, знікаючы ў чорнай пашчы чамадана, пакідалі на дырэктаравай душы балючы шрам. Душа, ашаломленая зручным становішчам цела, захліпала, заплакала і заснула.
Калі разбудзілася, нейкія чужыя людзі выносілі з кватэры шафу. Стэлаж, дзе пад бокам рамансаў і дэтэктываў знаходзіў прыстанішча багаты архіў фірмы
“EXPO-Anatol”, паспеў, відаць, перасяліцца на новае жытло ўжо раней. У месцы, дзе стаяў ён, засталася белая пляма падлогі. На гэтай пляме, бы раз’еханая варона, раскінуўшы чорныя крылы, спачываў дыпламат. Лісты паперы разляцеліся кожны ў свой бок, на складаных вылічэннях, на бізнес-планах бруднымі пячаткамі ганьбы адціснуліся чаравікі грузчыкаў.
Людзі з шафай пайшлі ўжо, і дырэктар застаўся сам, адзін. Кватэра, пазбаўленая мэблі, здалася цяпер ненатуральна вялікай. 3 гэтай раптоўна пашыранай прасторы выпаўзала-разрасталася глухая самота. Запаўняла кухню, пакоі, калідор, быццам бы старалася даказаць пану Рубелю, што апроч яго не астаўся ў свеце жывы чалавек.
I вось гэты апошні з жывых звалокся цяпер з канапы, схіліўся над сумнымі астанкамі фірмы і, не спяшаючы, далікатна, быццам бы ўладкоўваў у дамавіну нябожчыка, пачаў складваць свае планы і надзеі ў халодныя абдымкі аганьбаванага дыпламата.
Фірма не выратавалася. Капіталізм мае свае непахісныя законы, і кожны, хто спадзяецца на дзяржаўныя ці нейкія іншыя датацыі — спадзяецца дарма.
Першага дня снежня старшыня фірмы “Фрэйс”, пан Ігар Бараба, згодна са звычкай, апынуўся ў кавярні “Верас”. За апошні месяц ён дакладна перапрацаваў сітуацыю на рынку пісьмовых прыладаў, і аказалася, што перспектывы не такія тут шырокія, як раней гэта ўяўлялася. Пераацэнены штаб праваліў справу, ды адно цяпер суцяшэнне, што згаданыя людзі не павялічваюць ужо маёнтак пана Ігара, а падмацоўваюць шэрагі беспрацоўных. Няма сантыментаў там, дзе ўладарыць эканоміка. Так думаў пан Бараба і такімі навінамі хацеў падзяліцца з панам дырэктарам. Дый шукаць новы абшар дзеяння.
Вечар апусціўся на дахі мястэчка і, перамешваючы цяжкі, сыры, як на адлігу, морак з удушлівым смуродам спаленага вугалю, сыходзіў ніжэй. Жоўта-лыпатымі зіркачамі клікалі апошніх прахожых цёплыя кватэры. Старшыня чакаў дарма. Як гэта здарылася, што ён, бы-
валы ў свеце бізнесу чалавек, а ў прыватнасці і сябра Толіку Рубелю, не ведаў пра тое, што было добра вядомае ўсяму мястэчку?
Бо, хаця і не кожнаму з нас давялося спаткацца з фірмай “EXPO”, аднак чуткі пра сямейную катастрофу спадарства Рубеляў запаўзлі туды, куды трэба, як і туды, дзе такое патрэбы не было. Распаўзацца весткам дапамагала і сама пані Рубель. “Во як жывецца”, узяўшыся за бокі, яна дэманстравала сваё новае становішча. I праўда. Апекаваўся ж гэтай паняй не хто іншы, як яе працадавец, а цяпер нават, можна сказаць, супольнік Сцяпан Малафіга. Так і кажуць. Забяспечваюць цукеркамі ўсе адпустовыя кірмашы, дораць саладосці іншым, ды і сабе хапае. Хай так будзе. Аднак, пра што сёння пані Рубель і не здагадваецца, лёс пакажа ёй не адну, і не малую, фігудулю.
Толікава цётка, якая ад вайны жыве сабе ў багатай Нямеччыне, цётка, у якое няма ні дзяцей, ні іншых турбот у недалёкай будучыні пераселіцца ў яшчэ лепшы свет. Як адзіны спадчыннік, Анатоль Рубель паедзе ў далёкі Гамбург і навучаны вопытам на паваротным шляху абміне ўсе зладзейскія пасткі. Ягоная няўступлівасць і настойлівасць, падбадзёраная нямецкімі маркамі, будзе надалей будаваць наш радзімы капіталізм. А калі праваліцца салодкі бізнес, калі пані Рубель, сумна апусціўшы галаву, застукае ў знаёмую кватэру, асоба, якая адчыніць ёй дзверы, акажацца зусім незнаёмая.
— Чаго? — папраўляючы скупы халацік, спытае маладая дзяўчына. Пані Рубель гэту дзяўчыну не распазнае, але мы сустракалі яе ўжо раней, у кавярні “Верас”, і адразу здагадаемся, што стаіць перад намі пані Аня. Пакуль раз і назаўжды зачыняцца дзверы, пані Рубель паспее яшчэ прыкмеціць, як яе былы муж ляжыць на канапе і бестурботна чытае газету.
Гульня ў каханне
Юрась закахаўся ў Валянціну ў панядзелак раніцай. Яшчэ ў нядзелю, ноччу, калі з’явілася ў ягоным сне, абыякавая зусім і чужая, як жа хацелася разбудзіцца, выгнаць са свядомасці, здзьмухнуць з вачэй душы нахабны прывід.
Жанчына не адступала. Распранаючыся з бязважкіх фінціклюшан, як вопытная танцорка-натуршчыца, лёгкім, балетным крокам перапраўлялася з аднаго на другі бераг сну. Першай на паўпразрысты паркет зляцела шоўкавая блузачка, адсланяючы карункавыя сакрэты бюстгальтэра. Следам за блузачкай пайшла і кароценькая летняя спадніца, і Юрасю, які ўсё яшчэ намагаўся адагнаць ад сябе непрыстойны міраж, раптам зрабілася неяк цікава. Ён адчуў, як прыхоўваемая ў найдалейшых закавулках, сарамлівая і грэшная старонка быцця, разрастаецца, паглынаючы ўсё, што ў чалавечай душы светлае, далікатнае і безабароннае. Быцццам бы месячны цень насоўваўся на сонечны круг, беручы ў палон неналежныя сабе прасторы жыцця.
Страх і цікавасць спляліся ў адно, і страх, як гэта заўжды бывае, калі першы раз ступаем на невядомую сцежку, пачаў нябачна, бесперапынна адступаць, даючы перавагу безразумнай цікавасці.
Тым часам бюстгальтэр зляцеў на вытканы з імглы паркет і, склаўшы карункавыя крылы, бы пазбаўлены прасторы птах, знерухомеў пад ступнямі танцоркі.
Юрась з’ехаў вачыма ўслед за карункавай птушкай, а потым ягоныя вочы цаля за цаляй пачалі пады-
мацца па драбіне ў бясконцасць доўгіх ног. На вышыні каленяў вочы прытрымаліся. Нейкая моц, якісь голас разважлівасці ці не апошні раз азваўся, загадаў спыніцца, вярнуцца назад, на шлях чысціні і прыстойнасці. А другая моц, магнітная і чорная, цягнула зрок у атласныя абшары жаночых сцёгнаў, і вышэй яшчэ, туды, дзе за кучаравасцю трохвугольнай вуалі хаваюцца смеласць і сорам, быт і знішчэнне.
Усё ж такі, гнаны апошнімі штуршкамі цвярозасці, ледзь прашмыгнуў па шоўкавай гладзі трусікаў і, пераступіўшы закруглены далягляд падбрушша, выплыў на прасторныя пласкагор’і жывата, на пружыністыя ўзгоркі грудзей, аж стромкімі адхонамі апусціўся на доўгую сцяжыну шыі, на расхіленыя ў распуснай усмешцы вусны. Іхнія вочы спаткаліся. Жанчына не адвярнула вачэй. Глядзела, а ў зрэнках яе было штосьці цёплае і небяспечнае, нейкі зачараваны кліч бяздоння, калі малавопытнаму вандроўцу загадвае бухнуцца галавою ўніз. I ні на што не глядзець. 3-за шырмы, непранікальнай і шчыльнай, якое вокам не дагледзіш і рукою не кранеш, з-за заслоны, тканай чаўнаком рэчаіснасці, пераплеценай бліскучымі ніткамі ўяўлення, адазвалася музыка. Лагоднае, поўнае спакою балеро.
Жанчына калыхалася ў такт гэтай музыкі. Доўгапальцыя далоні скрыжоўваліся на грудзях. Хвіліну, якая Юрасю здавалася вечнасцю, вандравалі мядзянымі ўзгоркамі. I ўзгоркі набліжаліся адзін да другога, аддаляліся, набліжаліся зноў, аж аб’яднаныя ў найвышэйшую на зямлі гару, стрэлілі ў пространь дзвюма вяршынямі да чырвані раз’юшаных саскоў.
Доўгапальцыя далоні пабеглі ніжэй. Слізганулі па гладкай роўнядзі жывата хуценька, ледзь крануўшы атласавую гладзь, напаткалі ўгнутасць таліі і быццам страціўшы раўнавагу — прытрымаліся. А потым, вобмацкам шукаючы шлях, ступілі на раскідзістыя абалоны клубоў, паглыбіліся ў змрочныя сакрэты трусікаў. Жанчына ступіла ў Юрасёў бок, адзін крок, другі. Скручаныя ў мяккі, расцяглівы абруч трусікі былі ўжо ў палове
дарогі між каленямі і месцам звычаёвага кватаравання і ўсё яшчэ, згодна са спакуслівым клічам балеро, крылілі ніжэй і ніжэй. Чароўная музыка. Юрась слухаў, і было яму ўсё адно, якія аркестры анёльскія ці чортаўскія выкрэсваюць са сваіх зазямных струн аднолькава ж зазямныя ноты.
Музыка, якая ў першых тактах была шэптам соннага акіяна, цяпер мацнела. Далікатная, ледзь парушаная ветрам хваля, з кожнай нотай нарастала, даганяла папярэднюю, брала яе пад сябе, уздымалася вышэй і, пераўтварыўшыся ў чыстую, запененую злосць, з віскам выскоквала на бераг. Ударыла яшчэ раз, і яшчэ, аж, у рэшце рэшт, канчаткова раз’юшаная, згуртавала ўсе сілы і апошнім ударам змяла з паверхні сну паўпразрысты паркет, танцорку і аркестр.
Будзільнік, як заўжды, азваўся а шостай гадзіне раніцы.
На працу ішлі два Юрасі. Першы, як заўсёды, ступаў саноўна, кланяўся знаёмым, рабіў у думках каштоўныя занатоўкі можна сказаць наносіў на карту памяці ўсе новыя і старыя дзіркі ў тратуарах, а потым, у бюро, як адказны за стан гарадскіх дарог, гартаў тыя дзіравыя накіды, перакладаў іх з кутка ў куток, каб з-за недахопу фінансавых сродкаў канчаткова адкласці на лепшы час.