• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вуліца Добрай Надзеі  Міхась Андрасюк

    Вуліца Добрай Надзеі

    Міхась Андрасюк

    Выдавец: Медысонт
    Памер: 304с.
    Мінск 2010
    67.91 МБ
    Прысаджваюся з левага боку ад увахода, далёка ад цэнтра, там, дзе ніхто мяне не чапае, ды і я нікому не стаю на дарозе. Я не люблю, так сказаць, выступаць у святле юпітэраў гэта першае, а другое не хачу, каб хтосьці падумаў, што я такі, як і яны: рабочы хімічнай фабрыкі. Дзеля падкрэслення сваёй тут звышпіўнай прысутнасці раскладаю на століку газеты “Палітыка” або “Літаратура”, перагортваю іх старонка за старонкай, стараюся вылавіць нейкі цікавы тэкст, які б развіваў індывідуальнасць. Палітыкай не займаюся. Слова “палітыка” не менш мне агіднае за слова “дупа”.
    Рабочыя, прысеўшы за столікамі, расшпільваюць “артальёны” і джынсы, пералічваюць грошы, сцішанымі
    галасамі вядуць кароткія нарады. А потым п’юць піва, кураць папяросы, струменячы дым між жоўтымі зубамі. Гамоняць. Галасней і галасней, найчасцей пра фабрыку, кіраўнікоў і зарплаты. He цяжка здагадацца, што ў аповедах іхніх кіраўнікі ідыёты, а зарплаты смешныя.
    Мне непрыемна слухаць гэтыя гутаркі. У такіх выпадках паглыбляюся ў газету або стараюся аналізаваць прачытаную ў апошні вечар кніжку. Я і раней мала калі выходзіў адвячоркамі, а з гэтай пары, як закончыў вечаровы тэхнікум, аддаю перавагу кніжкам. Іншая справа, што вуліцы ў нашым мястэчку таксама не зусім бяспечныя. He далей як у кастрычніку, якраз каля малога базара, наскочылі на мяне нейкія хуліганы. “Давай, — кажуць, пулярэс, бздылю”. “А я пулярэс не дам, калі б мяне нават і рэзалі”. Праўда, абышлося без нажоў, і я, пакамечаны крыху, затое з пулярэсам, павалокся ў паліцыю. Высветліў справу, што было і як, а паліцэйскі кажа: “Адбівацца трэба, хуліганнё квітнее, а гэтак званае грамадства нат пальца за палец не зашмаргне”. А маё крэда такое: з ворагамі змагацца заўжды трэба з дапамогай інтэлекту, а кулакамі хай вядуць свае войны адно прымітыўныя асобені.
    Рабочыя пачалі якраз аплёўваць бюракратыю, якую быццам бы даводзіцца гадаваць ім на сваіх грудзях. Мне стала прыкра. Лёгка сказаць бюракрат! А спытайце ў гэтых, як пагардліва кажаце, бюракратаў, хто такі Гётэ, хто Пікаса, а хто Дастаеўскі! Спытайце, бо самі, пэўна, не ведаеце. He ведаеш Іетэ, значыць, твае кваліфікацыі якраз адпаведныя, каб белавежскую жывіцу ператвараць у шкіпінар. А я вось ужо чатыры месяцы працую ў бюро. He скажу, пасада пакуль што не вельмі важная, аднак і такія пасады не ляжаць на вуліцы, а ў школе. Хадзіў туды значыць, ведаю. I дзякаваць, што, нягледзячы на саракоўку, якая набліжаецца шпаркім крокам, я не ажаніўся. Жанатаму значна далей у школу. Па дарозе бывае ж яшчэ жонка, дзеці ды іншыя некарысныя для паглыблення ведаў перашкоды. Зрэшты, трэба вам ведаць, што ў справе жаніцьбы ёсць у мяне свой, дакладна
    абдуманы план: 1 кватэра, 2 адукацыя, 3 пасада, 4 — машына, 5 — жонка, 6 дзеці. Я прынцыпова трымаюся за тое, што сам сабе вызначыў і цяпер якраз выконваю пункт нумар чатыры.
    Тым часам рабочыя, павесяліўшыся акуратна, пакінулі сумныя прафесійныя праблемы ды ўчапіліся за дамска-мужчынскія справы, жэстамі рук, вельмі, зрэшты, выразнымі, паказваючы тое, што адбываецца час ад часу паміж мужчынам і жанчынай. He магу змаўчаць, што карыстаюцца пры тым вельмі прымітыўнай лексікай, разпораз устаўляючы словы, якія пачынаюцца з п або х.
    Мне сорамна за іхнія прымітыўныя паводзіны, тым болей, што і члены персаналу прымушаны выслухоўваць такія, чужыя літаратурнай, культурнай, а нават цывілізаванай мове, дрындушкі. Пан Метэк, праўда, па прычыне свайго ўзросту — мужчына спрактыкаваны, аднак афіцыянткі Марыся і Аня незамужнія дзяўчаты, і нахабнае грубіянства, безумоўна, пакідае след у іхняй слаба яшчэ сфарміраванай псіхіцы.
    Я толькі заціскаю зубы ад бяссілля, бо ведаю, што няма тут спосабу абараніць дзявочую нявіннасць. Раней, калі я спрабаваў умяшацца і абаперціся на паводзіны бліжэйшыя еўрапейскай гуманістычнай традыцыі, пачуў адрасаваныя ў свой бок такія заўвагі: “казіны гарошак”, “авечы памёт” і “псеўдаінтэлігенцік”. Маю адвагу сказаць, што ўспомненыя эпітэты не маюць ніякага дачынення да маёй асобы, а ўжо апошняе, значыць, “псеўдаінтэлігенцік” — асабліва балючае і крайне далёкае фактычнаму становішчу. 3 гэтай пары, як працую ў бюро, стараюся больш часу праводзіць з людзьмі сваёй кройкі. За апошнія чатыры месяцы я нядрэнна пасябраваўся з інжынерамі Стручуком і Кашалюком, а таксама з паннай Рэняй, машыністкай. Спалучылі нас не толькі супольныя прафесійныя праблемы, але, так прынамсі мне здаецца, аднолькавы погляд на свет, жыццё, як і чалавечую ролю ў тым жа жыцці ды свеце. А гэта небанальныя вузлы.
    Недзе пад восень інжынер Стручук запрасіў мяне на
    імяніны. “Пара, пане Владку, сказаў ён, паказацца шырокай публіцы”. I я пайшоў. На пачатку я толькі сядзеў і слухаў, як іншыя гавораць, глядзеў на публіку ўважлівей, чым яна на мяне. Калі, аднак, гаворка сыйшла на Джэймса Джойса, надумаўся ўключыцца. Я сказаў, што, па-мойму, Джэймс Джойс абсалютны графаман: у ягоным “Улісе” няма ніякага сэнсу; апроч таго — быкі не брыюцца! Добра ведаю, бо хаця ў нашай вёсцы не было быка, якога клікалі б Маліган, усё-такі былі быкі з іншымі, таксама ж замежнымі імёнамі. Быў, скажам, Лорд, быў Чэмпіён, аднак ні брытвай, ні іншымі туалетнымі інструментамі ніколі яны не карысталіся. Увогуле бык прымітыўнае стварэнне і ўся ягоная актыўнасць заключаецца ў імкненні прадоўжыць свой быдлячы род. Пасля такога выступлення вочы ўсіх прысутных засяродзіліся на маёй асобе, а нехта, на жаль, я не прыкмеціў хто, сказаў такое:
    — Вельмі арыгінальны погляд на Джойса. Вельмі арыгінальны.
    Мне зусім неспадзявана прыйшлося займець функцыю цэнтральнай тут асобы. Бывае такое: жыве чалавек спакойна, ніхто яго не ведае, і раптам лінія лёсу паварочвае ў другі бок, і апошні ў калоне ўзначальвае калону. Вось падышла і мая чарга.
    Трэба вам ведаць, што падчас тае дыскусіі, як і частунку, мы не сядзелі за сталом абы сядзець і абцяжарваць сябе ўсякім пітвом ды закуссю. Так паводзіць сябе можна адно ў пана Метка, а тут быў шведскі стол, няхай сабе і не зусім практычны ў трохпакаёвай кватэры, аднак людства ідзе ў цывілізаваным напрамку, і нам таксама трэба накіроўвацца ў той жа бок, забываючы памаленьку нездаровыя славянскія схільнасці.
    Мы ўвесь час шпацыравалі па пакоі, падымалі дрынкі за тое, што каму падабаецца, далікатна замочвалі губы і паходжвалі далей.
    Уцякаючы з цэнтра, я не прыкмеціў нават, калі апынуўся на кухні, не памятаю таксама ужо была там пані Ліза ці прыйшла пазней за мяне.
    Жанчыны, такія як пані Ліза, чамусьці мяне бянтэжаць. Беззаганныя манеры, манікюр-педыкюр, салонная лексіка. На вуліцы мінаюць цябе абыякава, моднымі капелюшамі адасабляюцца ад шэра-звычайнага бабства, здаецца, не ім гэта свет, а яны свету робяць гонар сваёй тут прысутнасцю. Часам здаецца мне, што такія жанчыны ніколі не робяць тое агіднае, пра што расказваюць рабочыя хімічнай фабрыкі, седзячы за півам.
    Праціскаючыся між сталом і маёй асобай, пані Ліза моцна прытулілася да пярэдніх раёнаў майго цела, уважліва пры тым углядаючыся ў мой твар. Стаяла так, ягадзіцамі падпіраючы стол, і голасам хрыплым, нізкім, дабытым недзе з-пад жывата, папрасіла:
    — Пане Владку, раскажыце яшчэ пра сваіх быкоў.
    Яе вусны, апухлыя і вільготныя, расхінуліся, і я здзівіўся: язык, які выслізнуўся з-за гэтых вуснаў быў зусім сухі, здаецца, вось-вось здранцвее ён і пачне трэскацца, бы сухая кара нейкага чырвонага экзатычнага дрэва. Я сказаў некалькі слоў, вядома, многае забыў ужо раней, а шмат што і цяпер раптоўна ўцякло з маёй памяці. Аб’ект, здавалася, недаступны, амаль з чужое планеты, тут зусім адчувальна ўбіваецца ў маё цела! Мне стала горача-горача, і калі падняў руку, каб расшпіліць кашулю, натрапіў на напружаныя, ашчапераныя ў драпежнай гатоўнасці грудзі. А пані Ліза схапіла маю нязграбную руку ў свае далоні і, працягваючы далікатным пальчыкам уздоўж лініі жыцця і лініі сэрца, гаварыла, бы сама да сябе:
    — Такія моцныя далоні, такія мужчынскія. Мне здаецца, — тут пані Ліза раптоўна падняла маю далонь і прытуліла яе да сваёй шчакі, мне здаецца, вы маглі б гэтымі рукамі паваліць самага вялікага быка! А для жанчын якія яны?
    Я не паспеў праверыць спраўнасць сваіх рук у адносінах да жанчын: увайшоў якраз інжынер Стручук, а пані Ліза, спалоханая, кінулася ўбок, адкрыла халадзільнік і руплівым вокам гаспадыні пачала разглядаць яго змесціва.
    Ах, вы тут, пане Владку. Ліза, звярнуўся да жонкі інжынер Стручук, — ты забрала ў нас самага вясёлага кампаньёна. Давай, пане Владку, пайшлі. Без вас нам зусім нецікава.
    У пятніцу, з самай раніцы, інжынер Кашалюк спытаў:
    Пане Владку, калі добра ведаю, вы жывяце на кватэры адзін?
    Я адказаў, што гэта праўда, жыву пакуль што адзін, аднак у недалёкай перспектыве планую заснаваць сям’ю. Такія словы ўсцешылі інжынера, і ён пытаў далей:
    А што вы думаеце рабіць у суботу вечарам?
    Нічога асаблівага ў суботні вечар я не планаваў, так вось і сказаў:
    От, пачытаю кніжку, пагляджу тэлевізар, вядома, калі пакажуць нешта вартаснае. Хаця, самі ведаеце, у гэтых адносінах наша тэлебачанне...
    У інжынера Кашалюка была, аднак, свая праблема, і ён, не ступаючы на тэлевізійную сцежку, пачаў мяне з гэтай праблемай знаёміць.
    А не думалі вы паехаць у вёску, бацькоў наведаць, знаёмых паглядзець?
    Я, праўду сказаўшы, не думаў пра такую магчымасць. Па-першае, дадатковыя выдаткі, а гэта абазначае затрымку ў рэалізацыі пункта н-р 4. Па-другое, пачаў якраз, ідучы за падказкамі інжынера Стручука, засвойваць Фрэйда. Аўтар складаны, і я прымушаны ўвесь свабодны час і ўвесь у тэхнікуме набыты інтэлектуальны патэнцыял накіраваць вось у той бок.
    Бо, ведаеце, ёсць такая справа, інжынер Кашалюк з прыемнай усмешкай рэкамендуе свае бел-белыя зубы, а далікатнымі пальцамі гладзіць мой плячук, быццам стрэсваў з пінжака нейкі ўяўны там пылок. Я так і падумаў, што мой халасцяцкі гардэроб не адпавядае неабходнай норме, і мне зрабілася ніякавата.
    — У мяне вельмі-вельмі пільная праца. Такія там хімічныя вылічэнні, дыяграмы. Вы, зрэшты, як работнік разумовай працы, самі ведаеце. А дома, разумееце, жон-
    ка, дзеці, безупынная мітусня і куламеса. Проста галава не варыць.
    У суботу я паехаў праведаць бацькоў, а інжынер Кашалюк у маёй кватэры да белай раніцы рысаваў дыяграмы і рабіў складаныя хімічныя падрахункі.