• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вуліца Добрай Надзеі  Міхась Андрасюк

    Вуліца Добрай Надзеі

    Міхась Андрасюк

    Выдавец: Медысонт
    Памер: 304с.
    Мінск 2010
    67.91 МБ
    Значыць, Партыя кучаравых нарадзілася. А зачацце адбылося цалкам звычайна, і калі нехта спадзяецца паслухаць тут пра палавыя зносіны, пра дамска-мужчынскія гульні, словам пра ўсё тое, што супярэчыць агульнапрынятым хрысціянскім каштоўнасцям, той адыдзе з нічым. Людзі падымаюцца з праху традыцыйным, усім зразумелым спосабам, а вось партыі вылупліваюцца на свет іначай.
    Сядзелі мы “У Алеся” Тадзік Навіцкі, Валя Курапатка і я. Чэрвеньскі адвячорак, цёплы і бязветраны, наліваў нам у парожнія куфлі шаўкавістую радасць жыцця, перамешаную з задуменнасцю над яго непаўторнасцю і нядоўгатрываласцю. I нам захацелася зрабіць штосьці добрае і вялікае, што будзе між людзьмі нават тады, калі чэрвеньскі вечар пераўвасобіцца ў кастрычніцкую слоту, набрынялую холадам і парывістым ветрам.
    Словам хацелася ўдасканаліць і выратаваць свет.
    Праўда, на добры пачатак маглі б кінуць залатоўку або і дзве гэтай утаптанай у тратуар, схудзелай румынцы. Маглі б дапамагчы пераправіцца на другі бок вуліцы пагорбленай бабульцы, калі яна стаіць і бяссільным зрокам углядаецца ў бясконцую чаргу машын. Маглі б, таксама, падняць з тратуара дзядзьку Антося, п’янага як шавецкі панядзелак, калі ляжыць там ніц, званітаваўшы пад сябе ўсё, што ў Алесевым бары найлепшае. Маглі б, прынамсі, выцягнуць яго з непрыстойнай мазі. Маглі б. Аднак усе тыя добрыя ўчынкі, па сутнасці, кароткачасовыя, ды іх уплыў на вобраз свету не мае рэальнага значэння. Румынка, атрымаўшы дапамогу, заўтра з’явіцца з чародкай малалетніх дзетак; бабулькі будуць клыпаць з тратуара на тратуар, быццам бы тое клыпанне было апошняй мэтай іхняга жыцця. А Антось? А дзядзька Антось будзе ляжаць тут і заўтра, і паслязаўтра, а калі месца апарожніцца, значыць, сціплая дзяржаўная пенсія пацярпела паражэнне ў канфрантацыі з дашчэнту прыватным, узбуялым апетытам гэтага ж дзядзькі.
    А нам хацелася перайначыць свет з далёкім разлікам.
    -	Адзінка свет не перайначыць, Тадзік ікнуў у парожні куфаль.
    -	Адзінка абсалютны нуль, праўду, прыдбаную ў школьныя гады, падкінула Курапатка.
    Гэтыя праўды, добра ўсім вядомыя, як і вядомы факт, што канчаткова яны абанкруціліся і выратаваць свет не ў сіле. Новы час патрабуе новыя ідэі, і я, паглыбіўшыся ў ёмістыя кішэні мазгавое матэрыі, стараўся тыя ж ідэі адшукаць, ахвяраваць іх свету і сябрам. Аднак новае нараджаецца памаленьку і не бязбольна.
    Даводзілася зваць на дапамогу Алесеву барменку раз, другі і трэці аж мазгі, сяк-так прылашчаныя і памякчэлыя, прамовілі чалавечым голасам:
    —	Трэба нам заснаваць партыю.
    -	Нам трэба незалежная партыя, удакладніла думку Валя.
    —	He правая і не левая, рассудзіў Тадзік.
    -	Нам трэба партыя кучаравых, сказаў я, паглядаючы на залатыя кудзеркі Алесевай памочніцы. — Хаця б вось такіх.
    На ружовай сурвэце паспелі мы яшчэ напісаць кароткую аб’яўку: “Сёння пачала дзейнічаць Партыя кучаравых. Сядзіба — тут. Чакаем спонсараў, членаў і сімпатыкаў. Подпіс. Тэлефон”. Сурвэту павесілі ў добра відочным месцы і з-за недахопу фінансавых сродкаў падаліся ў рээміграцыю. Сказаўшы больш зразумела пайшлі дамоў.
    Прэсавыя водгукі
    3 белай раніцы пазваніў тэлефон. У пошуках крыніцы нахабнага галасу мая рука, няўпэўненая і дрыготкая, скінула на падлогу будзільнік, акуляры, бутэльку з-пад мінеральнай вады, напаткала эбанітавую трубку і, вяртаючыся навакольным шляхам, абмінаючы коўдру, падушку ды нагавіцы, якія невядома чаму апынуліся на маёй галаве, данесла гэтую ж трубку да вуха. Трубка азвалася голасам Майсеевай скрыпачкі.
    Алё? Гэта сядзіба Партыі кучаравых? Я рэдактар незалежнай беластоцкай газеты. Скажыце, калі ласка, якія галоўныя тэзісы вашай партыі?
    “Якая сядзіба? Якая партыя?” падумалася мне ў першы момант. Баляваў чалавек усю ноч, а цяпер вось шукае больш п’янага за сябе!
    Вы будзеце дзяліць ці аб’ядноўваць грамадства? трубка не адступала.
    Быццам з-за белага туману паплыла да маіх вачэй знаёмая ружовасць сурвэты. Разгортваючы густую імглу, з прорвы здэфармаванага часу выбраўся на свет і Тадзік і з абліччам чалавека, натхнёнага высакароднай ідэяй, яшчэ раз прыклеіў ружовую аб’яву на сцяне Алесевага бара.
    — Алё! Ці вы мяне чуеце?
    — Чую, чую...
    Значыць, як: ці дзеліце, ці аб’ядноўваеце?
    Спачатку будзем дзяліць, а потым аб’ядноўваць.
    — А які ваш погляд на беспрацоўе?
    — Праца толькі працавітым, бабы бабнікам, а віно вінаватым, каб апярэдзіць наступныя пытанні, я выкінуў з сябе ўсё, што якраз паспела прыдумаць не зусім яшчэ спраўная галава.
    Вінаватым у чым? не зразумела трубка.
    Напішыце, як вам падыходзіць, сказаўшы гэта, я адкінуў трубку і зваліўся ў незакончаны сон.
    Апоўдні хтосьці пастукаў у дзверы. Праўда, тады яшчэ я не ведаў поўдзень гэта, раніца, а мо адвячорак? і толькі разглядаючы канфігурацыю промняў на ваконным шкле, стараўся здагадацца: пакідае нас стары дзень ці сустракае новы?
    Грукат у дзверы паўтарыўся. Хтосьці даваў знак, што жыве і чакае, значыць трэба адракацца ад касмічнаметэаралагічнай шарады, падняцца ды глянуць хто і навошта патрабуе маю асобу.
    У горадзе вайна, два звычайныя словы паспеў сказаць Тадзік і амаль нежывы зваліўся на падлогу.
    — А ў гэты раз хто? Новыя саюзнікі ці старыя? нахіліўшыся над ляжачым, я стараўся выціснуць з яго
    нейкую, прынамсі, элементарную інфармацыю. Тадзік ляжаў, аднак, бы той марафонскі бягун, які прабег кавалак свету, сказаў, што сказаць яму загадалі, а потым упаў і дзеля несмяротнасці сканаў, бы той апошні ідыёт.
    Ляжаў Тадзік хвілін пяць. А потым расплюшчыў вочы, ажыў праўдападобна, ягоны маршрут быў значна карацейшы за сорак кіламетраў. Вярнуўшыся да натурай прадбачанага стану, падсунуў пад мой нос газету: “На, чытай!”
    Акуляры, шчаслівым выпадкам, стрымалі ранішнюю сустрэчу з падлогай, я мог карыстацца імі надалей, на тое хаця б, каб даведацца пра актуальную сітуацыю ў горадзе. А справы выглядалі так: “Учора ўзнікла новая партыя Партыя кучаравых. Узнікла з мэтай падзяліць спакойнае грамадства на дзве супрацьлеглыя сілы. Нашых богабаязных жонак і дочак кінуць на волю распусным бугаям, а лепшыя штукі адправяць за мяжу, вядома — не за адно слова “дзякуй”. I калі, дарагія суродзічы, запоўняцца арыентальныя гарэмы нашымі славянскімі нявінніцамі, ніхто ні Бог, ні гісторыя не даруюць нам такі сорам!
    Партыя кучаравых рыхтуе яшчэ іншае злачынства. Разглядаюцца праекты, каб усякай масці злачынцаў, зладзеяў і забойцаў у будзённыя дні частаваць напоем маркі “Швейк”, а ў дні святочныя, у дні душэўнага аднаўлення прымаць гэтых нягоднікаў імпартным віном! Як можна здагадацца, пачастунак прадбачваецца за кошт сумленнага падаткаплацелыпчыка”.
    Так страляюць з правага фланга. А з левага таксама не маўчаць. Чытай во, чытай, распасцёр Тадзік іншую незалежную газету.
    “Партыя кучаравых у сваіх шматлікіх праграмных выступленнях абяцае занятак толькі і выключна працавітым. Тады пытаем вас, панове: а што з іншымі? Якая будучыня перад звычайнымі добрасумленнымі жыхарамі нашага горада? Перасяліць лянівых у далёкія краіны? Кінуць іх у абдымкі бяды і голаду? А мо адразу тых гультаёў расстраляць?! Панове Біндзюк, Лапаеў,
    Какаліцкі ды іншыя грамадзяне не ёсць нашым намерам палохаць вас! Калі, аднак, возьме ўладу Партыя кучаравых, пачынаючы з наступнага дня вы можаце шукаць сабе месца на гарадскіх могілках”.
    Іншыя газеты пра нашу партыю не пісалі. Мо не ведалі пра яе існаванне, а можа, звычайна, не лічылі сябе незалежнымі?
    Аднак і такая невялікая прапаганда зрабіла сваё. Людзі прыходзілі, неслі свае клопаты і радасці. Мы вельмі рады былі бачыць іх. I Алесь таксама.
    Гарэм
    Летні час няспешна калыхаўся на захад. Збіраў з тратуараў яркія малюнкі і, як лішняе смецце, згортваў іх у паўзмрочныя падвалы горада.
    Гэтаксама згортваюцца ў забыццё людзі, рэчы і здарэнні, калі нябачна канчаецца ахвяраваны ім добры час.
    А мы — усё яшчэ заставаліся ў цэнтры здарэнняў. Нашы думкі давалі кшталт бесцялесным справам, a людзі адпраўляліся на жыццёвыя шляхі з нашым праклёнам або блаславеннем.
    — Я не хачу ў гарэм, жанчына родам з часоў ранняга Гамулкі прыпынілася побач і, пераступаючы з нагі на нагу, углядалася ў нас адцвіўшым блакітам надзеі і разгубленасці.
    Якое “не хачу”? Няма “не хачу”, ласкавая пані. Мы ўжо апланавалі вас аднаму шэйху. Абяцалі, падпісалі адпаведныя дакументы і не будзем рабіць з рота халяву.
    Жанчына збялела. Яе ўпарадкаванае жыццё, яе справы, раскладзеныя па шуфлядах згодна з іерархіяй важнасці усё раптам пераварочвалася дагары нагамі! Здавалася, хвіліна яшчэ і ўпадзе яна на калені, каб з гэтай, спакон вякоў знаёмай пазіцыі, бараніць сваю будучыню. Аднак не ўкленчыла. Адступіўшы крок назад, дзесьці з кутка, з летняга паўзмроку выцягнула на святло ці не апошні свой аргумент.
    А ў мяне ёсць яшчэ і муж. Во, глядзіце.
    Так, так. У яе ёсць яшчэ і я, аргумент заявіў сваю прысутнасць.
    Тадзік аналізаваў якраз свежападстаўлены куфаль. Яму здалося, што ўзровень беспрадуктыўнай пены значна перавышае ў ім нормы прыстойнасці, і дылема “ўносіць рэкламацыю ці не ўносіць” поўнасцю займала ягоную ўвагу.
    А так, дарэчы, ведаеце вы, што такое шэйх? Нафта. Пальмы. Пляж. Даляраў бы вады ў Семяноўцы...
    — Даляры... Даляры ж не ўсё. Ёсць яшчэ і сорам...
    — I нязручнасць, — выцягнуты на святло муж трымаў фасон. He адыходзілі, тапталіся ў месцы, стараючыся вычуць свой лёс з нашых непранікальных твараў.
    А як багаты гэты шэйх? Багацейшы за Васю Шэшаля? усё ж такі нябачны, петрадалярамі прыхарошаны д’ябал засеяў у бабінай галаве маленькае зярнятка граху і, наступаючы на спіну, далікатна, але і рашуча папіхаў яе ў абдымкі пякельных віроў.
    Вось табе і параўнанне! Шэшаль — у найлепшым выпадку! можа гэтаму шэйху чаравікі глянцаваць.
    Значыць, калі б добра падысці, дык і нейкую кватэру можна было б з яго выціснуць? — пацікавілася кабета.
    Ну, хоць маленькую... Хай сабе і аднапакаёвую. Нам, ведаеце... Што нам трэба! А вось дачцэ было б хай. Памятка такая, муж вудзіў думку асцярожна, каб не спалохаць. Падцягваў яе бліжэй, замацоўваў на здабытай пазіцыі.
    А ты маўчы! — натапырылася жонка. — Бачыў хто: нашай дачцэ — аднапакаёўку! I камяніца будзе, круцілася ў месцы, то крок наперад ступаючы, то крок назад, быццам чырвоны, распалены вугельчык прыпякаў ёй пяты.