Вуліца Добрай Надзеі
Міхась Андрасюк
Выдавец: Медысонт
Памер: 304с.
Мінск 2010
Узяўшы пад увагу ўсе ранейшыя сувязі, невялікую прастору мястэчка, а нават і тыя супольна нажытыя мазалі, не магло здарыцца так, каб на шляху ў лепшую будучыню гэтыя дзве фірмы размінуліся.
“Сродкі, якія фірма «EXPO-Anatol» атрымала сёння ў рамках рэпрэзентацыйнага фонду, гэта не фінансы, а слёзы”, падумаў галоўны дырэктар, заглядаючы ва ўручанае афіцыянткай меню. Пры такіх умовах дарма спадзявацца на лёгкасць думкі, на фантазію, на нестандартны план дзеяння, словам — на ўсё тое, што з’яўляецца эсенцыяй кожнай справы. Падобная дылема адбывалася і ў душы старшыні суполкі “Фрэйс”. Так, прынамсі, можна здагадвацца, бо, прагледзеўшы багатае меню, абодва прадпрыемцы затрымаліся згодна на чорнай каве, пяцідзесяці грамах самай таннай, жытняй гарэлкі і закусцы — так паспалітай, што не варта пра яе нават згадваць.
— Значыць, калі добра разумею, фірма разрастаецца? — ці новы, карычневы пінжак старшыні Барабы быў прычынай такому сцвярджэнню, ці проста дырэктару Рубелю хацелася, асабліва ў прысутнасці маладой, чарнявай афіцыянткі бліснуць магічным словам “фірма” гэта ўжо яго прыватная таямніца.
А разрастаецца, разрастаецца, не забываючы, што ўсё-такі трэба падтрымоўваць і радзімую вытворчасць, старшыня Бараба пстрыкнуў у шкляначку з айчыннай жытняй, апраўдваючы прысутнасць малаэлегантнага на-
пою ў сваіх далонях. — Варочаць мільёнамі і не адракацца ад свайго. Вось яно, маё крэда. Праўда, пані Аня?
Пані Аня кіўнула галавою ў знак, што крэда такое вельмі слушнае і, паслаўшы шаноўным кліентам службовую ўсмешку, аддалілася на сваё месца. У яе быў дэмакратычны абавязак аднолькава пільна сачыць як за мільянерамі, так і менш багатымі спажыўцамі.
— Та-ак, — палавіна змесціва пяцідзесяціграмовай шкляначкі пералілася ў вантробы пана старшыні, ператварылася ў асалоду і ў цеплыню, і старшыня, быццам бы даючы водгук на нутром пастаўлены пароль, глыбока ўздыхнуў.
— Т-так. Прыемнасць ёсць прыемнасць, але абавязак перш за ўсё.
Чарговы ўжо раз даводзілася выпаўняць ім гэты прафесійны абавязак, а калі глянуць на тое, што частотнасць згаданых сустрэч стаяла ў глыбокай залежнасці ад дабрачынных жэстаў пані Барабы і пані Рубель, можна здагадвацца, што справы пасоўваліся са скорасцю, суразмернай да жаночых кампетэнцыяў у бізнесе.
Аднак, каб нічога не рабілася — таксама не скажаш. Думкі і праекты матэрыялізаваліся, увасабляліся, ператвараліся ў складаныя прагнозы, вылічэнні, бізнеспланы. У залежнасці ад актуальнай кан'юнктуры мяняліся аб’екты зацікаўлення, пранікаліся новыя і новыя абшары гаспадарчай рэчаіснасці, аднак думка, каб штонебудзь рабіць, заставалася ў першапачатковым прататыпе.
Ведаеш, — старшыня апаражніў шкляначку і нахіліўся бліжэй, каб падкрэсліць неабходную ў такіх выпадках патрэбу таямнічасці, працягваў распачатую думку. I я, і мой штаб аналізавалі за апошні месяц увесь наш, еўрапейскі рынак пісьмовых прыладаў. — Думка, каб заснаваць гэты саноўны “штаб”, з’явілася ў галаве пана старшыні зараз пасля таго, як шкляначка паказала сваё дно, і была яна, можна сказаць, відавочным доказам карыснага ўздзеяння жытняй гарэлкі на творчае мысленне пана старшыні. Перакінулі, во, такую гор-
бу паперы, паказаў рукою вышэй галавы. I высновы атрымаліся цалкам цікавыя. Цалкам-цалкам. Ведаеш, нахіліўся бліжэй яшчэ, так, што яго вусны дакраналіся амаль да заружавелага ад зацікаўлення дырэктарскага вуха. Усе нашы ранейшыя планы з бульбінамі, пшаніцамі, аптовымі магазінамі адно вялікае гаў-но.
Значыць, што? — Дырэктарскае зацікаўленне пачынала ўжо ступаць на новую, пакуль невядомую сцежку. Цяпер, калі і другая шкляначка апаражнілася ў натурай прадбачаным месцы, ніякая дарога, нават самая таямнічая, не ўяўлялася ні далёкай, ні страшнай.
Алоўкі, брат. Вось што! Магчымасці кажу табе! Як адсюль да Уладзівастока. Алоўкі!!
I старшыня, і пан дырэктар падпілі ўжо някепска, пані Аня штораз курсавала з чарговымі пяцідзесяткамі, а кожны яе візіт у вачах пана дырэктара і пана старшыні павялічваў амаль за лінію далягляду бясконцыя радкі каляровых алоўкаў. Аптовыя магазіны адкрываліся ў Маскве і ў Парыжы, запаўняліся алоўкамі ўсіх гатункаў, памераў і колераў.
Мой штаб працуе, браток. Што я кажу — штаб?! Армія, браток. Ар-мі-я! Такая во, заціснутым кулаком паказаў магутнасць сваіх вытворчых службаў, і калі б, выпадкова, нейкі кіраўнік канкурэнцыйнай аловачнай фірмы ўбачыў гэты жэст, ён, не чакаючы ні хвіліны, выйшаў бы адсюль. На тое толькі, каб закінуць на шыю пятлю ды не быць сведкам уласнага банкруцтва.
— Mae людзі, ты ня бойсь, спраўляюцца не горш за тваіх, дырэктар чхнуў у шкляначку, а ягоная галава апусцілася яшчэ ніжэй, паглыбляючыся амаль у астанкі таннай закускі. Шмат людзей у мяне. Так папраўдзе і сам не ведаю, колькі іх. А трэба, дык будзе болын, за гэты вечар пан Рубель узяў на працу пару тысяч новых людзей, і калі б не факт, што жончына датацыя паказала сумнае дно, да поўначы, можна спадзявацца, вырашыў бы праблемы ўсіх беспрацоўных. Як у Гайнаўцы, так і ў недалёкім Бельску.
А на вуліцы алоўкі — фіялетавыя, жоўтыя, чырвоныя
гуртаваліся ўжо, фарміраваліся ў рады, шарэнгі, калоны. 3 песняй на вуснах, з горда выпнутымі грудзьмі, з галоўкамі, узнятымі да зорнага неба, маршыравалі, заціскалі каляровую пятлю кругом таго, хто паклікаў іх на свет божы.
Пан дырэктар стараўся выбрацца з аловачнага акружэння, ступіў налева і направа, наперад і назад, аж канчаткова змораны зваліўся пад ахутаны інеем куст, дзе і заціх.
Бразгат ключоў уварваўся ў глыбокі, бестурботны сон. “Будзі гэтага зас... дырэктара”, быццам з другога свету даляцеў чыйсьці незнаёмы голас, і Толік, перамагаючы манатонны шум у галаве, пралупіў вочы. Замест шпалераў — ружовых, у вялікія, лапушыстыя кветкі голая, светла-зялёная сцяна, а ў месцы, дзе здавён-даўна са шлюбнага партрэта спаглядалі на свет пані і пан Рубель, хтосьці, абмінаючы ўсе законы каліграфіі, накрамзоліў: “Быў тут Колька Дынкс”. Ніжэй стаяла яшчэ і дата, аднак дачытаць яе, з пазіцыі супрацьлеглай сцяны, не было магчымасці. Так і давядзецца нам застацца ў глыбокім няведанні, калі ж ён, славуты Колька Дынкс, удастоіў гэтае месца сваёй асобай.
Тым часам дырэктар Рубель, прабіваючыся цераз кардоны салодкай непрытомнасці, стараўся ўзнавіць у памяці заканчэнне апошняга вечара. He зважаючы на мазгавыя намаганні, шчырыя і натужлівыя, вобраз атрымліваўся, бы на вадзе. Хісткі, змазаны, недарэчны.
- Канец балю, panno lalu, вусаты паліцыянт бесцырымонна адчыніў дзверы. Выспаў норму, дык пад’ём, пан дырэктар. Гі-гі-гі, выскаліў зубы. А ведаеш, такіх дырэктараў замёрзла нам гэтай восенню ўжо пару дзесяткаў. Маеш шчасце, што якраз тамака патруль з’явіўся. Падрамантаваў бы статыстыку, сукін кот.
Былі ўжо ў калідоры, і апошняе вусаты кіраваў не Толіку, а свайму калегу, які побач змагаўся з суседнімі дзвярыма.
- П’янюгі, іхняя маць, плюнуў пад ногі той, які з
суседняй камеры рыхтаваў на волю яшчэ адну падмарожаную душу.
Толіку зрабілася прыкра. Як жа бесцырымонна, як легкадумна праводзіцца дэградацыя з функцыі галоўнага дырэктара на пасаду п’янюгі і сукінага ката. Дык і чыімі яшчэ рукамі!
Далёкім рэхам вярнуўся ўспамін апошняга вечара. Распалены Млечны Шлях як гарачае кавальскае жалеза. Месяц булаватым молатам пастуквае з-за вуха ў зорную бель, моцна, аж кружыцца неба, аж іскрыны падаюць на зямлю. I раптам у гэты касмічны краявід урываюцца тры шапкі, шасцёрка рук адрываюць ад тратуара нейкую постаць і, не звяртаючы ўвагі, што расцягнутая на зямлі асоба рэкамендуецца дырэктарам паважанай фірмы ды абяцае з самай раніцы заняцца нахабнымі стражамі парадку, праклінаюць увесь свет і свой паліцэйскі лёс.
3 такімі вось успамінамі, ступаючы следам за вусатым правадніком, дабрыў Толік да сядзібы дзяжурнага афіцэра. Гаркаваты водар ранішняй кавы мяшаўся тут з кіслатою спацелых пасля ўсяночнай службы мундзіраў, бесперапынна заходзіў хтосьці або выходзіў, раз за разам азываўся тэлефон. Найсапраўднейшы манеж.
— Падпішыцеся тут, і тут, і яшчэ тут, тонкі, амаль па-жаночаму далікатны палец паказаў месца, дзе трэба паставіць аўтограф.— Паліто штук адзін. Дыпламат штук адзін. Шнуроўкі — штук два. Грошы злотых адзін, грошаў сорак пяць. Сыходзіцца? I яшчэ рахунак.
Сыходзіцца ўсё, можа толькі паліто — у выніку сустрэчы з гарадскім тратуарам страціла свой беззаганны, належны дырэктарскай вопратцы фасон. I ўсё ж такі дамагацца, каб вярнулі вам гардэроб у некранутай форме, няма сэнсу. Тутака не пральня, а зусім іншая ўстанова. Бяры, Толік, што табе даюць, і маршыруй дамоў, туды, дзе жонка прагульваецца з кутка ў куток, раз за разам нервова паглядаючы на гадзіннік. А даўно ёй трэба быць на фабрыцы.
Раніца прывітала нашага дырэктара халоднымі, марознымі воплескамі. Асцярожна, каб не пакаўзнуцца,
спусціўся па лесвіцы, прайшоў ля помніка ўсім міліцыянтам і паліцыянтам і, мінуўшы скрыжаванне, накіраваўся на вуліцу Баторыя. Туды, дзе з-за ліпавых прысадаў белымі, не так даўно адноўленымі тынкамі яснее знаёмы блок. Мінаючы нешматлікіх прахожых, мімавольна апускаў галаву, глядзеў у другі бок, у тратуар. Здавалася чамусьці, што ўсе напатканыя людзі, калі не ведаюць, дык прынамсі здагадваюцца пра ягоную ганьбу і, адышоўшы крок ці два, іранічна ўсміхаюцца, цешацца ў думках чужой бядзе, а потым, ужо ў цёплых кватэрах расказваюць жонкам, як гэта такі вось дырэктар брыў раніцою з камісарыята паліцыі непаголены, брудны і змораны. I тыцкаюць пад жончыны насы свае бліскучыя, пульхныя шчокі, каб не было ніякіх сумненняў, хто тут чалавек прыстойны, а хто апошні маральны анучнік.
Так вось ішоў Толік, бы маладая паненка, калі пасля ўсяночнай гульні, пасля вясёлых хіхаў і хахаў, неадкладна даводзіцца ёй ступаць супроць чорнай рэчаіснасці. I з кожным крокам курчыцца весялосць, а самаўпэўненасць, з вечара неабмежаваная, цяпер ператвараецца ў вялікае сумненне: што будзе далей і што мама скажа.
Пра сустрэчу з маці наш дырэктар напэўна не думаў яна ж даўно між анёлаў ужо і зрэдку толькі наглядае за сынавымі поспехамі. Ён думаў пра сустрэчу з жонкай.
Уцякаючы ад лістападаўскага холаду, дырэктарская рука напаролася на штосьці незнаёмае. Там, у цёплай глыбіні кішэні, як доказ прамантачанага дзявоцтва, спачываў рахунак за гасцініцу. Думка, што гэты непрыкметны шматок паперы паглыне трэцюю частку жончынай выплаты, цяжкім, свінцовым холадам паплыла ў ногі. Як жа хацелася, каб дарога дамоў расцягнулася ў бясконцасць, каб так было, што чалавеку нікуды не трэба вяртацца, а толькі ісці ды ісці, без патрэбы, без мэты.