Вуліца Добрай Надзеі
Міхась Андрасюк
Выдавец: Медысонт
Памер: 304с.
Мінск 2010
Каханне дорыць чалавеку волю, а воля не баіцца смерці, сказаў дзядзька Коля. Ягоныя думкі перасякалі мяжу краіны, даступнай цётцы Любе і ўсім астатнім жыхарам Мястэчка.
Люба, каханне гэта чалавечая хвароба, і ніякая сіла не вылечыць яе, апроч чалавека. Усё-ткі шукай Зэніка, адчайным, пазбаўленым надзеі голасам сказала бабка Сонька.
Ноччу сасніўся цётцы маэстра Зэнік. Стаяў на высокай да хмарын драбіне і размалёўваў неба ў блакітную кветку. Гэтая кветка, агромная, пялёсткамі краналася гарызонту, а зялёным сцяблом знікала ў расхлістанай майскім ветрам бутэльцы Белавежскай пушчы. Пад драбінай стаяў дзядзька Коля і клікаў незнаёмую прыгажуню. Сон дэфармаваў яе імя, загартаў у бяздонне начных басаў. Цётка Люба, напружваючы слых да межаў магчымага, не здолела яго зразумець. А потым краявід запоўніўся імглой. Белая імгла як звычайна ў снах з’яўляецца з нябыту, прымае любыя формы і імёны так і цяпер выйшла з ніадкуль, разгарнулася над пушчай, пераўтварылася ў постаць прыгожай незнаёмкі. “Хадзі!”
дзядзька Коля паўтарыў імя прыгажуні. Прыгажуня пачула кліч, пераступаючы доўгімі нагамі вяршыні дубоў і соснаў, пабегла яму насустрач. “Стойце!” бязгучным голасам закрычала цётка Люба, але яны не чулі, не спыніліся. Нават у заблытанай ірацыянальнасці сна цётка Люба зразумела: вось яны з дзядзькам Колем апынуліся раптам па розных баках сна, а, мабыць, і явы, і сцежкі іх разыходзяцца на век вечны.
Найбліжэйшай раніцай, памаліўшыся прасвятой Багародзіцы, папрасіўшы прабачэння ў малым граху, які ў канчатковым разліку ратуе ад куды большага зла, яна прыцягнула на сваёй спіне скрынку чыстай гарэлкі. Знайшла маэстра, а ён, крануўшы сцяну чарадзейскім пэндзлікам, пераўтварыў аголеную незнаёмку ў раззораны кветкамі гарод. Ён стаіць там па сённяшні дзень, наперакор тром дзесяцігоддзям, сакавіты і свежы, бо маэстра Зэнік не падманваў ні працай, ні матэрыяламі. He тое, што другія пакаёвыя маляры, каму не праблема прыкласці да сцяны кардонавы шаблон і хітрай помпай дзьмухнуць туды абы-якую фарбу.
Яшчэ і сёння, калі ніхто не бачыць, абапіраючыся на старэчую трысцінку, дзядзька Коля падыходзіць да квяцістай сцяны, працягвае руку, разгортвае пунсовыя макі, снежныя канваліі, дробную, як местачковыя праблемы, мацыёлу. А можа з-за пялёсткаў і густога лістоўя пакажацца ж прыгажуня!? Але зараз дзядзька Коля штораз менш упэўнены была яна сапраўды ці толькі саснілася.
Антон
Будую дом, ведаеш? прыжмурыўшы вочы, дзядзька Антон сачыў за спраўнымі рукамі буфетчыцы.
Ведаю, адказвала буфетчыца Гандзя і стаўляла на столік надзьмуты пенай куфаль. Усе ведаюць.
Пасля складаных гістарычных паваротаў людзі ўступалі на шлях будаўніцтва. Хутка наганяючы страчаны час, пространь запаўнялася новымі аднапавярхоўкамі. Але ў гэтых людзей не было нават кроплі шаленства. Памяць нахабна капіравала простыя домікі, узведзеныя ў першыя дні жыцця Мястэчка, павялічваючы адно іх вонкавыя памеры. Тым часам усё нутро, нябачныя душы дамоў, з якіх пачынаецца крок у будучыню, заставалася нязменным.
Дзядзька Антон узводзіў дом, інакшы за ўсе астатнія ў Мястэчку. Калі цесляры дайшлі да месца, дзе звычайна пачынаецца дах, на гэты першы дом ён загадаў паставіць другі. Упоперак да франтальнай сцяны першага паверху. Ужо па гэтай прычыне будынак быў незвычайны. Тры спальні на другім паверсе, кухня і салон на першым. У падвале гараж, а побач з гаражом майстэрня.
Дом вялікі, але, праўду сказаўшы, каму ён патрэбен? сумна ўсміхаўся сваёй адзіноце.
Такому дому патрэбная жанчына.
А дзе ж яе знайсці... Сорак на спіне, рытарычна пытаў Антон.
Антон, як і ўсе мужчыны ў нашай сям’і, быў сталяром. Хадзіў на фабрыку так доўга, пакуль не дайшоў да высновы, што няма ў гэтым ніякага сэнсу. Побач са
старым домам збудаваў майстэрню, і з раніцы да вечара гулі там розныя станкі. Першай адзывалася піла, званая крайзэгай, потым габлярка, шліфавальны станок. Апошнім браў голас малаток, спалучаючы працу машын у форму, прадбачаную чалавекам.
У той час нават самая маленькая прыватная майстэрня аддзячвала за працавітасць рук прыбыткам, параўнальным з заробкам пана прэм’ер-міністра Ярашэвіча. Залатоўкі прыходзілі невядома адкуль, сыпаліся бярозавымі стружкамі, дубовымі абрэзкамі, сасновым пілавіннем. I калі чалавек, пазбягаючы памылак, характэрных міністрам, не мантачыў грошы на акцёрачак, што зачэпліва перабіраюць ножкамі, танцуючы канканы, ды на парыжскія пінжакі, не пераліваў іх у сонечныя промні часу, беспрадуктыўна страчанага на трапічных курортах, асобныя залатоўкі вырасталі ў сотні, у тысячы, у дзесяткі тысяч.
Антон абмінаў спакусы вялікага свету. Толькі ў суботнія пасляпоўдні даваў волю маленькім капрызам і адпраўляўся ў бар “Сонейка”. Побач з прылаўкам быў ягоны столік. Можна адтуль глядзець у залу, а можна таксама назіраць за буфетчыцай Гандзяй, якая змагаецца з вялікай сціртай выкарыстаных шклянак і куфляў. Сядаў на звыклае месца і аддаваўся задуменню, спаглядаючы праз задымленыя галовы штодзённых кліентаў у свой свет.
Людзі, што часцей бываюць побач са смерцю, бачаць куды больш за іншых. Разумеючы зманлівую вартасць усіх скарбаў нашага свету, цэняць кожную хвіліну і рэч. Накапліваюць усё, што ў канчатковым разліку можа быць наяўным доказам іх прысутнасці ў жывых. Напрыклад, будуюць вялікія дамы.
Дзядзька Антон сустракаўся са смерцю штодзённа. У сваёй маленькай майстэрні ён вырабляў дамавіны, і ні адзін жыхар Мястэчка без яго веды не адышоў на вечны спачын.
А калі памру, падрыхтуеш мне труну, Антоська, казала часам бабка Сонька. Яна была ўжо вельмі старая. Можна падумаць вызвалілася ад пераможнай улады
часу, а можа, увайшла з ім у змову, недаступную іншым людзям? I час каторы ўжо год абмінаў яе, праходзіў побач, нават не працягваючы руку, каб маршчынай запісаць на твары чарговы дзень або месяц.
Толькі, ведаеш, салідную, удакладняла бабка.
Падрыхтую, мама адказваў Антон і, апярэджваючы чарговыя дырэктывы, працягваў: Я ўсё ведаю. Салідную, дубовую. А падушку зарадзім не стружкамі, a сапраўдным пер’ем.
Дакладна так. У раі няёмка фарсіць сукенкай, запэцканай стружкамі.
У сваёй райскай будучыні бабка Сонька ніколі не сумнявалася. Вядома, не збіралася паміраць толькі па той прычыне, што на другім баку яе чакаюць з узнагародамі і прызамі за беззаганную стажыроўку ў горшым свеце. Размову пра труну хутчэй трэба лічыць сяброўскай гутаркай з часам, выпрабаваннем яго цярплівасці, праверкай чуйнасці.
А тут заставаліся яшчэ справы празаічныя, не завершаныя, не зашпіленыя на апошні гузік.
А вось не памру, пакуль не ажаню цябе, Антоська, вызначала яна ці не апошняе заданне на сваім доўгім зямным шляху.
Прыйдзецца крышку пажыць, усміхаўся ён.
Але з чарговай восені справы паскорылі крок. Як звычайна ў суботні адвячорак, Антон зайшоў у «Сонейка». Пераступіўшы парог, не ўзяў напрамак да свайго століка, а скіраваўся да буфета. Абапершыся на прылавак, папрасіў піва, здзьмухнуў белую пену, каўкнуў доўгі глыток.
Ведаеш, учора паставілі вяху. Застаецца знайсці жанчыну і жыць, адазваўся, ці то жартам, ці ўсур ез.
Позірк можа часам перадаць больш за словы, і ён сваімі вачыма намагаўся знайсці вочы буфетчыцы.
Хіба гэта праблема? буфетчыца спаласквала куфлі, расстаўляла іх дном угору на паднос, шклянымі сценкамі саслізгваліся кропелькі вады. У такі дом, спакойны і бяспечны, знойдзецца і жанчына...
А ты?
Што, я?
А ты, пайшла б?
Я? Але я вас не кахаю.
Каханне... Няўжо гэта самае важнае?
Найважнейшае.
Э, не! Найважнейшае быць добрым чалавекам. Жыць так, каб з-за нас не плакалі.
Гэта была дзіўная размова. Можа таму, што дзядзька Антон у свае сорак пакуль нічога не ведаў пра каханне, бо калісьці даўно таму даў прысягу абмінаць яго здалёк, а дваццацігадовая Гандзя ведала ўсё? “У дваццаць? Немагчыма!”, скажуць скептыкі. Але гэта толькі доказ, што яны ніколі не аддавалі сябе гарачым пачуццям, асабліва фатальным, няшчасным да костачкі, калі кожная пралітая сляза коле тысячай асколкаў, а хвіліна цярпення прыбаўляе дзесяць гадоў жыцця. Закаханыя васемнаццацігадовыя дзяўчаты як начныя матылі. He зважаючы ні на што, ляцяць да прызначанага сабе полымя. Іх шчасце момант, але важнейшы за ўсё астатняе.
Потым, спапяліўшыся, выходзяць замуж за мужчын, якія нічым не нагадваюць іх вялікае каханне. Можна падумаць ідуць не пад вянец, а ў спакойную бяспечную прыстань. Адны застаюцца там назаўжды, хаваючыся час ад часу ў сакрэтныя абдымкі ўспамінаў, другія жывуць успамінамі і раней ці пазней збягаюць абы-куды, толькі б далей ад сябе і гэтага невыноснага спакою.
У халодны кастрычніцкі дзень дзядзька Антон павёў пад вянец буфетчыцу Гандзю.
Абрашчаецца раб божый Антоній до рабы божай Анны, у драўлянай царкоўцы голас бацюшкі Сцяпана гучаў урачыста, узносіўся пад купалы, разыходзіўся адтуль на гасцей, што сышліся з усяго Мястэчка дзяліць радасць з дзядзькам Антонам. Шматлікія дзядзькі, мала вядомыя сваякі, сябры сапраўдныя і выпадковыя, занялі месца з правага і левага боку алтара, пакуль маладыя крочылі цэнтрам.
Дваццацігадовая Гандзя выглядала вельмі прыгожа
побач з дзядзькам Антонам, народжаным у зусім для яе незразумелы і неверагодна далёкі даваенны час. I нават даўгаваты нос маладой панны, у супрацьпастаўленні з даўжэзнай Антонавай біяграфіяй, набіраў нейкія новыя, цікавыя кшталты.
На заканчэнне хор гукнуў “Многае лета”, а госці кінуліся натоўпам віншаваць шлюбную пару. У выніку такога ўрачыстага абраду застаецца жыць доўга і шчасліва.
I ў той дзень усе заходзіліся ад шчасця і шчыра цешыліся, што Антон у рэшце рэшт адшукаў прызначаную сабе палову.
А я ніяк не мог зразумець, у чым заслуга дзядзькі Антона. Якая ж праблема адшукаць тое, што заўсёды было, можа, у сотні крокаў між яго домам і барам “Сонейка”?
У гэтым своеасаблівым шлюбным спаборніцтве я куды вышэй цаніў дасягненні майго бацькі, Валодзі. Адукаваны ў вялікім горадзе, разам з дыпломам ён прывёз да нас у Мястэчка самую дзіўную жанчыну Стэфанію.
У Стэфаніі ўсё было іншае. Крыху смешнае, крыху страшнае, а перш за ўсё экзатычнае палі капелюша, прыбраныя жоўтай ружай, павеўныя сукні, шарэнгі кніжак з залатымі хрыбтамі, на ўсю сцяну. Усё вылучала яе з манатоннага шэрагу жанчын у Мястэчку.