Вуліца Добрай Надзеі
Міхась Андрасюк
Выдавец: Медысонт
Памер: 304с.
Мінск 2010
Пані Лёдзя, прыбярыце, калі ласка, разбітае шкло і зрабіце падлік, у голасе пана Метэка адлюстроўваліся спакой і элегантнасць ягонага твару. Пані Лёдзя падлічвала страты, да разбітай бутэлькі дадавала раней выпітае піва, падводзіла рыску, запісвала ўсё на паперы і перадавала яе пану Метэку. Лічбы бывалі розныя, у залежнасці ад таго, у якую бутэльку пацэліў капялюш у армянскі каньяк, польскую “чыстую звыклую” ці савецкае шампанскае.
Калі ласка, панове. Сёння вы згулялі ў футбол за трыста трыццаць два злотыя. А заўтра запрашаем таксама, пан Метэк клаў паперку дакладна ў тое месца, з якога хвіліну раней капялюш падымаўся ў апошні злашчасны палёт, смутнай службовай усмешкай згартаў належнае і знікаў у канторцы. Абмінаючы прылавак, паспяваў кінуць слоўца буфетчыцы: “Пані Лёдзя, кліент наш пан. He забывайце, калі ласка”.
Ясна! размаляваныя вусны, націскаючы на літару “я”, пульсавалі вялікім чырвоным сэрцам. Паны-кліенты, пся маць! Разгарні полы і хвост голы.
Ой, пані Лёдзя! Ой, бо другі раз не прыйдзем, крыўдаваў Була.
Ах, як жа я спалохалася! пырхала буфетчыца.
Што ні скажы, праўда і сіла стаялі за паняй Лёдзяй.
За ўсю сваю гісторыю Мястэчка паспела абжыцца толькі адным барам. Як далёка ні вяртаешся памяццю, яго бачыш заўсёды. Сёння ён такі, як учора і як год раней, і як у першы поранак, калі разам з бліжэйшым светам вылузаўся з небыцця. Бар “Сонейка” быў вартавым і гарантам стабільнасці Мястэчка. Нават твары сталых наведвальнікаў кружыліся добра знаёмай калодай.
Але аднае раніцы, калі мы зайшлі ў “Сонейка” і адразу з дзвярэй улезлі ў ільдзяныя абдымкі пані Лёдзі, аказалася, што ў свеце няма ніякай стабільнасці і ўсё мяняецца.
Чатыры піва, можна? папрасіў Була.
He можна, холадна ўсміхнулася пані Лёдзя. Прыходзьце з трынаццатай.
А зараз, што? не зразумеў Була.
А зараз без дваццаці адзінаццаць.
Ладна, пані Лёдзя, пажартавалі і досыць. Дайце чатыры піва.
Не-а!.. Сухі закон. А, панове, не чулі? буфетчыца разышлася ў радаснай усмешцы і, не зводзячы вачэй з акна, дзе па-над галовамі кліентаў разглядала прыгажосць поранка, махнула рукой убок буфетных паліц. Паміж звыклымі вачам бутэлькамі стаяла ніколі тут раней не бачаная шыльдачка: “Алкаголь прадаецца з трынаццатай гадзіны”. Гэтай шыльдачкай перадаваўся першы знак, што вялікі свет, а яго следам і нашая маленькая айчына ідуць у дрэнным і незразумелым напрамку.
3 гэтага дня мы пачалі часцей забягаць у аднапакаёўку малога Сашкі. Месца было зручнае па дзвюх прычынах: кватэра змяшчалася ў цэнтры і паколькі Сашка ішоў праз жыццё адзінока ніякі жаночы голас не ўрываўся нахабным дысанансам у доўгія мужчынскія размовы. Была і адна невыгода. Сашка пачынаў часам працу з шостай раніцы, і тады забягаць на кватэру было дарма. Але часам ён хадзіў на фабрыку з чатырнаццатай.
Сашкава кватэра рабіла ўражанне дзіцячага садка. Маленькі столік быў абстаўлены маленькімі крэсламі, у маленькай шафе маленькі пінжак і такія ж кашулі. На
сцяне ў калідоры вісела таксама люстэрка, сантыметраў трыццаць над падлогай, зірыла шкляным вокам за нашымі сцёгнамі, лыткамі, каленямі. Але часцей за ўсё ў люстэрка глядзеўся чырвоны дзіцячы ровар. На гэтым ровары Сашка ездзіў на фабрыку. Націскаючы на мініяцюрныя педалі, каціўся тратуарам да скрыжавання вуліцы Першага мая і Вызвалення, перасякаў асфальтавую стужку дарогі і фабрычную браму, дзе, прыкладваючы два пальцы да брыля, вахцёры аддавалі яму чэсць. Пунктуальна а шостай або а чатырнаццатай самы маленькі ў Мястэчку сталяр ставаў насупраць вялікай машыны, як іншыя чалавечыя давіды штодзень паўстаюць супраць сваіх асабістых галіяфаў. Паўстаюць так доўга, як доўга выходзяць пераможцамі.
Ён пускаў у ход машыну, машына адгукалася раз’юшаным голасам, саслізгваліся стужкавым канвеерам у бяздонную пашчу дошкі.
На, нажрыся, можа не задавішся! перабіраючы пальцамі электрычныя кнопкі, паскорваў ход канвеера. Але зяпа спраўлялася. Задыханая, перажоўвала ўсё, што ёй далі, ды выплёўвала на свет бясконцую хмару стружын і апілак.
- Раней-пазней каўкнем і цябе, у дабрадушнай усмешцы выскальваліся сталёвыя зубы.
- Або і не, адгрызаўся Сашка, загружаючы ў зяпу дадатковую порцыю сасновай драўніны.
Размаўлялі без накіпу злосці. Калі гутарыш дваццаць гадоў з чалавекам ці машынай, ведаеш суразмоўцу дакладна так, як ён ведае цябе, і нават шорсткае слова або грубы жэст успрымаеш як звычайны сяброўскі штуршок у плячо.
3 новым годам фабрыку пачалі наведваць новыя людзі, якіх раней ніхто тут не бачыў. Заклаўшы рукі за спінай, сноўдалі ў мантажную і шпалерную майстэрні, абмацвалі мэблю, выстуквалі пальцамі на лакіраваных сценках ім толькі вядомыя шыфры. Сасновая драўніна адгукалася сваім голасам, дубіна сваім, а яны, слухаючы адказ, усміхаліся або, скрывіўшы ад незадавальнення
вусны, нешта запісвалі ў абкладзеных скурай блакнотах. Часам спыняліся перад нейкім станком. Падцягнуўшы манжэты, нерухомелі на пяць, дзесяць хвілін, і толькі іх вочы прабягалі нябачны шлях між цыферблатамі гадзіннікаў ды рукамі сталяроў. А потым у нататніках запісваліся нейкія лічбы і словы.
А гэта што за архаічнае дзіва?! сказаў аднойчы незнаёмы чалавек, разглядаючы Сашкаў станок.
Так, архаічнае, пацвердзіў другі. Але ён якраз глядзеў не на станок, а на Сашку.
Пара на пенсію, прамовіў трэці. А тут стане самы вялікі агрэгат. У гэтым Мястэчку яшчэ такой тэхнікі не бачылі.
На наступны дзень стары станок не адазваўся ні з раніцы, ні пасля поўдня. Заціснуўшы зубы, замоўк на век вечны. Ніхто таксама дакладна не ведае, куды дзеўся Сашка. Знік, рассыпаўся дробным макам сасновых апілкаў. Фабрычныя прыбіральшчыцы згарнулі іх у маленькую сасновую дамавінку, а мы занеслі яе на праваслаўныя могілкі.
Вечарам схадзілі ў “Сонейка”. На століку спачываў моўчкі невядома чый капялюш, і ніхто яго не кранаў. Апоўначы, калі пан Метэк праводзіў нас да выхаду, не развітаўся звычаёвым, добра вядомым “а заўтра запрашаем таксама”.
Заўтра закрываем бар, пан Метэк усміхнуўся смуткам, які кандэнсаваў у сабе ўсе ягоныя ранейшыя смуткі. Назаўжды закрываем. Будзе тут прадуктовы магазін. А, можа, спажывецкая крама або банк. Я не ведаю. Я нічога ўжо не ведаю. 3 заўтрашняга дня не я тут кіраўнік.
Наступная раніца падымалася на ногі марудна і няўмела. Можа, новы дзень забыўся на стары і зараз вывучаў першыя крокі, як вывучае іх нованароджаны чалавек? Першы раз у трынаццаць гадзін мы не пайшлі ў “Сонейка”. Мястэчка здавалася халодным, агідным, быццам ноччу ўзялі яго чужыя захопнікі, патапталі, запіраючы тубыльцаў у паўзмрочныя падвалы. I толькі
адвячоркам Була не вытрымаў, адзінока схадзіў у бар. Рука, ведзеная досведам мінулых гадоў, прылягла на клямку, кранула яе пяшчотна, але і ўпэўнена, як кранаюцца адзін аднаго пальцы шматгадовых палюбоўнікаў. Дзверы не здрыгануліся, і рука паўтарыла жэст мацней, больш рашуча. Безвынікова. Закрыта... Уражаны, Була адступіў крок назад, абвёў вачыма будынак, праз акно зазірнуў у сярэдзіну, прыклаў вуха да шыбы. Стаіўшы дыханне, намагаўся адшукаць пульс, вылавіць з-за сцяны знаёмае дудзенне. Але сэрца бару было мёртвае.
У галаве назойлівым званочкам празвінела думка: “Якраз сёння вечарам здзейсніцца ўсё, прыедуць доўгачаканыя госці з Варшавы, і закончыцца стары, абыякі свет, і пачнецца новы, лепшы. Але ж шукаць пачнуць з гэтага месца! Бо дзе мяне шукаць, калі не тут?” прадчуванне выключнасці хвіліны адразу перайшло ва ўпэўненасць, і Була вярнуўся да дзвярэй, яшчэ раз абмацаў клямку.
Лёс бывае цынічны, і дзверы ў вялікі свет, адкрытыя насцеж, стаўляе часам за дзвярыма, што вядуць у местачковы бар. I гэты першы ўваход пячатае маленькай, здзеклівай шыльдачкай: “Закрыта назаўжды”.
Була прысеў на сходках і чакаў. Адвячорак парыпваў дваццаціградусным марозікам. 3 неба на зямлю перасыпаўся дыямантавы іней. Побач прабягалі людзі, хутка, скарачаючы да мінімуму дыстанцыю паміж цеплынёй дамоў і неадкладнымі справамі. Але вонкавы свет не меў ніякага значэння. Була чакаў свой лёс спакойна, не хвалюючыся, не правяраючы гадзіннік кожныя дзесяць хвілін. Так чакае прыходу Месіі бязгрэшны, перакананы ў светлай будучыні чалавек, бо калі і не адкрыюць яму дзверы ў бар “Сонейка”, адчыняць іх у чыстае неба.
Наведаўшы Мястэчка няхай сабе нават выпадкова або з цікавасці да белавежскіх зуброў, зайдзіце таксама і на праваслаўныя могілкі. 3 галоўнай брамы вазьміце кірунак на маленькую, драўляную царкоўку. За царкоўкай павярніце налева і шыбуйце аж да сцяны пушчы, што драпежнымі кіпцюрамі дубоў і ялін падкоп-
ваецца пад могілкавы мур. Там сустрэнеце Булу. Пакуль ён трапіў у найсмутнейшы закутак Мястэчка, адляжаў побач з барам “Сонейка” доўгую студзеньскую ноч. Напэўна, сніўся яму самы прыгожы мяч, забіты найлепшаму ў свеце варатару, бо калі на досвітку тоўсты, бы мартэн, міліцыянер Чарнейка разгарнуў блакітную снежную фальгу, Була зірнуў на свет доўгай, светлай усмешкай. Побач з Булам пад адным помнікам спачывае малы Сашка. Іх помнік стандартны, не большы і не меншы за астатнія. Кажуць, смерць раўняе ўсіх людзей.
Валодзя
3 таго дня Валодзя Іванюк, калі ён упершыню паддаўся сумненням, ці ў ягоных вачах ёсць, прынамсі, адна іскрынка ад вачэй старога Уладзіміра Іванюка, часцей пачаў гасцяваць у сшытках, запісаных доўгімі дзесяцігоддзямі. Гартаў старонкі, перачытваў асобныя словы і радкі. На адных радках ягоны твар закрывала чорная хмара, на іншых вусны расхіляліся ва ўсмешцы, яшчэ якія пераскокваў абыякава, не паглыбляючыся ў нутро літар. Часам заходзіўся гучным рогатам. Тады бесцырымонна вырываў лісток і кідаў яго ў печ. “Дурніца якаясь. Так не было, бо не магло так быць. Няўжо гэта я запісваў?” папракаў сваю маладую наіўнасць.
Вечарамі на доўгія хвіліны ён спыняўся каля люстэрка. Абмацваў пальцамі нос, шчокі, вусны. Абапіраючы падбародак на ўказальны палец, нерухомеў у саноўнай позе. “Напэўна ж не абы-хто я. Такі твар не даюць першаму сустрэчнаму”, сумненні падступалі хвалямі і прымушалі яшчэ глыбей зазіраць у сябе. I чым далей у сябе заходзіў, тым болып пытанняў выносіў, вяртаючыся назад. Часам сустракаўся ў люстры з тварамі братоў. Былі звычайныя, будзёныя, як і ўсе астатнія ў Мястэчку. “Чаму такая вялікая розніца між намі?” здзіўляўся.