Вуліца Добрай Надзеі
Міхась Андрасюк
Выдавец: Медысонт
Памер: 304с.
Мінск 2010
вым забабонам або дробным сардэчным справам. «Не слухаюць», засумавала бабка.
А ты, глянула на мяне і ўсміхнулася. А ты, ну як жа цябе зваць...
Яна ніколі не магла запомніць маё імя, бо такіх імёнаў раней у нашай сям’і не было. Калі мая маці Стэфанія ўпершыню вымавіла яго, бабка папрасіла паўтарыць яшчэ раз і яшчэ, потым доўга корпалася ў царкоўных кніжках, шукаючы, ці ёсць там такое, але не знаходзіла. Гартала кніжкі адзін дзень, другі і трэці, і ўсё далей паглыблялася ў смутак, і ўсё болыв хвалявалася за маё жыццё, названае імем, якога ніхто тут не чуў. I ці знойдзецца ў небе анёл, што ў злую хвіліну разгорне нада мной апякунчыя крылы? Нарэшце яна знайшла нешта падобнае і толькі тады супакоілася, “От, сказала. He зусім так, але ж ёсць. Можна неяк жыць і з такім імем”.
Ну, як жа цябе зваць, старалася прыпомніць маё імя, але яно не вынырвала. Вось табе і на. Нават Уладзіміру заўтра не скажу, хто ты. Як бы і няма цябе?! здзівілася. Ды нічога, няхай застаецца ўсё, як ёсць.
Познім вечарам бабка Сонька прылегла ў ложак і памерла. Сама, адна, бо мы, не давяраючы яе словам, разышліся кожны ў свой дом.
Калі бабку паклалі ў труну, я прыгадаў яе аповед пра расшчэпленае перуном дрэва, з якога выйшлі мужчына і жанчына. Яго звалі Валодзем, яе Сонькай. Былі першымі. Цяпер Сонька апошняя, загорнутая ў дрэва, выключнае па сваёй форме, на чорнай машыне ехала на могілкі, a вуліцамі Мястэчка ішлі легкавушкі, і было іх значна больш, чым у другія дні. У сваёй маладой наіўнасці я падумаў, што гэта людзі з усяго свету з’язджаюцца на развітанне з бабкай Сонькай. Думка была зусім слушная чалавек, з якога пачынаўся наш свет, не адыходзіць, пакуль не развітаюцца з ім усе, хто застаецца ў жывых. Але чужынцы не спыняліся. He звяртаючы ўвагі на разгорнутыя ветрам чорныя харугвы, мацней націскалі педалі газу ў сваіх машынах, абганялі маруднае пахавальнае шэсце і кіраваліся ў цэнтр Мястэчка.
“Вечная памяць”, бацюшка Сцяпан пакрапіў жоўты копчык, а дома, за хаўтурным сталом, за другой-трэцяй чаркай, каді жывыя, канчаткова развітаўшыся з мёртвымі, зноў вяртаюцца да сваіх спраў, ён пацікавіўся:
А колькі ж было гадоў нябожчыцы? Бо нават і на шыльдачцы не напісалі. Імя, прозвішча толькі... А колькі гадоў пражыла не напісалі...
Усе глядзелі то на бацюшку, то адзін на аднаго і здзіўляліся. Толькі цяпер зразумелі, што ніхто не ведае, колькі яна пражыла. Ніхто і ніколі не пытаў бабку Соньку пра яе дзень нараджэння. Нашае жыццё ішло ў фальшывым перакананні ў яе несмяротнасці, а тое, што не памірае, ніколі ж і не нараджаецца.
Паедзем, сказала маці, калі разышліся ўсе сваякі і знаёмыя. У нас таксама няма тут ужо ніякай справы.
Абмінуўшы бацьку, які пасярэдзіне пакоя сядзеў на кукішках і гартаў нейкія паперы, яна пачала складаць рэчы. Але бацька не бачыў нас. Ён таксама збіраўся ў дарогу. А можа, быў ужо на шляху, дзесьці за Чаромхай перасякаў якраз дзяржаўную мяжу, бо калі маці праходзіла побач з чарговым клункам у руках, працягваў лісток паперы, апошні шматок сваіх сшыткаў, што цудам выратаваўся з пажару.
Вось мой пашпарт, вось ён, глядзіце. А багаж? Панове мытнікі, ну які ў мяне багаж? Толькі шчасце і нічога болып. Во, тут яно і тут, і тут, выварочваў кішэні, разгартаў крыссё пінжака. Толькі шчасце, панове, бо еду туды, дзе маё месца.
Калі маці зачыняла апошнюю валізку, бацька крочыў ужо вулачкамі Высокага. Шпацыраваў каштанавай алеяй сапегаўскага парка, прыпыняўся ля заімшэлай сажалкі, перакідваўся словам з рыбакамі, кіраваўся да зруйнаванага замка. Разгартаў крапіву, што заўзята падымаецца на палацовыя сходы, і на сыходзе жыцця стаўляў след там, дзе павінен ён быў адціснуцца ў самым яго пачатку...
Тым часам у нашым Мястэчку натоўп незнаёмых людзей плыў цэнтральнай вуліцай, рассыпаўся ў завулкі
паміж паасобнымі дамамі. Змятаў усё, што траплялася пад рукі. Зрываў шыльды і старыя тынкі, разбіваў вітрыны. Руплівыя рукі выносілі з рэвалюцыйнага музея чырвоныя сцягі і агітацыйныя бюлетэні. Між Ленінам і Марксам ляжаў на тратуары дзядзька Ваня. 3 васковага партрэта глядзеў у сакавіцкае, кудлатае неба і пытаў нямым позіркам: “А гэта што робіцца? А хто вам дазволіў?”
Людзі тапталіся па непатрэбных агітках і партрэтах, і калі б дзядзька Ваня добра выструніў вуха, пачуў. бы іх размовы: “У рэвалюцыйным музеі знойдзе прыстань пачатковая школа, хай маладое пакаленне вучыць там новую гісторыю”.
За першай хваляй ішла другая. Гэты натоўп абкладаў старыя дамы новымі тынкамі, размалёўваў вітрыны экзатычнымі кветкамі і словамі, на свежапафарбаваныя сцены вешаў новыя шыльды. У лазні пасяліў тэлекамунікацыйную фірму, у Дом партыі закінуў філіял політэхнічнага інстытута, а ў кінатэатры, спыняючы ў палове апошні сеанс, загружаліся халадзільнікі, тэлевізары, пральныя машыны.
Над Мястэчкам стаяў пах свежай вапны, перамешаны з водарам фарбы, і быў ён мацнейшы за духмянасць соснаў і ялін.
Між натоўпам цішком прабягалі мясцовыя сталяры, адчайна шукаючы дарогу дадому. Але не маглі яе знайсці, бо ўсе вуліцы змянілі свае імёны, а час паскараў крок і даводзіў людзей да пазіцыі маленькага жучка, што, згубіўшы арыентацыю ў бліжэйшым наваколлі, хаатычна круціцца наўкол сваёй бліскуча-панцырнай восі. I сталяры бралі напрамак на адзіны, пакуль нязменны арыентацыйны пункт у Мястэчку. На фабрычны комін. Як апошнія струменьчыкі адыходзячай зімы, сплывалі да фабрычнай брамы і там спыняліся. Брама сустракала іх непранікальнай, непахіснай сцяной, і вартавалі яе незнаёмыя вахцёры. I зноў сталяры адступалі назад, і беглі да Дома партыі, на ляту, у думках, складаючы кіпячыя літаніі скаргаў і пратэстаў, але там не было ўжо каму іх слухаць.
Вечарам, калі мы з маці ішлі на вакзал, усё супакоілася, і Мястэчка рыхтавалася спаць. Згасалі вокны і зачыняліся дзверы ў сённяшні дзень і ва ўсе ранейшыя дні, месяцы, гады у той час, за які не нарадзіўся тут ні адзін геній, але не прыйшоў на свет таксама ні адзін дарэшты злы чалавек, за каго трэба было б саромецца доўга, цэлым чарговым жыццём.
На панадворку бабкі Сонькі час забіваў у зямлю камяні новых фундаментаў, выціраў сляды, прыкрываў усё травой і, стомлены працай, спыняўся на хвіліну.
* * *
У далёкай будучыні, калі гэтай маленькай краінай зацікавяцца археолагі і раскапаюць старыя фундаменты, разграбуць зарослыя травой сцежкі, зазірнуць у студню з недапітай вадой, яны занясуць у свае вучоныя кніжкі фантастычныя гісторыі: пра эпідэмію чумы, што раптоўна змяла ў нябыт жыццё, пра магічную моц планет, якія, склаўшыся ў непаўторную канфігурацыю, перавялі людзей з аднаго месца ў другое, пра лакальную вайну, без пераможцаў і пераможаных. Бо ўсе загінулі.
Гравітацыя
Чалавек, такі яго склад заўжды хоча быць у жыцці кім другім. Фабрыкант адвакатам, адвакат афіцэрам, афіцэр няшчасна закаханым паэтам. А няшчасна закаханы паэт, калі ўжо дашчэнтна размажа на паперы свой плач і роспач, хацеў бы стаць самым буйным фабрыкантам у краіне, ды гэтай пані, што адмовілася ад ягоных пачуццяў даказаць, які катастрафічны зрабіла яна промах. Вось, скажам, пасылаючы ў вакацыі на яе хатні адрас фотаздымак з самай экзатычнай краіны свету.
I з фатаграфіі ягоныя вочы няхай глядзяць у вочы гэтай пані. Дакладна так, як у далеч акіяна ўзіраюцца рассыпаныя на берагах Велікоднай выспы каменныя валуны позіркам надчасовым і абыякавым, характэрным чалавеку, у каго заўсёды ў задняй кішэні нагавіц валяецца залішні мільён долараў. I яшчэ няхай гэты позірк забіваецца ў яе сэрца калючымі голкамі, і ад бясконцых параўнанняў і перападлікаў няхай кожную яе ноч пераўтварае ў нямы, бясконцы папрок. У адрас здавалася блізкай, а папраўдзе абсалютна чужой спіне, што разлажылася побач ды храпе стомай штодзённага змагання за хлеб і кусок сала да хлеба.
Мне хочацца на Велікодныя выспы. Глянуць адтуль, з самай далёкай перспектывы на маленькія домікі, на кумпясты купал сабора, на спічастую вежу касцёла, што дзесяцігоддзямі калупаюцца ў адных і тых жа воблаках. I на смешныя постаці маіх суседзяў, хто ў мурашэчай руплівасці збівае абцасы аб учарашнія сляды.
Штодзённа заходжу на вакзал, прысаджваюся на лавачку. Маўклівая грамада высыпаецца на тратуар, разбіваецца на паасобныя сцежкі. Па прывычцы пералічваю добра вядомыя фігуры.
А часам гуляю сам з сабою і называю колькасць пасажыраў раней, пакуль раскрыюцца дзверы аўтобуса. Наогул не памыляюся.
Аўтобусы адпачываюць пяць хвілін, дзесяць. Засунуўшы на вочы брыль кепкі, кіроўцы адыходзяць у кароценькую, даступную толькі катам бяспечную адсутнасць у натоўпе. А потым рэзка азываецца матор, выбягаюць на бела-сінюю спіну механічныя дрыжыкі, скаўзаюцца на колы і нахабнымі кулакамі выштурхоўваюць іх у чарговы шлях. Адпраўляю зрокам сіні хрыбет. Бачу яшчэ, як аўтобус, дасягнуўшы краю вулачкі, прыпыняецца, павяртае направа, хістаючыся перасякае чыгуначныя рэйкі, крыліць рондам побач касцёла і знікае за зялёнай шырмай, між дрэў. Тады хацелася б кінуцца наўздагон, на ляту раскрыць дзверы, нырнуць у цёплае нутро, заваліцца на самы задні фатэль. I маленькім домікам, і вуліцы, заклятай у ліпавыя шарэнгі, і ўсяму мястэчку памахаць рукой на развітанне.
Гэтая думка імгненне. Нараджаецца і знікае, не паспеўшы набраць рэальны кшталт. Я дасканала ведаю, што бела-сіні аўтобус адыходзіць не да экзатычных берагоў. Спыняе маршрут далёка раней, у вёсках, у мястэчках кропля ў кроплю, як нашае. А пры тым як і ягоныя пасажыры у бясконцасць паўтарае свой шлях, круціцца ў зачараваным крузе на сярмяжных вяроўках мясцовай гравітацыі.
А мяне гэтая гравітацыя штодзённа прыцягвае на вакзал. I сам сябе пераконваю, што вельмі мне падабаецца гэты вакзал, і ні ён, ні я ні ў чым не змяніліся за апошнія трыццаць гадоў, з дня, калі зайшоў я сюды першы раз. A затым, па прычыне аднае сяброўкі, пачаў наведваць гэтае месца ў кожнае нядзельнае папоўдне.
Яе імя было Зося, найпрыгажэйшая дзяўчына ў суседнім ліцэі.
Скажаце: „А можна пазваць, якая дзяўчына самая прыгожая?”
А я скажу: „Дзяўчына, у каго ты якраз закаханы, прыгажэйшая за ўсіх”.
Зося высаджвалася з аўтобуса, і мы ўшываліся ў маленькі сквер. 3 левага боку белай вежай уздымаўся ў неба касцёл, за снінаю гаманіў бар „Крынічка”, а тратуарам ступалі ўсялякія дзядзькі і цёткі каму спешна пагутарыць з Усявышнім, а каму бліжэй у „Крынічку”, дзе век вечна смутныя афіцыянткі наліваюць жоўтае, мутнае піва. Звычайны ў нядзелю абразок.