Вуліца Добрай Надзеі
Міхась Андрасюк
Выдавец: Медысонт
Памер: 304с.
Мінск 2010
- Добры Брунер, разумны. Малайчына, рука Клёса ласкава паглыбляецца ў пакамечаную поўсць, пяш-
чотна торгае вушы, а затым ганарыста, панскім жэстам тыркае ў разяўленую зяпу ладны кусок кілбасы, што залішнім чаканнем кліента прыімшэла, адышла ад спажывецкіх стандартаў.
I кудлатая зяпа ўсміхаецца: “Добры пан” калі б хто ведаў, як чытаць сабачыя вочы, напэўна, такія словы прачытаў бы ў карых зрэнках Брунера.
Цягнік
Колы цягніка каўзануліся на сталёвай спіне рэек, жалеза, мапароўшыся на жалеза, азвалася пранізлівым віскам і ўсё спынілася так раптоўна, што Марусь, які хвіліну раней прыняў вертыкальную пазіцыю, шлёпнуў у драўляную лавачку. А ўзняла Маруся на ногі справа канкрэтная: пухір. Хвілінаў трыццаць, як прыйшоў адтуль першы сігнал, і тады Марусь падумаў: „Стрываю да чарговага паўстанка, здзейсніцца мроя”.
Людзі часам даюць самі сабе такія прапановы, правяраюць сябе, выстаўляюць на ўсялякія спакусы, тады асабліва, калі іх лёс у чужых руках. I складаючы сваю будучыню ў тыя рукі, невядомыя, ды непрадбачлівыя, чалавек стараецца прынамсі ірацыянальнай, тэлеііатычнай сілай накіраваць падзеі ў карысны сабе бок. А калі збываецца мроя, можна з горда ўзнятай галавой, з грудзьмі, бы парусы напятымі, зайсці ў чарговы дзень: ‘Тлядзіце во, не дармаед я, не шчасліўчык лёсу, што выпадковым дарункам, на чужой спіне вылузаўся з бездані. Сваімі кіпцюрамі адваяваў усё”.
Шлёпнуўшы ў лавачку, Марусь павесіў зрок на супрацьлеглай сцяне вагона, перакінуў у думках свае мроі. Няшмат было іх там. Хто другі ў такім выпадку зараз і разгарнуў бы якія-небудзь раскошлівыя краявіды, шыбаваў бы між воблакаў, прызямляўся б на выгладжаныя міністэрскімі задніцамі крэслы. Хто другі так. A Марусь быў чалавек канкрэтны, сціплы, тутэйшы. Гэтай
сцшласцю і тутэншасцю размалеуваліся і ягоныя мары. Яны былі звычайныя, як цёмна-сіні артальён на спіне, і салідныя, як чаравікі, што цягам гадоў выстаялі не адну спёку і калюжыну, і можна іх нармальна ўзяць у далоні, сціснуць пальцамі, бы пяцідзесяцізалатовы банкнот апошні, які ад лепшага часу заваляўся ў кішэні.
А цяпер час прыйшоў няважны выяўляецца залішнім, стамляючым адпачынкам і безграшовіцай.
“Стрываю да чарговага паўстанка з пачаткам красавіка атрымаецца праца”.
Бо Марусь быў кравец. Можа, гэта і лішняе слова, можа, навырост. I калі цікавіўся хто знаёмы або калі была патрэба запоўніць якія паперкі, і між другімі рубрыкамі стаўлялася там пытанне аб прафесіі, доўга думаючы, даваў такі менавіта адказ: “Кравец я”.
Бо што скажаш? Працую ў кравецкім кааператыве, не тым, што па душы мне, займаюся, але ў будучыні хачу, буду, зраблю, пакажу ўсім...
Людзі чакаюць адказы ясныя і простыя, а ў службовых папераў таксама ёсць свае варункі і абмежаванні. У другіх выпадках, карыстаючыся нагодай, чалавек пачынае ўголас абмяркоўваць свае тайныя планы, апранаецца ў неналежныя ордэны, не бач калі перасякае мяжу між тым, што ў яго ёсць, і тым, што яму хочацца...
Вось і быў Марусь кравец ды працаваў у кааператыве.
Шылі там рабочыя рукавіцы летнія, з мяккага цёмна-сіняга ціку, з пяцю пальцамі, і зімовыя пруткія, круглыя аладкі брызенту, дэфармаваныя ізапяткай для вялікага пальца. Сшываючы брызент у прадбачаны праектантамі кшталт, Марусю заўсёды было шкада гэты палец. Уяўлялася зімовая халадэча, скрыпучы мароз і іней, і чатыры браты ў супольнай, утульнай хатцы прыгартаюцца адзін да аднаго, абаграваюць адзін аднаго цёплым дыханнем, перакідваюцца словам. А пяты брат, запёрты ў цёмную келлю, дубянее, калее ў цішыні і самоце.
Але цяпер нагоды на такія шкадаванні і роздумы не было. Шмат якія рукі апынуліся лішнімі. Можна іх згарнуць у кулак, засунуць у кішэню, можна таксама, раскірэчыўшы ўсе пяць пальцаў, лавіць за зялёныя косы майскі вецер. I няма пры тым патрэбы адбівацца ад балючых мазалёў ніякімі рукавіцамі.
“Стрываю да чарговага паўстанка з пачаткам красавіка атрымаецца праца”, каб не было ніякіх сумневаў, раз яшчэ падумаў Марусь.
Але нават самыя простыя людзі побач са звычайнымі мроямі носяць у сабе мроі святочныя. Прыхоўваюць іх у самых недаступных завулках памяці, а адзін раз на год або і адзін раз за жыццё выносяць іх на белы свет крадком і пад кантролем, бы велікодны белы абрус разгортваюць на стале.
Часам такая мроя вырываецца з рук, уцякае, пачынае жыць сваім жыццём, нараджае чарговыя летуценні. А яны, бы фальшывыя сябры, абступаюць чалавека, клічуць, вабяць у чужы і непрыхільны яму свет.
Ніхто дакладна не ведае гэту хвіліну, што прымушае чалавека выгарнуць з сябе самае тайнае. Можа тое здарыцца, калі сядзіш за кавай у рэстаране або за кравецкай машынай “зінгер”, можа адбыцца ў глыбокім сне і нават у начным цягніку, што марудна каўкаючы пространь, нямым вужом паўзе з далёкай правінцыі ў сталіцу.
“Стрываю, усё ж такі атрымаецца тое, што хачу. Ёсць у Варшаве брат, няхай дапамагае ўладкавацца”, можна падумаць цягнік пайшоў па рэйках, паглыбіўся ў ноч. Але гэта не поўная праўда. Сапраўды перасякаў ён час вядомы і зразумелы, адбіваўся ад яго ды ныраў у гэту своеасаблівую хвіліну, што прымушае чалавека распрануцца з самога сябе. I Марусь распранаўся. 3 цёмнасіняй майкі. 3 фланелевай кашулі. 3 чаравікаў, што выстаялі не адну спёку і сцюжу. А калі зняў з сябе тысячы, дзесяткі тысяч рабочых рукавіц, што цягам гадоў накапіліся на душы, паказалася самае тайнае. Саноўныя вечаровыя сукні і бестурботныя летнія сукенкі. Халодныя жакеты-візіткі бізнес-вумен і шчабятлівыя блузачкі
студэнтак. Шытыя ветрам хустачкі загарэлых турыстак і квяцістыя капелюшы бледных ад палацовага паўсвятла арыстакратак.
Сотнямі мадэляў шоўк пераклікаўся з атласам, лён сплятаўся з воўнай, аксаміт адважна лашчыўся да нясмелых цюляў.
Калі б знайшоўся зараз у купэ які выпадковы спадарожнік, перачытаў бы ўсе Маруся думкі. Але Марусь быў у вагоне сам. Зусім як зімовымі адвячоркамі на кватэры, калі ўсе тыя шаты, усе мадэлі выліваліся на паперу, разрысоўваліся, набіралі кшталт.
“Ёсць у Варшаве брат, няхай дапамагае ўладкавацца ў якую сапраўдную працоўню”.
Так падумаў Марусь. А колы цягніка ішлі. I шчабяталі, і звінелі, і стукалі спраўным рытмам, як звіняць і шчабечуць іголкі “зінгера”, калі вопытная краўцоўская рука стаўляе іх на доўгія аксамітныя рэйкі. За прымкнёнымі вачыма аксаміт слухмяна падстаўляе хрыбет, увішная нітка загартае яго ў элегантныя швы, адштурхоўвае назад, за спіну.
Але час ад часу іголкі памыляліся, сыходзілі з правільнага шляху, ядавітай фастрыгай угрызаліся ў напружаную скуру жывата, скаўзаліся ніжэй.
Ды нічога ўсё. Заціскаючы зубы, Марусь трываў. Яшчэ дзве хвіліны, яшчэ хвіліна. Колы трацілі імпэт, гублялі рытм, спавальнялі крок. Цягнік набліжаўся да паўстанка, што прадказвалі электрычныя лямпы за акном.
Лакаматыў увайшоў між перонаў і спыніўся.
Падчас стаянкі туалетам не карыстаюцца. Скарачаючы апошнюю хвіліну цярпення, Марусь узвёўся на ногі.
“Пойдуць колы, пайду і я,” падумаў.
Але схадзіць у туалет ён не паспеў. Дзверы расчыніл іся, і ў купэ ступіла жанчына.
Чалавек, хто клянецца, што ў нашым зямным свеце ёсць адно сем цудаў, мабыць ніколі гэту жанчыну не бачыў. Або здаецца яму, што ўсё важнае на зямлі адбылося раней, да дня нашага нараджэння, ды ўвогуле су-
свет на век вечны астаецца такім, якім узвялі яго за першы тыдзень боскія далоні.
Такія меркаванні далёкія ад праўды. Якраз жаночая прыгажосць як і чалавечая мроя не ведае мяжу ні часу, ні пространі. Выяўляецца дзе толькі захоча, і калі захоча. Нават у звычайны будзённы дзень, у начным цягніку.
Ад уражання Марусь шлёпнуў у драўляную лавачку чарговы раз. А цягнік пайшоў.
“Яна такая прыгожая, а ў мяне зусім празаічная праблема. Як жа так? Напэўна, ж адразу здагадаецца, у чым справа. I сказаць хай сабе нічога не скажа, а падумаць падумае: “Ён пайшоў у туалет”. I яшчэ падумае: “Слабенькі яго пузыр. Ды ўвогуле які там ён мужчына?” Ну быццам нічога, быццам звычайнае, чалавечае. Усе людзі час ад часу прымушаны. А можа, і не ўсе? Напэўна не. Вось, скажам, які Лінда або Пазура, ды і ўсе апошнія, моцныя мужчыны, што глядзіш іх у кіно здараецца ж адступаць ім у туалет, калі побач такая прыгажосць?
Дзіўны сорам загрузіўся на спіну свінцовым цяжарам, прышпіліў да лавачкі. Гэты сорам вядомы кожнаму, чыю абдзёртую куртку ў раздзявальні элегантнага рэстарана вешалі побач з напышлівым каракулевым футрам, і зразумее яго той, хто намацаўшы ў кішэні абшастаную залатоўку, хілком адступае ў найдалейшы закавулак царквы, калі панскім крокам заходзяць на талерку папяровыя дзесяткі і дваццаткі.
Гэты ірацыянальны сорам мацнейшы за Божы гнеў і лямант напоўненага пузыра.
Сціскаючы калені, Марусь забіўся ў самы адлеглы куточак купэ. Стараўся глядзець за акно. А нябачная сіла тузала ў спіну: ‘Тлянь, якая прыгожая пані. Глядзі, Марусь”.
I Марусь глядзеў. Крадком, бо калі пані, абводзячы зрокам купэ, спынялася на ягонай постаці, вочы Маруся ўцякалі за акно. Сама выгадней было б апусціць вейкі,
прыкінуцца сонным, змораным. I Марусь апускаў вейкі. А пузыр нахабна расшпільваў іх назад. I Марусь зноў глядзеў на жанчыну.
Ад ніякага цярпення, ні голаду, ні холаду час і дыстанцыя не выдаўжаюцца так значна, як ад запоўненага пузыра. Гумовыя хвіліны выцягваюцца да воблакаў, у бясконцасць. I такая гума часу можа быць як трамплін, што, напяўшыся да межаў вытрымкі, шпурне чалавека ў лепшы свет. Але можа таксама лопнуць, абарвацца з трэскам, і тады стрымгаловіш у чорную прорву небыцця.
Але калі зашмат выдаўжаецца цярпенне, калі пераўтвараецца ў невыносны боль, вызначаюцца і чарговыя мэты як вакцына, як апраўданне пакуты і зарплата за яе. Бо чалавек у сіле перанесці свой, нават добраахвотніцкім жэстам загружаны крыж з аднаго кутка свету ў супрацьлеглы куток, калі аплачваецца такая ахвяра добрай цаною. А цана у кожнага тут свая мера абятніца вечнага жыцця, улада над другім чалавекам, жаночая ўсмешка.
“Няхай яна ўсміхнецца, падумаў Марусь. I няхай скажа слова. Стрываю яшчэ паўстанак яна адазвецца”.
Яму раптоўна захацелася слухаць яе голас. Які ён? Безумоўна, яе голас шолах веснавых ліўняў. Песня вадаспадаў, крынічна халодных нат у летнюю спёку. Подых жнівеньскіх палёў у лютую завею. Бальзам на балючыя завулкі душы. Так уявілася Марусю.